Вы тут

Танцуюць усе, або Чым здзіўляюць сельскія клубы


Захаванне і развіццё культуры на вёсцы было і застаецца прыярытэтам дзяржавы. Сельскія ўстановы культуры прапануюць вяскоўцам не толькі творчыя мерапрыемствы, канцэрты, разнастайныя вечарыны і святы. Клубы, дамы культуры з'яўляюцца тым месцам, цэнтрам, дзе сустракаюцца вяскоўцы, каб абмеркаваць лакальныя навіны. Для іх гэта акно ў свет. Што робіцца сёння ў Капыльскім раёне, каб гэтыя ачагі культуры не згаслі, даведалася карэспандэнт «Мясцовага самакіравання».


На Алеі пісьменнікаў.

— Культурнае абслугоўванне насельніцтва сельскай мясцовасці раёна ажыццяўляюць 35 устаноў, у тым ліку 18 клубаў, сярод іх раённы цэнтр творчасці ў аграгарадку Семежава, раённы цэнтр традыцыйнай культуры ў аграгарадку Мажа, 17 публічных бібліятэк, у тым ліку 8 інтэграваны са школьнымі, — расказала старшыня Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк.

— У аграгарадку Цімкавічы функцыянуе ўстанова дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — дзіцячая школа мастацтваў, філіялы якой працуюць у Старыцкай сярэдняй школе і ў аграгарадку Быстрыца на базе бібліятэкі. Капыльская дзіцячая школа мастацтваў аказвае паслугі непаўналетнім, якія вучацца ў Семежаўскай і Слабада-Кучынскай сярэдніх школах, — адзначыла Ірына Мікалаеўна.

У аграгарадку Семежава працуе таксама экспазіцыя Капыльскага раённага краязнаўчага музея, прысвечаная жыццю і дзейнасці Героя Беларусі Міхаіла Сцяпанавіча Высоцкага, экспазіцыя этнаграфіі і быту ў вёсцы Вялешына.

У аграгарадках Семежава і Пясочнае створаны цэнтры культуры і адпачынку, раённы цэнтр традыцыйнай культуры ў вёсцы Мажа. У 2009 годзе пачаў работу Слабада-Кучынскі сельскі клуб.

— Адразу відаць, што культурнай работай на вёсцы ахоплена значная частка жыхароў. Але ж ёсць у раёне і аддаленыя, маланаселеныя вёскі, дзе не было або з аб'ектыўных прычын закрытыя клубы. Як людзі задавальняюць свае культурныя запатрабаванні? — пацікавілася ў сваёй суразмоўніцы.

— Разнастаіць жыццё вяскоўцаў, далучыць іх да свету прыгожага дапамагаюць аўтаклубы і бібліёбусы. Гэта своеасаблівыя перасоўныя культурныя цэнтры, якія здольныя дайсці да самай аддаленай вёскі. Аўтаклуб перавозіць не толькі артыстаў, але і неабходную для канцэрта, выступлення апаратуру. Ніякім эквівалентам не вымераць тую радасць, добры настрой, якія дораць жыхарам глыбінкі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі. Яны заўсёды параяць, што пачытаць, раскажуць, якія кніжныя навінкі з'явіліся. У наступны прыезд даставяць заказаную вяскоўцамі літаратуру, перыёдыку. Мабільная перасоўная сістэма абслугоўвання курсіруе адпаведна вызначанаму графіку па папярэдне распрацаваным маршруце, — растлумачыла Ірына Кісляк.

У сваёй рабоце супрацоўнікі ўстаноў культуры выкарыстоўваюць разнастайныя сучасныя формы работы з насельніцтвам. Усе бібліятэкі камп'ютарызаваныя, ёсць доступ у інтэрнэт, таму аказваюць паслугі з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. У бібліятэках раёна працуе 36 аматарскіх аб'яднанняў, з іх 30 — для дзяцей. У клубных установах разнастайнымі формамі аматарскай творчасці ахоплена больш як 800 дарослых і дзяцей, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі сотні клубных фарміраванняў. У прыватнасці, за мінулы год праведзена 3905 мерапрыемстваў, якія наведала ў тым ліку амаль 17 тысяч сельскіх жыхароў.

Унікальнае ткацтва — адна з візітовак Капыльшчыны. Фота: БелТА

Кірункі клубных фарміраванняў розныя: пазнавальнае, экалагічнае, патрыятычнае, творчае, спартыўнае. А ў раённым цэнтры адкрытая для дзяцей «Школа ткачоў». Удзельнікі яе з'яўляюцца пераможцамі абласных і рэспубліканскіх фестываляў, конкурсаў.

Візітоўкай, брэндам раёна сталі абласны фестываль гульні і гумару «Капыльскія пацехі», рэгіянальнае свята-конкурс па ткацтве «Млечны шлях ад рук бабулі», якое праходзіць раз на тры гады. Статус гісторыка-культурнай спадчыны мае тэхніка закладнога ткацтва чырвона-белых ручнікоў у аграгарадку Семежава. Званне «Народны майстар» прысвоена васьмі ткачыхам Капыльскага раёна, у іх ліку дырэктар раённага цэнтра ткацтва Таццяна Волкава. Таццяна Мікалаеўна прадстаўляла семежаўскія ручнікі на 20-м міжнародным фестывалі культуры і мастацтва «Бююкчэкмеджэ» ў турэцкім Стамбуле, на іншых форумах.

У раёне з'яўляюцца і новыя святы. Напрыклад, у 2022 годзе ў аграгарадку Цімкавічы ўпершыню прайшло літаратурна-музычнае свята «Цімкавіцкія вытокі» пры падтрымцы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

— Неад'емнай часткай культурнай палітыкі з'яўляецца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, стан будынкаў і прылеглых тэрыторый. Для правядзення бягучых работ у 2022 годзе было выдзелена амаль шэсцьдзесят тысяч рублёў. Выканана работ на суму 71 тысяча рублёў.

Помнік маладому Цішку Гартнаму.

Шмат у сферы культуры было зроблена падчас падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства і абласных «Дажынак», якія адбыліся ў верасні 2021 года. У прыватнасці, у Капылі была пабудавана і адкрыта дзіцячая бібліятэка з кіназалай. Абноўлены фасады і інтэр'еры будынкаў дзіцячай школы мастацтваў, раённага цэнтра культуры, раённага краязнаўчага музея, добраўпарадкаваны прылеглыя тэрыторыі. Устаноўлены помнік Цішку Гартнаму, уладкавана Алея пісьменнікаў, дзе з'явілася 17 інтэрактыўных пляцовак з інфармацыяй аб літаратарах, якія нарадзіліся ў Капыльскім раёне. Для кожнага аб'екта зрабілі QR-код, па якім можна атрымаць доступ да біяграфіі празаікаў і паэтаў, азнаёміцца з іх творчасцю.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.