Вытворчасць агародніны ў нашай краіне дазваляе цалкам забяспечыць унутраны рынак айчыннай прадукцыяй. Пра гэта распавялі прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, МАРГ і Белкаапсаюза.
— Гароднінай, у прыватнасці, «баршчавым наборам», наша краіна забяспечвае сябе поўнасцю, — падкрэсліла начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Мельнікава. — Узровень самазабеспячэння гароднінай складае больш як 100 працэнтаў. Напрыклад, бульбы ў Беларусі вырошчваецца ў 13 разоў больш, чым спажываецца. Але недацягваем да поўнай забяспечанасці па яблыках — усяго 74 %, — адзначыла спецыяліст.
Прадстаўніца МАРГа распавяла, што па выніках мінулага года доля продажаў айчыннай агародніны ў Беларусі склала практычна 70 %, бульбы, капусты, морквы і буракоў — больш за 80 %. Часцей, чым у мінулыя гады, выбіраў беларускі спажывец і айчынныя яблыкі.
— Прыемна, што і яблыкі беларускай вытворчасці прыраслі летась на 11 працэнтаў, — адзначыла яна.
Чаго яшчэ не хапае спажыўцу вясной? Асаблівая ўвага аддаецца вытворчасці таматаў і агуркоў, падкрэсліла спецыяліст. МАРГ сумесна з Мінсельгасхарчам вызначана гадавая патрэба ў згаданай гародніне на 2023 год. Цяпер работа накіравана на павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці агуркоў і памідораў менавіта ў міжсезонны перыяд, калі айчыннай прадукцыі ў нас не хапае з прычыны кліматычных умоў.
Каля 11-12 працэнтаў ад усёй вырабленай у краіне агародніны закладваецца ў стабілізацыйныя фонды.
Гародніна і садавіна айчыннай вытворчасці — аснова харчавання і тавар першай неабходнасці. Для забеспячэння іх даступнасці насельніцтву ў міжсезонны перыяд урадам прынята рашэнне аб захаванні рэгулявання цэн на свежую пладова-агароднінную прадукцыю. МАРГ сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання выбраны разліковы дапушчальны ўзровень закупачных цэн на прадукцыю, якая закладваецца ў стабфонды, і вызначаны графік маніторынгу закупачных цэн, расказала Наталля Мельнікава.
— Патрэба стабфондаў разлічваецца зыходзячы са статыстычнай інфармацыі: яна ўлічвае звесткі за апошнія тры гады, — сказала яна. — Сёння вядзецца работа па падрыхтоўцы разліку патрэбнасці на міжсезонне 2023—2024 гадоў.
Павялічыцца або знізіцца гэтая патрэба, пакуль спецыялісты сказаць не гатовыя. Але дакладны разлік вельмі важны: закладваць у стабфонды звыш патрэб не мае сэнсу, інакш прадукцыя не будзе запатрабаваная суб'ектамі гандлю.
— Мы пачынаем работу з буйнымі гандлёвымі сеткамі па заключэнні дагавораў пастаўкі пладова-агародніннай прадукцыі, — адзначыла начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Пра важнасць забеспячэння захаванасці ўраджаю аж да наступнага гаварыў і начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Лешык. Бо ў планах на гэты год — нарошчванне аб'ёмаў вытворчасці сельгаспрадукцыі: павелічэнне на 8-10 працэнтаў практычна па кожнай пазіцыі «баршчавога набору». Мэта — максімальна насыціць паліцы крам якаснай айчыннай гароднінай.
— Да 1 красавіка праводзіцца ўдакладненне патрэб у пэўных відах прадукцыі, будуць заключацца дагаворы на яе пастаўку і вызначацца больш канкрэтныя пасяўныя плошчы, — расказаў Мікалай Лешык. — Сельгасарганізацыямі і фермерскімі гаспадаркамі запланавана пасеяць каля 4 тысяч гектараў гародніны. У рабочым парадку пасяўныя плошчы будуць карэкціравацца па асобных відах прадукцыі — у бок павелічэння або зніжэння.
Спецыяліст падкрэсліў, што ў Беларусі сховішчаў дастаткова, але ў пэўных суб'ектаў гаспадарання яны не маюць рэгулюемага газавага асяроддзя і адпаведнага мікраклімату. Такім чынам, узнікаюць складанасці з забеспячэннем захаванасці гародніны і пладоў — у першую чаргу ў канцы красавіка-маі.
— Таму прадугледжана магчымасць праз падтрымку праграмы «Аграрны бізнес» правесці будаўніцтва або мадэрнізацыю сховішчаў, — падкрэсліў Мікалай Лешык. — Суб'екту неабходна ва ўзаемадзеянні з аблвыканкамам вызначыць праект, прапрацаваць з банкамі магчымасць яго крэдытнай падтрымкі і ў далейшым атрымаць кампенсацыю па крэдыце для будаўніцтва або мадэрнізацыі сховішча.
Яшчэ адно надзённае пытанне, якое датычыцца забеспячэння насельніцтва свежай беларускай гароднінай у міжсезонне, — будаўніцтва або мадэрнізацыя цяплічных гаспадарак.
— З лістапада да сакавіка ёсць дэфіцыт у свежых агурках айчыннай вытворчасці — каля 2 тысяч тон, а таксама ў свежых таматах — каля 11 тысяч тон, — сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства. — Ён абумоўлены недастатковымі магутнасцямі цяплічных гаспадарак. З 230 га наяўных цяпліц толькі 159 га забяспечваюць неабходны тэмпературны рэжым і ўзровень падсветкі на працягу ўсяго года.
Каб забяспечыць неабходныя аб'ёмы вытворчасці свежых агуркоў і таматаў у міжсезонне, краіне неабходна мець яшчэ каля 44 га цяплічных гаспадарак або мадэрнізаваць ужо існуючыя. Цяпер праводзіцца абследаванне цяпліц.
Першачарговай задачай магчымасць доўгага захоўвання ўраджаю называюць і селекцыянеры.
— За апошнія чатыры гады, па выніках дзяржаўнага сортавыпрабавання, у сельскагаспадарчую вытворчасць дапушчана дзевяць новых сартоў бульбы, — расказаў дырэктар РУП «Інстытут пладаводства» Аляксандр Таранаў. — Сучасныя беларускія сарты маюць патэнцыяльную ўраджайнасць да 70 тон з гектара.
Сарты «Першацвет» і «Юлія» адрозніваюцца фарміраваннем таварнага ўраджаю ў раннія тэрміны ўборкі і добра захоўваюцца ў зімовы перыяд. Сярэдняспелыя «Водар» і «Гарантыя» па ўраджайнасці пераўзыходзяць знакаміты «Скарб», кантрольны ў дадзенай групе спеласці. Сярод новых крухмалістых сартоў сярэдняпозняго тэрміну паспявання — «Нара» і «Рубін», а таксама «Крок» сталовага і тэхнічнага прызначэння. Створаны гібрыд капусты белакачаннай «Марана» з патэнцыяльнай ураджайнасцю 110 тон з га, а таксама «Варта» (120 тон з га), дадаў навуковец.
Навінкі па агурках — кароткаплодныя партэнакарпічныя гібрыды ўніверсальнага прызначэння «Духмяны» для адкрытага грунту і «Пачастунак» для плёначных цяпліц. Ранняспелы куставы гібрыд тамата «Зубраня» валодае патэнцыяльнай ураджайнасцю 45,5 тоны з га.
Селекцыянерамі створаны і перададзены на дзяржвыпрабаванні і першы айчынны гібрыд цыбулі рэпчатай «Тутэйшы» — ён адрозніваецца хуткаспеласцю, а яго ўраджайнасць на доследных участках склала 77 тон з га.
Сярод пладовых культур найбольш востра сёння стаіць пытанне па забеспячэнні спажыўца айчыннымі яблыкамі, і навука працуе ў дадзеным кірунку.
— Інстытутам пладаводства створана цэлая лінейка сартоў — ад самых ранніх да здольных ляжаць, — адзначыў Аляксандр Таранаў і параіў садаводам звярнуць увагу на сарты «Алеся», «Весяліна», «Белана», «Імант»: яны здольныя захоўвацца ў звычайным газавым асяроддзі да красавіка-мая.
Здольнасцю доўга захоўвацца адрозніваюцца і грушы «Завея». Сярод іншых распрацовак селекцыянераў — першыя айчынныя сарты рэмантантных малін — «Вераснёвая», «Злата», а таксама айчынны сорт персіка «Лойка», раяніраваны ў Рэспубліцы Беларусь.
— Створаны тры беларускія сарты фундуку: «Лал»,» Яшма» і «Аркадзь», па якіх арганізавана навуковае суправаджэнне. У Маладзечанскім раёне закладзены дзясяткі гектараў згаданай культуры, — адзначыў вучоны.
Шукаць айчынную гародніну, беларускія яблыкі-грушы і ягады, зразумела, варта ў гандлёвай сетцы спажывецкай кааперацыі.
— Арганізацыі спажыўкааперацыі штогод бяруць актыўны ўдзел у забеспячэнні спажывецкага рынку айчыннай пладова-агародніннай прадукцыяй, — адзначыла начальнік упраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза Аксана Скіндэр. — А ў аб'ёмах закладкі стабілізацыйных фондаў займаюць у сярэднім па кожнай пазіцыі ад 15 да 20 %. Разумеючы актуальнасць і запатрабаванасць некаторых пазіцый, мы закладваем на захоўванне больш прадукцыі, чым даводзяцца заданні, — падкрэсліла яна.
Белкаапсаюз удзельнічае і ў забеспячэнні сыравінай перапрацоўчых прадпрыемстваў.
— Супрацоўнічаем з перапрацоўшчыкамі ўсіх формаў уласнасці, — сказала Аксана Скіндэр. — З кансервавымі заводамі, вытворцамі ёгуртных дабавак і дзіцячага харчавання (якія патрабуюць самай высокай якасці сыравіны). Развіваем і ўласную перапрацоўку. Сёлета ў Глускім райспажыўтаварыстве рэалізоўваецца інвестыцыйны праект, які дазволіць выпуск замарожанай прадукцыі ў шырокім асартыменце і ў сучаснай упакоўцы.
Асаблівасць спажывецкай кааперацыі — работа не толькі з сельгасарганізацыямі, але і цесны кантакт з насельніцтвам і фермерамі. Гэта дазваляе насыціць рынак у тым ліку шырокім спектрам пладова-агародніннай прадукцыі нетрадыцыйных відаў, адзначыла спецыяліст.
— Работа гэтая вядзецца круглы год. Цяпер мы супрацоўнічаем з больш як 400 фермерскімі гаспадаркамі краіны па розных напрамках пачынаючы ад ранняй агародніннай прадукцыі, якая ўжо ёсць на прылаўках.
За мінулы год насельніцтву Беларусі за здадзеную сельгас- і дзікарослую прадукцыю было выплачана 340 мільёнаў рублёў, распавяла прадстаўніца Белкаапсаюза. А з улікам гаспадарак і фермераў гэтая сума склала 524 млн рублёў. У планах на бягучы год — закупка не менш за 15 тыс. тон бульбы, звыш 30 тыс. тон гародніны, 50 тысяч тон пладоў і ягад.
— Арганізацыі спажыўкааперацыі захавалі матэрыяльна-тэхнічную базу, а гэта 91 сховішча з магутнасцю захоўвання каля 20 тысяч тон пладова-агародніннай і ягаднай прадукцыі. Створаны ўмовы для захоўвання прадукцыі, якая патрабуе асаблівых рэжымаў, — бульбы, цыбулі, яблыкаў.
У планах Белкаапсаюза на сёлета — не толькі насычэнне ўнутранага рынку якаснай сельгаспрадукцыяй, але і пошук новых рынкаў збыту. Мінулы год паказаў: беларуская пладовая прадукцыя запатрабаваная і ў Расіі, адзначыла спецыяліст. А фруктовыя віны — новы напрамак работы спажывецкай кааперацыі — экспартуюцца нават у Кітай і там зарэкамендавалі сябе як адзін з высакаякасных беларускіх прадуктаў.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Дзяцінства — найлепшая краіна.
Тэхналогіі, што накормяць.
Гісторыя сям'і Шамехіных.