Вы тут

Асоба і гісторыя. Калі ўзрост мае значэнне


1 красавіка праваслаўныя ўшаноўваюць памяць святой Сафіі Слуцкай. Гэта адна з нешматлікіх у Беларусі славутых асоб, памяць аб якой, так бы мовіць, ёсць у матэрыяльным увасабленні — у Свята-Духавым кафедральным саборы знаходзяцца яе мошчы. Памятаеце,як ісці да іконы Маці Божай Мінскай, злева ў нефе невялікая жаночая фігурка пад залацістым пакрывалам. Гэта яна, святая Сафія. Пачынаеш чытаць пра яе жыццё — здзіўляешся мужнасці і, як бы сёння сказалі, прынцыповасці гэтай жанчыны, якая жыла больш за чатырыста гадоў таму. Дачка славутага княжацкага роду Алелькавічаў, яна ў няпоўныя дзесяць гадоў засталася круглай сіратой. Пасля памерлі і яе дзядзькі, і дзяўчынка-падлетак стала самай багатай нявестай ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Выхоўвалася ў апекуноў Хадкевічаў, спачатку ў Брэсце, потым у Вільні. Яе сасваталі за гэтаксама багатага знатнага нашчадка з роду Радзівілаў. Але Радзівілы на той момант былі пратэстантамі. І дзяўчына, не пярэчачы волі дарослых, паставіла толькі адну ўмову свайго замужжа: яе не будуць прымушаць мяняць праваслаўнае веравызнанне, а дзеці, якія народзяцца ад шлюбу, таксама будуць праваслаўныя. Яна была, паўтаруся, самай багатай нявестай вялікай краіны і магла дыктаваць свае ўмовы. Выйшаўшы замуж, маладая княгіня апекавалася захаваннем праваслаўя на Слуцкай зямлі. А было гэта пасля прыняцця Брэсцкай уніі, калі праваслаўныя прыходы нярэдка гвалтам «перахрышчвалі» ва ўніяцкія. Мала таго, яна дабілася ад маладога мужа, каб ён выпрасіў у караля права для Слуцкіх зямель заставацца праваслаўнымі. І кароль даў такі дазвол...


Жыццеапісанне святой прыведзена ў вельмі скарочаным выглядзе. Засталася па-за вачэй яшчэ да вяселля сапраўдная вайна паміж Хадкевічамі і Радзівіламі, і ў многім дзякуючы князёўне Сафіі ўдалося пазбегнуць вялікай крыві. Але нават у гэтым скарочаным жыццяпісе — ведаеце, што ўражвае найбольш? Узрост святой. Яна выйшла замуж у пятнаццаць гадоў, памерла з родаў у дваццаць шэсць. Атрымліваецца, усю гэту стойкасць, прынцыповасць праяўляла — прычым так, што падпарадкоўваўся нават кароль — маладзенькае дзяўчо, зусім дзіця, як па сённяшнім разуменні.

Апасля вось гэтага здзіўлення і ўсведамлення пачынаеш разважаць ужо пра іншае. Пра тое, у якім інфантыльным грамадстве мы жывём сёння, пра тое, як не хочуць станавіцца дарослымі нашы дзеці, а мы ім у гэтым нежаданні з ахвотай патураем. Толькі часам, калі ўжо зусім нешта дастане, кідаем злосна здароваму бэйбусу, які нават ложак сам запраўляць не ўмее: «Гайдар у твае гады палком камандаваў!» На што барадаты «дзіцёнак» або прамаўчыць, або, калі больш начытаны, агрызнецца: «У нас жа не грамадзянская вайна...» І што мы на гэта? Правільна, ідзём засцілаем за бэйбусам ложак.

Пятнаццацігадовым цвыгаўкам сёння не трэба вырашаць лёс дынастычнага шлюбу і веравызнання — час змяніўся. Але ці многія з іх маюць уяўленне аб элементарных побытавых рэчах — уключыць пральную машынку, напрыклад, а пасля дастаць і развесіць памытае? Пішу, бо ведаю такіх маміных дзяўчынак, якія паняцця не маюць, як да машынкі або да пліты падысці. Навошта, калі ёсць маці і бабуля, лепш павыстаўляць пасты ў сацыяльных сетках, назбіраць лайкаў, пацешыць сваё самалюбства. І добра, калі, крыху пасталеўшы, яны паступяць вучыцца, атрымаюць прафесію. Але няма гарантыі таго, што, нават скончыўшы ВНУ, сынок ці дачушка «ў пошуках сябе», якія могуць ну вельмі зацягнуцца, не сядуць трывала на бацькоўскую шыю. Прынамсі, думаю, што кожны з чытачоў падобны як мінімум адзін прыклад прыгадае.

Нядаўна ў кампаніі тых самых бацькоў, якім сёння па сорак пяць плюс, мы разважалі, чаму ў нашага пакалення, якое рана пасталела ў цяжкія 90-я, выраслі такія інфантыльныя, нярэдка не прыстасаваныя да жыцця нашчадкі. Прыйшлі да высновы, што вінаватыя ва ўсім цяплічныя ўмовы. Яны з'явіліся па аб'ектыўных прычынах: жыць стала спакайней і багацей, не трэба думаць, што паесці і апрануць. Але гэтыя ўмовы яшчэ больш ствараем мы самі, бо хочам, каб яны жылі лепш, чым мы, праўда? Толькі кожны вопытны агароднік скажа, што калі цяпліцу клапатліва, каб не дай бог што не здарылася, трымаць зачыненай, парасткі стануць кволымі і нежыццяздольнымі.

Дзякуй богу, у нас сёння не пачатак сямнаццатага стагоддзя, калі выбар веры мог каштаваць жыцця, і не пачатак або сярэдзіна дваццатага, калі дзеці вымушаны былі ісці ваяваць. І нашым падлеткам не трэба быць Сафіяй Слуцкай або Аркадзем Голікавым ці Маратам Казеем. Але часы і сёння няпростыя. І лёгка ў найбліжэйшыя месяцы, а можа, і гады, наўрад ці будзе. Можа, гэтыя няпростыя часы прымусяць нашых вялікаўзроставых дзяцей стаць нарэшце дарослымі? Не святымі, не героямі — проста людзьмі, якім не страшна будзе пакінуць свой дом і сваю зямлю.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».