Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 сакавіка звернецца са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Гэта знакавае, фундаментальнае мерапрыемства, у ходзе якога кіраўнік дзяржавы вызначае бліжэйшую стратэгію развіцця нашай краіны. Але гэта таксама і сур’ёзны аналіз абстаноўкі, якая складваецца. Можа падацца, што з папярэдняга Паслання ў канцы студзеня 2022 года мінуў не год, а цэлая вечнасць — настолькі дынамічныя былі змяненні ў свеце. З іншага боку, для Беларусі не адбылося нічога прынцыпова новага, а толькі ўзмацніліся выклікі, з якімі краіна сутыкалася і на пачатку мінулага года. Ужо тады «добразычліўцы» на Захадзе актыўна спрабавалі прыструніць Беларусь: задушыць санкцыямі, абвінаваціць ва ўсіх смяротных грахах у сітуацыі з бежанцамі, паказытаць нервы ўзмацненнем ваеннага патэнцыялу па перыметры граніц. Неспакойна было і на паўднёвым напрамку. Хоць спецыяльная ваенная аперацыя Расіі ва Украіне пачалася толькі ў канцы лютага, лінія ўкраінскага істэблішменту ў адносінах з Беларуссю задоўга да гэтага не давала ілюзій на нармальныя партнёрскія адносіны. У чаканні новага Паслання кіраўніка дзяржавы БелТА успамінае некалькі галоўных момантаў, аб якіх ішла размова ў папярэднім.
Галоўнай асаблівасцю мінулага Паслання Аляксандра Лукашэнкі сталі тры пытанні, якія ён адрасаваў грамадзянам: «Мы прывыклі да таго, што беларускі народ, выбраўшы свайго Прэзідэнта, мае права запатрабаваць з яго... Але, напэўна, і беларускі Прэзідэнт мае права ў пэўныя перыяды нашай гісторыі, асабліва вострыя перыяды, задаць тры хвалюючыя пытанні свайму народу. Пытанні, якія хвалююць Прэзідэнта і наша грамадства».
Аляксандр Лукашэнка спытаў, ці гатовы грамадзяне Беларусі плаціць за абарону і ўласную дзяржаву, суверэнітэт і незалежнасць, а таксама ці гатовы яны быць ініцыятыўнымі і больш працаваць на сябе. Цяпер адказы на ўсе гэтыя пытанні больш чым відавочныя. І, трэба меркаваць, размова тады ішла не толькі і не столькі аб плаце ў грашовым эквіваленце. У рэшце рэшт, мы плацім падаткі, на якія ўтрымліваюцца армія і іншыя дзяржаўныя інстытуты, што забяспечваюць бяспеку грамадства і краіны ў цэлым. Таму важны яшчэ і асабісты ўклад, удзел кожнага ў агульнай справе.
Напрыклад, у Беларусі ў дапаўненне да ўжо існуючых відаў войскаў ствараюць народнае апалчэнне, каб абарона Айчыны ў выпадку неабходнасці сапраўды была ўсенароднай, і людзі, абараняючы свой дом і сям’ю, населены пункт умелі абыходзіцца са зброяй, разумелі сваю ролю ў гэтым пытанні. Гэта ж таксама ўклад у агульную скарбонку ў імя забеспячэння суверэнітэту і незалежнасці. І так усюды — праца гэта аграрыяў на палях або вытворчасць мікрасхем, служба ў арміі або дапамога праваахоўнікам у лоўлі дыверсантаў і тэрарыстаў.
І нават беражлівае стаўленне да гістарычнай памяці, як паказалі мерапрыемствы з выпадку 80-годдзя трагедыі ў Хатыні, можа быць платай за захаванне суверэнітэту і незалежнасці. «Прыходзьце сюды часцей, прыводзьце з сабой дзяцей... Калі забудзем дарогу ў Хатынь — усё паўторыцца. Нам трэба гэтага пазбегнуць. Жыццё даражэйшае за ўсё», — падкрэсліў у сваёй прамове Аляксандр Лукашэнка.
Дробязей у адказе на абазначаныя год таму пытанні Прэзідэнта няма і быць не можа, асабліва з улікам таго, што цяпер яны гучаць яшчэ больш актуальна.
Першае пытанне
«Ці гатовы вы, беларусы, плаціць за ўласную абарону, за ўласную дзяржаву?» — такім было першае пытанне Прэзідэнта.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не мець і не ўмець вырабляць элементарнае ўзбраенне і боепрыпасы, спадзеючыся на тое, што іх можна будзе недзе купіць або нехта іх падорыць, — вялікая рызыка для Беларусі. Таму была пастаўлена задача вырабляць усё неабходнае для абароны нашай Айчыны. Больш таго, цяпер у Беларусі з дапамогай саюзнікаў асвойваюць вытворчасць і самага сучаснага ўзбраення, у тым ліку ракетнага.
Другое пытанне
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што грамадзяне Беларусі адзіныя ў імкненні да суверэнітэту і незалежнасці. Але незалежнасць каштуе дорага ў літаральным сэнсе гэтага слова. Гэта абарона і бяспека, уласная фінансавая сістэма, развітыя і эфектыўныя дзяржаўныя інстытуты — усё вельмі дорага.
«І ў мяне да вас наступнае пытанне, паважаныя беларусы: вы гатовы плаціць за гэту дарагую рэч, імя якой — суверэнітэт і незалежнасць?» — спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што незалежнасць — гэта ўмова для захавання нацыі, магчымасць вызначаць сваю будучыню. «І мы гэта права нікому аддаць не павінны», — заявіў ён.
Трэцяе пытанне
«Ці гатовы вы быць ініцыятыўнымі і працаваць на сябе?» — такім было трэцяе пытанне, якое паставіў беларускі лідар.
«Ці гатовы беларусы сёння адарвацца па-сапраўднаму, адвязацца, паставіць перад сабой, перад сваёй сям’ёй задачу і папрацаваць хаця б на сябе. А ўсё астатняе, што ад дзяржавы, мы захаваем. І як толькі мы гэты ўнутраны патэнцыял нашага народа, кожнага беларуса задзейнічаем, мы ў два разы будзем багацейшымі. Пара распранацца і працаваць!» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы пры гэтым адзначыў, што ў Беларусі была, ёсць і будзе рыначная эканоміка з разумным удзелам дзяржавы ў тых сферах, дзе без яе не абысціся" «Работа прадпрыемстваў-манапалістаў, кантроль за цэнамі, агульнай інфляцыяй, будаўніцтва інфраструктуры, медыцына, адукацыя, навука і гэтак далей».
Многае са сказанага кіраўніком дзяржавы цяпер гучыць як прароцтва. Хоць, як ужо адзначалася, тэндэнцыі былі відавочныя, асабліва ўлічваючы велізарную ступень інфармаванасці Аляксандра Лукашэнкі аб працэсах, што адбываюцца, а таксама шматгадовы палітычны вопыт.
Кіраўнік дзяржавы гаварыў пра перадзел свету, які адбываецца, і важнасць захаваць краіну ў гэтых складаных зменлівых умовах. «Мой заклік — быць гатовымі да напружанай работы, якая дасць магчымасць не толькі захаваць краіну ў жорнах новага перадзелу свету, але і пабудаваць нашу будучыню і, самае галоўнае, будучыню нашай краіны і нашых дзяцей, — сказаў ён. — Сёння зразумела нават скептыкам — сфарміраваная сістэма светаўладкавання адыходзіць у мінулае. Фактычна ўжо адышла. Мы з’яўляемся сведкамі перафармаціравання сусветнай палітыкі, эканомікі і культуры. Паўсюдна крытычна павышаецца ўзровень агрэсіі, дзёрзкая рыторыка стала нормай, а міратворчыя ініцыятывы кладуцца пад сукно».
«Але знайсці кампраміс пакуль не ўдаецца. Грамадскае меркаванне рыхтуюць да непазбежнасці вайны. Людзей прымушаюць жыць з такой думкай. Па сутнасці, вырашаецца лёс чалавецтва: або новыя дамоўленасці, або далейшая эскалацыя і новая сусветная вайна», — падкрэсліваў беларускі лідар.
Літаральна праз паўтара месяца пасля таго Паслання Беларусь зноў прадэманстравала гатоўнасць быць крыніцай бяспекі не толькі ў Еўропе, але і свеце, даўшы пляцоўку для расійска-ўкраінскіх перагавораў пасля толькі распачатай спецаперацыі.
На жаль, ваенная рыторыка пакуль перамагае. Фактычна на тэрыторыі Украіны развязана вайна паміж Расіяй і НАТА.
Гісторыя мае ўласцівасць паўтарацца, і Еўропа ўжо які раз рызыкуе наступіць на адны і тыя ж граблі па ўказцы сваіх заакіянскіх «сяброў». У першай палове мінулага стагоддзя пры актыўным удзеле ў тым ліку амерыканскага капіталу ў Еўропе выгадавалі такога монстра, як Адольф Гітлер. Наступствы ўсім добра вядомыя. Генацыд, разбурэнні, шматгадовая эканамічная і палітычная залежнасць нават моцных еўрапейскіх краін ад Вашынгтона.
Існуе і прыклад афганскіх талібаў і Усамы бен Ладэна, якога ЗША падтрымлівалі ў барацьбе з СССР. А потым выхадцы з Афганістана былі вымушаны праводзіць шмат дзён у холадзе на граніцы з Польшчай, спрабуючы знайсці прытулак і ратунак у тых, чые саюзнікі ганебна збеглі з іх краіны. Ды так, што з самалётаў, якія ўзляталі, ледзь ці не гронкамі адвальваліся і разбіваліся аб зямлю мясцовыя жыхары, якія паверылі ў заходнія каштоўнасці і дэмакратыю.
Цяпер жа Захад на чале з ЗША ўзгадаваў нацыяналістаў ва Украіне, начыняе яе зброяй, мілітарызуе Польшчу і Літву. А наконт рэальных арганізатараў і бенефіцыяраў выбухаў на «Паўночных патоках» думаючыя людзі ў Еўрасаюзе ўжо нават не сумняваюцца. Вось толькі рытарычнае пытанне: хто чарговы раз будзе разграбаць усю гэту кашу, якую заварылі, калі не сама Еўропа? Хоць канчатковая мэта ЗША — нават не Расія. Адным выстралам яны хацелі б забіць адразу некалькіх зайцаў: вывесці з глабальнай гульні Расію, яшчэ больш узмацніць залежнасць і кіруемасць Еўрасаюза, а таксама аслабіць геапалітычны ўплыў Кітая.
Але дурняў няма. Прынамсі, у Расіі і Кітаі — дзвюх магутных краінах, якія да таго ж з’яўляюцца стратэгічнымі саюзнікамі і партнёрамі Беларусі. «Вы (Захад. — Заўвага БЕЛТА) нас проста аб’ядноўваеце. А супраць гэтага фронту яны не выстаяць. Таму яны злуюцца. Яны зразумелі, што яны зрабілі ўсё, каб аб’яднаць магутную рэсурсную, касмічную, ядзерную дзяржаву Расію і такую ж магутную, з чалавечым рэсурсам, ядзерную краіну, накіраваную ў будучыню (і ўжо лічыце першую краіну) — Кітай. Таму і злуюцца», — сказаў нядаўна кіраўнік беларускай дзяржавы ў час размовы з журналістамі.
Але ж Аляксандр Лукашэнка не раз гаварыў, што Еўрасаюзу сваё шчасце трэба шукаць не за акіянам, а ў супрацоўніцтве з багатай на рэсурсы Расіяй. Але ці то ланцуг Дзядзькі Сэма вельмі моцны, ці то тугаватая стала старэнькая Еўропа на адно вуха — пакуль справы ідуць крыху інакш. Ды і амерыканцаў на фоне таго, што адбываецца, ужо заклікаюць маліцца. Прычым не хто-небудзь, а экс-Прэзідэнт (а, магчыма, і будучы) Дональд Трамп. Рэагуючы на навіны аб размяшчэнні ў Беларусі расійскай ядзернай зброі, ён заявіў, што гэту сітуацыю справакавалі амерыканскія ўлады, якія гуляюць з «небяспечнымі штукамі». «Усё, што я магу сказаць вам цяпер: маліцеся», — сказаў амерыканскі палітык.
У той жа час Беларусь і Расія ў развіцці супрацоўніцтва за год прайшлі такі шлях, які часам не ўдавалася пераадолець і за дзесяцігоддзе. Сумесная работа ў сферы імпартазамяшчэння, саюзныя праграмы, падрыхтоўка ваенных у рамках сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў — і гэта таксама плата за суверэнітэт і незалежнасць, уклад у бяспеку Саюзнай дзяржавы.
І тут пытанне не толькі саюзных абавязацельстваў ці проста брацкай дапамогі расіянам. Тут — і экзістэнцыйны інтарэс самой Беларусі. Нагадаем толькі адну фразу, якую Аляксандр Лукашэнка вымавіў на саміце АДКБ у Ерэване 23 лістапада: «Адчуваю, што мы прыйшлі да адзінай думкі, што калі, не дай бог, рухне Расія, то пад гэтымі абломкамі наша месца».
На гэта і цяпер актуальнае пытанне Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў у папярэднім Пасланні.
«Мы сабраліся для таго, каб шчыра абмеркаваць праблемы нашай дзяржавы і сумленна і адкрыта адказаць на ўсе пытанні. Дык будзе вайна ці не? Так, яна будзе, але толькі ў двух выпадках: калі супраць Беларусі будзе ўчынена прамая агрэсія, калі супраць нашай Беларусі будзе развязана гарачая вайна, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ўсе як адзін і нават тыя, хто не хоча, стануць на абарону нашай зямлі і нашай Айчыны. Стагоддзямі наш народ змагаўся за сваю зямлю, незалежнасць і суверэнітэт. Мы атрымалі, мы дабіліся гэтай незалежнасці. І сёння момант, калі трэба гэту незалежнасць абараніць... І другі момант, калі быць вайне і Беларусь будзе ў ёй удзельнічаць, — калі на нашага саюзніка, Расійскую Федэрацыю, зробяць непасрэднае нападзенне. Аснова таго — нашы саюзныя дамоўленасці», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца ўдзелу Беларусі ў спецаперацыі ва Украіне, то, як не раз падкрэсліваў Прэзідэнт, краіна ў ёй сапраўды ўдзельнічае. Але па-свойму: перш за ўсё беларусы лечаць і кормяць людзей. Пры тым не толькі расіян, але і ўкраінцаў, якія ў Беларусі таксама не чужыя людзі. Дзясяткі тысяч жыхароў паўднёвай суседкі ўжо знайшлі ў Беларусі другую Радзіму, а многія ўжо нават паспелі атрымаць беларускае грамадзянства.
Ну і, вядома, краіна бездакорна выконвае свае саюзніцкія абавязацельствы. Як тут не ўзгадаць фразу Аляксандра Лукашэнкі: «Мы нікому не дазволім страляць у спіну рускаму чалавеку!» Размова пра заходні напрамак, дзе Беларусь забяспечвае бяспеку на фоне ўсё большай мілітарызацыі. «Тое, што скажуць амерыканцы, тое і робяць... Палякі не дурныя людзі. Але хто іх слухае? Там такая таталітарная краіна, што далей няма куды, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка несамастойнасць Польшчы ў прыняцці рашэнняў у час размовы з журналістамі ў Хатыні. — Вось там, асабліва Польшча — гіена Еўропы. Гэтыя літоўцы. Яны ж з палякамі таксама адзін аднаго ненавідзяць. Ведаеце чаму. Ну, вось аб’ядналі амерыканцы іх. Гэты пояс утварыўся. Яны рыхтуюцца супраць нас ваяваць. Ну, няхай паспрабуюць».
«Першае пытанне, якое мы абмяркуем з Пуціным, — як мы іх павінны паставіць на месца», — дадаў Прэзідэнт.
Разам з тым кіраўнік дзяржавы заўсёды падкрэсліваў і на справе даказваў, што Беларусь не прымае вайну. «Вайна — гэта вельмі дрэнна, гэта страшна. Жыццё сёння зусім іншае, чым у 1941-м. Тады ж людзі жылі прасцей і больш-менш аднолькава. Не было таго камфорту, у якім сёння жывём мы. І не дай бог вайна, то самае простае, што нам давядзецца зрабіць — гэта павылазіць з гэтага камфорту і жыць у жудасных умовах, пераносіць увесь цяжар ваеннага часу. Хто гэтага хоча? Ніхто! Ніхто ў свеце гэтага не хоча! Але кіраўнікі некаторых краін, забыўшы аб гэтым, ашалелі наогул — яны ў гэтай вайне думаюць перамагчы. Перамогі ў гэтай вайне не будзе. Прайграем усе! Таму мы не хочам вайны, мы наваяваліся. Наш народ мільёны страціў у мінулых войнах. Мы хочам мірна жыць і працаваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка ў мінулагоднім Пасланні.
Шкада толькі, што не ўсе краіны — суседзі Беларусі падзяляюць гэтыя каштоўнасці. Хочаш міру — рыхтуйся да вайны, — не раз нагадваў старажытную мудрасць беларускі лідар. Таму порах трэба трымаць сухім, абучаць людзей ваеннай справе, мадэрнізаваць армію. Усё тое, чым Беларусь і яе Прэзідэнт займаліся на працягу ўжо амаль трох дзесяцігоддзяў. Гэта таксама плата за суверэнітэт і незалежнасць.
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.