Вы тут

У Беларусі і Палесціны вялікі патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва


Калі гаворка ідзе пра супрацоўніцтва дзвюх краін, у першую чаргу закранаюцца пытанні палітыкі, эканомікі, гандлю. Але не менш важнай для ўзаемаразумення і збліжэння народаў з'яўляецца сфера культуры. Пра тое, як развіваецца гэты кірунак у беларуска-палесцінскіх адносінах, пагутарылі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Дзяржавы Палесціна ў Рэспубліцы Беларусь Ахмедам Махамедам Аль-Мадбухам.


— Спадар пасол, калі вы пазнаёміліся з нашай краінай? Якімі былі першыя ўражанні?

— Гэта было даўно, у часы майго студэнцтва. Яшчэ ў 1990-я гады. Тады я вучыўся ў Маскве, і мы некалькі разоў прыязджалі ў Мінск. Тыя свае ўражанні не памятаю, тады ўсе гарады ў Савецкім Саюзе былі вельмі падобныя. Але калі я прыехаў сюды цяпер, уразіў маштаб горада: шырокія вуліцы, чыста, прыгожа, дагледжана, людзі добразычлівыя, аднолькава ставяцца да сваіх і замежнікаў, народ прыязны.

— Паміж нашымі краінамі ўсталяваліся сяброўскія сувязі. Як ацэньваеце стан беларуска-палесцінскіх адносін і перспектывы іх развіцця?

— Дагэтуль адносіны развіваліся галоўным чынам у палітычнай сферы, і мы ўдзячны Рэспубліцы Беларусь за нязменную падтрымку нашага народа ў міжнародных інстытутах. Я бачу, што ёсць вялікі патэнцыял для развіцця ў эканамічнай, навуковай, культурнай сферах. І стаўлю сабе задачу развіваць гэтыя напрамкі.

— Давайце падрабязней спынімся на культурным супрацоўніцтве. На якім узроўні беларуска-палесцінскія адносіны ў гэтай сферы?

— Я бачу, напрыклад, што беларуская і палесцінская вышыўка на нацыянальным адзенні маюць вельмі шмат падобных элементаў. І гэта таксама неяк збліжае нашы народы. Калі мы паказваем палесцінскія традыцыйныя ўборы, вашы людзі бачаць, што ў гэтым ёсць і штосьці беларускае. Працуем і над перакладам кніг, мае папярэднікі таксама ўдзялялі гэтаму вялікую ўвагу. Магчымы і абмен фальклорнымі музычнымі гуртамі. Сустракаліся з групай «Тамазур», якая можа паказаць беларускаму гледачу нашы нацыянальныя танцы. А калі яны яшчэ будуць апрануты ў палесцінскія нацыянальныя строі... Бяром удзел і ў розных фестывалях. Калі я прыехаў працаваць у Беларусь, ішла падрыхтоўка да міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Мы атрымалі запрашэнне, і я адразу вырашыў, што трэба ўдзельнічаць. Спытаў у супрацоўнікаў пасольства, ці была раней прадстаўлена наша краіна на ім. Высветлілася, што не. Таму ў экстранным парадку выбралі фільм, але ён, на жаль, не прайшоў адбор. Тады прапанавалі іншую вельмі цікавую стужку, у якой расказваецца пра непаразуменне паміж моладдзю і старэйшым пакаленнем у стаўленні да таго, што адбываецца ў краіне. Атрымаўся цікавы зварот і да вашых гледачоў, і да нашых суайчыннікаў, якія жывуць тут. Лічу, што культурны абмен вельмі важны, бо мы паказваем беларускаму чытачу, гледачу нашы рэаліі. І з дапамогай такой народнай дыпламатыі можна перадаць тое, што не атрымліваецца выказаць, а фільм ці іншы мастацкі твор распавядзе і пакажа. Гэта вельмі важна для абодвух бакоў.

— Якія тэмы пераважаюць у палесцінскай літаратуры, мастацтве?

— Асноўная тэма — наша барацьба за незалежнасць. Пішуць, натуральна, і пра каханне, але галоўнае, што хвалюе творцаў, — змаганне за суверэнітэт, свабоду нашай краіны, каб мы, нарэшце, маглі жыць вольна, як усе людзі на Зямлі. Як можа паэт пісаць пра каханне, калі ён едзе з аднаго горада ў іншы і павінен праходзіць 10-15 кантрольных пунктаў. Таму, хочаш не хочаш, будзеш пісаць пра гэта.

— Ці ёсць у палесцінскіх дзеячаў культуры цікавасць да Беларусі?

— Несумненна, ёсць. Таму што кожная краіна для пісьменніка, мастака, рэжысёра — гэта новыя магчымасці. У часы Савецкага Саюза многія нашы пісьменнікі бывалі ў Беларусі. У мяне няма дакладнай інфармацыі, ці прыязджаў хтосьці апошнім часам, але, думаю, прыязджалі. Таму што вашу краіну наведваў наш цяперашні прэзідэнт яшчэ да ўступлення на гэтую пасаду. Ён прыязджаў як прыватная асоба, і з ім былі і палітыкі, і пісьменнікі. Мы цяпер рыхтуем зборнік вершаў сарака палесцінскіх жанчын-паэтэс, які хацелі б прадставіць беларускаму чытачу. Вядзём перагаворы з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, каб дапамаглі з перакладам твораў на беларускую мову і вашы чытачы мелі магчымасць пазнаёміцца з нашай літаратурай, культурай.

— Якія культурныя мерапрыемствы плануе праводзіць Пасольства Дзяржавы Палесціна ў Рэспубліцы Беларусь?

— У мяне вялікія планы. Калі працаваў у Балгарыі, мы сумесна з іншымі азіяцкімі пасольствамі праводзілі «Азіяцкі фестываль («Аsіan festіval»). Кожны год прыдумвалі новую тэму: «Магія Усходу», «Каштоўнасці Азіі», «Скарбы Усходу» і г. д. Плануем і тут, у Мінску, арганізацаваць падобнае мерапрыемства, аб'яднаць усе азіяцкія краіны, пасольствы якіх ёсць у Беларусі, на адным фестывалі, дзе будуць прадстаўлены і кнігі на рускай і беларускай мовах, і кухня, і музыка, і танцы, і мастацкія выстаўкі. Плануем рабіць гэта ў летні час (чэрвень, ліпень) пад адкрытым небам. А другі фестываль зрабіць асобна для блізкаўсходніх краін, дзе таксама будзе дэманстравацца іх культура. Складаней справа ідзе з тэатрам, бо трэба прывезці з Палесціны акцёраў, дэкарацыі, што цяпер зрабіць даволі няпроста. Але ў нас ёсць і тэатр аднаго акцёра. Думалі аб гэтым і паспрабуем арганізаваць.

— А ў тэатральных фестывалях, якія праводзяцца ў Беларусі, ваша краіна ўдзельнічае?

— Мы бралі ўдзел у фестывалі нацыянальных культур у Гродне, у іншых гарадах. У нас ёсць калектыў, які заўсёды ўдзельнічае ў такіх мерапрыемствах з песеннай, танцавальнай праграмай.

— Цяпер вялікая ўвага надзяляецца развіццю турызму. Чым можа прыцягнуць наша краіна грамадзян Палесціны?

— Лічу, што кожная краіна ўнікальная па-свойму. Таму, несумненна, палесцінскім турыстам ёсць што паглядзець у Беларусі. У вас вельмі прыгожая, прывабная краіна з цікавай архітэктурай, прыязнымі людзьмі. Турыстам будзе тут утульна. Любы замежнік адчуе сябе ў бяспецы, што вельмі важна. Думаю, і беларусам будзе цікава наведаць Палесціну. У першую чаргу гэта рэлігійны турызм: Сабор Уваскрэсення Хрыстова, Базіліка Нараджэння Хрыстова, Капліца Ушэсця — яны знаходзяцца ў Палесціне. Таму кожны хрысціянін у свеце абавязаны хаця б аднойчы наведаць нашу краіну. Лічу, мы павінны развіваць узаемны турызм. Я звязваўся з некалькімі турыстычнымі арганізацыямі ў Палесціне, каб дапамагчы ім наладзіць супрацоўніцтва з беларускімі турыстычнымі агенцтвамі. Гэта нялёгкая праца, і час цяпер няпросты. Дастаўляць турыстаў вельмі цяжка. Складанасць толькі ў гэтым. А перспектывы развіцця ў гэтым плане велізарныя, і я не сумняваюся, што праз некаторы час усё будзе ў парадку.

— Па вашым меркаванні, пра што беларусы ў першую чаргу павінны ведаць, гаворачы аб Палесціне?

— Палесціна была, ёсць і будзе. Мы хочам, каб вы падтрымалі нас, каб наша краіна нарэшце набыла рэальную незалежнасць. Таму што наш народ мае права быць вольным, як і ўсе народы свету, як жывуць беларусы на сваёй зямлі...

Гутарыў Аляксей ЧАРОТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».