Вы тут

Старшыня Мінаблвыканкама правёў прыём грамадзян


Чатырнаццаць грамадзян выслухаў падчас асабістага прыёму ў Нясвіжы старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын. Да яго звярнуліся таксама жыхары Дзяржынска, Слуцка, Клецка, Капыля, Узды, Мінскага раёна, нават сталіцы. Заяўнікі агучылі шмат пытанняў. Яны тычыліся, у прыватнасці, добраўпарадкавання тэрыторый, рамонту дарог, капітальнага рамонту, пастаноўкі на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў. Не абышлося і без канфліктных сітуацый паміж суседзямі.


Фота: БелТА.

Першым зайшоў на прыём Васіль Уладзіміравіч з пасёлка Альба Нясвіжскага раёна. Адразу відаць, што мужчына дбае пра прыгажосць малой радзімы, пра тое, каб дзецям, землякам было дзе адпачыць, прагуляцца. Справа ў тым, што на беразе ракі Уша ёсць закінутая тэрыторыя, якой ён хацеў бы надаць належны выгляд. А менавіта: прывесці ў парадак зарослае месца, паставіць лаўкі, малыя архітэктурныя формы, арэлі, пясочніцу. «Хачу, каб нашым дзецям было дзе пагуляць, каб яны з карысцю праводзілі вольны час і заставаліся на малой радзіме пасля заканчэння школы», — рэзюмаваў Васіль Уладзіміравіч.

Ініцыятыву заяўніка падтрымаў старшыня Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Ломскі. Але адзначыў, што Васілю Уладзіміравічу спачатку неабходна падрыхтаваць праектную дакументацыю і ўзгадніць яе з мясцовай уладай. «Мы яму дапаможам у гэтай справе», — запэўніў Аляксандр Ломскі.

Аляксандр Турчын заўважыў, што мясцовы сельсавет павінен сваімі сіламі прывесці тэрыторыю ў парадак, а заяўнік паставіць лаўкі, скульптуры, пясочніцу. І гэта будзе выдатным прыкладам дзяржаўна-прыватнага партнёрства. А работы неабходна завяршыць да 1 верасня.

Сваю маці, 94-гадовую Валянціну Мартынаўну, прывяла на прыём дачка. Валянціна Мартынаўна расказала, што ў яе было нялёгкае жыццё, брат загінуў на вайне, сама ўсё жыццё працавала не пакладаючы рук, амаль што ў 70 гадоў пайшла на пенсію. Яна раней звярталася да мясцовай улады з пытаннем электразабеспячэння дома ў вёсцы Печураны Капыльскага раёна, дзе пражывае, каб наладзіць ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне. Але ёй адмовілі ў просьбе, маўляў, састарэлая лінія электраперадачы не дазваляе гэта зрабіць, не хапае магутнасці.

Аляксандр Турчын даручыў знайсці варыянты, як дапамагчы жанчыне, і вырашыць праблему на працягу двух тыдняў.

Сям’я Асмалоўскіх з аграгарадка Станькава, якая выхоўвае пяць дзяцей, звярнулася да губернатара з просьбай пасадзейнічаць у атрыманні субсідыі на будаўніцтва жылога дома ў Дзяржынску. Заяўнікам было прапанавана некалькі варыянтаў вырашэння пытання. А старшыні Дзяржынскага райвыканкама Максіму Лысенку даручана разам з заяўнікамі і спецыялістамі прааналізаваць іх і выбраць найбольш прымальны.

Фёдар Валінуравіч з вёскі Вужанка Нясвіжскага раёна паскардзіўся, што па вуліцы Клімука немагчыма ні прайсці, ні праехаць. Дарожнікі яе перыядычна падсыпаюць, грэйдзіруюць. Але пасля чарговага дажджу зноў з’яўляюцца вялізныя лужыны, выбоіны.

— Жыхары населенага пункта неаднаразова звярталіся ў сельсавет, райвыканкам. Нам абяцаюць 25 гадоў заасфальтаваць дарогу, а воз і сёння тут. Тры гады таму ў раённай газеце нават надрукавалі інфармацыю, што на вуліцы зробяць цвёрдае пакрыццё ў першую чаргу. Але паклалі дарожнае палатно... у суседняй вёсцы.

Мужчына паказаў Аляксандру Турчыну пісьмы з абяцаннямі мясцовых улад заасфальтаваць дарогу.

— У нас шмат дарог у больш дрэнным стане, чым ваша, — падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Але, азнаёміўшыся з перапіскай, даручыў заасфальтаваць дарогу да 1 ліпеня, з улікам таго, што на працягу многіх гадоў чыноўнікі абяцаюць гэта зрабіць.

У Валянціны Іванаўны з Нясвіжа з 1990-х гадоў цягнецца канфлікт з суседзямі-сваякамі. Па яе словах, яны пабудавалі ганак з прыступкамі на пешаходнай дарожцы, што абцяжарвае праход і праезд мужу-калясачніку.

Пасля прыёму грамадзян Аляксандр Турчын выехаў на месца, каб асабіста вывучыць сітуацыю. Адзначыў, што праблемы тут ён не бачыць, па двары можна праехаць і прайсці без перашкод. Можна нават у футбол гуляць. Ён параіў жанчыне знайсці з суседзямі агульную мову замест таго, каб траціць здароўе і нервы на спрэчкі.

Разам з тым губернатар дадаў, што дваровую тэрыторыю варта добраўпарадкаваць.

Вольга Паўлаўна з аграгарадка Сноў сцвярджала, што падчас капітальнага рамонту дома, дзе яна пражывае, павінны былі замяніць вокны на шклопакеты. Але будаўнікі адмаўляюцца. Дзе яна толькі ні пабывала, адказ адзін — не дазволена.

Як растлумачылі спецыялісты, заканадаўствам гэта не прадугледжана. Тым больш што кватэра прыватызаваная. Суседзі заяўніцы паставілі шклопакеты за асабістыя сродкі, і ніякіх прэтэнзій з іх боку не было — людзі ўсё зразумелі пасля сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады.

Усе, хто звярнуўся на прыём да старшыні Мінаблвыканкама, атрымалі кансультацыю. Некаторыя пытанні былі вырашаны на месцы. А тыя, што патрабуюць дадатковага вывучэння, будуць прааналізаваны з выездам на месца спецыялістаў. Заяўнікі атрымаюць адказы ў азначаныя заканадаўствам тэрміны.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».