Вы тут

Вучоба з самай раніцы, дзіцячыя гурткі і жаданні выпускнікоў бізнес-школ


Усё найлепшае каму? Правільна, дзецям!

Траціна расіян штомесяц выдаткоўвае амаль палову сваёй зарплаты на дзіцячыя гурткі, секцыі і рэпетытараў, пішуць «Ведамасці» са спасылкай на даследаванне «АльфаСтрахавання».


Фота: pixabay.com

Чвэрць апытаных аплачваюць паслугі прыватных дзіцячых садкоў, амаль 21 працэнт бацькоў адпраўляе дашкольнікаў у спартыўныя секцыі.

У пачатковай і сярэдняй школе 19 працэнтаў бацькоў адпраўляюць дзяцей на дадатковыя заняткі па робататэхніцы і праграмаванні. 37 працэнтаў наймаюць рэпетытараў для дапамогі ў вывучэнні школьнай праграмы і падрыхтоўкі да алімпіяд і іспытаў.

У старшай школе ў спартыўныя секцыі ходзіць 39 працэнтаў дзяцей, а рэпетытараў наймаюць 57 працэнтаў бацькоў.

У сярэднім бацькі трацяць на дадатковыя заняткі для дзіцяці ад 17 тысяч рублёў за месяц. Больш за 70 працэнтаў апытаных адзначаюць, што не шкадуюць гэтых грошай і лічаць выдаткі правільным укладаннем у будучыню дзіцяці.


«Граніт навукі» чакае з... 5.30 раніцы

Улады Інданезіі праводзяць эксперымент, падчас якога заняткі ў школах краіны пачынаюцца ў 5.30 раніцы. Бацькі вучняў занепакоеныя. Аб гэтым піша «The Guardіan».

Цяпер так рана заняткі пачынаюцца толькі для навучэнцаў старшых класаў у школах горада Купанг. Гэта ініцыятыва, на думку яе аўтараў, заклікана падтрымліваць дысцыпліну сярод школьнікаў. Аднак бацькі падлеткаў сур'ёзна хвалююцца за бяспеку дзяцей.

«Ім даводзіцца адпраўляцца ў школу, калі на вуліцы апраметная цемра. Ніхто не гарантуе іх бяспеку ў гэты час», — заяўляюць бацькі.

На думку спецыялістаў па адукацыі, якія не маюць дачынення да эксперыменту, такі рэжым не прывядзе да паляпшэння паспяховасці школьнікаў, больш за тое, ён можа прычыніць сур'ёзны ўрон іх здароўю.

Міністэрства па пашырэнні правоў і магчымасцяў жанчын і абароне дзяцей, Інданезійская камісія па абароне дзяцей ужо звярнуліся да ўрада краіны з патрабаваннямі перагледзець і змяніць закон аб пачатку навучальнага дня ў 5.30 раніцы, які быў прыняты яшчэ ў лютым.


Чаго хочуць выпускнікі бізнес-школ

У даследаванні Alumnі Matters, праведзеным CarrіngtonCrіsp (кансалтынгавай кампаніяй, якая спецыялізуецца на даследаваннях рынку адукацыі) і EFMD (найбуйнейшай у Еўропе сеткай асацыяцый у галіне кіравання развіццём) узялі ўдзел 2489 выпускнікоў бізнес-школ з 82 краін свету. Аўтары хацелі разабрацца ў тым, як супольнасць выпускнікоў уплывае на адукацыю. «Зразумела, выпускнікі зацікаўлены не толькі ў развіцці сваёй кар'еры, але і ў павышэнні рэпутацыі сваёй школы: адно ўплывае на другое», — адзначаецца ў справаздачы.

Вынікі даследавання паказалі, што 48 працэнтаў апытаных жадаюць вучыцца на працягу ўсяго жыцця, працягваць навучанне прычым у бізнес-школах, выпускнікамі якіх з'яўляюцца. У той час як 88 працэнтаў апытаных ганарацца сваімі альма-матар, а 87 працэнтаў станоўча ставяцца да іх, толькі 54 працэнты адзначылі, што трымаюць сувязь з бізнес-школай, і толькі 49 працэнтаў лічаць сябе часткай супольнасці. «Больш трывалы, шырокі, даступны і ўстойлівы нетворк з'яўляецца ключавым фактарам для выпускнікоў як для падтрымання і наладжвання сяброўскіх адносін, так і дапамогі ў развіцці кар'еры», — лічыць аўтар даследавання Эндру Крысп.

Рэспандэнты падкрэслілі, што хацелі б атрымліваць падтрымку ад бізнес-школ. Пры гэтым 51 працэнт цяпер не ведаюць аб тым, якія магчымасці навучання ім даступныя. А сем з дзесяці апытаных лічаць, што навучальныя ўстановы павінны ствараць спецыяльныя праграмы для выпускнікоў, якія дазваляюць вучыцца на працягу ўсяго жыцця. Так, каля 69 працэнтаў хацелі б мець анлайн-доступ да лекцый і іншага кантэнту выкладчыкаў. Мяркуецца, што выпускнікі гатовы плаціць за частку падобнага кантэнту. Аднак ёсць разуменне, што кошт павінен быць лаяльны: 53 працэнты чакаюць, што ім прапануюць «ільготныя тарыфы» для навучання па будучых праграмах у іх альма-матар.

Удзельнікі апытання таксама зазначаюць, што адкрыты да супрацоўніцтва. Каля 66 працэнтаў рэспандэнтаў заявілі, што хацелі б дзяліцца сваім прафесійным вопытам, 65 працэнтаў задумваюцца аб настаўніцтве, а яшчэ 59 працэнтаў указалі, што маглі б выступаць на мерапрыемствах для студэнтаў або выпускнікоў.

Важнай часткай прасоўвання бізнес-школ з'яўляюцца міжнародныя студэнты. 34 працэнты апытаных хацелі б пашырыць глабальную дзейнасць выпускнікоў.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.