Публікуем размову з прэс-сакратаром Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Жаннай Гурынай аб праекце «ТэатраТэрапія», складаных спектаклях і людзях.
— На сайце РТБД побач з вашым іменем цэлы шэраг пасад: прэс-сакратар, кантэнт-менеджар, аўтар блога на сайце, аўтар і куратар творчай лабараторыі «ТэатраТэрапія». Як склаўся такі шырокі спіс пазіцый?
— Гэта сапраўды так. У гэтым сезоне проста адкрыла, што я сапраўды маю шмат абавязкаў. Мне здаецца, што так і павінна быць, калі займаешся любімай справай. Таму што прыходзіць на працу і рабіць мінімум… Ну навошта? Калі можна працаваць добра, ствараць новыя праекты, якія будуць дапамагаць гледачам, дапамагаць нам таксама. Мне важна адчуваць каштоўнасць таго месца, у якім праходзіць значная частка майго жыцця.
Я ўжо шосты год у тэатры, калі не ўлічваць невялікі перапынак у нашых стасунках. Даведалася аб РТБД з універсітэцкай насценгазеты. Пачала глядзець сайт, сацсеткі, здзівілася. На ўзроўні каштоўнасцей, візуалу гэта так супадала з маімі поглядамі. Таму проста прыйшла ў тэатр і сказала, што хачу тут працаваць.
Кожную вольную хвіліну я імкнулася ў РТБД, каб у кагосьці ўзяць інтэрв’ю, атрымаць каментарый. Так пачала гутарыць з акцёрамі, афармляць у тэкст. Паступова вось такім чынам нарадзіўся «Блог».
У гэтым спісе няма адной пасады. Пэўны час я працавала ў касе. Гэта асаблівы досвед, спецыфічны. Табе патрэбна не проста прадаць квіток, а параіць, распавесці, парэкамендаваць! А я і так люблю кожны наш спектакль. Аднойчы жанчына расплакалася ад майго аповеду і папрасіла абняцца. ТэатраТэрапія пачалася ўжо тады.
Людзі, якія цяпер прыходзяць на «ТэатраТэрапію», — гэта тыя, хто хоча бачыць перад сабой чалавека. Не манекен, які не цэніць іх эмацыянальны досвед пасля прагляду спектакля, іх боль, страхі і пакуты. Яны імкнуцца да чалавека, які будзе іх бачыць, які прайшоў праз нейкія жыццёвыя цяжкасці. Вельмі важна трымаць сэрца адкрытым. Трэба мець вялікую смеласць, каб зазірнуць у сябе, убачыць сваю сапраўднасць. Усё гэта здараецца на «ТэатраТэрапіі». Часам адбываюцца нейкія дзівосныя рэчы.
— «ТэатраТэрапія» — гэта прастора, дзе чалавек сутыкаецца з сабой, што часам няпроста. Там патрэбен спецыяліст, здольны ўважліва да яго паставіцца. Які досвед і адукацыю ў псіхалагічнай галіне вы маеце?
— Адразу адзначу, што я дагэтуль працягваю вучыцца. Мне хочацца развівацца і расці. Навучанне ў псіхалагічных кірунках не толькі дзеля ведаў і досведу, для мяне гэта такая валіза, куды я складаю ўсе набытыя ў працэсе скарбы. А пасля пры нагодзе штосьці з гэтай валізы дастаю і карыстаюся. Як фокуснік дастае з рукава стужачку.
Пачаўся мой досвед з трансфармацыйнага коўчынгу, таму што ў яго ўваходзяць самыя эфектыўныя інструменты з розных кірункаў. Я ўспамінаю той перыяд свайго жыцця, які прыпаў на вучобу, і ён выклікае цёплыя, трапяткія, пяшчотныя пачуцці. Мае першыя настаўнікі сталі для мяне прыкладам чалавечнасці ў тэрапіі і далёка за яе межамі.
Асаблівы для мяне вопыт вывучэння энеаграмы — гэта мадэль бессвядомых паводзін чалавека, якая апісвае дзевяць фундаментальных тыпаў асобы. Вельмі добра гэтая мадэль тлумачыць узаемаадносіны паміж людзьмі, дапамагае таксама пазнаёміцца з сабой і ведаць, у якіх сферах жыцця развівацца, расці, з чым працаваць. Чаму нам з кімсьці камфортна, а хтосьці выклікае злосць ці раздражненне.
Пасля былі гештальт-тэрапія, экзістэнцыянальная псіхатэрапія і генератыўны гіпноз.
— З чаго ўзнікала ідэя такой незвычайнай творчай лабараторыі? Гэта недзе было падлегледжана альбо гаворка ідзе пра ўнікальны праект?
— Такія праекты, як «ТэатраТэрапія», узнікаюць з унутранай падрыхтаванасці. І ў першую чаргу вельмі важны асабісты досвед групавой тэрапіі. Калі назапашваецца пэўны вопыт, то ўжо ведаеш, як абыходзіцца з тым ці іншым запытам. Заўсёды пад рукой валіза з інструментамі.
У кастрычніку 2022-га адбылася першая сустрэча. Я не хацела гледача кідаць адразу ў абсалютна новы фармат. Атрымаўся такі пераходны варыянт. Мы абмяркоўвалі спектакль, эмацыянальную рэакцыю ўдзельнікаў, і пэўнай апорай для гледачоў была артыстка Людміла Сідаркевіч. Тады на абмеркаванні было больш за дваццаць чалавек. Пазней вырашыла скараціць колькасць удзельнікаў.
Што тычыцца ўнікальнасці. Я не знайшла нічога падобнага. У нас у Беларусі такога дакладна ніхто не робіць. Магчыма, такі фармат існуе дзесьці за мяжой, але даведацца пра гэта складана. «ТэатраТэрапія» — гэта не феномен. Нельга сказаць, што вось Жанна Гурына прыдумала яе. Арт-тэрапія існуе сама па сабе як кірунак.
— Хто туды можа патрапіць? Ці трэба праходзіць нейкі адбор?
— Людзі, якія цяпер прыходзяць на «ТэатраТэрапію», — гэта тыя, хто хоча бачыць перад сабой чалавека. Не манекен, які не цэніць іх эмацыянальны досвед пасля прагляду спектакля, іх боль, страхі і пакуты. Яны імкнуцца да чалавека, які будзе іх бачыць, які прайшоў праз нейкія жыццёвыя цяжкасці.
Вельмі важна трымаць сэрца адкрытым. Трэба мець вялікую смеласць, каб зазірнуць у сябе, убачыць сваю сапраўднасць. Усё гэта здараецца на «ТэатраТэрапіі». Часам адбываюцца нейкія дзівосныя рэчы.
На сустрэчах я імкнуся стварыць бяспечную прастору. Таму калі чалавек браніруе месца і кажа: «Я хачу на ТэатраТэрапію!», то абавязкова праводжу гутарку. Група фарміруецца з пэўным эмацыянальным полем, і калі прыйдзе чалавек, каб проста паглядзець, то справа не пойдзе. Патрэбна не падрыхтоўка, а ўнутраная гатоўнасць.
— З новага года ў фармаце «ТэатраТэрапіі» адбыліся змены. Як праходзяць сустрэчы ў межах лабараторыі цяпер?
— Так, з новага года мы перайшлі да двухдзённага фармату. З самага пачатку было зразумела, што людзі прыносяць эмацыянальны фон з сабой. Калі чалавек перажывае развод, то ён нават у дзіцячым спектаклі ўбачыць гэты развод. Так і атрымліваецца: глядзяць камедыю і плачуць. Таму я пачала падводзіць удзельнікаў да новага фармату. Беражліва, амаль што незаўважна.
Паступова намецілася дынаміка, наладзіліся ўзаемаадносіны, людзі пачалі бачыць адно аднаго, а не толькі мяне. Справа пайшла! У снежні я агучыла, што з новага года ў нас «ТэатраТэрапія» два дні. Мне адказалі: «Ура!» — гэта пра патрэбу ўдзельнікаў і ўнутранай гатоўнасці ісці далей.
Перад кожнай сустрэчай ужо вядома тэма. Як працуе група? Мы збіраем «поле»: хто з чым прыйшоў, хто з чым хацеў бы сёння папрацаваць? Збіраецца пэўны групавы запыт, і мы з ім працуем. Тэрапія — гэта ў першую чаргу стасункі. «ТэатраТэрапія» — таксама.
Пасля прагляду ўдзельнікі ідуць дадому пераначаваць са сваімі ўражаннямі. А ўжо на наступны дзень абмяркоўваем спектакль. Некаторыя з гледачоў прызнаваліся: «Калі б не “ТэатраТэрапія”, з гэтым спектаклем не справіўся б». Вось такія пастаноўкі ў РТБД: кожны раз даводзіцца працаваць, акцёрам — на сцэне, а гледачам — у зале.
Часта бывае, што ў мяне пытаюцца, а што ж хацеў сказаць аўтар. Адказ адзін: аўтар што хацеў, тое і сказаў. Галоўнае зараз — што ўбачыў глядач. Часам лю-
дзі просяць нешта перадаць акцёру альбо рэжысёру. Заўсёды перадаю!
— Як вызначаецца тэма для сустрэчы? Ад чаго яна залежыць? Ад вашага жадання, дынамікі групы ці афішы РТБД?
— Першы спектакль у гэтым годзе, які разглядалі на «ТэатраТэрапіі», — «Паляванне на сябе». Я прыйшла на рэпетыцыю пастаноўкі і пачула такі выраз: «Я маленькі хлопчык, мяне завуць Віця Зілаў». Вельмі часта фраза паўтараецца. Я стала думаць і разважаць. У спектаклі герой Віця Зілаў робіць шмат жудасных рэчаў. Мне шкада гэтага маленькага дарослага хлопчыка, які згубіў сувязь з унутраным дзіцём. Так узнікла тэма «Унутраныя дзеці параненых дарослых».
Потым лагічна, калі мы пагаварылі пра дзяцей, закрануць фігуры бацькоў, унутраныя вобразы бацькоў альбо тых, хто іх замяняў у дзяцінстве, таму мы кажам Бацькоўскія фігуры. А што ў нас пра іх? «Шлюб з ветрам»! Гісторыя ўзмоцнена беларускімі народнымі спевамі, метафарамі і сімваламі. Гэта яшчэ больш дадае глебы для працы.
— Якое стаўленне да праекта ў кіраўніцтва тэатра і акцёраў?
— Яны разумеюць, наколькі важная і каштоўная гэтая праца. Таму што сапраўды ёсць спектаклі і людзі, якія могуць не справіцца з убачаным. Эмоцыі сапраўдныя, але што з імі рабіць?! Як з імі абысціся? Зараз ёсць такая магчымасць. За што я вельмі ўдзячна тэатру.
— Што чакае«ТэатраТэрапію» ў будучыні?
— У сакавіку мы паглядзелі «Пачупкі», папрацавалі і абмеркавалі тэму «Работа з інтраектамі». У красавіку будзе анлайн-прагляд пастаноўкі «Бетон». Там мы закранём тэму цела і прыняцця сябе. А ў маі наведаем «Сірожу» і раскладзём галоўных герояў па тыпах энеаграмы. Планы ёсць, аднак і дынаміка ў групы ёсць — гэта больш каштоўна.
Я захапляюся смеласцю людзей, якія прыходзяць на «ТэатраТэрапію». Таму што, каб адважыцца на сустрэчу з самім сабой, патрэбна мець моц.
Гутарыла Яна ЦЭГЛА
Сельская гаспадарка — прыярытэтны кірунак сярод галін эканомікі.
А ў сельсавет звярнуцца не спрабавалі?