Вы тут

Буравыя ўстаноўкі — на полі


Базальт — гэта вулканічная парода, вёльмі цвёрды камень. Яго выкарыстоўваюць у вытворчасці пліткі, арматуры, іншых матэрыялаў. З базальту выплаўляюць надзвычай тонкія і трывалыя валокны, якія становяцца асновай самых розных вырабаў. Наша краіна гэты каштоўны прыродны матэрыял купляе. Пакуль. Але ж вучоныя кажуць, што названы карысны выкапень ёсць і ў нашай зямлі, яго можна здабываць на Палессі.


— Сёлета за распрацоўку залежаў грунтоўна ўзяліся ў Пінскім раёне, — паведаміў начальнік аддзела ідэалогіі і па справах моладзі Юрый БУШЫК. — На землях сельгаспрадпрыемства «Навадворскае-Агра» разгарнуўся цэлы геалагічны гарадок. Тут устаноўлены вагончыкі для пражывання экспедыцыі, для захоўвання неабходнага абсталявання. З пачатку сакавіка спецыялісты бураць свідравіны, рухаюцца строга па квадратах, кожны ў 10 гектараў.

Дзяржавай выдзелены грошы: інвестыцыйны праект уключаны ў дзяржаўную праграму «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў на 2021—2025 гады». Праект падзелены на два этапы. Першы прадугледжвае правядзенне дэталёвай геалагічнай разведкі, па выніках якой будзе зроблена тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне мэтазгоднасці асваення радовішча. Пры станоўчым заключэнні Пінскі райвыканкам можа прыступіць да рэалізацыі другога этапу — пошуку інвестара для асваення радовішча.

Конкурс на правядзенне разведкі, які праводзіўся па ініцыятыве Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, выйграла РУП «Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі». Яго спецыялісты і працуюць каля вёскі Новы Двор. Работа арганізавана вахтавым метадам, адна змена працуе два тыдні, затым заступае другая. Паводле папярэдніх разлікаў, геолагі будуць займацца бурэннем да чэрвеня. За гэты час правядуць адбор проб, зробяць лабараторныя даследаванні, падрыхтуюць матэрыялы для рэспубліканскай камісіі.

У Пінскім райвыканкаме спадзяюцца, што ўжо восенню будзе прынята станоўчае рашэнне, і раённы орган улады прыступіць да рэалізацыі праекта. Сыравіна вельмі патрэбная прадпрыемствам нашай краіны, такім як «Гомельбудматэрыялы», «Полацк-Шкловалакно», «Керамін» ды іншым. Акрамя таго, пабочным карысным выкапнем з'яўляецца пясок. У выпадку пачатку распрацоўкі там можна яго атрымаць каля 100 тысяч тон. Гэта таксама вельмі важны ў будаўнічай справе матэрыял.

А перспектывы залежаў на Піншчыне спецыялісты ацэньваюць высока. Кажуць, што пінскі базальт не саступае па характарыстыках імпартнаму. Спачатку можа быць узведзены кар'ер па здабычы, а ў перспектыве — горназдабывальнае прадпрыемства. І тады ўжо можна будзе не толькі задаволіць свае патрэбы ў базальтах і туфах, але і пастаўляць пароду на экспарт.

Іван Кірыковіч дэманструе ўзор пароды.

Старшыня Навадворскага сельвыканкама Іван КІРЫКОВІЧ папярэджвае, што казаць пра здабычу карыснага выкапня пакуль рана:

— Вядзецца разведка на землях сельгасугоддзяў. Наперадзе — працэс ацэнкі мэтазгоднасці здабычы, пошук інвестара. Калі ж справа дойдзе да распрацоўкі, то апошняя павінна паспрыяць развіццю нашых тэрыторый.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з тэлеграм-канала Пінскага райвыканкама

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.