Вы тут

Што наконт наяўнасці на тэрыторыі Беларусі тактычнай ядзернай зброі думаюць эксперты


Рэзананс вакол планаў па размяшчэнні на тэрыторыі нашай дзяржавы расійскай тактычнай ядзернай зброі не сціхае. Больш за тое — працягвае нарастаць. І зразумела чаму. Аднак што б ні казалі нашы апаненты, дадзены крок стане гарантам бяспекі не толькі ў Беларусі, але і ў рэгіёне ў цэлым.


Фота: ТАСС.

Як заўважылі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, на працягу апошніх двух з паловай гадоў наша краіна падвяргаецца беспрэцэдэнтнаму палітычнаму, эканамічнаму і інфармацыйнаму ціску з боку ЗША, Вялікабрытаніі і іх саюзнікаў па НАТА, а таксама дзяржаў Еўрапейскага саюза. Прычым аднабаковыя прымусовыя меры ў палітыцы і эканоміцы суправаджаюцца нарошчваннем на тэрыторыі суседніх краін — членаў НАТА ваеннага патэнцыялу ў непасрэднай блізкасці каля беларускіх граніц. «Беларусь робіць вымушаныя дзеянні ў адказ па ўмацаванні ўласнай бяспекі і абараназдольнасці, — акцэнтавалі ўвагу ў беларускім знешнепалітычным ведамстве. — Ваеннае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ажыццяўляецца ў строгай адпаведнасці з міжнародным правам». Акрамя таго, як заўважылі ў прэс-службе міністэрства, гэта не з'яўляецца новым у сферы ваеннага супрацоўніцтва няядзернай і ядзернай дзяржаў. У НАТА даўно існуе падобная практыка.

Сваімі меркаваннямі наконт размяшчэння на тэрыторыі нашай дзяржавы тактычнай ядзернай зброі з карэспантэнтамі «Звязды» падзяліліся парламентарыі.


«Наяўнасць ядзернага арсенала будзе спрыяць узмацненню геапалітычнай вагі Беларусі»

Як перакананы старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных, размяшчэнне ядзернай зброі паўплывае на геапалітычную ролю Беларусі. «У сярэдзіне мінулага стагоддзя ядзерная зброя змяніла характар любых міжнародных канфліктаў, па сутнасці, стаўшы зброяй стрымлівання, — нагадаў парламентарый. — Яна выключыла магчымасць прамога ваеннага канфлікту паміж СССР і ЗША, як і паміж іншымі краінамі, якія валодалі ядзернай зброяй. Гістарычны факт — у Ірака і Лівіі не было ядзернай зброі, не было зброі масавага паражэння любых відаў, і гэтыя краіны сутыкнуліся з інтэрвенцыяй краін Захаду. А ў Паўночнай Карэі, якая лічыцца ізгоем, ёсць ядзерная зброя, і ніхто нават не думае аб ваенным уварванні ў гэтую краіну. Гэта вельмі паказальны факт, які мы не можам не ўлічваць у сучасным свеце. У сувязі з вышэй згаданым размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, без усякага сумнення, можна разглядаць як фактар стрымлівання любых агрэсіўных памкненняў або замахаў на нашу краіну».

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі, наяўнасць ядзернага арсенала — гэта таксама фактар, які будзе спрыяць узмацненню геапалітычнай вагі Беларусі. Сёння свет дзеліцца на буйныя палітычныя блокі, у якія краіны аб'ядноўваюцца для гарантавання бяспекі. Прычым такое аб'яднанне адбываецца перад пагрозай пераважна ад краін калектыўнага Захаду, якія хочуць захаваць сваё дамінаванне ў свеце. У якасці прыкладаў Андрэй Савіных прывёў выбудоўванне партнёрскіх адносін Расіі з Кітаем, цікавасць многіх краін да БРІКС і магчымасцяў эканамічнага супрацоўніцтва ў рамках названай арганізацыі, рост значнасці ШАС як рэгіянальнай арганізацыі.

«Рэспубліка Беларусь заўсёды знойдзе магчымасці для ўмацавання даверу і ўзаемнай падтрымкі з дзяржавамі, якія хацелі б выбудаваць больш справядлівы светапарадак, шматпалярны свет, — адзначыў Андрэй Савіных. — Што да краін Захаду, мне здаецца, дыялог з імі сёння немагчымы. Менавіта яны ідуць на канфрантацыю, яны паглыбляюць раздзяляльныя лініі, яны хацелі б абвальвання сучаснай эканамічнай сістэмы, у тым ліку і для перафармаціравання свету на прымальных для іх умовах. У адносінах з гэтымі краінамі патрэбныя не перагаворы, а намаганні, накіраваныя на ўмацаванне ўласнай бяспекі. Яны павінны разумець, што нападзенне на нас можа мець сур'ёзныя наступствы. І размяшчэнне ядзернай зброі — першы крок у такім напрамку».

«Краіна, якая валодае ядзернай зброяй, ніколі не дазволіць, каб да яе адносіліся непаважліва»

Як звярнула ўвагу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч, міралюбівая знешняя палітыка Беларусі і абарончая дактрына зусім не азначаюць, што наша краіна гатовая стаць ахвярай у руках авантурыстаў, якія сёння, на жаль, кіруюць у краінах калектыўнага Захаду. «Мы бачым, што на працягу апошняга часу менавіта калектыўны Захад зрабіў усё для таго, каб прывесці свет у стан небяспечнага нагнятання ваеннага супрацьстаяння, — адзначыла парламентарый. — Мы бачым, як паслядоўна калектыўны Захад прасоўваў свае зусім не абарончыя, а наступальныя ўзбраенні на еўрапейскую тэрыторыю. Сёння заходняя, у тым ліку ядзерная, зброя размешчана ў Бельгіі, Германіі, Італіі, Нідэрландах і ў Турцыі, якая не ўваходзіць у Еўрасаюз. Аб чым тое сведчыць? Аб тым, што ўсе абяцанні, якія былі дадзены Беларусі пасля вывазу з нашай тэрыторыі ядзернай зброі, парушаны. Нас не тое што не абаранілі, нас сёння ўжо спрабуюць адкрыта знішчаць».

Лілія Ананіч нагадала, што калі беларускі народ абмяркоўваў змяненні ў Канстытуцыю, паўсюдна гаварылася аб тым, што Беларусь — міралюбівая краіна, але, захоўваючы абарончую дактрыну, мы павінны быць гатовыя адказаць на любыя замахі ў адносінах да нашай дзяржавы. «Таму тыя крокі, якія сёння агучаны, — гэта лагічны працяг умацавання суверэнітэту, незалежнасці нашай краіны і гатоўнасці ў поўным аб'ёме адстаяць інтарэсы Саюзнай дзяржавы, нашу цэласнасць, — падкрэсліла дэпутат. — Безумоўна, мы сёння кажам аб тым, што крок на апярэджанне — гэта не сённяшняе рашэнне. Гэта глыбокая аналітыка, разуменне тых працэсаў, якія адбываюцца, тая рыторыка і канкрэтыка, калі нас літаральна аблажылі з усіх бакоў найбуйнешымі ваеннымі натаўскімі групоўкамі, разнастайным нагнятаннем напружання».

На думку намесніка старшыні Пастаяннай камісіі, заявы аб магчымасці паставак Украіне зброі з абедненым уранам або выказванні польскіх ачумелых вайскоўцаў, якія кажуць, што на працягу трох дзён можна захапіць Беларусь, не проста пустыя словы. «Гэта дзесьці напісаныя сцэнарыі бліцкрыгу, — удакладніла Лілія Ананіч. — Мы не дазволім! І цвёрдая пазіцыя нашага нацыянальнага лідара, Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, — яркае таму сведчанне. Мы не дазволім, каб нас заспелі знянацку. Краіна, якая валодае ядзернай зброяй, тактычным ядзерным патэнцыялам, ніколі не дазволіць, каб да яе адносіліся непаважліва. І менавіта таму ў Беларусі будзе мір, адзінства беларускага народа і гатоўнасць абараніць сваю краіну, нашу любімую Рэспубліку Беларусь».

Па словах парламентарыя, фактычна, валодаючы атамнай электрастанцыяй, Беларусь ужо з'яўляецца ядзернай краінай. «А з тактычнай ядзернай зброяй мы ўзмацняем свой абарончы патэнцыял і дзейнічаем на апярэджанне», — акцэнтавала ўвагу дэпутат.

Вераніка КАНЮТА

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.