Вы тут

Фільм «Дабравольцы» да 95-годдзя Эліны Быстрыцкай на «Беларусь 3»


На наступным тыдні 4 красавіка спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння актрысы тэатра і кіно, педагога, спявачкі, народнай артысткі СССР Эліны Быстрыцкай. З нагоды знамянальнай даты ў эфіры сацыякультурнага тэлеканала пакажуць мастацкі фільм «Дабравольцы» з удзелам артысткі і выпуск праграмы «Легенды кіно» пра яе.


Кінастужка «Дабравольцы» з'явілася ў 1958 годзе. У сваім акцёрскім складзе яна сабрала такіх артыстаў, як Міхаіл Ульянаў, Пётр Шчарбакоў, Людміла Крылова, Леанід Быкаў і іншыя. Зняў яе рэжысёр Юрый Ягораў па аднайменным аўтабіяграфічным рамане ў вершах Яўгена Далматоўскага. Гэта гісторыя людзей, якія зведалі сяброўства, каханне, шчасце, што былі здольныя перажыць складаныя і радасныя дні, прайсці перамогі і страты, але застацца сабой і апорай адно аднаму. Падзеі фільма дазваляюць пранікнуцца атмасферай жыцця цэлага пакалення, якое вынесла на сваіх плячах будаўніцтва першай чаргі Маскоўскага метрапалітэна, змаганне з фашыстамі ў Іспаніі і ўдзельнічала ў пасляваенным аднаўленні краіны. Стужка стала класікай савецкага кіно і вартая таго, каб яе глядзелі і помнілі.

Выканаўца адной з галоўных роляў Эліна Быстрыцкая ў адным інтэрв'ю згадвала пра здымкі ў «Дабравольцах»: «Я сыграла Лёлю Цяплову, яе вобраз мне блізкі. Метро было нашай агульнай марай. Масквічы марылі, каб у сталіцы з'явілася падземка...» Актрыса настолькі хацела зняцца ў гэтым фільме, што гатовая была нават абрэзаць доўгія валасы, паколькі па сцэнарыі было задумана, што яе гераіня спачатку носіць кароткую стрыжку. Ролю Лёлі Быстрыцкая прысвяціла маме.

А як узнікне жаданне ўспомніць артыстку і больш даведацца пра яе, не прапусціце чарговы выпуск праекта «Легенды кіно», прысвечаны ёй. Разам зможам успомніць фільмы Эліны Быстрыцкай, сярод якіх «Няскончаная аповесць», «Ціхі Дон», «Развітальныя гастролі» і шмат іншых, даведаемся пра закуліссе працоўных будняў вялікай актрысы, яе мары аб сцэне і шлях у прафесію, а таксама ў чым актрыса адчувала сябе па-сапраўднаму шчаслівай. Пра ўсё гэта даведаемся з успамінаў сяброў, блізкіх, калег па цэху вялікай артысткі. Так, яе сяброўка Яўгенія Кузьмінава адзначыла, што «яна была вельмі патрабавальная да сябе і такая ж была і ў зносінах з іншымі людзьмі». І ў кіно, і ў тэатры — усюды актрыса ўмела трымаць марку.

Каб пераканацца ў гэтым і ўбачыць Эліну Быстрыцкую ў яшчэ адной яе яркай ролі, шукайце яе на канале «Культура», дзе вялікую артыстку згадаюць у нядзелю, 2 красавіка. У эфіры запланаваны паказ фільма «Дачнікі» рэжысёра Барыса Бабачкіна, які выйшаў на кінастудыі «Масфільм» у 1966 годзе. Стужка знятая па п'есе Максіма Горкага і ў яе аснове — спектакль з аднайменнай назвай, які быў пастаўлены ў 1964 годзе на сцэне Малога тэатра. Глядзіце ў эфіры «Культуры» днём.

Алена ДРАПКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».