Вы тут

Назіральная пляцоўка на беларускіх Мальдывах набывае папулярнасць


З мінулага года аб’ект уключаны ў прамысловы турыстычны маршрут прадпрыемства «Краснасельскбудматэрыялы». І гэта невыпадкова. Менавіта гэта прадпрыемства займаецца здабычай крэйды ў кар’ерах. Пасля эксплуатацыі кар’еры запаўняюцца вадой, якая набывае прыгожы блакітна-бірузовы колер. 


Разам з прадстаўнікамі прадпрыемства выязджаем на месца. Ад Ваўкавыска дзесьці кіламетраў дзесяць, ад прадпрыемства значна бліжэй. 

І вось мы на назіральнай пляцоўцы, адкуль нашай увазе адкрываецца маляўнічы ландшафт. Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалогіі і сацыяльных пытаннях ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» Генадзь Найдзюк уводзіць у курс справы. Аказваецца, глыбіня распрацоўкі кар’ера для здабычы крэйды дасягае больш за 55 метраў. Паступова пры паглыбленні на паверхню выходзяць грунтовыя воды. Каб працягваць працэс здабычы, будуюць адвадныя каналы, ваду адпампоўваюць. Калі кар’ер поўнасцю адпрацаваны, тэхніка выводзіцца, і ён затапляецца натуральным чынам, а белая крэйда надае вадзе такі асляпляльна прыгожы колер. 

Генадзь Рышардавіч звяртае ўвагу на адвесныя берагі. Менавіта яны нясуць у сабе небяспеку, бо здольны абрушвацца. Калі на кар’ерах адбыліся няшчасныя выпадкі, свабодны доступ сюды быў забаронены. Але стрымаць аматараў экстрэмальных фотасесій на беларускіх Мальдывах было проста немагчыма. 

— Нядаўна на схіле распрацаванай дзесяць год таму лінзы абсталявана назіральная пляцоўка. Цяпер рабіць фота на фоне грандыёзнага кар’ера стала бяспечна. Пляцоўка добра замацавана, забетаніравана і агароджана. Пастаўлены знакі. Гэта была ўязная дарога ў кар’ер, часткова дарога засталася, мы крыху ўзнялі бетонную частку, каб адкрываўся лепшы від. Людзі могуць прыехаць і палюбавацца незвычайным пейзажам, — расказвае суразмоўца. 

На прадпрыемстве распрацаваны турыстычны маршрут, які ўключае ў сябе знаёмства з вытворчасцю, наведванне музея і назіральнай пляцоўкі. Яшчэ адзін адметны аб’ект — шахты, дзе здабывалі крэмній першабытныя людзі. Але для агляду яны не прызначаны. А вось у музеі, які наведалі перад паездкай на «Мальдывы», нам расказалі шмат цікавай інфармацыі. Афарміцель музея Таццяна Васілевіч звярнула ўвагу на рэдкія і старажытныя экспанаты. У першую чаргу, вядома, зацікавілі крэйдавыя адбіткі дагістарычных марскіх малюскаў. А самаму старажытнаму экспанату — адбітку рыбы віду Хоплаптэрыкс — больш за 60 мільёнаў гадоў. Дарэчы, знайшлі гэты адбітак у 2004 годзе падчас работы на крэйдавым кар’еры. На кавалку крэйды можна разглядзець луску, плаўнікі і вачніцы рыбы. Сапраўднасць гэтага віду была ўстаноўлена навукоўцамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У музеі таксама адлюстраваны працэс вытворчасці цэменту. Дарэчы, у наступным годзе будзе роўна 110, як у Краснасельску быў пабудаваны цэментны завод. З тае пары пачалося і асваенне кар’ераў. 

— Мы працуем з арганізаванымі групамі, паказваем завод, наш музей, потым едзем сюды, на пляцоўку, бо турыстаў цікавіць і наша вытворчасць, і нашы знакамітыя Мальдывы, — працягвае Генадзь Найдзюк. 

Трэба сказаць, што від на кар’ернае наваколле сапраўды захапляльны. На стромкіх сценах бачны пласты розных колераў, якія адкладаліся за пэўны гістарычны перыяд. Можна сесці на зручную лаўку і доўгі час любавацца незвычайным пейзажам, які рэдка дзе можна ўбачыць. 

Пляцоўка адпавядае ўсім правілам бяспекі. Эскізныя варыянты з канкрэтнымі разлікамі рабіла Таццяна Васілевіч. Менавіта адзін з яе накідаў і быў увасоблены ў жыццё. 

Магчыма, на пляцоўцы будзе ўстаноўлена падсветка, а таксама шыльда з інфармацыяй. Напрыклад, будзе цікава даведацца, што ўсяго распрацавана каля 15 кар’ераў па здабычы пяску, гліны і крэйды. Аб’ём здабычы крэйды складае каля 3 мільёнаў тон у год. Звычайна радасховішча распрацоўваецца амаль 10 год. Але запасы ў розных месцах розныя. Можа хапіць і на пяць год. А ўвогуле пад зямлёй запасы вялікія, але здабыча вядзецца да вызначанай праектам адзнакі. Пасля распрацоўкі выконваецца рэкультывацыя, а землі вяртаюцца былому ўладальніку — сельскагаспадарчаму прадпрыемству або лясніцтву.

Ці будуць даступнымі для турыстаў іншыя адпрацаваныя кар’еры, пакуль невядома. На бліжэйшы час такіх планаў няма. Хаця адпрацаваных лінзаў тут каля дзесятка. А вось тое, што існуючая пляцоўка палепшыць турыстычны патэнцыял, тут не сумняваюцца. 

— Як паказаў мінулы сезон, пляцоўка ніколі не пуставала, спадзяёмся, што сёлета турыстаў будзе яшчэ больш, — заўважае Таццяна. — Месца вельмі прыгожае, маштабнае, праглядаецца амаль увесь кар’ер, нават зараз, у межсезонны перыяд, вельмі маляўнічы від.

Пакуль прамысловы турызм не такі вядомы, як, напрыклад, гістарычны ці экалагічны. Да яго рэкламы падключыўся Ваўкавыскі аддзел спорту і турызму. Так узнік праект «Па слядах старажытных шахцёраў», у якім спалучаецца вытворчасць і прыгожы ландшафт. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.