Вы тут

У Палаце прадстаўнікоў абмеркавалі будучыню партыі «Белая Русь»


У краіне працягваецца плённая работа над умацаваннем Беларускай партыі «Белая Русь». Актыўны ўдзел у гэтым працэсе прымаюць і дэпутаты. Члены Палаты прадстаўнікоў разам са старшынёй грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Алегам Раманавым абмеркавалі далейшыя крокі па пабудове партыі і яе ўмацаванні ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Вялікае значэнне ў гэтым мае і стварэнне рэгіянальных аддзяленняў партыі. Па словах Алега Раманава, дэпутаты могуць прасоўваць ідэі партыі ў сваіх рэгіёнах. Многія прадстаўнікі дэпутацкага корпуса выказалі жаданне стаць членамі партыі, некаторыя дэпутаты былі ініцыятарамі яе стварэння партыі. 


Фота: БелТА.

Алег Раманаў паведаміў, што ўнутрыпалітычны савет партыі будзе дыферэнцыраваны. «Мы прапануем нашым калегам членства ў камісіях па адпаведных напрамках. Акрамя таго, партыя будзе рэалізоўваць праекты рознай накіраванасці. І праз праектную работу мы будзем імкнуцца да дасягнення тых мэт, якія закладзены ў праграме», — адзначыў ён. Алег Раманаў падкрэсліў, што ідэі, закладзеныя ў Статут партыі неабходна давесці да ўсіх слаёў беларускага грамадства. І дэпутаты могуць зрабіць гэта лепей за ўсіх. 
Старшыня грамадскага аб’яднання расказаў, што зараз праводзіцца актыўная зверка дадзеных, якія прадстаўлены заснавальнікамі. Адпрацоўваюцца падпісныя лісты, якія даслалі з рэгіёнаў. Гэтая работа зойме яшчэ каля тыдня. Па словах Алега Раманава, да канца наступнага тыдня яна будзе завершана і поўны пакет дакументаў будзе пададзены ў Міністэрства юстыцыі для праверкі і рэгістрацыі. 

Старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Валянцін Семяняка падкрэсліў, што стымулам да актывізацыі партыйнага будаўніцтва і аб’яднання задровых палітычных сіл для ўдзелу ў дзяржаўным будаўніцтве сталі выніку рэферэндуму 2022 года і наступныя за ім заканадаўчыя пераўтварэнні. Вялікую ролю ў гэтым працэсе адыгралі і прыняцце законаў аб асновах грамадзянскай супольнасці, змяненне Выбарчага кодэкса і іншых заканадаўчых актаў, якія і фарміруюць аснову для дзейнасці палітычных партый. «У сувязі з гэтым з’яўленне новых партый, актывізацыя і падрыхтоўка да перарэгістрацыі дзеючых — гэта працэс, які дазваляе актывізаваць найлепшыя сілы грамадства на цывілізаванае заканадаўчае ўрэгуляванне ўдзелу ў палітычным жыцці нашай краіны», — адзначыў парламентарый. Ён нагадаў, што ГА «Белая Русь» у 2004-м годзе ўтварылася ў Гродзенскім рэгіёне. Валянцін Семяняка расказаў, што быў адным з першых членаў арганізацыі, удзельнікам і арганізатарам розных праектаў, якія вельмі добра зарэкамендавалі сябе ў беларускім грамадстве і ў рэгіёнах. Таму, па яго словах, стварэнне партыі на аснове грамадскага аб’яднання — знакавы момант. «Гэта сусветная практыка, калі палітычная партыя ствараецца на базе грамадскага аб’яднання і падсілкоўваецца зыходзячы з дзеянняў аднаго ці некалькіх грамадскіх аб’яднанняў. Гэта цывілізаваны шлях, вельмі правільны і дакладны. І тое, як ідзе гэты працэс, гэта яшчэ раз пацвярджае», — падкрэсліў Валянцін Семяняка.

Член Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Іна Крачак узначальвае пярвічную арганізацыю Аршанскага раённага грамадскага аб’ядання «Белая Русь». Яна расказала, што ў Аршанскім раёне адбыліся ўстаноўчыя сходы, прайшоў устаноўчы з’езд партыі. Па яе словах, маладая партыя выклікае вялікую цікавасць у жыхароў Аршанскага раёна. «Мы спадзяёмся, што гэта партыя стане масавай і людзі будуць не на кухні абмяркоўваць праблемы, якія іх хвалююць, а на партыйных пляцоўках. Партыя павінна стаць вызначальнай палітычнай сілай. У жыхароў Аршанскага раёна ўжо ёсць вялікая цікавасць, і на ўстаноўчых сходах ужо хацелі ўступіць у партыю», — падкрэсліла яна. 

Член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Ірына Даўгала растлумачыла, чаму пытанні партыйнага будаўніцтва цікавяць насельніцтва. Па яе словах, у грамадзян нашай краіны ёсць патрэба бачыць свой удзел у палітычным жыцці грамадства. І тое, што зараз большасць беларусаў з’яўляюцца членамі грамадскага аб’яднання «Белая Русь», і плануюць стаць членамі адпаведнай партыі — таму пацверджанне. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі