Вы тут

Як у Вязынцы традыцыйна гукалі вясну-красну


Кожную вясну ў купалавай Вязынцы адбываецца маляўнічае і святочнае абрадавае дзейства «Гуканне вясны». Вось і ў гэтую нядзелю, якая выдалася надзіва лагоднай і цёплай, Вязынка расквітнела песнямі-вяснянкамі, папяровымі птушкамі на галінках дрэў, гукамі гармоніка, скрыпкі, цымбалаў і жалейкі, вясёлым гоманам кірмаша народных майстроў, колераў спадніц і кашуль дзявочых строяў. І гэта была ўжо не стыхійная спеўна-танцавальная тусоўка, а шматгадовая традыцыя, якую ў свой час распачалі і праводзяць філіял літаратурнага музея Янкі Купалы і вядомае аб’яднанне энтузіястаў «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» — сапраўдных патрыётаў адраджэння нашай спрадвечнай старажытнай культуры, яе вытокаў. Штогадовае культурнае мерапрыемства праводзіцца ў гонар вясновага абуджэння прыроды і вяртання птушак пасля зімы. Спрадвеку гэтае свята называлі «Саракамі», бо яно звязана з павер’ем, што на радзіму вяртаюцца сорак птушыных выраяў. У вёсках у гэтую пару пяклі булачкі (печыва) у выглядзе птушачак і частавалі дзетак, а дзяўчаты збіраліся за вёскай на высокай горцы, і, стаўшы ў кола, якое сімвалізуе сонца, гучна спявалі песні-вяснянкі, каб іх было чутна вельмі далёка.


За хатай, у якой нарадзіўся наш славуты песняр, на высокім узгорку, фальклорныя гурты, стаўшы ў вялікае кола, распачалі пераклічку гукальнымі песнямі, а дзіцячы гурт «Явар» дапаўняў сакавіцкую песенную прастору гукамі гліняных свісцелак: «Жавароначкі, прыляціце, краснае лецейка прынясіце!..» Адзін са знакавых гульнявых звычаяў у абрадзе — падкiдванне печаных птушачак на даматканым дыване — гэта заўсёды эмацыянальна, маляўніча і захапляльна.

Што цікава, у Вязынцы на гуканні вясны няма так званых «артыстаў і гледачоў», тут усе — удзельнікі свята, бо яно для ўсіх адно: станавіся ў карагод, бярыся за рукі і весела кроч з іншымі, спявай. А калі музыкі, якія рассядуцца на прызбе і зайграюць «лявоніху», «гапак», «полькі» і «абэркі», ногі самі папросяцца ў танцавальнае кола. Сёлета на свяце было шмат і іншых забаў і для дарослых, і для дзяцей: у гэты дзень абавязкова наведваюць Вязынку цэлымі сем’ямі, таму гуканне вясны гэта і сямейнае свята. Сэлфі на фоне выяў «залатых» львоў, арэлі на вяроўках, традыцыйная кухня, майстар-класы і прыгожыя краявіды... Чым не свята і адпачынак для душы ва ўлонні красамоўнай прыроды?

Анатоль КЛЯШЧУК 

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».