Вы тут

Дарога да сябе


Мабыць, гэта самыя сумныя і жалобныя сосны ў Беларусі. Здаецца, што тут, нягледзячы на ажыўленую шашу, машыны зніжаюць хуткасць, а ўсмешкі ў людзей знікаюць. Гэта паварот на Хатынь.


Фота: БелТА.

Гэта самая вядомая з нежылых вёсак і самая нежылая з вядомых. Звон Хатыні гучыць не толькі тут, ён гучыць у сэрцы кожнага сапраўднага беларуса. Памятаеце: у кожная нашай сям'і — дзеці Хатыні. Гэтыя боль і жалоба — нашай дзяржаўнасці і нашага народа. Бо хатынскі мемарыял увасабляе ўсе выпрабаванні, якія выпалі на долю беларусаў. На долю народа, што заўжды марыў людзьмі звацца. Кіраўніцтва мемарыяла і нашы гісторыкі змаглі ўвасобіць гэты складаны шлях да Беларусі. У новым музеі — цяжка і нават страшна. Але праўдзіва. Сэрца шчыміць, у горле сціскае ад пачутага і ўбачанага. На інтэрактыўнай сцяне мяняюцца рымскія лічбы стагоддзяў, з вуснаў экскурсавода гучаць страшэнныя лічбы страт. У адным стагоддзі — трэць краіны разбурана, у іншым — палова. Так чужынцы паводзілі заўжды. 140 крыжовых паходаў, 140 карных аперацый. І не важна, былі гэта «хрысціцелі» са штандарамі Святога Прастола ці нацыскія кавалеры жалезнага крыжа. Пад хлуслівым абліччам добрай справы рабавалі і забівалі, гвалтавалі і здзекаваліся. А сёння што, не так? Пад ілжывым абліччам дэмакратычнай дапамогі — тое ж жаданне акупаваць і знішчыць. Беларусы, мы нарэшце павінны зразумець і ўцяміць — чаму нас толькі 10, а не 30 мільёнаў, чаму мы не такія заможныя, як немцы, брытанцы або амерыканцы. Бо мы ніколі не ішлі вайной. Ніколі не палілі чужыя вёскі. Ніколі не адбіралі кроў у дзяцей і жыццё ў цяжарных жанчын! Беларусы, мы нарэшце павінны тое зразумець і ўцяміць. Тады станем больш паважліва адносіцца да таго, што ў нас ёсць, і да тых, хто ўсё гэта нам гарантуе. Каб гэта ўсё зразумець, трэба не забываць Хатынь.

Шлях нашага станаўлення — гэта шлях барацьбы з захопнікамі. Вельмі яскравы артэфакт. Калыска, у якой рэпрадукцыя жывой вёскі. Яшчэ не спаленай Хатыні. А колькі мільёнаў такіх калысак знішчыў вораг. Пакінуў пасля сябе попел.

Апагеем барацьбы за жыццё стала акупацыя «самай цывілізаванай» Еўропай. Немцы і венгры, італьянцы і румыны, латышы і ўкраінцы. Хто толькі за тры гады акупацыі не намагаўся ператварыць нашу зямлю ў папялішча. То быў перыяд, самы жахлівы па маштабах знішчэння нас — беларусаў. За тры гады — кожны трэці. Таму ў кожным з шасці пакояў музея на падлозе — крывавыя рэкі. Яны цякуць у вечнасць.

Дарэчы, зрабіць музей у Хатыні такім, каб сэрца сціскалася, — наказ Прэзідэнта. У век панавання лічбавай філасофіі, гаджэтаў і індустрыі гульняў мала каго чымсьці здзівіш. Нашы душы, нібы камяні, — заімшэлі. Ачышчэнне адбываеццца тут — у Хатыні. І больш не ўзнікае пытанняў: чаму 9 Мая і 3 Ліпеня — самыя святыя даты для сапраўдных беларусаў. І больш не ўзнікае пытання: чаму ў нас не засталося гістарычнай спадчыны, як у Луўры, і багацця, якое перадавалася з пакалення ў пакаленне драпежнымі еўрапейцамі. Нашу зямлю ператваралі ў «раскіданае гняздо». У хатынскае папялішча.

Але не атрымалася. Кожны год шырокая плынь беларусаў імкнецца ў Хатынь — да Няскоранага. Ад чалавечага жалю снег ператвараецца ў ручаі. Слёзы жалю па ахвярах і слёзы надзеі на будучыню. Бо працягваецца род беларусаў. Бо нават і ў Хатыні разам з набатам званоў на месцы спаленных хат гучыць цяпер дабравесце царкоўнага звона — сімвала Жыцця і Вечнасці.

Сімвалічна 22-е сакавіка — час вясновага раўнадзенства, вяртання птушак з выраю і праваслаўнага свята сарака мучанікаў. Дзеці, жанчыны і старыя Хатыні — хіба не праведнікі беларускага народа, хіба не тыя душы памерлых продкаў, што разам з птушкамі вяртаюцца ў родныя гнёзды? Нават сонца ў гэты дзень паварочваецца да жыцця.

Але гэты боль зямлі ні заходнія гегемоны, не менеджары суседніх, дарэчы, славянскіх краін не адчуваюць. Ад улады капіталу і заходняй мадэлі іх душы заплеснелі. Вось ім бы прыехаць у Хатынь і адчуць увесь жах вайны хоць бы ў музеі. Не прыедуць.

Дарогу ў Хатынь не забывае наш Прэзідэнт. Як сапраўдны бацька, з дзецьмі. Разам з усёй краінай яны схіляюць галовы перад болем і непераможнасцю нашых продкаў. Хатынь — вось тая дарога, якая дапаможа застацца беларусам у будучыні. І неабавязкова чакаць новай даты. У школьнікаў краіны цяпер канікулы — чаму б не правесці тут урок агульнанацыянальнай памяці. Стаіць Няскораны беларус — бацька — і глядзіць у будучыню свайго народа, кожнаму з нас у вочы.

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.