Вы тут

Юлія Апанасовіч — бронзавы прызёр чэмпіянату свету па боксе


У традыцыйным аглядзе «Звязды» — самыя цікавыя спартыўныя навіны.


Турнір тыдня. У сталіцы Індыі Нью-Дэлі прайшоў 13-ты чэмпіянат свету па боксе сярод жанчын з удзелам беларускіх спартсменак. Бронзавым прызёрам чэмпіянату стала беларуска Юлія Апанасовіч, якая выступае ў катэгорыі да 52 кілаграмаў. За выхад у фінал яна білася з кітаянкай Ву Ю. Паколькі паядынкі за трэцяе месца не праводзяцца, беларуска стала бронзавым прызёрам. Усяго ўдзел у галоўных спаборніцтвах сезона для жанчын прынялі больш за 300 спартсменак з 65 краін. Акрамя Юліі Апанасовіч, Беларусь прадстаўлялі яшчэ пяць спартсменак. Вікторыя Кебікава дайшла да чвэрцьфіналу ў вагавой катэгорыі да 81 кг, на стадыі адной восьмай фіналу барацьбу за медалі завяршылі Ала Івашкевіч (да 60 кг) і Аліна Вебер (да 75 кг). Яна Бурым (да 50 кг) і Арына Данільчык (да 66 кг) не прайшлі далей першага раўнда.

Героі тыдня. Беларусы выступілі на адкрытым чэмпіянаце Расіі па лыжных гонках і біятлоне сярод асоб з паражэннем апорна-рухальнага апарату. Спартсмены разыгрывалі медалі ў шасці дысцыплінах (па тры ў лыжных гонках і біятлоне). У актыве беларускай каманды пяць узнагарод: тры залатыя і дзве сярэбраныя. Усе тры залатыя медалі ў класе сядзячых інвалідаў-калясачнікаў заваявала Валянціна Шыц. Ёй не было роўных на дыстанцыях 2,5 км, 10 км і ў спрынце. Двойчы на п'едэстал падымалася Лідзія Лобан: яна фінішавала другой у лыжным спрынце і выйграла «серабро» біятлоннай індывідуальнай гонкі на 12,5 км.

Медалі тыдня. У Рэспубліцы Адыгея завяршыліся ўсерасійскія спаборніцтвы па веласіпедным спорце на шашы сярод жанчын і юніёрак з удзелам беларускіх спартсменак. Пераможцай на дыстанцыі 100 кіламетраў стала беларуска Ганна Церах, яшчэ адна беларуская спартсменка Ірына Чуянкова прыехала да фінішу другой. Па выніках гонкі на 120 км увесь п'едэстал аказаўся беларускі: на першым месцы — Анастасія Кіпцікава, на другім — Кацярына Русак, на трэцім — Ганна Церах.

Лічба тыдня. 11 медалёў заваявалі беларусы на міжнародных спаборніцтвах «Кубак заснавальнікаў самба» ў Маскве. Сярэбраныя медалі атрымалі Анжэла Жылінская (да 72 кг) і Карына Шут (да 80 кг). Бронзавымі прызёрамі турніру сталі Анфіса Капаева (да 50 кг), Яна Беганская (да 59 кг), Анастасія Скварцова (да 65 кг), Даніэла Ждан (да 65 кг) і Валерыя Хрушчова (звыш 80 кг), а таксама Аляксандр Круглік ( да 88 кг), Сяргей Лесяк (да 98 кг), Ілья Жупікаў (звыш 98 кг) і Валянцін Наталевіч (баявое самба, звыш 98 кг).

Поспех тыдня. У канькабежным цэнтры «Каломна» скончыўся XІІІ Усерасійскі турнір па канькабежным спорце «Каломенскі лёд». Па выніках двух дзён спаборніцтваў беларуская каманда заваявала восем узнагарод. Пераможцай турніру на дыстанцыі 500 метраў стала Ганна Дамарацкая, на другім месцы — Кацярына Слоева. У мужчынскім заездзе на гэтай дыстанцыі ўвесь п'едэстал занялі беларусы: Ігнат Галавацюк — першы, Уладзіслаў Гапон — другі, Віктар Рудэнка — трэці. Ігнат Галавацюк заваяваў «серабро» на дыстанцыі 1500 метраў, а «золата» дасталася Ягору Дамарацкаму. У жаночым забегу на 1500 м беларуска Яўгенія Вараб'ёва стала сярэбраным прызёрам.

Няўдача тыдня. Нацыянальная зборная Беларусі па футболе пачала выступленне ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы 2024 года. Першым сапернікам беларусаў у кваліфікацыі стала зборная Швейцарыі. Сустрэча прайшла ў сербскім горадзе Нові-Садзе. Вынік супрацьстаяння Беларусь — Швейцарыя — 0:5. Гэта адно з найбуйнейшых паражэнняў зборнай Беларусі ў яе гісторыі. Другі матч беларускіх футбалістаў у адборы на Еўра-2024 пройдзе 28 сакавіка ў Бухарэсце і стартуе ў 21.45 па мінскім часе.

Адборачны турнір чэмпіянату Еўропы па футболе завершыцца ў лістападзе, пуцёўкі ў фінальную стадыю кантынентальнага першынства атрымаюць па дзве найлепшыя каманды з усіх дзесяці кваліфікацыйных груп.

Валерыя СЦЯЦКО

Фот з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».