Вы тут

На Гомельшчыне сёлета асаблівая ўвага да гарадскога пасёлка Азарычы


На Гомельшчыне сёлета асаблівая ўвага да гарадскога пасёлка Азарычы, што ў Калінкавіцкім раёне. Літаральна днямі ў населеным пункце пачнецца маштабная работа чарговага народнага патрыятычнага праекта — рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу ў памяць вязняў Азарыцкага лагера смерці. Як толькі дазволіла надвор'е, жыхары ўсіх раёнаў Гомельшчыны выйшлі на абласны суботнік, сродкі якога накіруюць на рэканструкцыю знакавага месца памяці. Між тым кіраўніцтвам рэгіёна пастаўлена задача максімальна прапрацаваць пытанні добраўпарадкавання не толькі зоны мемарыяла, але і тэрыторыі ўсяго гарадскога пасёлка.


У гадавіну вызвалення вязняў Азарыцкага лагера смерці прайшоў мітынг-рэквіем каля мемарыяльнага комплексу.

Ад задумы да грунтоўных крокаў

Людзі вельмі рады такой увазе да іх населенага пункта і шчыра ўдзячныя: агульны настрой жыхароў гарпасёлка перадае старшыня Азарыцкага сельвыканкама Галіна Панцялеенка.

Некалі Азарычы былі раённым цэнтрам, цяпер — цэнтр сельсавета з 18 населеных пунктаў. Сёння ў гарпасёлку жыве амаль 1200 чалавек. Працуюць дзіцячы садок і сярэдняя школа. Садок наведваюць без малога 80 дзяцей, а школу — звыш 150 вучняў. Вучацца ў Азарычах не толькі дзеці з гарадскога пасёлка, але і з суседніх вёсак Лясец і Чырвоная Слабодка. У Азарычах ёсць і свая бібліятэка, аддзяленне сувязі, цэнтр вольнага часу, бальніца, дом-інтэрнат для састарэлых і людзей з інваліднасцю.

Старшыня Азарыцкага сельвыканкама Галіна Панцялеенка на пасадзе з 2014 года. Ужо ў першы год работы разам з вясковымі актывістамі ажыццявіла даўнюю ідэю мясцовых жыхароў.

— Паступіла просьба зрабіць памятны знак у гонар аб земляках, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і не вярнуліся з фронту. Гэта была ідэя вельмі актыўнага чалавека, нашага краязнаўцы, кіраўніка ветэранскай арганізацыі ў Азарычах Уладзіміра Лазаравіча Макатрова, — згадвае Галіна Панцялеенка. — Спадабаўся вобраз журавоў, якія паляцелі і не вярнуліся. Гэтую ідэю змог увасобіць у жыццё наш майстар па рабоце з металам, рамеснік Раман Міргарад. Зрабіў стэлу з трыма званочкамі, якія звоняць ад парываў ветру, журавоў над стэлай. На памятным знаку ўсталявалі гранітную пліту з імёнамі і прозвішчамі землякоў-франтавікоў.

Гэту ініцыятыву ў Азарычах ажыццявілі ў 2015 годзе. Сродкамі дапамаглі жыхары сельсавета, уключыліся дэпутаты і прадпрыемствы.

На Гомельшчыне больш за 500 тысяч чалавек прыняло ўдзел у абласным суботніку, сродкі якога накіруюць на рэканструкцыю комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці ў Калінкавіцкім раёне.

Ужо ў 2021 годзе менавіта старшыня Азарыцкага сельвыканкама Галіна Панцялеенка ўзначаліла ініцыятыўную групу азарыцкіх актывістаў, якія распрацавалі і падрыхтавалі да ўдзелу ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў праект рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Лагер смерці Азарычы — боль і памяць». У ініцыятыўную групу ўвайшлі таксама настаўнік гісторыі Азарыцкай сярэдняй школы Зінаіда Хлебавец і намеснік дырэктара СШ Наталля Мельнікава, майстар па добраўпарадкаванні КУП «Камунальнік Калінкавіцкі» Святлана Байчук і рамеснік Раман Міргарад. Іх праект стаў адным з пераможцаў конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Перамога ў спаборніцтвах праектаў прынесла грашовую дапамогу — пяць тысяч рублёў.

Памятны знак у памяць аб загінулых у Вялікай Айчыннай вайне земляках азарыцкія актывісты ўсталявалі ў 2015 годзе.

— Мы заяўлялі ў праекце ўсталяванне бардзюрнага каменя, банераў з фатаграфіямі і гістарычнымі фактамі, макетаў назіральных вышак, а таксама ўладкаванне да лагера дарожкі і вялікай пляцоўкі ў ім у форме крыжа. Таксама ў праекце прапісалі ўстаноўку каменнага знака, ліхтароў на сонечных батарэях уздоўж дарожкі да крыжа. Для поўнага ўвасаблення ў жыццё ўсіх задум выйграных у конкурсе сродкаў, вядома, было недастаткова. Дапамогу аказалі прадпрыемствы і арганізацыі раёна, мясцовыя жыхары. Зроблена многае, у тым ліку добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол каплічкі і само збудаванне. Яго ўстанавілі каля мемарыяла ў 2010 годзе, і патрэбен быў ужо рамонт, — адзначыла Галіна Панцялеенка.

Комплекснае добраўпарадкаванне

Сёлета гарадскі пасёлак Азарычы ўключаны ў план комплекснага добраўпарадкавання Гомельшчыны. Гэта практыка, якая дае новае жыццё населеным пунктам — ужо брэнд рэгіёна. Нядаўна нараду па маштабным навядзенні парадку ў Азарычах правёў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.

— Праграма на найбліжэйшыя пяць гадоў прадугледжвае развіццё Акцябрскага і Азарычаў у 2023 годзе, Кармы і Капаткевічаў у 2024-м. У 2025-м мадэрнізацыя чакае Лельчыцы і Стрэшын, у 2026-м — Уваравічы, а ў 2027-м — Церухоўку, — зазначыў старшыня аблвыканкама.

Комплексная канцэпцыя рэканструкцыi мемарыяльнага комплексу ў памяць вязняў Азарыцкага лагера смерцi.

У губернатарскай нарадзе па маштабным добраўпарадкаванні ў Азарычах прынялі ўдзел старшыня Калінкавіцкага райвыканкама Сяргей Гвоздзь, а таксама кіраўнікі ўпраўленняў, прадстаўнікі ўсіх адказных службаў. На іх кантролі — пытанні водазабеспячэння, асвятлення і ацяплення, дарожнай сеткі, капітальнага рамонту, мадэрнізацыі сацыяльных аб'ектаў у населеным пункце.

— Мы павінны прапанаваць паўнавартасныя інфраструктурныя і сацыяльныя аб'екты, падумаць, як развіваць пасёлак у далейшым,
каб усім яго жыхарам, а гэта больш за 1000 чалавек, камфортна, у задавальненне жылося, — акрэсліў задачы комплекснага навядзення парадку ў Азарычах кіраўнік рэгіёна.

Як было адзначана, цяпер у Азарычах на фінішнай прамой абнаўленне сацыяльна значнага аб'екта, знакавага не толькі для Калінкавіцкага раёна, але і рэгіёна ў цэлым. Гаворка аб завяршэнні рэканструкцыі дома-інтэрната для састарэлых і людзей з інваліднасцю ў Азарычах. Работы на аб'екце пачаліся ў мінулым жніўні. За гэты час праведзена маштабная работа: адрамантаваны дах, выканана цеплавая рэнавацыя фасада, абсталявана сістэма вентыляцыі, заменены сеткі водазабеспячэння і каналізацыі, сістэмы ацяплення. Зроблена перапланіроўка асобных памяшканняў з абсталяваннем санвузлоў, праведзена рэканструкцыя харчаблока, устаноўлены ліфт. У цалкам абноўленым будынку размесціцца 129 чалавек.

Што датычыцца ўласна тэрыторыі гарадскога пасёлка Азарычы, то планам комплекснага навядзення парадку прадугледжаны добраўпарадкаванне вулічнай дарожнай сеткі, рамонт жыллёвага фонду і іншых сацыяльна значных аб'ектаў. Так, будзе цалкам адноўлены будынак мясцовага цэнтра вольнага часу. Патрабуе ўвагі і пасялковая бібліятэка 1953 года пабудовы. Вызначаны аб'ём работ па дзіцячым садку і сярэдняй школе.

На асаблівым кантролі застанецца навядзенне парадку на прыватных домаўладаннях, арандаваныя аб'екты.

— Адзінокім пажылым дапаможам, а астатнія няхай прымуць пасільны ўдзел у навядзенні парадку каля свайго дома, — адзначыў на нарадзе па добраўпарадкаванні Азарычаў Іван Крупко. — Рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці ў Калінкавіцкім раёне — знакавы аб'ект для ўсёй краіны, таму мы павінны навесці парадак у гарпасёлку, — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.