Вы тут

«Не для таго людзі сходзяцца, каб у сварках жыць»


...Не ведаючы дарогі, у вёску Субаты наўрад ці даедзеш. Ды і вёскі, лічы, няма: засталося ўсяго тры хаты. «Я тут апошняя жыхарка, — са слязьмі на вачах гаворыць Вольга Букач. — Дажываю свой век, як і вёска... Не, яна больш не адродзіцца, хоць такое аднойчы было.


Вольга Букач і яе сацыяльны работнік Валянціна Сільчук.

Мясцовыя краязнаўцы кажуць, што перад Вялікай Айчыннай у Субатах налічвалася 23 двары, 103 жыхары, былі свае школа, крама. У кастрычніку 1942-га вёску спалілі фашысты, аднак людзі, вярнуўшыся на папялішча, яе адрадзілі.

Вольга Канстанцінаўна пераехала сюды ў 1958-м, калі выйшла замуж.

А нарадзілася яна ў шматдзетнай сям'і ў Жабінкаўскім раёне. Шэсць гадоў пахадзіла ў школу, потым пайшла працаваць.

— Атрымаўшы першую зарплату, адчувала сябе такой самастойнай, такой дарослай, — усміхаецца жанчына. — Ну як жа: я зарабіла грошай, магла дапамагчы бацькам, потым купіць веласіпед.

На ім — 12 кіламетраў на работу, 12 — назад. Але ж не марна: менавіта там, у Чыжэўшчыне, на торфабрыкетным заводзе, дзяўчына пазнаёмілася з будучым мужам, пераехала жыць да яго бацькоў.

Муж працаваў лесніком, марыў прывесці жонку ў свой дом, але паставіць яго не паспеў. Будавацца давялося разам, талакой, так што наваселле справілі неўзабаве, і хрэсьбіны — таксама: у сям'і нарадзіліся два сыны: Мікалай і Вячаслаў.

...У Субатах Вольга Канстанцінаўна адразу ўладкавалася на працу ў мясцовую гаспадарку. Старанная, увішная, яна паспявала ўсюды. Былы старшыня калгаса Анатоль Яснюк не раз казаў, што такіх работнікаў, як Вольга Букач, трэба яшчэ пашукаць!

І сапраўды, былая мясцовая стаханаўка ідзе да шафы, перакладвае там нейкія паперы, прыносіць да стала скрынку са сваімі ўзнагародамі. Іх шмат: граматы, дыпломы за дасягненне высокіх паказчыкаў, пасведчанні «Ударнік камуністычнай працы», «Майстар раслінаводства», медаль «За працоўную адзнаку»...

— Нялёгка ўсё гэта давалася. Тое ж вырошчванне лёну, гародніны было ў асноўным ручным, — успамінае Вольга Канстанцінаўна. — Буракоў цукровых сеялі шмат. Пачыналі ўбіраць ды здаваць — дамоў прыходзіла ў адзінаццаць вечара. А там жа яшчэ сям'я, гаспадарка. Усё вымагала клопату.

Што, дарэчы, і... добра, бо з мужам, як прызнаецца жанчына, «толкам ні разу не пасварыліся».

— Ці паверыце: не было калі! — усміхаецца Вольга Канстанцінаўна. — Ды і не для таго людзі сходзяцца, каб у сварках жыць. Я, калі адчувала, што хмара ідзе, старалася яе разагнаць — то ўсмешкай, то ласкавым словам, то спакойнай размовай. Калі гэта не ўдавалася, моўчкі сыходзіла з хаты, а там... Пасяджу, бывала, на ганку, пабядую, нават трохі паплачу — а потым за матыку і ў грады. Там заўсёды работа была! Гарод мы вялікі садзілі. Хацелася, каб і агуркі свае, і памідоры, і капуста, і цыбуля, і гарох, і фасоля, і гарбузы з клубніцамі... Нешта прапалоць, падрыхліць, падвязаць, паправіць... Пакуль тупаю, усе свае крыўды забудуся, калі нават былі... Муж, дзякаваць богу, іх таксама доўга не помніў. Так і жылі.

...Аляксандр Паўлавіч (светлай памяці!) пакінуў гэты свет 16 гадоў таму. І ўжо цэлых пяць яго ўдава жыве ў вёсцы адна. Прызнаецца, што часам бывае страшна, аднак пераязджаць да дзяцей яна не хоча. Перад нейкім Новым годам сын, расказвала, завёз да сябе ў Кобрын. Дык яна пратрымалася, пражыла там хіба некалькі дзён: не знаходзіла месца, не ведала, дзе сябе дзець! Ды і трывога даймала: «Як жа там хата?»

Карацей, не вытрымала жанчына, не стала чакаць выхадных, пакуль сын дамоў завязе: сабрала рэчы і на аўтобусе дабралася сама.

— Не магу я ў горадзе, у сценах кватэры, — прызнаецца вяскоўка. — Мне трэба прастору, свабоды, водару сосен... І таму, пакуль здужаю, буду тут, у Субатах.

Гэта, магчыма, яшчэ і таму, што вёска, а значыць, і Вольга Канстанцінаўна не адрэзана ад цывілізацыі: у апошняй жыхаркі ёсць стацыянарны і мабільны тэлефоны, яна глядзіць тэлевізар (у тым ліку навіны), выпісвае, чытае і перачытвае газеты (атрымлівае свежыя, любіць і захоўвае старыя)... Два разы на тыдзень у Субаты прыязджае аўталаўка, тройчы сюды наведваецца сацыяльны работнік.

Вядома ж, не забываюць Вольгу Канстанцінаўну і дзеці, унукі, праўнукі: тэлефануюць, цікавяцца, ці не трэба ў чым дапамагчы, досыць часта прыязджаюць праведаць.

...Другога чэрвеня Вольга Канстанцінаўна адзначыць свае 85! На юбілей, хочацца верыць, збярэцца яе вялікая сям'я, радня... Субаты ажывуць, зазвіняць галасамі дзяцей — як некалі раней было. А магчыма, і будзе?

Мікалай НАВУМЧЫК

Маларыцкі раён.


Чароўны свет вершаў

Не так даўно ў нашым дзіцячым садку адбылося музычна-літаратурнае свята.

Педагогі Ала Ярац, Наталля Самусева, Кацярына Ганжа, мамы нашых выхаванцаў Таццяна Сіраж і Кацярына Галіцкая, самі дзеці паклікалі ўсіх у «Чароўны свет вершаў», падрыхтавалі выставу кніг і малюнкаў да любімых твораў, чыталі на памяць свае любімыя, бралі ўдзел у віктарынах, адгадвалі загадкі, рыфмавалі словы, спявалі...

У выніку ўсе прысутныя атрымалі шмат пазітыўных эмоцый і зусім не лішні напамін аб тым, што тое ж вершаванае слова ў калыханках, забаўлянках, загадках, казках і сапраўды ўпрыгожвае наша жыццё, робіць яго больш багатым і яркім.

Ала ГРЫБ, загадчыца дзіцячага садка № 161,

г. Гомель.


Шкадую. Значыць, люблю?

На масаж да гэтай чараўніцы ахвотных шмат. Цяпер вось у кабінеце маладая жанчына з хворай нагой: сабака пакусаў.

— Я іх таксама баюся, — распачаўшы работу, прызнаецца масажыстка. — І не любіла ж — ні катоў, ні сабак!.. Але аднойчы супала: і свёкар захварэў, у бальніцу паклалі, і кошка яго прапала. Дома адно кацяня засталося. Дык што мне было рабіць? Карміла, беднага, лапку лячыла... Ён пасля ў такога Мурлыку вырас! Доўга ў свёкра жыў… А тут мы самі пераязджаць сабраліся: у новы дом, сказалі, трэба ката найперш запускаць. Я на рукі яго ўзяла ды так і пакінула... Каб раней хто-небудзь сказаў, што буду карміць, лячыць, даглядаць, што апроч яго яшчэ і сабаку завяду, нізавошта не паверыла б! А цяпер без гэтых жывёлін і дом не дом, і двор не двор.

Як той казаў, ад любові да нянавісці — крок. Ад нелюбові назад — таксама?

Ірына ВОЙТКА

г. Слонім.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.