Вы тут

Сёлета Гудзевіцкаму літаратурна-краязнаўчаму музею споўнілася 55 год


Музей у Гудзевічах Мастоўскага раёна можна назваць міні-комплексам. Ён складаецца з асноўнага будынка і старой хаткі. Але першая экспазіцыя была адкрыта ў 1968 годзе ў школьным музеі. Новы комплекс быў дабудаваны пазней. Тады ж на тэрыторыі музея з’явілася і драўляная хатка. У 1990 годзе музей набыў статус дзяржаўнага, экспазіцыя пастаянна папаўняецца. Тут прапануюць не толькі «застылую» гісторыю. У музеі ладзяць народныя святы і абрады, рыхтуюць анімацыйныя праграмы.


Адкуль вытокі

Старшы навуковы супрацоўнік музея Лілія Рэйшэль расказала, што ідэя стварэння краязнаўчага музея належала настаўніку беларускай мовы і літаратуры, энтузіясту Алесю Белакозу. Пачаўся будучы музей са школьнага пакоя. А калі ў 1981 годзе была пабудавана новая двухпавярховая школа, будынак былой установы адукацыі аддалі пад музей. Чатыры экспазіцыйныя залы адкрылі свае дзверы для наведвальнікаў у маі 1984 года. А за некалькі год да гэтага на тэрыторыі з’явілася вясковая хатка, пакрытая саломай. Яе перавезлі з суседняй вёскі. 

Знакавым у гісторыі ўстановы стаў 1990 год, калі загадам Гродзенскага ўпраўлення культуры музей набыў статус дзяржаўнага. Тады ж яму быў перададзены другі школьны будынак, дзе ў гэтым жа годзе былі аформлены залы «Народная медыцына», «Лён і ткацтва».

У рамках трансгранічнага праекта і з дапамогай мясцовай гаспадаркі ў музеі праведзены капітальны рамонт. Многае аднавілася, з’явілася зона гардэроба, сувенірная лаўка. Залы набылі дызайнерскае афармленне, распрацаваны анімацыйныя праграмы. Закуплены экспанаты, у тым ліку стылізаваныя жаночыя касцюмы, якія насілі даўней вясковыя жанчыны. На ўсё было выдаткавана 200 тысяч еўра. 

Падаравалі беларускія класікі

Трэба сказаць, што літаратурна-краязнаўчы музей славіцца сваёй знакамітай калекцыяй далёка за межамі Мастоўскага раёна. Тут захоўваюцца экспанаты, якія прадстаўляюць вялікую каштоўнасць, упэўнена Лілія Рэйшэль. Гэта асабістыя рэчы класікаў беларускай літаратуры, іх лісты. 

Фенаменальнай калекцыі рукапісаў беларускіх пісьменнікаў другой паловы ХХ стагоддзя прысвечана цэлая зала. А сама экспазіцыя стала магчымай дзякуючы актыўным стасункам з пісьменнікамі. 

Тут шмат унікальных экспанатаў. Напрыклад, выданне Францішка Багушэвіча 1896 года «Дудка беларуская» і яго арыгінальны здымак ХІХ стагоддзя. Захоўваецца тут аўтаручка Уладзіміра Караткевіча. Кажуць, што менавіта ёй пісаўся яго раман «Каласы пад сярпом тваім». Можна ўбачыць “Буквар” 1918 года пад рэдакцыяй Алесі Смоліч, беларускамоўны глобус з Віленскай гімназіі, маніфест пра адмену прыгоннага права. 

Ёсць зала, прысвечаная лёну, народнай медыцыне, зала карысных выкапняў. Усяго ў музеі 10 залаў. Фонд складае больш за 20 тысяч адзінак. 

Гонар музея — падвойнае ткацтва

У асобным пакоі — рэчы, якімі славіліся беларускія майстрыхі. Калекцыя падвойнага ткацтва — адна з самых вялікіх у краіне. Па словах работніка музея, старажытны дыван 1898 года — амаль што адзіны ў рэспубліцы. У Гудзевічах гэта майстэрства можна не толькі ўбачыць у музеі, але і «ўжывую». Жыхарка вёскі Вера Белакоз, жонка стваральніка музея, захавала гэта майстэрства. Першы падвойны дыван яна выткала ў 1991 годзе. А праз два дзесяцігоддзі традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў вёскі Гудзевічы была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, а Веры Ігнатаўне прысвоена званне «народны майстар». У музеі захоўваецца нямала яе твораў.

Вядомы такі цікавы факт. Напачатку стварэння музея вучні, якія наведвалі гурток Веры Ігнатаўны, ткалі на кроснах невялікія закладкі, паясы і гальштукі і адпраўлялі іх беларускім пісьменнікам з просьбай прыслаць старонкі рукапісаў сваіх твораў. І гэта спрацоўвала. Класікі адгукаліся на просьбы стваральнікаў музея. 

Народны майстар перадала свае навыкі супрацоўнікам музея, якія праводзяць майстар-класы для дзяцей і дарослых. Спецыяльна для аднаўлення ўнікальнай тэхнікі музеем закуплены ткацкі станок. 

Хата з мінулага і этнатурызм

Сялянская хата ХVIII стагоддзя — частка этнаграфічнай экспазіцыі. Але яна і сама па сабе цікавы экспанат. Гэта адзіны на Гродзеншчыне прыклад аўтэнтычнага жытла двухсотгадовай даўніны. Тут можна ўбачыць інструменты, посуд, іншыя прадметы, якімі карысталіся нашы продкі. 

Музей развіваецца, ствараюцца часовыя экспазіцыі. Таксама праводзяцца аглядальныя, тэматычныя і тэатралізаваныя экскурсіі, музейныя заняткі, арганізуюцца масавыя мерапрыемствы. Папулярныя анімацыйныя праграмы «Калі ласка, у хату!», «У гасцях у Сымоніхі і Лявоніхі», якія ладзяцца сумесна з Гудзевіцкім цэнтрам вольнага часу і культуры.

Гудзевічы з яго музеем уваходзяць у некалькі турыстычных маршрутаў Мастоўскага раёна. Для тых, хто вандруе па наваколлі самастойна, не складзе асаблівай цяжкасці завярнуць і ў Гудзевічы. Тым больш што гэта вельмі гасцінны і ветлівы край. Ва ўсялякім выпадку, так можна сказаць пра калектыў работнікаў музея, якія захоўваюць не толькі старажытныя экспанаты, але і сакавітую беларускую мову.

Гэты музей запатрабаваны ў наведвальнікаў. На працягу 2022 года з яго экспазіцыяй азнаёмілася звыш 5 тысяч чалавек. Тут праведзена каля 200 экскурсій і паўсотні анімацыйных гульнявых праграм.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара і Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.