Вы тут

Крыж на месцы расстрэльнай ямы


Вёску Ражкоўку, якая стаіць на ўскраіне Белавежскай пушчы, ведаюць многія. Сюды нярэдка заязджаюць экскурсіі. Сапраўды, унікальны выпадак, унікальны лёс. Карнікі прыехалі знішчыць населены пункт, людзей — забіць, хаты — спаліць. Але нешта пайшло не па плане. І людзі засталіся жыць...


Цяпер у тутэйшай царкве захоўваецца як найвялікшая святыня абраз, які лічыцца выратавальным.

— Іх прыехалі забіваць 28 верасня 1942 года. Яму выкапалі адразу за вёскай, вялікую, як траншэя, — расказвае старшыня Дзмітравіцкага сельскага Савета Вячаслаў РУСАКЕВІЧ. — Усё адбывалася па такім жа сцэнарыі, як у іншых паселішчах. Мужчыны капалі яму, жанчыны галасілі, старыя маліліся. Але на ачэпленую вайскоўцамі тэрыторыю раптам прызямліўся самалёт, адтуль выйшаў нямецкі афіцэр і сказаў, што пакаранне адмяняецца.

Як потым растлумачылі перапалоханым людзям, лётчык-афіцэр у небе ўбачыў выяву Божай Маці, палічыў, што гэта знак, і прыняў рашэнне памілаваць людзей.

Гэта быў лётчык маёр Эміль Хёрбст. Праз некалькі месяцаў ён пабываў у Ражкоўцы, падарыў мясцовай грамадзе абраз Божай Маці, напісаны нямецкім салдатам, які, дарэчы, дасюль захоўваецца ў царкве. А потым, пасля ўрачыстай царкоўнай службы, як згадвалі старажылы, немцы падвялі прыхаджан да ямы, нагадалі ім, што жыццё іх да тае пары вісіць на валаску і залежыць ад іх паводзін. І ўдакладнілі: калі жыхары парушаць шматлікія забароны акупантаў, яма можа быць выкарыстана па яе прызначэнні.

Яму тую закапалі канчаткова толькі пасля вызвалення. Паступова пра яе сталі забываць.

Пазней у Ражкоўскай царкве паявіўся новы выратавальны абраз, якія зрабілі прафесіяналы па праваслаўных канонах. Але ж і ранейшы карыстаецца заслужанай павагай у прыхаджан.

А вось іншых знакаў у памяць пра тыя падзеі ў Ражкоўцы раней не было. Паводле слоў кіраўніка мясцовай улады, яма даўно зраўнавалася з зямлёй, парасла травой і кустоўем. А летась рашылі, што гэтае месца трэба неяк абазначыць, каб не страчвалася памяць, каб было дзе нагадваць нашчадкам, якія выпрабаванні выпалі на долю іх продкаў, як стаялі пад расстрэлам ні ў чым не вінаватыя людзі.

Ідэю сельвыканкама горача падтрымала старшыня Камянецкага райсавета Ірына НІГЕРЫШ. Пры падтрымцы раённага Савета мясцовая ўлада знайшла спонсараў, найперш правялі добраўпарадкаванне тэрыторыі, а потым вырабілі і ўстанавілі крыж. Крыж стаіць акурат у цэнтры былой вялікай яміны.

— Вясной пасадзім кветкі, давядзём да канца добраўпарадкаванне дарожак, прылеглай тэрыторыі, — расказвае Вячаслаў Русакевіч. — На Дзень Перамогі прыйдзем са школьнікамі, будзем гаварыць з імі пра тыя падзеі

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Камянецкі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».