Пасланне Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Аб стане Канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь — Прэзідэнту Рэспублiкi Беларусь, Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь.
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П. П., намесніка Старшыні Карповіч Н. А., суддзяў Бодак А. М., Бойка Т. С., Варановіча Т. В., Данілюка С. Я., Козыравай Л. Р., Рабцава В. М., Рабцава Л. М., Сяргеевай В. Г., Цікавенкі А. Г., Чыгрынава С. П., разгледзеўшы ў судовым пасяджэнні пытанне аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь, кіруючыся артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 74, 79, 84, 161–163 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»,
Вырашыў:
1. Прыняць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (дадаецца).
2. Апублікаваць Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь» ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Старшынствуючы — Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь П. П. Міклашэвіч
14 сакавіка 2023 г., г. Мінск
№ Р-1304/2023
Дынамічнае развіццё грамадскіх адносін, актуалізацыя праблем міру і грамадзянскай згоды, забеспячэння нацыянальнай бяспекі, захавання канстытуцыйнай ідэнтычнасці і ўмацавання суверэнітэту абумовілі правядзенне ў Рэспубліцы Беларусь канстытуцыйных пераўтварэнняў, важнейшым этапам якіх з’явілася прыняцце 27 лютага 2022 г. на рэспубліканскім рэферэндуме змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Абноўленая Канстытуцыя вызначыла сучасныя асновы мадэрнізацыі дзяржавы і грамадства, новыя падыходы да функцыянавання органаў дзяржаўнай улады і грамадска-палітычных інстытутаў з мэтай зацвярджэння правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, асноў прававой дзяржавы і сацыяльнага справядлівага грамадства.
Канстытуцыйнае замацаванне абавязку грамадзян Рэспублікі Беларусь па захаванні гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, патрыятызм служаць асновай фарміравання канстытуцыйна арыентаванай правасвядомасці асобы і важнейшым канстытуцыйным арыенцірам дзяржаўнай палітыкі па выхаванні ў моладзі пачуцця адказнасці за сучаснасць і будучыню краіны.
Умовамі паўнавартаснага ажыццяўлення канстытуцыйных змяненняў з’яўляюцца паслядоўнае і сістэмнае заканадаўчае забеспячэнне механізмаў дасягнення канстытуцыйных мэт, няўхільнае прытрымліванне канстытуцыйнага правапарадку дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі, інстытутамі грамадзянскай супольнасці і грамадзянамі.
Важная роля ў зацвярджэнні сучаснага беларускага канстытуцыяналізму належыць Канстытуцыйнаму Суду Рэспублікі Беларусь, які шляхам ажыццяўлення канстытуцыйнага кантролю ў дзяржаве ў мэтах абароны канстытуцыйнага ладу, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння гарантуе канстытуцыйную бяспеку, садзейнічае ажыццяўленню канстытуцыяналізацыі права, правапрымянення і правасвядомасці.
Праз канстытуцыйнае правасуддзе змяняецца якасць прававой сістэмы, фарміруецца асаблівы палітыка-прававы рэжым судовага забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі, яе прававой абароны як акта прамога дзеяння, які гарантуе збалансаваную рэалізацыю фундаментальных каштоўнасцей і інтарэсаў грамадства ў дэмакратычнай прававой дзяржаве.
Абноўленая Канстытуцыя, замацоўваючы такія ўніверсальныя каштоўнасці, як чалавек, яго правы і свабоды, суверэнітэт, народаўладдзе, вяршэнства права, сацыяльная справядлівасць, роўнасць усіх перад законам, культурная і духоўная спадчына, вызначае асноўныя вектары, межы і змест неабходнага заканадаўчага рэгулявання.
Вышэйшая юрыдычная сіла Канстытуцыі аказвае непасрэднае рэгулюючае ўздзеянне на грамадскія адносіны, якое выражаецца ў абавязковасці яе палажэнняў для дзяржаўных органаў і службовых асоб, арганізацый і грамадзян, з’яўляецца галоўным крытэрыем нарматворчай і правапрымяняльнай дзейнасці, забеспячэння канстытуцыяналізацыі грамадскіх адносін, дзейснасці канстытуцыйна-прававых механізмаў абароны правоў і свабод грамадзян.
Прамое дзеянне Канстытуцыі на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь дазваляе ажыццяўляць маштабную канстытуцыяналізацыю заканадаўства з мэтай забеспячэння эфектыўнага прававога рэгулявання жыццядзейнасці чалавека, грамадства і дзяржавы праз рэалізацыю зместу прынцыпаў і норм Канстытуцыі.
1. Важнейшым кірункам развіцця сучаснага беларускага канстытуцыяналізму з’яўляецца ўдасканаленне існуючых і выпрацоўка новых форм удзелу грамадзян у кіраванні справамі дзяржавы і грамадства. Абноўленая Канстытуцыя прадугледжвае ўнікальную форму ажыццяўлення ўлады народам — Усебеларускі народны сход, які, будучы вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя, азначае пераход да сацыяльнай дэмакратыі.
Склад дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, вызначальны законам парадак яго фарміравання дазваляюць у рамках канстытуцыйна-прававога поля ўлічваць голас і волю ўсяго народа, прымаць на самым высокім узроўні адзінае рашэнне, якое з’яўляецца абавязковым для выканання ўсімі дзяржаўнымі органамі.
Канстытуцыйна-ўладныя паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу накіраваны на рэалізацыю стабілізацыйнай, кансалідуючай, праграмна-стратэгічнай і рэгулюючай функцый дзяржавы, аб’яднанне і згуртаванне грамадска-палітычных сіл у краіне, дасягненне грамадзянскай згоды па важнейшых пытаннях дзяржаўнага і грамадскага жыцця.
Абноўленай Канстытуцыяй прадугледжана ўзмацненне ролі і ўмацаванне незалежнасці судовай улады як самастойнай галіны дзяржаўнай улады, якая ажыццяўляе функцыю правасуддзя праз вырашэнне судовых спраў ва ўстаноўленай законам працэсуальнай форме.
У гэтых мэтах змяненнямі і дапаўненнямі Канстытуцыі замацаваны статус Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь як органа, што ўзначальвае сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі і з’яўляецца вышэйшым судовым органам, які ажыццяўляе правасуддзе праз грамадзянскую, крымінальную і іншыя формы судаводства, прадугледжаныя законам; устаноўлены новы парадак фарміравання Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў.
Істотна пашыраны паўнамоцтвы Канстытуцыйнага Суда па ажыццяўленні канстытуцыйнага кантролю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, ацэнцы канстытуцыйнасці дзеянняў вышэйшых органаў дзяржаўнай улады.
Указанымі палажэннямі Канстытуцыі забяспечваюцца прадастаўленне грамадзянам эфектыўнай судовай абароны, зацвярджэнне вяршэнства Канстытуцыі і канстытуцыйнай законнасці, умацаванне канстытуцыйнага правапарадку.
Канстытуцыяй устаноўлены канкрэтныя часовыя перыяды для прывядзення законаў, указаў і распараджэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з Канстытуцыяй, а таксама для прыняцця закона, які вызначае кампетэнцыю, парадак фарміравання і дзейнасць Усебеларускага народнага сходу. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што ажыццяўленне канстытуцыйных пераўтварэнняў патрабуе прадуманай заканадаўчай канкрэтызацыі і выпрацоўкі прававых механізмаў рэалізацыі канстытуцыйных прынцыпаў і норм, што абумоўлівае неабходнасць паслядоўнай і сістэмнай заканатворчай дзейнасці.
Увасабленне ў жыццё палажэнняў абноўленай Канстытуцыі, зацвярджэнне канстытуцыйнай законнасці прадвызначаюць неабходнасць прыняцця законаў і іншых нарматыўных прававых актаў у строгай адпаведнасці з Асноўным Законам пры выкананні агульнапрызнаных прынцыпаў і стандартаў у галіне правоў і свабод чалавека на аснове вяршэнства права, важнейшымі элементамі якога з’яўляюцца: захаванне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, законнасць, прававая вызначанасць, справядлівасць, прапарцыянальнасць, роўнасць усіх перад законам пры выключэнні ўсякай дыскрымінацыі, доступ да правасуддзя.
Істотным аспектам выступае сам змест заканадаўчых актаў, якія забяспечваюць ператварэнне мэт канстытуцыйных пераўтварэнняў і захоўваюць межы гэтых пераўтварэнняў.
2. Абнаўленне заканадаўства абумоўлівае неабходнасць забеспячэння ў дзейнасці дзяржаўных органаў, службовых асоб, арганізацый і грамадзян праварэалізацыі, якая адпавядае канстытуцыйным мэтам і каштоўнасцям. У выніку змянення заканадаўства замацоўваюцца новыя правілы, фарміруюцца пэўныя адносіны да іх з боку грамадства, якія заключаюцца ў іх захаванні, выкарыстанні, выкананні і прымяненні.
Іменна правапрымяненне, што ўключае асаблівы арганізацыйна-прававы спосаб уладнай дзейнасці ўпаўнаважаных органаў, выступае асаблівай формай праварэалізацыі, якая нацэлена на правамернае ператварэнне нарматыўных прадпісанняў у жыццё і па сутнасці аб’ядноўвае ўсе астатнія формы рэалізацыі права.
У адпаведнасці з палажэннямі абноўленай Канстытуцыі ў Канстытуцыйны Суд маюць права звяртацца грамадзяне са скаргамі на парушэнні іх канстытуцыйных правоў і свабод законамі, прымененымі ў канкрэтнай справе, калі вычарпаны ўсе іншыя сродкі судовай абароны, а суды — з запытамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць прымяненню судамі пры разглядзе канкрэтных спраў. Тым самым на Канстытуцыйны Суд ускладаецца функцыя выяўлення канстытуцыйна-прававога зместу канстытуцыйных прынцыпаў і норм пры правапрымяненні.
Такім чынам, правапрымяняльная практыка, якая ажыццяўляецца ў адпаведнасці з канстытуцыйным рэгуляваннем, на аснове аднастайнага разумення канстытуцыйных норм, з дапамогай пэўных, адэкватных і эфектыўных сродкаў рэалізацыі канстытуцыйных палажэнняў, дазваляе мінімізаваць рызыкі парушэння канстытуцыйных прынцыпаў і норм, пагроз канстытуцыйнаму правапарадку.
3. Забеспячэнне дзеяння палажэнняў абноўленай Канстытуцыі прадугледжвае наяўнасць высокага ўзроўню прававой культуры. Улічваючы, што дэфармаваная грамадская думка можа стаць прычынай юрыдычных канфліктаў, прывесці да «нестыкоўкі» патрабаванняў Канстытуцыі і чаканняў грамадства, неабходна пастаяннае растлумачэнне канстытуцыйных палажэнняў, разлічанае на масавую аўдыторыю з розным узроўнем прафесійнай і агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі, рознымі поглядамі.
Абавязковай умовай з’яўляецца прадаўжэнне работы па выхаванні грамадзян у духу адказнасці за развіццё канстытуцыйных ідэалаў. Прыцягненне ўвагі насельніцтва да канстытуцыйных пераўтварэнняў здольна забяспечыць не толькі падтрымку грамадзянамі змяненняў і дапаўненняў Асноўнага Закона, але і прыхільнасць да канстытуцыйных каштоўнасцей, садзейнічаючы тым самым далейшаму ўкараненню іх у грамадскую практыку.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што для напаўнення канстытуцыйных прынцыпаў і норм практычным зместам яны павінны быць як адлюстраваны ў заканадаўстве, так і стаць вызначальнай часткай грамадскай правасвядомасці. Пры гэтым не толькі дзяржаўныя органы, службовыя асобы абавязаны дзейнічаць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства, але неабходна, каб і грамадзяне ведалі і паважалі Канстытуцыю, свядома ўспрымалі яе фундаментальныя каштоўнасці і прынцыпы.
Праз фарміраванне канстытуцыйнай правасвядомасці ўвасабляюцца ў жыццё асноўныя прынцыпы арганізацыі і жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы, а таксама ўменне асобы асэнсавана і з пазіцый Асноўнага Закона рэалізоўваць свае канстытуцыйныя правы і выконваць абавязкі.
Згодна з Канстытуцыяй сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.
Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ў дзяржаўных сімвалах адлюстроўваюцца гістарычна абумоўленыя светапоглядныя пачаткі і цывілізацыйныя мэты развіцця народа Беларусі як дзяржаваўтваральнага суб’екта, яго менталітэт, базавыя маральныя імператывы і эстэтычныя перавагі; Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь сімвалізуюць працавітасць беларускага народа, яго талерантнасць, мудрасць, імкненне да свабоды і справядлівасці, міралюбівы характар, сілу і працвітанне беларускай дзяржавы, а таксама прыгажосць і ўнікальнасць прыроды Беларусі; рэалізацыя палажэнняў Канстытуцыі ў Законе «О государственных символах Республики Беларусь» садзейнічае выхаванню ў вучняў устаноў адукацыі і іншых грамадзян пачуццяў патрыятызму і грамадзянскасці, гонару за сваю Айчыну, прывіццю павагі да гістарычнай памяці, традыцый, нацыянальнай і культурнай самабытнасці беларускага народа (рашэнне ад 26 снежня 2020 г. па Закону Рэспублікі Беларусь «О государственных символах Республики Беларусь»).
Палажэннямі абноўленай Канстытуцыі ўстаноўлена, што кожны павінен праяўляць сацыяльную адказнасць, уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы. Канстытуцыйны абавязак кожнага як унутрана прынятае і добраахвотнае абавязацельства грамадзяніна накіраваны на ўстанаўленне балансу правоў і абавязкаў, які садзейнічае дасягненню справядлівай раўнавагі паміж інтарэсамі грамадства і неабходнымі ўмовамі абароны правоў і свабод асобы.
Канстытуцыяй прадугледжана, што дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, патрыятызм з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Згодна з прававой пазіцыяй Канстытуцыйнага Суда, заканадаўчае прызнанне і асуджэнне факта генацыду беларускага народа адпавядае палажэнням Канстытуцыі, замацуе ў гістарычнай памяці народа справядлівую ацэнку злачынстваў фашыстаў і іх памагатых на беларускай зямлі, стане данінай памяці нашчадкаў мільёнам ахвяр фашызму, а таксама будзе мець важнае канстытуцыйна-прававое і палітычнае значэнне (рашэнне ад 29 снежня 2021 г. па Закону Рэспублікі Беларусь «О геноциде белорусского народа»).
Абноўленая Канстытуцыя, замацоўваючы важнейшыя мэты і каштоўнасці грамадства і дзяржавы, з’яўляецца дзейсным інструментам фарміравання прававой культуры грамадзян. Праз асэнсаванне канстытуцыйных палажэнняў ажыццяўляюцца самаідэнтыфікацыя чалавека як актыўнага носьбіта правоў і абавязкаў, уласцівых кожнаму члену грамадзянскай супольнасці, фарміраванне канстытуцыйнага патрыятызму.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што канстытуцыйны патрыятызм прадвызначае павышэнне канстытуцыйнай культуры, уключаючы ўсвядомленае разуменне неабходнасці жыць і дзейнічаць у адпаведнасці з Канстытуцыяй, яе каштоўнасцямі і мэтамі. Сутнасць канстытуцыйнага патрыятызму заключаецца ў тым, што грамадзяне не толькі праяўляюць любоў і павагу да сваёй Айчыны, народа, яго гісторыі, культуры, маральных і прававых традыцый, але і, карыстаючыся ў поўнай меры канстытуцыйнымі правамі, адказна выконваюць канстытуцыйныя абавязкі, імкнуцца ўнесці свой уклад у дасягненне канстытуцыйных мэт.
Канстытуцыйны патрыятызм забяспечвае дэмакратызацыю і гуманізацыю грамадскіх працэсаў, ставіць чалавека як найвышэйшую каштоўнасць у цэнтр грамадскіх працэсаў. Канстытуцыйны патрыятызм павінен стаць асновай прававой ідэалогіі, асноватворным фактарам стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь. На выхаванне канстытуцыйнага патрыятызму павінна быць накіравана дзейнасць усіх дзяржаўных органаў.
Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, іменна канстытуцыйны патрыятызм павінен выступаць у якасці дамінанты грамадскай свядомасці, паколькі ён забяспечвае ідэнтыфікацыю чалавека з пэўнай гістарычнай супольнасцю, заснаванай на каштоўнасцях, замацаваных у якасці канстытуцыйных прынцыпаў, якія прадвызначаюць стварэнне грамадства свабодных і роўных грамадзян з агульнымі ідэалагічнымі ўстаноўкамі, накіраванымі на пабудову дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы.
Дасягнутае грамадствам усведамленне неабходнасці канстытуцыйных пераўтварэнняў, грамадзянская сталасць яго членаў, аб чым сведчаць актыўны ўдзел грамадзян у падрыхтоўцы змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі, прыняцце іх на рэспубліканскім рэферэндуме (народным галасаванні), шырокае грамадскае абмеркаванне законапраектаў, якія прадугледжваюць фарміраванне новых канстытуцыйна-прававых інстытутаў, з’яўляюцца залогам паспяховасці рэалізацыі канстытуцыйных мэт.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў аснове павышэння ўзроўню канстытуцыйнай культуры і грамадскай правасвядомасці павінна знаходзіцца ідэя сучаснага канстытуцыяналізму, важнейшымі складнікамі якога выступаюць вяршэнства Канстытуцыі і вяршэнства права, няўхільнае выкананне канстытуцыйных прадпісанняў усімі дзяржаўнымі органамі, службовымі асобамі, арганізацыямі і грамадзянамі, устанаўленне балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы на аснове канстытуцыйных палажэнняў, выхаванне і фарміраванне асобы як грамадзяніна, які свядома і добраахвотна выконвае законы сваёй краіны і здольны праяўляць канстытуцыйны патрыятызм пры абароне каштоўнасцей і ідэалаў Канстытуцыі.
Палажэнні абноўленай Канстытуцыі выступаюць у якасці нарматыўна-прававой асновы, сацыяльна-прававога арыенціра дзяржаўнай, грамадскай і асабістай бяспекі, забеспячэнне якіх дазваляе дасягнуць паўнацэннай рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
Ва ўмовах глабалізацыі, інтэграцыі і ўзаемазалежнасці грамадскіх і міждзяржаўных працэсаў абавязковай умовай паступальнага і дынамічнага развіцця дзяржавы і грамадства выступае гарантаванне канстытуцыйнай бяспекі, сутнасць якой заключаецца ў забеспячэнні і абароне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, найбольш важных інтарэсаў грамадства і дзяржавы ад унутраных і знешніх пагроз.
Пры гэтым гарантаванне канстытуцыйнай бяспекі немагчыма без забеспячэння канстытуцыйнага правапарадку, які, з’яўляючыся адной з сучасных характарыстык канстытуцыяналізму, закліканы гарманізаваць дзяржаўнае і грамадскае развіццё, гарантаваць стабільнасць канстытуцыйна-прававога жыцця.
Зацвярджэнне канстытуцыйнага правапарадку азначае, што прававыя нормы, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў розных сферах сацыяльнай рэчаіснасці, павінны грунтавацца на палажэннях Канстытуцыі, а прававыя інстытуты і галіны права знаходзіцца ў сістэмнай узаемасувязі, утвараючы стройную прававую сістэму, якая ўключае канстытуцыйныя прынцыпы і нормы як яе фундаментальную аснову. Пры выкананні гэтых умоў абавязковая нарматыўная сіла права падмацоўваецца строгасцю яго канструкцыі і межаў тлумачэння, а грамадскія адносіны адпавядаюць канстытуцыйным прадпісанням з прычыны няўхільнага і паслядоўнага іх выканання.
Канстытуцыйны правапарадак — важнейшы фактар дзейснай абароны правоў і свабод грамадзян, канстытуцыйнага ладу, дасягнення грамадзянскай згоды. Зацвярджэнне канстытуцыйнага правапарадку ў заканадаўстве і правапрымяненні азначае, што канстытуцыйныя правы і свабоды трансфармуюцца ў дэмакратычна замацаваныя нормы жыцця, якія абавязковыя для кожнага грамадзяніна і грамадства ў цэлым, добрасумленна і паслядоўна выконваюцца імі.
Значную ролю ва ўмацаванні канстытуцыйнага правапарадку ў сучасных умовах мае канстытуцыяналізацыя права, якая забяспечваецца заканадаўствам, заснаваным на вяршэнстве і прамым дзеянні Канстытуцыі як вызначальным фактары гарманічнага і ўстойлівага развіцця грамадства і дзяржавы, а таксама захаваннем канстытуцыйна-прававога рэжыму правапрымянення.
Вяршэнствам і прамым дзеяннем Канстытуцыі прадвызначаны прававыя механізмы, якія гарантуюць увасабленне канстытуцыйных палажэнняў у жыццё.
Праз зацвярджэнне вяршэнства Канстытуцыі, канстытуцыйных каштоўнасцей у нарматворчасці і правапрымяненні ажыццяўляецца канстытуцыяналізацыя грамадскіх адносін, устанаўліваецца рэжым канстытуцыйнай законнасці, пры якім дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы, а таксама арганізацыі і грамадзяне дзейнічаюць на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, а права як важнейшы сацыяльны рэгулятар забяспечвае дасягненне мэт і вырашэнне задач, вызначаных Асноўным Законам дзяржавы.
Прамое дзеянне Канстытуцыі абумоўлівае інтэграцыю канстытуцыйнай мадэлі арганізацыі грамадскіх адносін у сацыяльную практыку як непасрэдна, так і шляхам выпрацоўкі на заканадаўчым узроўні прававых механізмаў для поўнай рэалізацыі грамадзянамі замацаваных у Канстытуцыі правоў і свабод, а таксама непасрэднае прымяненне канстытуцыйных норм усімі правапрымяняльнымі органамі шляхам іх індывідуалізацыі з улікам жыццёвай сітуацыі, якая патрабуе вырашэння ў адносінах да канкрэтнага суб’екта праваадносін.
Канстытуцыяналізацыя права прыводзіць да фарміравання прававой асобы — персоны, якая дзякуючы праву актыўна ўключана ў палітычную і сацыяльна-прававую рэчаіснасць, у поўнай меры рэалізуе свае правы і выконвае абавязкі, з’яўляецца актыўным удзельнікам канстытуцыйных праваадносін, садзейнічае фарміраванню рэальнага грамадскага даверу паміж людзьмі, рознымі сацыяльнымі групамі і дзяржавай, які заахвочвае кожнага члена грамадства да канструктыўнага і ўсвядомленага волевыяўлення.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ва ўмацаванні канстытуцыйнага правапарадку значная роля належыць маральным каштоўнасцям, якія ўяўляюць сабой аснову аб’яднання грамадзян, стабільнасці і дынамізму канстытуцыйнага развіцця, умацавання канстытуцыйна-прававой бяспекі, дасягнення стану прававой абароненасці асобы, грамадства і дзяржавы ад сучасных выклікаў і пагроз.
Важнае значэнне ў працэсе канстытуцыяналізацыі права і забеспячэнні канстытуцыйнага правапарадку мае дзейнасць Канстытуцыйнага Суда, які пры ажыццяўленні канстытуцыйнага правасуддзя, выяўляючы і раскрываючы змест канстытуцыйных каштоўнасцяў, прынцыпаў і норм, арыентуе заканадаўца і правапрымяняльнікаў на ўвасабленне шматграннага зместу Канстытуцыі, недапушчальнасць скажэння канстытуцыйных палажэнняў у заканадаўстве, праваразуменні і правапрымяненні, у неабходных выпадках указвае на ажыццяўленне новага або дадатковага прававога рэгулявання грамадскіх адносін у канкрэтных сферах жыццядзейнасці, вызначае кірункі ўдасканалення заканадаўства.
Паслядоўнае ажыццяўленне канстытуцыяналізацыі права садзейнічае ўмацаванню канстытуцыйнага правапарадку, павышэнню эфектыўнасці рэалізацыі законаў і дзейнасці органаў публічнай улады. Ступень рэалізацыі Канстытуцыі і канстытуцыйнага заканадаўства вызначае якасны стан канстытуцыйнага правапарадку ў дзяржаве.
Канстытуцыйны кантроль у Рэспубліцы Беларусь, закліканы забяспечваць належны канстытуцыйна-прававы баланс уладных паўнамоцтваў дзяржаўных органаў, раўнавагу ўсіх грамадска-палітычных сіл у дзяржаве, на сучасным этапе канстытуцыйнага развіцця з’яўляецца фактарам стабільнасці і ўстойлівага развіцця беларускай дзяржаўнасці.
Аналіз асноўных этапаў станаўлення і функцыянавання канстытуцыйнага кантролю сведчыць аб заканамерным і паступальным удасканаленні сістэмы канстытуцыйнага кантролю, пашырэнні яго задач у дзяржаўна-прававым механізме абароны асноў канстытуцыйнага ладу, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
У 2008 годзе Канстытуцыйны Суд быў надзелены правам ажыццяўляць абавязковы папярэдні кантроль канстытуцыйнасці ўсіх законаў, прынятых Парламентам Рэспублікі Беларусь, да іх падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
За перыяд з 2008 па 2022 год Канстытуцыйным Судом прынята 1026 рашэнняў, у якіх дадзена ацэнка якасці канстытуцыйна-прававога рэгулявання грамадскіх адносін у розных сферах на аснове прынцыпаў і норм Канстытуцыі.
У названы перыяд Канстытуцыйным Судом распрацавана метадалагічная аснова ажыццяўлення папярэдняга кантролю законаў, асаблівага працэсуальнага парадку разгляду спраў, фарміравання прававых пазіцый, адрасаваных заканадаўцу і правапрымяняльнікам.
Сваімі рашэннямі, прынятымі ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю законаў, Канстытуцыйны Суд аказаў пазітыўны ўплыў на развіццё канстытуцыйнай дактрыны. Прававыя пазіцыі, якія фарміраваліся Канстытуцыйным Судом зыходзячы з сістэмнага глыбокага дактрынальнага прававога аналізу канстытуцыйных норм у іх лагічнай узаемасувязі, садзейнічалі забеспячэнню адзінства і ўзгодненага ўзаемадзеяння ўсіх дзяржаўных органаў у адпаведнасці з іх канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі, выкананню канстытуцыйнай законнасці ў заканадаўчым працэсе і правапрымянальнай практыцы, забеспячэнню і абароне замацаваных у Канстытуцыі правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
Ва ўказаных рашэннях Канстытуцыйным Судом сфармулявана 305 прававых пазіцый, у якіх увага заканадаўца звярталася на выяўленыя ў законах выпадкі прававой нявызначанасці, прабелы і калізіі, а правапрымяняльнікам указвалася на неабходнасць дакладнага разумення зместу заканадаўчых норм і захавання канстытуцыйна-прававога рэжыму іх прымянення ў сваёй дзейнасці. Прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда аб неабходнасці ўстаранення ў правяраемых законах выяўленых канстытуцыйна-прававых дэфектаў заканадаўчага рэгулявання дазвалялі пераадольваць прававую нявызначанасць норм законаў без прызнання іх неканстытуцыйнымі і тым самым садзейнічалі фарміраванню правапрымяняльнай практыкі на канстытуцыйна-прававой аснове.
У шэрагу прававых пазіцый Канстытуцыйны Суд з улікам рэальнай практыкі сучаснага канстытуцыяналізму выкладаў канстытуцыйна-дактрынальныя падыходы да ўдасканалення прававой сістэмы дзяржавы, указваў канкрэтныя кірункі заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносін, вызначаў канстытуцыйна-прававы рэжым прымянення прававых норм.
1. У рашэннях Канстытуцыйнага Суда сфармуляваны прававыя пазіцыі, якія канстатуюць рэалізацыю і развіццё ў законах канстытуцыйных прынцыпаў і норм, стварэнне неабходных прававых механізмаў для гарантавання непахіснасці асноў канстытуцыйнага ладу, забеспячэння і абароны правоў і свабод чалавека як найвышэйшай каштоўнасці і мэты дзяржавы і грамадства.
У рашэнні па змяненні законаў, якія рэгулююць пытанні эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы, адзначана, што пры прадастаўленні адтэрміноўкі ад прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве для прадаўжэння адукацыі заканадавец зыходзіў з неабходнасці дасягнення разумнага і справядлівага балансу паміж мэтамі, з аднаго боку, падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для патрэбнасцяў грамадства і дзяржавы, а з другога — забеспячэння нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці краіны, укамплектавання Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў асабовым складам, неабходным для эфектыўнага вырашэння задач па абароне Айчыны. Устаноўленая Законам Рэспублікі Беларусь «О воинской обязанности и воинской службе» сістэма адтэрміновак ад прызыву на ваенную службу ў залежнасці ад атрымання адукацыі рознага віду і ўзроўню з’яўляецца заканадаўча замацаванай гарантыяй як канстытуцыйнага права на адукацыю (артыкул 49 Канстытуцыі), так і парадку рэалізацыі канстытуцыйнага абавязку па абароне Рэспублікі Беларусь пэўнымі катэгорыямі грамадзян (артыкул 57 Канстытуцыі) (рашэнне ад 10 ліпеня 2019 г.).
2. Пры праверцы канстытуцыйнасці законаў, што ўстанаўліваюць палажэнні, якія абмяжоўваюць або іншым спосабам закранаюць правы і свабоды асобы, у рашэннях Канстытуцыйнага Суда падкрэслівалася, што прававыя абмежаванні павінны забяспечваць баланс паміж канстытуцыйнымі правамі і свабодамі грамадзян і публічнымі інтарэсамі дзяржавы і грамадства. Любыя абмежаванні канстытуцыйных правоў і свабод павінны быць не толькі юрыдычна дапушчальнымі, сацыяльна апраўданымі, але і справядлівымі, неабходнымі і суразмернымі канстытуцыйна прызнаным мэтам такіх абмежаванняў.
У рашэнні па праверцы канстытуцыйнасці Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях звернута ўвага, што меры забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, якія прадугледжваюцца гэтым Кодэксам, у тым ліку адміністрацыйнае затрыманне фізічнай асобы, накладанне арышту на маёмасць, будучы па сваёй сутнасці мерамі працэсуальнага прымусу, у пэўнай ступені абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзян, правы і законныя інтарэсы юрыдычных асоб.
Канстытуцыйным Судом выказана прававая пазіцыя аб тым, што палажэнні названага Кодэкса, якія вызначаюць прававы механізм прымянення мер забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, адпавядаюць нормам Канстытуцыі і ўзгадняюцца з палажэннямі міжнародна-прававых актаў, паколькі гэтыя меры абмежавальнага характару не скажаюць сутнасці канстытуцыйных правоў і свабод, не вядуць да страты іх рэальнага зместу, прымяняюцца толькі ў адносінах да пэўных катэгорый асоб і за ўчыненне асобных канкрэтных правапарушэнняў. Такія абмежаванні ўлічваюць прынцыпы прапарцыянальнасці, справядлівасці і гуманізму, з’яўляюцца сродкамі прававой абароны грамадскага парадку, правоў і свабод іншых асоб і суразмерны абараняемым Канстытуцыяй мэтам і каштоўнасцям (рашэнне ад 28 снежня 2020 г.).
3. У шэрагу рашэнняў Канстытуцыйнага Суда звярталася ўвага на тое, што з канстытуцыйных палажэнняў аб сацыяльнай дзяржаве вынікае абавязак дзяржавы забяспечваць рост дабрабыту грамадзян, ствараць умовы для паляпшэння іх жыцця, садзейнічаць развіццю іх эканамічнай актыўнасці.
У рашэнні па праверцы Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов по вопросам социальных нормативов и минимальной заработной платы» Канстытуцыйным Судом адзначана, што пры рэалізацыі палажэнняў гэтага Закона, якія датычацца ўстанаўлення ў актах заканадаўства суадносін паміж мінімальнымі дзяржаўнымі сацыяльна-працоўнымі гарантыямі і бюджэтам пражытачнага мінімуму, нарматворчым органам неабходна ўлічваць канстытуцыйнае права кожнага на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў (частка другая артыкула 21 Канстытуцыі), а таксама кіравацца прынцыпам сацыяльнай справядлівасці.
У рашэнні таксама ўказана, што заканадаўцу пры далейшым удасканаленні заканадаўства аб сацыяльных нарматывах неабходна прадугледзець дадатковыя прававыя механізмы, якія забяспечваюць паслядоўнае павышэнне мінімальнага парога дабрабыту грамадзян і задавальнення рацыянальных патрэбнасцяў чалавека, неабходных для яго фізічнага, духоўнага і творчага развіцця, з улікам фінансава-эканамічных магчымасцяў дзяржавы для дасягнення канстытуцыйна-прававога арыенціра дастойнага ўзроўню жыцця, што ляжыць у аснове сацыяльнай дзейнасці дзяржавы (рашэнне ад 28 красавіка 2021 г.).
У рашэнні па праверцы змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «О пенсионном обеспечении» Канстытуцыйны Суд адзначыў аб’ектыўны характар неабходнасці карэкціроўкі заканадаўчага рэгулявання пенсіённага забеспячэння ў частцы павелічэння стажу працы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь і ўказаў, што замацаванне ў якасці абавязковага патрабавання для ўзнікнення права на працоўную пенсію стажу працы з выплатай абавязковых страхавых узносаў адпавядае сутнасці такой пенсіі і адказвае палажэнням канстытуцыйнага прынцыпу ўзаемнай адказнасці дзяржавы і грамадзяніна, у сілу якога ўдзельнікі пенсіённых адносін надзяляюцца не толькі правамі, але і абавязкамі, што карэспандуюць гэтым правам.
Пры гэтым у рашэнні Канстытуцыйнага Суда звернута ўвага заканадаўца на тое, што, дзейнічаючы ў рамках сваіх дыскрэцыйных паўнамоцтваў пры вызначэнні неабходных умоў пенсіённага забеспячэння ў развіццё палажэнняў часткі першай артыкула 1, артыкулаў 2 і 47 Канстытуцыі, заканадавец павінен забяспечваць прадказальнасць заканадаўчых падыходаў, стабільнасць заканадаўства, не дапускаць ушчамлення канстытуцыйнага права на сацыяльнае забеспячэнне. У выпадку замацавання новых умоў узнікнення права на працоўную пенсію неабходна максімальна апраўдваць правамерныя чаканні грамадзян, у тым ліку праз вызначэнне разумнага пераходнага перыяду для прадастаўлення грамадзянам рэальнай магчымасці выконваць змененыя патрабаванні заканадаўчых норм (рашэнне ад 27 снежня 2016 г.).
4. У рашэннях Канстытуцыйнага Суда адзначалася, што сучасныя працэсы лічбавізацыі закранулі прававое рэгуляванне многіх грамадскіх адносін, запатрабаваўшы ад заканадаўца адлюстравання прававымі сродкамі іх лічбавай састаўляючай, а таксама стварэння прававых умоў для далейшага ўкаранення лічбавых інавацый.
У рашэнні па праверцы канстытуцыйнасці змянення Гаспадарчага працэсуальнага, Грамадзянскага працэсуальнага, Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусь указана, што палажэнні правяраемага Закона, якімі прадугледжваецца выкарыстанне ў судаводстве сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, садзейнічаюць дакладнаму і паслядоўнаму адлюстраванню ходу судовага разбору, вынясенню законных і абгрунтаваных судовых пастаноў у адпаведнасці з даследаванымі ў судовым пасяджэнні доказамі, гарантуюць ажыццяўленне дзейснага кантролю вышэйстаячымі судовымі інстанцыямі за выкананнем судамі патрабаванняў закона пры вырашэнні спраў і тым самым забяспечваюць рэалізацыю канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону яго правоў і свабод у поўным аб’ёме праз правасуддзе, якое адпавядае крытэрыям адкрытасці, галоснасці і справядлівасці (рашэнне ад 8 ліпеня 2020 г.).
5. У шэрагу рашэнняў Канстытуцыйнага Суда адзначалася замацаванне ў законах палажэнняў, накіраваных на выкананне Рэспублікай Беларусь міжнародных абавязацельстваў, апасродкаванне нацыянальным правам інтэграцыйных працэсаў, імплементацыю норм міжнароднага і наднацыянальнага права ў прававую сістэму Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым звярталася ўвага на тое, што ва ўмовах трансфармацыі прававой сістэмы, калі прадугледжваецца рэгуляванне грамадскіх адносін нараўне з актамі нацыянальнага заканадаўства таксама актамі міжнароднага і наднацыянальнага права, крытэрыем легітымнасці такога рэгулявання, зыходзячы з вяршэнства Канстытуцыі, з’яўляецца гарантаванне забеспячэння і абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, захавання канстытуцыйнай ідэнтычнасці.
У рашэнні па заканадаўчым рэгуляванні абароны правоў спажыўцоў зроблены вывад, што ўдакладненне прававога рэгулявання ў частцы абавязковасці выканання палажэнняў не толькі актаў нацыянальнага заканадаўства, але і актаў наднацыянальных органаў грунтуецца на нормах артыкулаў 8 і 21 Канстытуцыі, а таксама Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Рэспубліка Беларусь як удзельнік еўразійскай інтэграцыі, зыходзячы з палажэнняў гэтага Дагавора, у тым ліку прыкладзенага да яго Пратакола аб правядзенні ўзгодненай палітыкі ў сферы абароны правоў спажыўцоў, абавязана забяспечваць прававое рэгуляванне адносін, якія складваюцца ва ўказанай сферы, накіраванае на выкананне міжнародных абавязацельстваў (рашэнне ад 8 чэрвеня 2018 г.).
Такім чынам, пры праверцы канстытуцыйнасці законаў у парадку абавязковага папярэдняга кантролю Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу заканадаўца на неабходнасць своечасовай выпрацоўкі прававых механізмаў, накіраваных на гарантаванне непахіснасці асноў канстытуцыйнага ладу, захаванне ў заканадаўстве справядлівага балансу інтарэсаў грамадзяніна, грамадства і дзяржавы, забеспячэнне актыўнага ўдзелу грамадзян, грамадскіх аб’яднанняў у прыняцці важнейшых дзяржаўных рашэнняў, якія датычацца іх правоў і законных інтарэсаў; арыентаваў правапрымяняльнікаў на неабходнасць дакладнага разумення зместу заканадаўчых норм і захавання канстытуцыйна-прававога рэжыму іх прымянення ў сваёй дзейнасці.
На сучасным этапе развіцця беларускай дзяржаўнасці далейшае ўдасканаленне канстытуцыйнага кантролю грунтуецца на вяршэнстве Канстытуцыі, паслядоўнай прыхільнасці да канстытуцыйных каштоўнасцяў, прынцыпаў і мэт.
У абноўленай Канстытуцыі ўдакладнена функцыя Канстытуцыйнага Суда: ажыццяўленне кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве ў мэтах абароны канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама вызначана абавязковая форма правасуддзя, у якой Канстытуцыйны Суд рэалізуе гэту функцыю, — канстытуцыйнае судаводства.
Палажэннямі Канстытуцыі істотна пашыраны паўнамоцтвы Канстытуцыйнага Суда.
Згодна з артыкулам 1161 Канстытуцыі, Канстытуцыйны Суд па прапановах Прэзідэнта, Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, Вярхоўнага Суда, Савета Міністраў дае заключэнні аб тлумачэнні Канстытуцыі.
Указанае паўнамоцтва адлюстроўвае высокі аўтарытэт Канстытуцыйнага Суда як органа, які ажыццяўляе прававую ахову Канстытуцыі і валодае неабходным прафесійным патэнцыялам для раскрыцця сутнаснага зместу канстытуцыйных палажэнняў у іх сістэмнай узаемасувязі. Афіцыйнае тлумачэнне Канстытуцыі дазваляе ўстараняць нявызначанасць у разуменні палажэнняў Асноўнага Закона ў мэтах правільнага і аднастайнага прымянення канстытуцыйных норм.
Папярэдні канстытуцыйны кантроль ажыццяўляецца Канстытуцыйным Судом па прапановах Прэзідэнта. Праверцы на прадмет канстытуцыйнасці падлягаюць праекты законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю; законы, прынятыя Парламентам, да іх падпісання Прэзідэнтам; пытанні, якія выносяцца на рэспубліканскі рэферэндум; міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь, якія не ўступілі ў сілу.
Наступны кантроль ажыццяўляецца ў дачыненні да законаў, указаў Прэзідэнта, пастаноў Савета Міністраў і нарматыўных прававых актаў іншых дзяржаўных органаў, якія ўступілі ў сілу.
Для праверкі выканання канстытуцыйных прынцыпаў і норм і магчымасці наступлення канстытуцыйна-прававой адказнасці Канстытуцыйны Суд у выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй, дае заключэнні: па прапанове Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу — аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Прэзідэнтам Канстытуцыі; па прапанове Прэзідэнта — аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Парламента Канстытуцыі. Указаныя паўнамоцтвы Канстытуцыйнага Суда накіраваны на абарону асноў канстытуцыйнага ладу, забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі ў дзейнасці вышэйшых органаў улады.
Устаноўленая абноўленай Канстытуцыяй магчымасць грамадзян звяртацца ў Канстытуцыйны Суд са скаргамі на парушэнні канстытуцыйных правоў і свабод з прычыны прымянення ў канкрэтнай справе, па іх меркаванні, законаў, якія не адпавядаюць Канстытуцыі, калі вычарпаны ўсе іншыя сродкі судовай абароны, з’яўляецца важнейшай юрыдычнай гарантыяй забеспячэння прававога статусу асобы, садзейнічае павышэнню ўзроўню абароненасці канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што рэалізацыя ў заканадаўстве дадзенага палажэння Канстытуцыі, якое з’яўляецца прававой асновай увядзення ў нацыянальную прававую сістэму інстытута канстытуцыйнай скаргі, сведчыць аб развіцці ў канстытуцыйным судаводстве канкрэтнага канстытуцыйнага кантролю, забеспячэнні прамога доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя, што дазволіць выключыць скажэнне канстытуцыйна-прававога сэнсу заканадаўчых норм пры прымяненні ў судовай справе, а таксама павысіць эфектыўнасць канстытуцыйнага кантролю ў мэтах рэальнай судовай абароны канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
Істотнай прававой гарантыяй забеспячэння правоў і свабод грамадзян з’яўляецца замацаванне на канстытуцыйным узроўні норм аб запыце судоў агульнай юрыдыцыі ў Канстытуцыйны Суд. Па запытах судоў правяраецца канстытуцыйнасць нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць прымяненню пры разглядзе судамі канкрэтных спраў, што садзейнічае канстытуцыяналізацыі правапрымяняльнай практыкі.
Прадугледжаныя абноўленай Канстытуцыяй паўнамоцтвы Канстытуцыйнага Суда накіраваны на абарону канстытуцыйнага ладу і дэмакратычных асноў дзяржавы і грамадства, забеспячэнне канстытуцыйных правоў і свабод асобы, умацаванне канстытуцыйнай законнасці ў краіне, развіццё дактрыны сучаснага канстытуцыяналізму, канстытуцыяналізацыю заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі, фарміраванне канстытуцыйна арыентаванай правасвядомасці грамадзян і службовых асоб.
Рашэнні, якія прымаюцца Канстытуцыйным Судом, маюць істотнае значэнне для ўмацавання канстытуцыйнай законнасці. Пры гэтым у мэтах забеспячэння рэальнага ўздзеяння рашэнняў Канстытуцыйнага Суда на грамадскія адносіны патрабуецца своечасовае і эфектыўнае іх выкананне, у тым ліку рэалізацыя заканадаўцам прававых пазіцый, выкладзеных Канстытуцыйным Судом.
У 2022 годзе рэалізаваны прававыя пазіцыі, якія змяшчаюцца ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда, прынятых у парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў.
1. Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, магчымасць прадаўжэння тэрміну знаходжання на дзяржаўнай службе для асобных дзяржаўных служачых павінна быць абумоўлена іх прафесійнымі і дзелавымі якасцямі і адпавядаць крытэрыям, прадугледжаным у артыкуле 39 Канстытуцыі. У сувязі з гэтым заканадаўцу ў мэтах забеспячэння эфектыўнасці дзяржаўнай службы і выканання службовых абавязкаў дзяржаўнымі служачымі неабходна прадугледзець разумныя тэрміны прадаўжэння знаходжання на дзяржаўнай службе для дзяржаўных служачых, якія дасягнулі 65 гадоў (рашэнне ад 25 красавіка 2012 г.).
Прававая пазіцыя рэалізавана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 1 чэрвеня 2022 г. № 175-З «О государственной службе», у адпаведнасці з якім для грамадзянскіх служачых, якія займаюць пасады, уключаныя ў кадравыя рэестры, і дасягнулі гранічнага ўзросту знаходжання на грамадзянскай службе, устаноўлены тэрмін прадаўжэння знаходжання на дзяржаўнай службе з іх згоды — да пяці гадоў, калі іншае не ўстаноўлена гэтым Законам.
2. Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу заканадаўца на тое, што нормы Закона Рэспублікі Беларусь «О донорстве крови и ее компонентов» аб выкарыстанні і прадастаўленні інфармацыі, якая датычыцца донараў і рэцыпіентаў і змешчана ў Адзінай базе даных донарства крыві, яе кампанентаў, не прадугледжваюць гарантый яе абароны і не ў поўнай меры ўзгадняюцца з адпаведнымі палажэннямі Закона Рэспублікі Беларусь «Об информации, информатизации и защите информации» (рашэнне ад 30 снежня 2014 г.).
Прававая пазіцыя ўлічана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 14 кастрычніка 2022 г. № 214-З «Об изменении законов по вопросам здравоохранения, донорства крови и ее компонентов». Выкладзеным у новай рэдакцыі Законам «О донорстве крови и ее компонентов» прадугледжана, што парадак абароны інфармацыі, якая з’яўляецца ўрачэбнай тайнай, і асноўных персанальных даных, што змяшчаюцца ў Адзінай базе даных донарства і Адзіным рэгістры донараў крыві, яе кампанентаў, устанаўліваецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі.
3. Ацэньваючы канстытуцыйнасць часткі 5 артыкула 370 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, згодна з якой прыгаворы, вызначэнні, пастановы Вярхоўнага Суда абскарджанню і апратэставанню ў апеляцыйным парадку не падлягаюць, Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу заканадаўца на неабходнасць пры далейшым удасканаленні норм крымінальна-працэсуальнага закона, якія рэгулююць апеляцыйнае вядзенне па справе, з мэтай рэальнага гарантавання ажыццяўлення грамадзянамі канстытуцыйнага права на судовую абарону і вынясення законных, абгрунтаваных і справядлівых судовых пастаноў прадугледзець магчымасць абскарджання і апратэставання ў апеляцыйным парадку таксама судовых пастаноў, вынесеных Вярхоўным Судом па крымінальных справах, разгледжаных ім па першай інстанцыі (рашэнне ад 29 снежня 2015 г.).
Гэта прававая пазіцыя ўлічана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2022 г. № 199-З «Об изменении Уголовно-процессуального кодекса Республики Беларусь», у адпаведнасці з якім выключаецца частка 5 артыкула 370 указанага Кодэкса і прадугледжваецца магчымасць абскарджання і апратэставання ў апеляцыйным парадку прыгавораў Вярхоўнага Суда, вынесеных па першай інстанцыі.
4. Правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О переписи населения», Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 2 чэрвеня 2016 г. указаў на існуючыя адрозненні ў азначэнні тэрміна «персональные данные», які прымяняецца ў шэрагу законаў, а таксама на неабходнасць у мэтах рэалізацыі прынцыпу прававой вызначанасці ўстанаўлення адзінства ў азначэнні дадзенага тэрміна, якое можа быць забяспечана шляхам узаемаўзгаднення норм адпаведных законаў.
Прававая пазіцыя ўлічана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 10 кастрычніка 2022 г. № 209-З «Об изменении законов по вопросам обработки персональных данных», згодна з якім законы Рэспублікі Беларусь «Об информации, информатизации и защите информации» і «О регистре населения» дапоўнены палажэннямі аб тым, што адпаведна тэрміны «персональные данные» і «обработка персональных данных» выкарыстоўваюцца ў гэтых законах у значэннях, вызначаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2021 г. № 99-З «О защите персональных данных».
Канстытуцыйны Суд адзначае, што рэалізацыя ў законах прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда сведчыць аб выкананні прынцыпу вяршэнства права, ажыццяўленні прававога рэгулявання ў адпаведнасці з прынцыпамі і нормамі Канстытуцыі, рэальным праяўленні канстытуцыйнай правасвядомасці і прававой культуры, што садзейнічае павышэнню даверу грамадзян да органаў дзяржаўнай улады, забеспячэнню канстытуцыйнай законнасці.
1. Заканатворчая дзейнасць Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у 2022 годзе была накіравана на прыняцце законаў, якія забяспечваюць рэалізацыю палажэнняў абноўленай Канстытуцыі, а таксама іншых законаў, якія рэгулююць важныя грамадскія адносіны.
У прынятых законах рэалізаваны прававыя пазіцыі, сфармуляваныя ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда, якія садзейнічаюць устанаўленню прававой вызначанасці ў канстытуцыйна-прававым рэгуляванні.
У 2022 годзе ўпаўнаважаныя органы — Прэзідэнт, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны Суд, Савет Міністраў — з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у Канстытуцыйны Суд не звярталіся, што сведчыць аб дасягнутым на канстытуцыйнай аснове якасным прававым рэгуляванні грамадскіх адносін, належным узаемадзеянні дзяржаўных органаў, якія ўдзельнічаюць у заканатворчым працэсе, недапушчэнні імі парушэнняў канстытуцыйных прынцыпаў і норм.
2. Абноўленая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, з’яўляючыся вынікам грамадскай згоды, змяшчае мадэль палітычнага і сацыяльна-эканамічнага ладу дзяржавы і грамадства, вызначае ўдакладненую стратэгію далейшага канстытуцыйна-прававога развіцця Беларусі ва ўмовах існых выклікаў сучаснасці, выступае асновай фарміравання эфектыўных канстытуцыйна-прававых механізмаў забеспячэння міру і нацыянальнай бяспекі, канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, народаўладдзя, дзяржаўнага суверэнітэту.
Увасабленне ў жыццё канстытуцыйных змяненняў, зацвярджэнне канстытуцыйнай законнасці абумоўліваюць неабходнасць прыняцця законаў і іншых нарматыўных прававых актаў, якія ў поўнай меры раскрываюць рэгулятыўны патэнцыял Канстытуцыі як Асноўнага Закона краіны.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў працэсе канстытуцыяналізацыі права патрабуюцца паслядоўнае забеспячэнне сістэмнасці і якасці заканадаўства, пераход да ўзважанай заканатворчай палітыкі, накіраванай на паўнавартасную рэалізацыю канстытуцыйных норм-мэтаў, норм-прынцыпаў, норм-правілаў шляхам выпрацоўкі эфектыўных заканадаўчых механізмаў аховы правоў чалавека ўладай закона.
3. Неабходнай асновай рэалізацыі палажэнняў абноўленай Канстытуцыі з’яўляецца забеспячэнне ўзаемаабумоўленасці канстытуцыйных правоў, свабод чалавека і грамадзяніна з канстытуцыйным абавязкам асобы.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што якасць выканання канстытуцыйнага абавязку грамадзянамі залежыць ад узроўню іх правасвядомасці і канстытуцыйнай культуры, стварэння дзяржавай умоў, якія матывуюць асобу да добраахвотнага, добрасумленнага і ініцыятыўнага выканання свайго абавязку.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў аснове дзейснасці канстытуцыйнага абавязку павінна знаходзіцца патрыятычнае і грамадзянскае выхаванне, якое фарміруе ў грамадзян гонар за сваю Радзіму — Беларусь, беражлівыя адносіны да культурнай і духоўнай спадчыны, гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, павагу да закона, разуменне ролі дзяржавы ў супрацьдзеянні сучасным выклікам і гатоўнасць асабістага ўдзелу ў забеспячэнні бяспекі грамадства і дзяржавы.
4. Канстытуцыйная правасвядомасць як вышэйшая форма правасвядомасці і светапогляднае ядро прававой культуры адыгрывае ключавую рэгулюючую і пераўтваральную ролю ў жыцці грамадства і дзяржавы, у рэалізацыі каштоўнасна-нарматыўнага зместу Канстытуцыі.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што канстытуцыйна арыентаваная правасвядомасць з’яўляецца вызначальнай у дзейнасці ўсіх прадстаўнікоў органаў публічнай улады, службовых і іншых асоб, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый.
Правасвядомасць як працэс і адначасова вынік фарміравання канстытуцыйна-прававога мыслення прадугледжвае веданне грамадзянамі змешчаных у Асноўным Законе палітыка-прававых, ідэалагічных і этычных ідэалаў, каштоўнасцяў і мэт, уменне арыентавацца ў прававой інфармацыі і прытрымлівацца канстытуцыйных прынцыпаў і норм у сваіх паводзінах і прафесійнай дзейнасці.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што прыярытэтнай дзяржаўнай задачай з’яўляецца прававая асвета, прававое выхаванне і адукацыя моладзі. Пры гэтым намаганні сям’і, школы, грамадства і дзяржавы павінны быць накіраваны на засваенне ведаў не толькі аб канстытуцыйных правах і свабодах, але і аб абавязках, юрыдычнай адказнасці за іх невыкананне, а таксама на прывіццё духоўных каштоўнасцяў, якія садзейнічаюць фарміраванню высокіх маральных і правапаслухмяных паводзін асобы.
5. Замацаванне ў Канстытуцыі дэмакратычнага характару дзяржавы, устанаўленне права народа ажыццяўляць сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, якія вызначаюцца Канстытуцыяй, абумоўліваюць магчымасць удзелу грамадзян у вырашэнні важнейшых пытанняў жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што канстытуцыйнае палажэнне аб удзеле прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ў якасці дэлегатаў у рабоце Усебеларускага народнага сходу, які з’яўляецца вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя, адлюстроўвае станаўленне сацыяльнай дэмакратыі, якая выражае легітымаваны воляй народа сацыяльны парадак у краіне.
У мэтах пабудовы дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавы, якая прадугледжвае максімальна магчымае прыцягненне ўсіх слаёў і груп грамадства да ўдзелу ў кіраванні справамі дзяржавы, неабходна больш шырока выкарыстоўваць магчымасці сацыяльнай дэмакратыі, у тым ліку шляхам правядзення грамадскіх абмеркаванняў, слуханняў, кансультацый, рэгіянальных і агульнанацыянальных дыялогаў для зацвярджэння грамадзянскага міру і стварэння ўмоў творчай дзейнасці ўсіх членаў грамадства.
6. Канстытуцыйны правапарадак — важнейшы фактар дзейснай абароны канстытуцыйнага ладу, правоў і свабод грамадзян, дасягнення грамадзянскай згоды. Зацвярджэнне канстытуцыйнага правапарадку ў заканадаўстве і правапрымяненні азначае, што канстытуцыйныя правы і свабоды трансфармуюцца ў дэмакратычна замацаваныя нормы жыцця, абавязковыя для кожнага грамадзяніна і грамадства ў цэлым, добрасумленна і паслядоўна выконваюцца імі.
У мэтах умацавання канстытуцыйнага правапарадку ў сучасных умовах неабходна захаванне рэжыму канстытуцыйнай законнасці, пры якім дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы, а таксама арганізацыі і грамадзяне дзейнічаюць на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, а права як важнейшы сацыяльны рэгулятар забяспечвае дасягненне мэт і вырашэнне задач, вызначаных Асноўным Законам дзяржавы.
7. У сучасных складаных геапалітычных умовах дзяржаўная, грамадская і асабістая бяспека немагчымыя без забеспячэння канстытуцыйнай бяспекі, аснову якой складаюць непахіснасць канстытуцыйнага ладу, належнае функцыянаванне канстытуцыйных інстытутаў дзяржаўнай улады, стварэнне ўнутраных і знешніх умоў, якія забяспечваюць стабільнае і ўстойлівае паступальнае развіццё грамадства і дзяржавы, абароненасць жыццёва важных інтарэсаў грамадзян.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што для забеспячэння канстытуцыйнай бяспекі неабходна інтэграцыя абноўленай канстытуцыйнай мадэлі арганізацыі грамадскіх адносін у сацыяльную практыку як непасрэдна, так і шляхам выпрацоўкі на заканадаўчым узроўні адпаведных прававых механізмаў, а таксама фарміравання рэальнага грамадскага даверу паміж людзьмі, рознымі сацыяльнымі групамі і публічнай уладай.
8. Замацаванне ў Канстытуцыі права грамадзян звяртацца ў Канстытуцыйны Суд са скаргамі на парушэнні, па іх меркаванні, канстытуцыйных правоў і свабод законамі, прымененымі ў канкрэтнай справе, калі вычарпаны ўсе іншыя сродкі судовай абароны, з’яўляецца важнейшай гарантыяй канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, эфектыўным сродкам прававой абароны праз канстытуцыйнае правасуддзе.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўвядзенне ў прававую сістэму інстытута канстытуцыйнай скаргі сведчыць аб развіцці ў канстытуцыйным судаводстве канкрэтнага канстытуцыйнага кантролю, што дазволіць не дапускаць скажэння канстытуцыйна-прававога сэнсу норм законаў пры прымяненні ў судовай справе.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што для эфектыўнага функцыянавання інстытута канстытуцыйнай скаргі патрабуюцца высокі ўзровень прававой культуры і канстытуцыйнай правасвядомасці грамадзян і службовых асоб, арганізацыя аказання неабходнай юрыдычнай дапамогі грамадзянам па выкананні ўстаноўленага заканадаўствам парадку падачы канстытуцыйнай скаргі.
9. Увядзенне ў адпаведнасці з палажэннямі абноўленай Канстытуцыі ў прававую сістэму інстытута запыту судоў аб канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў служыць паслядоўнаму размежаванню кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда і судоў агульнай юрысдыкцыі ў зацвярджэнні канстытуцыйнай законнасці.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што суды агульнай юрысдыкцыі будуць актыўна накіроўваць запыты ў Канстытуцыйны Суд пры ўзнікненні сумненняў у канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць прымяненню пры разглядзе канкрэтных спраў.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўстараненне ўзніклых сумненняў у канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў да прыняцця судамі агульнай юрысдыкцыі рашэнняў істотна зменшыць рызыкі неканстытуцыйнага правапрымянення.
10. Канстытуцыйны Суд, рэалізуючы паўнамоцтвы па кантролі за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, у тым ліку ў парадку ажыццяўлення папярэдняга кантролю законаў, прынятых Парламентам, зацвярджае вяршэнства Канстытуцыі, раскрывае і развівае рэгулятыўны патэнцыял канстытуцыйных прынцыпаў і норм для прававой сістэмы краіны.
Замацаванне паўнамоцтва Канстытуцыйнага Суда ажыццяўляць па прапанове Прэзідэнта папярэдні кантроль канстытуцыйнасці законаў, да іх падпісання Прэзідэнтам, азначае пераход да факультатыўнага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў, гэта значыць да разгляду Канстытуцыйным Судом такіх спраў толькі па ініцыятыве Прэзідэнта.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што прынятыя Парламентам законы, якія адносяцца да канстытуцыйнага заканадаўства, да іх падпісання Прэзідэнтам неабходна, як правіла, накіроўваць у Канстытуцыйны Суд для праверкі іх канстытуцыйнасці.
11. Палажэнні абноўленай Канстытуцыі аб ажыццяўленні судовага канстытуцыйнага кантролю адпавядаюць сучаснаму этапу дзяржаўна-прававога будаўніцтва і грамадскага развіцця Беларусі. Замацаваная ў Канстытуцыі юрысдыкцыя Канстытуцыйнага Суда забяспечвае функцыянаванне цэласнай і бесперапыннай сістэмы канстытуцыйнага кантролю пры аптымальным спалучэнні розных яго форм у мэтах умацавання дзяржаўна-прававога механізму абароны канстытуцыйнага ладу, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння.
Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 14 сакавіка 2023 г.
Старшынствуючы — Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь П. П. Міклашэвіч.
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».