Відавочна, што ў сусветнай мастацкай гісторыі савецкая літаратура будзе яшчэ доўга займаць сваё ўласнае, сваё арыгінальнае месца. Адхрысціцца ад яе не атрымаецца нават у тых, хто далёкі ад камуністычных перакананняў, хто лічыць камуністычны характар мышлення, камуністычную філасофію заганнай праявай чалавечага, грамадскага ўладкавання ў свеце... Канешне ж, у адным агульным фармаце савецкай літаратуры пісьменнікі-індывідуўмы былі асобамі самымі рознымі. Адны шчыра служылі ідэі, другія спрабавалі сумясціць ідэю і рэальнае жыццё, іншыя імкнуліся паказваць усю праўду, усе праявы і заганы тагачаснага ладу жыцця...
Аляксандр Фадзееў, надзелены прыродай талентам мастака слова, быў, несумненна, сярод першых. Таму і біяграфія яго такая як быццам роўная і разам з тым унутрана складаная, пакручастая. Свой першы сур’ёзны твор — аповесць «Разліў» — учарашні юны далёкаўсходні партызан грамадзянскай вайны, камісар 8-й Амурская стралковай брыгады напісаў ва ўзросце 21-22 гадоў. А яшчэ праз два-тры гады ён працуе над раманам «Разгром». Адзін з крытыкаў зазначыў наступнае: «Такога поспеху, які выпаў на долю рамана „Разгром“ , не меў ніводны твор савецкай літаратуры 1920-х гадоў. Вострая класавая барацьба на літаратурным фронце, якую раздувалі раппаўцы, раптам знайшла прымірэнне ў ацэнцы востракласавага „Разгрома“, і самыя раз’юшаныя праціўнікі загаварылі адной, агульнай мовай». Дарэчы, самую першую станоўчую рэцэнзію пра раман і творчасць Фадзеева ўвогуле напісаў («Молодая гвардия», 1926, N 4) наш зямляк — ураджэнец Магілёва Лабары Калмансон, які выступаў пад псеўданімам Г. Лялевіч. Літаратурны дэбют яго пад псеўданімам Л. Магілёўскі адбыўся ў магілёўскай абласной газеце «Молот» (16-гадовы юнак надрукаваў падборку вершаў)...
Шмат гадоў А. Фадзееў кіраваў пісьменніцкімі арганізацыямі рознага ўзроўню. У 1939 — 1956 гг. Аляксандр Аляксандравіч Фадзееў — сакратар, генеральны сакратар і старшыня праўлення, ізноў сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. І, канешне ж, у сваёй грамадска-палітычнай, арганізатарскай, творчай дзейнасці аўтар «Разгрому», «Маладой гвардыі» не аднойчы сутыкаўся з беларускімі пісьменнікамі і адпаведна — ліставаўся з імі. На такі штрышок у «эпісталярнай біяграфіі» вядомага рускага савецкага пісьменніка давайце і звернем увагу. Такую магчымасць нам прадастаўляе выдадзены ў 1973 годзе том «Лісты 1916 — 1956» Аляксандра Фадзеева, падрыхтаваны да друку літаратуразнаўцам Сяргеем Рыгоравічам Прэабражэнскім (1908 — 1979), які служыў у Фадзеева памочнікам, а ў 1956 годзе быў прызначаны намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Юность».
З якімі ж пытаннямі звяртаўся высокі пісьменніцкі начальнік (яго яшчэ называлі «пісьменніцкі міністр») да беларускіх літаратараў?..
Напрыканцы снежня 1952 года кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі Савецкага Саюза віншуе народнага паэта Беларусі Якуба Коласа з юбілеем: «Дарагі Канстанцін Міхайлавіч!
Ад усёй душы віншую Вас з Новым годам, адначасна з Вашым слаўным 70-годдзем. Хвароба памяшала мне своечасова прывітаць Вас. Вы ведаеце, як глыбока я люблю Вас — выдатнага мастака і чалавека, якая блізкая майму сэрцу Ваша выдатная творчасць, прасякнутая ад першага радка да апошняга любоўю да народа.
Жадаю Вам доўгіх гадоў жыцця і новых творчых дасягненняў.
Аляксандр Фадзееў». Такім быў тэкст віншавальнай тэлеграмы...
У лютым 1955 года А. Фадзееў піша адразу некалькі лістоў беларускім пісьменнікам. Гэта перш-наперш звязана з дэкадай беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве, якая праходзіла з 11 па 21 лютага 1955 года. 16 лютага г. г. Аляксандр Аляксандравіч піша Макару Паслядовічу... Нагадаем: Макар Паслядовіч (1906 — 1984) — празаік, перакладчык. Друкавацца пачаў яшчэ ў 1927 у часопісе «Паляўнічы Беларусі». Першыя кнігі — зборнікі апавяданняў «Зруйнаваныя межы» і «Людзі вясны» (абодва — 1930). Яшчэ ў даваенны час напісаў і выдаў аповесці «Марсель» і «Хада ў заўтра», кнігу прозы для дзяцей «Вучоны верабей» і іншыя творы. Пераклаў на беларускую мову творы А. Пушкіна, А. Чэхава, аповесць М. В. Гогаля «Тарас Бульба», раман Р. Джаваньёлі «Спартак», раман М. Астроўскага «Народжаныя бурай», творы ўкраінскіх, польскіх пісьменнікаў. У 1948 — 1950 гг. выдаў раманы «Цёплае дыханне» і «Святло над Ліпскам».
З пісьма А. Фадзеева беларускаму пісьменніку: «Дарагі Макар Трафімавіч!
Хвароба памяшала мне прыняць асабісты ўдзел у абмеркаванні беларускай прозы апошніх гадоў — у Саюзе пісьменнікаў. Гэта пісьмо я пішу Вам з бальніцы.
Я вельмі ўважліва і дэталёва азнаёміўся з раманам Вашым „Святло над Ліпскам“. Усе мае галоўныя заўвагі да яго зроблены па тэксту: я накіроўваю Вам Вашу ж кнігу з гэтымі заўвагамі. Усё, што я скажу Вам у гэтым пісьме, з’яўляецца, так бы мовіць, толькі згусткам таго, што болей падрабязна разгледжана на палях кнігі.
Але напачатку скажу некалькі слоў на тэмы, якія я ў сваіх заўвагах на палях кнігі не закранаю. Зразумела, Вы пісалі раман у 1949 — 52 гадах, і ў ім я мог бы адзначыць: 1. Недахопы, агульныя для калгасных раманаў таго часу, — у тым сэнсе, што сапраўдныя цяжкасці, супярэчнасці і абуральныя заганы калгаснага будаўніцтва тых гадоў не не адлюстраваны ( так у лісце А. Фадзеева — А. К.) (поруч з тым перадавым і добрым, што і тады і сёння павінна займаць і займае ў нашых раманах галоўнае месца і што вы адлюстравалі). 2. Некаторыя застарэлыя погляды ў галіне сельскагаспадарчай навукі, уласцівыя таму часу: напрыклад, прыняцце цалкам Вільямса за ўзор. Нарэшце, у пытанні вапнавання кіслых глебаў і ў тыя гады людзі думалі гэтак жа правільна, як і сёння, і тут Вы не памыліліся».
І далей: «Але я не схільны дакараць Вас за гэтыя недахопы. Вам трэба толькі падумаць пра тое, каб пры перавыданні рамана выправіць усё, што неабходна, — я маю на ўвазпе, канешне, другі пункт гэтых маіх заўваг, ці ў адносінах першага пункта размова можа ісці хіба што толькі пра тое, каб прыбраць некаторыя выказванні, што „прыгладжваюць“, так, можа быць, болей рэзка і рэльефна падаць некаторыя недахопы, Вамі ўжо падгледжаныя (напрыклад, у калгасе „Новы шлях“).
Але ў гэтых пытаннях я проста не правы Вас „вучыць“. У Вашым рамане прываблівае, у першую чаргу, Ваша рознабаковае веданне калгаснага жыцця і любоў да калгаснага жыцця. У гэтым сэнсе Вы нагэтулькі сягнулі ў яго дэталі, асабліва ў галіне сельскагаспадарчай вытворчасці, што яны часам Вас нават... задушылі. Большай часткай гэта пададзена сакавіта, смачна, але так усё ж многа гэтага ўсяго, што чытач (такі, як я, напрыклад) не ў сілах ўсё гэта засвоіць, мне гэта часта падаецца ўжо лішнім, паўтараецца. Ёсць, дарэчы, і сухія апісанні і тлумачэнні. І Вам трэба ў гэтым сэнсе проста шмат што скараціць. Але ўлічыце, што тут шмат і цудоўнага.
Вялікім, бясспрэчным дасягненнем Вашага рамана я лічу тое, што Вы далі шэраг жыццёва верных і па-мастацку вылепленых Вамі, запамінальных характараў, якія выклікаюць жывыя пачуцці ў чытача...»
Макар Паслядовіч, сам па нараджэнню вясковец (з вёскі Караваева Пухавіцкага раёна), добра ведаў калгаснае жыццё. І ў родных мясцінах, і па ўсёй Беларусі. А ў пасляваенныя гады, у 1945 — 1948-м, пісьменнік працаваў спецыяльным карэспандэнтам партыйнай рэспубліканскай газеты «Звязда», аб’ездзіў многія раёны рэспублікі. У значнай ступені падзеі раманаў выпісаны ўсё ж з жыцця пухавіцкіх землякоў…
І яшчэ піша Аляксандр Аляксандравіч: «...Прырода ў Вас цудоўная. Апісанні яе даставілі мне сапраўдную асалоду.
Учора, закончыўшы чытанне Вашага рамана, я ўзяў навушнікі і раптам пачуў па радыё перадачу „Паўлінкі“. (Яе перадавалі па запісу). Было так дзіўна гэта пасля таго, як я толькі закрыў кнігу, якая заканчвалася Паўлінкай.
Я з задавальненнем праслухаў усю „Паўлінку“ і прашу Вас перадаць прывітанне цудоўным акцёрам з тэатра Янкі. Асабліва добрыя старэйшыя. Але і Паўлінка добрая, — ва ўсялякім выпадку, на слых. Перадайце таксама Івану Паўлавічу Мележу, што я зараз якраз чытаю яго раман і днямі напішу падобнае ж доўгае пісьмо па яго адрасу, — я не хачу гэтым сказаць, што напішу яму... тое самае! Але і яму „перападзе“.
Не судзіце, дарагі Макар Трафімавіч, за гэтую дамарослую крытыку. Жадаю Вам усяго самага лепшага ў Вашай літаратурнай працы і сардэчна Вас абдымаю. Перадавайце маё прывітанне і маю любоў усім маім беларускім сябрам.
Ваш А. Фадзееў.
Яшчэ праслухаў па радыё частку канцэрта хора Шырмы. Хор зрабіў на мяне проста чароўнае ўражанне».
Аляксандр Фадзееў даволі падрабязна ўжо праз два дні — 18 лютага — разглядае ў пісьме да Івана Мележа яго раман «Мінскі напрамак». Як і ў выпадку з прачытаннем і выкладаннем заўваг да раманаў М. Паслядовіча, сакратар СП СССР выступае вопытным, уважлівым рэдактарам. Ён так і піша: «...захапіўшыся працай рэдактара і „дарадцы“, я так падрабязна расклаў Ваш раман на палях кнігі, што патрэба ў доўгім пісьме адпала...»
А 19 лютага А. Фадзееў піша Віталю Вольскаму... «...Я атрымаў сапраўдную асалоду, праслухаўшы па радыё кампазіцыю па Вашай камедыі „Несцерка“. <...> Смех, які яна так натуральна нараджае, падобны да таго, які выклікаюць вясёлыя — з перцам — народныя казкі ці „Вечары на хутары паблізу Дзіканькі“, бо яна, камедыя Ваша, вельмі народная па сваёй сутнасці...»
19 лютага Аляксандр Аляксандравіч адгукаецца на Дэкаду і лістом да Петруся Броўкі... Шкадуе, што захварэў і не зможа прыняць удзел у Дэкадзе. Піша, што «раманы Паслядовіча і Броўкі ... разабраў сумленна і даслаў ім разгляд свой».
А праз два дні — эпісталярны зварот да Піліпа Пестрака ў звязку са знаёмствам з раманам «Сустрэнемся на барыкадах»... Відаць, раман беларускага празаіка і заходнебеларускага падпольшчыка Фадзееў чытаў асабліва ўважліва. Мо шукаў у вобразах герояў твора падабенства з сваім далёкаўсходнім падполлем... «Закончыў учора вечарам чытанне Вашага рамана „Сустрэнемся на барыкадах“ і да гэтага часу знаходжуся пад яго ўражаннем. Не таму, што раман Ваш пазбаўлены недахопаў, — не, недахопы ёсць, часам і буйныя, — але ў цэлым гэта ясны, чысты твор вялікай выхаваўчай і пазнавальнай сілы, — у гэтым сэнсе я, акрамя ўсяго іншага, прачытаў яго з карысцю для сябе: шмат даведаўся, што было вядома глуха і знешне, — знутры. А галоўная вартасць рамана ў тым, што ў ім пададзены выдатныя вобразы людзей з народа (такіх, напрыклад, як бацька Андрэя) і людзей, якія самааддана змагаюцца за народную свабоду і шчасце, людзей, якія народжаны тым самым народам, — Андрэй, Надзя (Вольга) і многія іншыя...» І апошнія радкі з ліста да Піліпа Пестрака: «...Дарагі Піліп Сямёнавіч, Вы вопытны літаратар старэйшага пакалення, і я палічыў магчымым зрабіць Вам усе свае заўвагі, толькі зыходзячы з таго, што ўсе мы вучымся і будзем вучыцца адзін у аднаго да самай смерці. А ад рамана ў цэлым у мяне засталося вельмі светлае пачуццё...»
Як па сённяшнім часе, то яны не такія ўжо і "старэйшыя«...Аляксандру Фадзееву — 53 гады. Піліпу Пестраку — 51 год... Але ж час быў іншым. За плячыма ў кожнага з іх — багаты вопыт барацьбы і змагання, як і багаты творчы вопыт... Праўда, раман А. Фадзеева выдаваўся болей 250 разоў, агульны тыраж яго склаў — 16 мільёнаў экзэмпляраў... Гісторыя «жыцця» рамана Піліпа Пестрака шматкрат болей сціплая. І ўсё ж у Пестрака — свой радок у гісторыі беларускай савецкай літаратуры. Як, дарэчы, і ў Макара Паслядовіча. Як — і ў народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі Івана Мележа, творы якога і зараз, між іншым, перавыдаюцца.
Ліставанне Аляксандра Фадзеева, яго ўвага да творчасці калег-літаратараў з Беларусі — яшчэ і прыклад таго, якімі былі стасункі паміж пісьменнікамі розных масштабаў, рознага творчага, грамадскага ранга. Аўтар «Разгрома» мог толькі здагадвацца, які яшчэ шлях пройдзе ў літаратуры, мастацтве Іван Паўлавіч Мележ... Але піша свайму малодшаму таварышу, аўтару рамана «Мінскі напрамак»: «...Калі ў Вас хопіць настойлівасці і характару прачасаць гэтую кнігу так, каб вымесці з яе ўсё смецце, усё лішняе і некалькі перабудаваць главы, ідучы, галоўным чынам, па той лініі, каб не пераскокваць часта ад героя да героя, а на болей доўгія тэрміны жыцця затрымліваць у полі зроку чытача галоўных герояў рамана (ці гераінь), — усе прыгожыя бакі гэтай кнігі выйдуць на першы план і яна стане значнай з’явай нашай літаратуры. А прыгожага ў гэтай кнізе шмат, — галоўным чынам, людзі...»
Аляксандра Фадзеева не стане ўжо крыху болей, чым праз год. Пісьменнік застрэліўся 13 мая 1956 года на сваім лецішчы ў Перадзелкіна. Толькі ў 1990 годзе будзе агучаны яго зварот да ЦК КПСС, які дагэтуль пільна ахоўваўся КДБ... «Не бачу магчымасці далей жыць, паколькі мастацтва, якому я аддаў жыццё сваё, загублена самаўпэнена-цемрашальскім кіраўніцтвам партыі і цяпер ужо не можа быць выпраўлена...»
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
Прэв’ю: pixabay.com
Фота з адкрытых крыніц
Кропка адліку гісторыі беларускага гандбола — 1950-я гады.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.