Вы тут

Старадаўнюю сядзібу ў Ганцавіцкім раёне прадаюць з пачатковым коштам у адну базавую


Гэта не сцены з дахам, не руіны на падмурку, а цалкам прыстойны дом, з вокнамі і дзвярамі, з электрычнасцю, каналізацыяй, а самае галоўнае — з гісторыяй, бо ўзведзены больш за сто гадоў таму. І тэарэтычна ён можа быць прададзены за 37 рублёў. Таргі прызначаны на заўтра.


Вядома, да сядзібы трэба прыкласці рукі і ўкласці сродкі, пэўна, немалыя. Але ж сама аўра маёнтка, архітэктура, гісторыя таго вартыя. І мясціна там надзіва маляўнічая. Новы гаспадар зможа адрадзіць дом пад жыллё, зрабіць гасцініцу ці яшчэ які аб'ект. Гэта ж лепш, чым ён будзе стаяць і разбурацца.

Паводле некаторых дакументаў, сядзібу ў Агарэвічах узвялі ў 1911 годзе. Ёю ў розныя гады валодалі розныя гаспадары, напрыклад, будавалі дом Свяжынскія, перабудоўвалі ўжо Апацкія. У кнізе Анатоля Федарука «Старадаўнія сядзібы Берасцейшчыны» чытаем: «...Дом пабудовы другой паловы ХІХ стагоддзя дабудоўваўся ў 1911 годзе. Сядзіба ўключала сядзібны дом на 11 пакояў, два флігелі, парк, водную сістэму, гаспадарчыя пабудовы. Закладзеная на роўнай мясцовасці, мае сіметрычна-восевую кампазіцыю. На галоўнай восі размешчана алея з таполі белай. Уезд аформлены невялікай брамай з двух каменных пілонаў, завершаных канічнымі дахамі. Дом аднапавярховы з высокім дахам, да ўсходняга фасада прыбудаваная паўратонда з зімовым садам. На парадным фасадзе размешчаны ганак на чатырох калонах».

Паводле апісання Федарука, цікава былі выкананы парк, сістэма вадаёмаў. Словам, была невялікая, дакладна спланаваная, утульная сядзіба. Але ў 1939 годзе напаткаў яе незайздросны лёс: сядзібу часткова разрабавалі, гаспадыню саслалі ў Сібір.

Праўда, у 1990-х гадах маёнтак адрамантавалі, тут паявілася гасцініца. У 1994 годзе ў Агарэвічах прымалі конныя спаборніцтвы. Мясцовая гаспадарка займалася конегадоўляй, абсталявала іпадром. Кажуць, што на скачкі зазіралі вельмі нават высокія госці.

Але ж Федарук называе тую рэканструкцыю крайне няўдалай: «Сядзіба страціла асноўныя сядзібныя рысы, дом прыняў выгляд катэджа, на месцы вадаёма ўладкавалі танцпляцоўку»...

Добра, аднак, ужо і тое, што не дапусцілі канчатковага занядбання. Доўгі час гаспадаром сядзібы было сельгаспрадпрыемства, якое ў гістарычным будынку размясціла сталовую для работнікаў. Ды з часам гаспадарцы стала нявыгадна ўтрымліваць такі аб'ект. Два гады таму сядзібу перадалі на баланс аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Таму прадаўцом выступае названы аддзел. Перш чым справа дайшла да аўкцыёну, аддзел працяглы час займаўся падрыхтоўкай дакументаў. Прынялі аб'ект фактычна з адной паперай, у якой значылася: «Панскі дом». Але ўвесь падрыхтоўчы этап нарэшце пройдзены, пакет дакументаў, уключаючы праект ахоўнай зоны, атрыманы, і новы ўласнік выстаўляе аб'ект на таргі.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Віктар Супрун расказаў карэспандэнту, што сядзіба выстаўляецца ўжо чацвёрты раз. Першапачатковы стартавы кошт складаў 161 тысячу рублёў. Ахвотных не знайшлося, другая спроба з паніжэннем цаны да 60 тысяч таксама не стала паспяховай, не прадалі аб'ект і за 31 тысячу, ды вось цяпер выстаўляюць за адну базавую.

Лот уключае ў сябе тры штучныя сажалкі, а таксама парк. Амаль два з паловай гектара зямлі аддаецца ў арэнду на 30 гадоў новаму гаспадару пасля здзелкі. Вядома, пераможца таргоў павінен узяць на сябе абавязацельства беражлівага стаўлення да помніка гісторыі і культуры — захаваць аўтэнтычнасць, асаблівасці архітэктурнай пабудовы.

У Ганцавіцкім раёне гэта адзіная такая сядзіба. І тут скарысталіся магчымасцю, якую дае Указ Прэзідэнта Беларусі № 330 «Аб распараджэнні маёмасцю», які ўступіў у сілу літаральна некалькі дзён таму — 23 сакавіка. Згодна з гэтым дакументам, паявілася магчымасць продажу аб'ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці з коштам адна базавая велічыня.

Віктар Супрун расказаў, што таргі будуць электронныя, заяўкі на ўдзел прымае камітэт «Брэстаблмаёмасць», таму ў Ганцавічах не ведаюць, колькі канкрэтна пададзена заявак. Але ж з улікам таго, што прыязджала паглядзець дом нямала патэнцыйных пакупнікоў, дапускаюць, што ўдзельнікаў збярэцца не менш чым паўдзясятка. Абсалютная большасць з іх — жыхары нашай сталіцы. Так што таргі абяцаюць быць цікавымі, а лічбы — значна перавысіць адну базавую.

Можа, на гэты раз пашанцуе сядзібе: дачакаецца яна свайго часу, каб стаць прывабным аб'ектам для турызму альбо ўтульным домам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.