Аповед пра тое, як цаной жыцця сапраўднага прафесіянала быў выратаваны цэлы горад, чакае гледачоў падчас паказу фільма «Справа для сапраўдных мужчын», знятага ў 1983 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм». Убачым яго на тэлеканале «НТБ-Беларусь» у суботу 1 красавіка.
Сам рэжысёр кінаработы Валерый Панамароў неяк распавядаў, што першапачаткова сцэнарый будучага фільма быў не самым моцным, але пасля ён адшукаў у газеце гісторыю пра тое, як пад Баранавічамі знайшлі склад з нямецкімі фугасамі. І калі стваральнікі будучай кінастужкі адшукалі людзей, якія працавалі тады, гісторыя для экрана набыла новыя фарбы і акцэнты. Па сюжэце драма разгортваецца ў ваколіцах рачнога порта аднаго з беларускіх гарадоў, дзе хлопчыкі знаходзяць склад нямецкіх боепрыпасаў, якія захаваліся там з часоў Вялікай Айчыннай вайны. Каб выратаваць насельніцтва, людзей з горада эвакуіравалі і да справы падключылі сапёраў. У працэсе правядзення аперацыі высвятляецца, што міны начыненыя нервова-паралітычнай атрутай. Чаго цяпер будзе каштаваць выратаванне жыццяў гараджан?..
Варта адзначыць, фільм стаў экранным дэбютам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Генадзя Давыдзькі (які тады быў акцёрам Купалаўскага тэатра). Галоўная роля афіцэра-сапёра Антона Фралова, які ўвасобіў вобраз чалавека адданага сваёй справе і воінскаму доўгу, што гераічна праявіў сябе ў надзвычайных абставінах, стала для акцёра ўдачай, а яе выканавец надоўга палюбіўся і запомніўся глядацкай аўдыторыі.
Алена ДРАПКО
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.