Вы тут

Парламентарыі — аб размяшчэнні на нашай тэрыторыі ядзернай зброі


Заява Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі тактычнай ядзернай зброі нарабіла ў медыяпрасторы нямала шуму. Асабліва гэтае пытанне непакоіць краіны паўночнаатлантычнага альянсу, што абсалютна прадказальна.


Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі адзначыў, што нагодай для перагавораў з Аляксандрам Лукашэнкам па пытанні размяшчэння ядзернай зброі стала заява Вялікабрытаніі аб перадачы Украіне снарадаў з абедненым уранам, паколькі, па словах расійскага лідара, гэта так ці інакш звязана з ядзернымі тэхналогіямі.

Як звярнуў увагу Уладзімір Пуцін, усе пытанні, звязаныя з размяшчэннем на тэрыторыі нашай дзяржавы расійскай тактычнай ядзернай зброі, якія ставіў беларускі лідар, рэалізуюцца. Пры гэтым ён удакладніў, што гэтым крокам Расія не парушае сваіх абавязацельстваў у межах Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі падкрэсліў, што ядзерная зброя не будзе перададзена беларускаму боку. Па яго словах, Расія не перадае ядзерную зброю, як і ЗША, сваім саюзнікам.

Вядома, падобныя рашэнні двух лідараў Саюзнай дзяржавы мала каму падабаюцца на Захадзе, а тым больш у Злучаных Штатах Амерыкі. Гэта яны прызвычаіліся палохаць нас пастаўкамі пэўнай зброі ў краіны, якія суседнічаюць з Беларуссю, пры гэтым нарошчваючы ваенны кантынгент недалёка ад нашай Дзяржаўнай граніцы. Аднак Аляксандр Лукашэнка неаднаразова папярэджваў, што адказ на эскалацыю ў адносінах да Беларусі і Расіі будзе. У прыватнасці, аб размяшчэнні ядзернай зброі на тэрыторыі нашай краіны Прэзідэнт Беларусі казаў у лістападзе 2021 года, яшчэ да спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне. Тое ж самае кіраўнік дзяржавы паўтарыў і ў ліпені 2022 года.

Выступаючы на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасці Беларусі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яны з Прэзідэнтам Расіі нікога не збіраюцца шантажыраваць, асабліва ядзернай зброяй. «Але хачу яшчэ раз падкрэсліць: гэты тэзіс у перагаворах і гэтая тэма з Прэзідэнтам Расіі з'явілася адразу ж пасля таго, як палякі апошні раз звярнуліся да амерыканцаў і папрасілі прывезці ім ядзерную зброю ў Польшчу. Тады я Прэзідэнту Пуціну сказаў: «А чаму мы робім выгляд, што нічога не адбываецца?» Мы доўга кансультаваліся і прыйшлі да высновы, што павінны быць гатовы да таго, каб на працягу сутак адказаць люстрана ім. Для гэтага трэба падрыхтавацца. І мы будзем рыхтавацца. І мы нікому не пагражаем, мы нікога не шантажыруем. Мы сваю зброю аддалі туды. І я маю права сёння папрасіць і запатрабаваць Прэзідэнта братэрскай Расіі зрабіць так, каб баяліся пераступіць Дзяржаўную граніцу Рэспублікі Беларусь. Што я і зрабіў».

Як звярнуў увагу ў размове з карэспандэнтам «Звязды» старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей РАЧКОЎ, істэрыя, якую мы цяпер назіраем на Захадзе ў адносінах да сказанага Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным аб магчымасці размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі, зразумелая. «Усе мы добра ведаем, што заходнія кіраўнічыя эліты не задавальняе ні знешнепалітычны, ні ўнутрыпалітычны курс нашай дзяржавы, — адзначыў сенатар. — Спробы разгайдаць сітуацыю ў нашай краіне не спыняюцца і пасля 2020 года, а ў кантэксце падзей, якія адбываюцца ва Украіне, наадварот, толькі ўзмацняюцца. Таксама назіраецца радыкалізацыя падыходаў нязгодных з уладай збеглых грамадзян Беларусі, якія працуюць з заходнімі спецслужбамі і імі кіруюцца. Назіраецца ўзмацненне ваеннага кантынгенту НАТА ў сумежных з Беларуссю краінах: у прыватнасці, у Польшчы і Літве. У гэтым кантэксце магчымае размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі — гэта фактар стрымлівання, асабліва прыхільнікаў працягу вайны ва Украіне, якія хацелі б уцягнуць у яе і Рэспубліку Беларусь, аб чым неаднаразова гаварыў наш Прэзідэнт».

Сяргей Рачкоў нагадаў, што ў свой час, калі Беларусі ніхто не пагражаў, наша краіна далучылася да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, стаўшы першай дзяржавай, якая добраахвотна адмовілася ад магчымасці валодання ядзернай зброяй, якая засталася пасля распаду СССР. «З таго часу геапалітычная сітуацыя вакол Беларусі змянілася, — падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. — Мы бачым сёння, які незаконны санкцыйны ціск краіны Захаду аказваюць на нашу краіну, якія гучаць заклікі, як стаўкі робяцца на працяг канфлікту ва Украіне, а не на палітыка-дыпламатычныя намаганні па яго ўрэгуляванні. Таму пазіцыя кіраўніка беларускай дзяржавы аб размяшчэнні расійскай тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі нашай краіны забяспечыць доўгачасовы мір, бяспеку і стабільнасць як у Рэспубліцы Беларусь, так і ў рэгіёне ў цэлым. Мы дзейнічаем, зыходзячы з інтарэсаў нашай краіны».

Размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Алег ГАЙДУКЕВІЧ назваў абсалютна правільным рашэннем. «НАТА дагэтуль не напала на Беларусь і Расію не таму, што яны хочуць міру, — заўважыў дэпутат. — Яны знішчалі Ірак і не баяліся туды ўрывацца: яны ведалі, што не будзе адказу. Яны бамбілі Югаславію, яны знішчылі Лівію і ніколі не казалі аб тым, што хочуць міру. Адзінае, чаму яны не нападаюць на Беларусь і Расію, — яны ведаюць, што ніколі не перамогуць. Адзіны спосаб захаваць у краіне мір — станавіцца яшчэ больш моцнымі. Размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі — гэта не пагроза камусьці. Мы хочам міру! Гэта адказ на агрэсіўныя дзеянні ў наш бок. Мы добра разумеем, што ўгаворваннямі, аповедамі аб тым, што мы мірныя і нікому не пагражаем, канфлікт ніколі не прадухілім. Слабых заўсёды б'юць, слабых заўсёды знішчаюць. Таму, калі мы хочам пазбегнуць канфлікту, калі хочам міру, нам трэба станавіцца яшчэ больш моцнымі. Прэзідэнт Беларусі гэта цудоўна разумее, таму робіць усё, каб у Беларусі быў заўсёды мір. Адсюль і гэтае рашэнне — размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі. Каб яны ведалі: сунецеся сюды — нічога добрага вас не чакае. Менавіта таму іншага шляху для міру няма».

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: ТАСС

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.