У гэтую нядзелю, 26 сакавіка, завяршылася юбілейная ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Апошні раз (прынамсі, сёлета) прывёз радасных і прыемна здзіўленых наведвальнікаў у выставачны цэнтр на праспекце Пераможцаў паэтычны аўтобус. Уручаны апошнія дыпломы, падведзены вынікі... Кніжны форум у чарговы раз стаў падзеяй, і не толькі для нашай краіны, што адбілася ўжо ў лозунгу, пад якім ён праходзіў: «Свет кнігі без межаў». Ганаровым госцем выстаўкі была Расійская Федэрацыя, прайшлі Дні ўзбекскай літаратуры. Паколькі выстаўка адчынілася ў знакавы дзень — 80 гадоў хатынскай трагедыі, шмат увагі было аддадзена тэме вайны, генацыду беларускага народа. Адбыўся традыцыйны міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час», які меў правакацыйную для дыскусіі назву «Някніжны свет». Узнагародзілі лаўрэатаў Рэспубліканскага конкурсу «Мастацтва кнігі»... Дый увогуле кожны дзень быў надзвычай багаты на падзеі. Былі багатыя на іх і апошнія дні выстаўкі, якія выпалі на суботу і нядзелю. Давайце разам перагартаем яркія старонкі гэтых дзён.
У суботу на выстаўцы-кірмашы прайшоў фінал рэспубліканскага літаратурнага стартапу LіtUP. Сёлета ў конкурсе ўдзельнічала каля 200 аўтараў, якія жадаюць, каб іх рукапісы сталі кнігамі. З іх было выбрана 20 фіналістаў, яны і прэзентавалі свае творы на кніжнай выстаўцы.
Значнасць мерапрыемства для аўтараў адзначыў намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі:
— Тое, што вы зрабілі, той шлях, які трэба было прайсці, — гэта складаны кавалак работы. Можна было звярнуцца ў выдавецтва, атрымаць адказ «так» або «не» і сысці. А прапрацаваць усе этапы конкурсу — гэта пэўнае напружанне. Вельмі хацелася б, каб яна ўвянчалася поспехам.
Аб сваіх творах, прадстаўленых на конкурс, расказвалі як вопытныя пісьменнікі, так і аўтары-пачаткоўцы. Цікава, што вядучымі мерапрыемства былі зусім не выпадковыя людзі. Год таму яны таксама з'яўляліся ўдзельнікамі стартапу, таму зусім не па чутках ведалі пра тое, што адчуваюць аўтары.
Сярод удзельнікаў стартапу былі і аўтары Выдавецкага дома «Звязда», да таго ж яны сталі пераможцамі. Напрыклад, Валянціна Быстрымовіч расказала аб сваёй будучай кнізе «Малако аднарога». Гэта твор для падлеткаў. Галоўныя гераіні — дзве дзяўчынкі: Янка Булкіна і Галка, якія жывуць на ўскрайку Магілёва. Па словах аўтара, яны вясёлыя, добрыя, але вельмі любяць усялякія прыгоды. Кніга пачынаецца з таго, што жыццё дзяўчынак мяняецца з прыходам у школу новага настаўніка французскай мовы. Іх папярэдняя настаўніца дапрацоўвала апошні год перад пенсіяй, таму клас ведаў мову слаба — яна проста так ставіла ўсім дзясяткі, і школьнікі былі задаволеныя. Але новы настаўнік зусім іншага ўзроўню. Калі ён зразумеў, што ніхто ў класе не ведае французскай мовы, ён не ўпаў у адчай, а падышоў да сітуацыі творча. Пачаў расказваць фантастычныя гісторыі пра сябе. Спачатку на рускай. Потым — на рускай і французскай. У выніку да канца года клас ужо нядрэнна размаўляў на французскай мове. Валянціна Быстрымовіч адзначыла, што раздзелы ў кнізе ёсць розныя. Часам мы смяёмся разам з дзяўчынкамі, часам ёсць моманты вельмі напружаныя, калі мы баімся за іх.
Пасля прэзентацыі аўтары атрымалі свае ўзнагароды. Нагадаем, што пераможцам дастаецца прыярытэтнае права на выданне сваёй кнігі ў выдавецтвах Беларусі тыражом да тысячы экзэмпляраў.
Згадзіцеся, малады талент вельмі нагадвае веснавую кветку, у якой і юная сіла, і датклівасць, і надзея... Недарэмна аб'яўлены ў 2016 годзе Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, РВУ «Выдавецкі дом «Звязда» і выдавецтвам «Мастацкая літаратура» міжнародны літаратурны конкурс на найлепшы твор сярод маладых аўтараў быў названы «Першацвет». Кожны год па выніках конкурсу выдаецца альманах пад такой жа назвай, у якім публікуюцца творы дзесяці найлепшых маладых паэтаў і дзесяці найлепшых маладых празаікаў ва ўзросце да 35 гадоў. І вось падведзены вынікі шостага конкурсу, выдадзены чарговы альманах. Узнагароджанне лаўрэатаў адбылося на чацвёрты дзень работы ХХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Першая частка цырымоніі была прысвечана 70-годдзю часопіса «Маладосць», якое будзе адзначацца ў красавіку. У гэтым выданні друкаваліся ці яшчэ будуць друкавацца ўсе лаўрэаты «Першацвета», а галоўны рэдактар Вольга Рацэвіч з'яўляецца адным з сяброў журы конкурсу.
Сярод лаўрэатаў «Першацвета» аказаліся прадстаўнікі розных прафесій, жыхары розных рэгіёнаў, і не толькі з Беларусі. Напрыклад, Дзмітрый Аўчыннікаў, які, на жаль, не змог прыехаць на ўручэнне, — юрыст, працуе ў Арбітражным судзе Новасібірскай вобласці, але апавяданні свае піша на беларускай мове. Алесь Бараноўскі — кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а Ягор Жукоўскі — аспірант кафедры «Аўтамабільныя дарогі» Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Аляксандра Кароль — гісторык, працуе ж бібліятэкарам Брэсцкай пагранічнай групы. Самая маладая лаўрэатка, Маргарыта Ядзевіч, вучыцца ў 8-м класе СШ № 194 г. Мінска, яна даслала на конкурс сваю прозу. Журналістка Вольга Міхаленка, якая перамагла са сваімі вершамі, яшчэ і маладая мама, яна прыйшла на цырымонію ўручэння з маленькім дзіцем. А выпускнік гістарычнага факультэта БДУ Іван Мельнікаў, які друкуецца пад псеўданімам Іван Мелаў, з'явіўся ў вайсковай форме — цяпер ён праходзіць службу ў арміі.
Дыпломы ўручалі намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп і галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Вольга Рацэвіч.
Віктар Шніп такім чынам пракаментаваў вынікі конкурсу для чытачоў «Звязды»:
— Хто запомніўся з канкурсантаў?
— Усе дваццаць чалавек адметныя, кожны па-свойму. Яны смелыя, ініцыятыўныя. Напрыклад, Алесь Гоман, першакурснік юрфака БДУ, прыехаў вучыцца ў Мінск з Гродна, і першае, што зрабіў — пачаў шукаць знакавыя мясціны, захацеў даведацца, дзе пахаваныя Янка Купала і Якуб Колас. Вось такая ў нас сёння моладзь... У іх ёсць адчуванне, што яны жывуць у сваёй краіне, на сваёй зямлі, і яны хочуць яе спазнаваць, далучацца да яе культурнага працэсу. Многія маюць ужо перамогі ў іншых літаратурных конкурсах, а Андрэй Кімбар, ведаю, мае ўжо і рукапіс уласнай кніжкі.
— Сярод маладых традыцыйна больш паэтаў, чым празаікаў... Гэта не змянілася?
— Не. Больш пішуць, вядома, паэзіі. Многія ж празаікі ва ўсе часы пачыналі з вершаў. Праўда, сённяшнія пачаткоўцы бяруцца часта адразу за ўсё: і за вершы, і за прозу, і за пераклады. І не лічаць абавязковым прытрымлівацца класічных формаў, эксперыментуюць. Сёння шмат магчымасцяў займацца самаадукацыяй, затое многія пачаткоўцы пазбаўленыя магчымасці мець свайго рэдактара, старэйшага пісьменніка, які б нешта раіў.
— Ці ўплывае перамога ў конкурсе на літаратурны лёс лаўрэатаў?
— Вядома. Гэта выдатная матывацыя. Усе, хто перамагаў у ранейшыя гады, працягваюць пісаць, друкавацца. Некаторыя ўжо прынятыя ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Пасля перамогі ў конкурсе ў Станіславы Умец і Маргарыты Латышкевіч у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў серыі «Час ХХІ» выйшлі першыя кнігі прозы, за якія аўтары атрымалі Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Дэбют». Важна і тое, хто ў складзе журы «Першацвета». Яго ўзначальвае дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, у складзе — дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», ён жа старшыня секцыі прозы СПБ Алесь Бадак, я, акрамя сваіх рэдактарскіх пасад,— старшыня секцыі паэзіі СПБ, Аляксей Чарота, галоўны рэдактар «ЛіМа» — старшыня прыёмнай камісіі СПБ, Вольга Рацэвіч — галоўны рэдактар «Маладосці»... Гэта значыць, у журы людзі, якія могуць рэальна падтрымаць малады талент.
На выстаўцы можна было набыць альманах «Першацвет» з творамі лаўрэатаў, узяць аўтографы, чым многія і скарысталіся.
І вось ён, апошні дзень работы юбілейнай XXХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Якім ён выдаўся, якія ўражанні аб выстаўцы ў наведвальнікаў, пісьменнікаў і прадстаўнікоў выдавецтваў? Давайце разам пройдземся паміж яркімі экспазіцыямі, якія вось-вось пачнуць дэманціраваць.
Увагу прыцягвае дзяўчынка гадоў шасці, якая ўважліва разглядае кнігу з яркімі малюнкамі і чытае ўслых. Заўважыла фатографа — збянтэжылася, але потым набралася духу і працягнула чытаць. Побач стаяла яе мама. Аказалася, яны з дачкой наведваюць кніжную выстаўку штогод, аднак сёлета выбрацца атрымалася толькі ў дзень закрыцця. Дзяўчынка вельмі любіць чытаць, ведае шмат вершаў на памяць. Падобна, дарэмна мы бядуем, што ўсе дзеці з-за гаджэтаў адвыклі ад кнігі.
На стэндзе Выдавецкага дома «Звязда» — аўтограф-сесія пісьменніка Паўла Гушынца.
— Я шосты год удзельнічаю ў выстаўцы-кірмашы, увесь час на стэндзе «Звязды». Выстаўка — магчымасць абмяняцца досведам, падглядзець нешта ў суседзяў, зрабіць лепш, чым суседзі. Гэта магчымасць пагутарыць ужывую з чытачом, даведацца яго думкі і пажаданні.
Побач сядзела дачка пісьменніка Софія. Менавіта яна натхніла яго на стварэнне дзіцячай кнігі «Дзяўчынка і кракадзіл». Калі Софіі было пяць гадоў, Павел пачаў расказваць ёй казкі ўласнага складання.
Нельга абмінуць і міжнародны складнік выстаўкі... Вядома, асабліва аб'ёмныя і разнастайныя экспазіцыі ганаровага госця — Расіі. Але і іншыя краіны спынялі наведвальніка. Стэнд выдавецтва «Усходняя культура» з'яўляецца беларускім прадстаўніцтвам Міжнароднай выдавецкай кампаніі «Шанец», заснаванай у Пекіне ў 2010 годзе. Дырэктар выдавецтва Марына Любарская расказала, што яны ўжо трэці раз удзельнічаюць у выстаўцы. Таксама яна дадала, што сёлета аўдыторыя стала шырэйшая. Раней іх кнігамі цікавіліся ў першую чаргу кітаісты, цяпер жа кнігі кітайскіх аўтараў купляе звычайны чытач.
Цырымонія закрыцця выстаўкі пачалася са слоў намесніка міністра інфармацыі Ігара Бузоўскага:
— Я з задавальненнем магу рэзюмаваць нашу сумесную дзейнасць на працягу гэтых дзён, работу выдаўцоў, пісьменнікаў, людзей, якія чытаюць кнігу. Наша юбілейная ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш завяршае сваю работу, і ўцешна адзначыць, што яна адбылася менавіта так, як мы і задумвалі. У няпросты ковідны і геапалітычны час мы сабралі прадстаўнікоў 20 краін.
Выканаўчы дырэктар кніжнай выстаўкі-кірмашу Дзмітрый Макараў стаяў каля вытокаў дадзенага мерапрыемства:
— Гэта многа ці мала — 30 гадоў? Ёсць выдавецтвы, якія ўвогуле ніводнай выстаўкі не прапусцілі, — адзначыў ён. — Мы бачым, што за гэтыя гады змянілася ўсё: вонкавы выгляд выстаўкі, афармленне, але перш за ўсё змяніліся кнігі.
Па яго словах, сёлетняя Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш — рэкардсмен па колькасці наведвальнікаў. Сёлета яе наведала больш за 50 тысяч чалавек.
Пасля найлепшых удзельнікаў выстаўкі ўзнагародзілі ганаровымі граматамі. Сярод іх былі Выдавецкі дом «Звязда» і Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Падрыхтавалі Людміла РУБЛЕЎСКАЯ і Лізавета ГОЛАД
Фота Лізаветы ГОЛАД
Кропка адліку гісторыі беларускага гандбола — 1950-я гады.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.