Вы тут

Новы «Дон Кіхот» ў Вялікім — лёгкасць, яркасць, тонкая іронія і тэхніка


Такое адчуванне, што балет «Дон Кіхот» у нас ішоў заўсёды. Прынамсі, хто даўно ходзіць у тэатр, разумее: гэта тая класіка, дзякуючы якой можна палюбіць балет (бо прыгожа, яскрава, задзірыста). Таму і быў у рэпертуары, хоць мяняліся версіі, імёны стваральнікаў, артысты. А хто любіць балет, той ведае: ёсць спектаклі, якія ў афішы не толькі дзеля таго, каб радаваць публіку, чаго таксама ніхто не адмяняе. І калі меркаваць па авацыях, якія гучалі падчас чарговай прэм'еры балета ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры Беларусі, то задача спрацавала на сто працэнтаў. Лёгкасць, яркасць, тонкая іронія ў гэтым балеце разам з вытанчанай тэхнікай артыстаў зрабілі яго ўлюбёным. Але балет «Дон Кіхот» патрэбны яшчэ і дзеля таго, што ў артыстаў павінна быць зацікаўленасць увесь час самаўдасканальвацца, каб справіцца са складанымі партыямі найлепшым чынам.


Таму Валянцін Елізар'еў, мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі, не адмовіўся ад «Дона Кіхота», які ў яго пастаноўцы быў у афішы з 1989 года, а прапанаваў новую рэдакцыю — сёмую па ліку за ўсю гісторыю тэатра (першая здарылася ў 1941 годзе). І якія толькі зоркі нашай сцэны не ўражвалі ў галоўных партыях — закаханых Кітры і Базыля. Але цяпер публіка будзе ацэньваць майстэрства салістаў новага пакалення, многія з якіх папоўнілі трупу апошнім часам. І калі партыя Кітры ў выкананні заслужанай артысткі Беларусі Людмілы Хітровай (якую на сцэне бачыла я) была чакана адточаная, то, напрыклад, да маладога артыста Дзмітрыя Уксуснікава ў ролі Базыля хацелася прыгледзецца: гэта адна з найбольш тэхнічна складаных мужчынскіх партый у класічных балетах. Але дзе ж набірацца досведу, калі не падчас працы? Бо той жа народны артыст Беларусі Антон Краўчанка цяпер будзе выходзіць у гэтым балеце ў вобразе самога Дона Кіхота — рыцара, які вандруе і марыць пра сваю Дульсінею. Але злучыць закаханых насуперак волі Ларэнца, бацьку Кітры (можна было бачыць у ёй народнага артыста Беларусі Канстанціна Кузняцова), — чым не подзвіг, здзейснены ў славу кахання? Але ж меркаваны багаты жаніх Гамаш выглядае настолькі няўпэўнена і смешна, што адразу зразумела: ніякіх шанцаў. Роля хоць і не галоўная, але яркая за кошт акцёрскага артыстызму (дзякуй Уладзіславу Рудэнку), яна ўпрыгожвае чыста балетную канву пэўнай адвольнасцю. Пры тым, што дзеянне адбываецца ў Іспаніі, дзе танцуюць сегізылью і фанданга, дзе жывуць смелыя тарэадоры і сустракаюцца вандроўнікі-цыганы, — балет шматнаселены і патрабуе ад выканаўцаў не толькі балетнай тэхнікі і майстэрства, але і артыстызму. Па гэта сёння людзі ідуць у тэатр — каб не закасцянела душа, каб была адкрытая для эмоцый, адчувала добрае і ўмела яму радавацца.

Іспанскі каларыт і гарачыню падкрэсліваюць новыя дэкарацыі і новыя касцюмы, створаныя мастаком-пастаноўшчыкам спектакля, народным мастаком Расіі Вячаславам Окуневым. Багацце колераў і багацце строяў, якія мы бачым цягам трох дзей, уражвае і здымае пытанні наконт таго, што балетная вясна ў Беларусі квітнее з балетам «Дон Кіхот», музыка да якога была створана Людвігам Мінкусам у ХІХ стагоддзі дзеля пастаноўкі Марыуса Петыпа. Гэта класіка, прыгажосць якой можна падкрэсліць і зрабіць прывабнай у наш час. Што ўдалося Елізар'еву. Чарговы раз засведчыць: нават класічны балет можа мець аўтарскае прачытанне.

Але галоўныя, дзякуючы каму будзе жыць балет на сцэне, — артысты, яны павінны запаліць, абудзіць эмоцыі і ўтрымліваць увагу на ўсе тры дзеі. У спектаклі задзейнічана вялікая частка трупы, сольныя партыі даверылі маладым артыстам — тут так многа новых імёнаў. Сапраўды, будзе цікава пабачыць і ацаніць усіх. Бо, можа быць, сярод іх ужо ёсць тыя, пра чыё майстэрства будуць хадзіць легенды.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.