Вы тут

Фотапраект «Мастацтва міласэрнасці» ў Вялікім тэатры — пра чалавечую дабрыню


Артысты ўмеюць адчуваць боль: у балеце траўмы, сцёртыя да крыві ногі, аперацыі, каб захаваць магчымасць займацца любімай справай і наогул нармальна жыць — звыклая з’ява. На жаль, мастацтва часам нараджаецца праз пакуты і выпрабаванні. І нядзіўна, што яны выдатна адчуваюць боль любой істоты ў гэтым свеце. Фотавыстава «Мастацтва міласэрнасці» працуе ў фае Вялікага тэатра Беларусі.


Выстава незвычайная: героямі фотаздымкі Ірыны Падольскай сталі жывёлы — дзікія і хатнія, тыя, што апынуліся без дома, пацярпелі, былі пакалечаныя, сталі інвалідамі, але знайшлі добрых людзей, якія ўратавалі, зрабілі складаныя аперацыі і нават здолелі перадаць у клапатлівыя рукі. І тут самая галоўная нечаканасць: партнёрамі па здымках выступілі артысты балетнай трупы Вялікага тэатра Беларусі, якія здолелі падкрэсліць, наколькі жывёлы залежныя ад людзей і іх міласэрнасці.

Ініцыятыва праекта сыходзіла ад Асацыяцыі па абароне жывёл. Яе старшыня Аксана Давыдзенка падкрэсліла:

— Што аб’ядноўвае валанцёраў, абаронцаў жывёл і артыстаў Вялікага тэатра акрамя гэтага праекта? Артысты Вялікага тэатра танцуюць і спяваюць прафесійна. Валанцёры таксама танцуюць і спяваюць, калі ім удаецца дапамагчы жывёлам. Калі мы прыйшлі ў Вялікі тэатр з прапановай, лёс гэтага праекта быў вырашаны літаральна за хвіліну, паколькі Ігар Паўлавіч Колб сказаў: «Калі ты вырашаеш зрабіць нешта добрае, то трэба рабіць гэта хутка».

Такая ж хуткасць у прыняцці рашэнняў характэрна людзям, якія займаюцца ратаваннем жывёл. Ветэрынарны ўрач Павел Жульпа стаў адным з герояў фота. Але галоўныя на выставе — яго пацыенты і гадаванцы Цэнтра дапамогі птушкам і жывёлам «Пустэльга» і Цэнтра дапамогі бяздомным жывёлам «Даліна трох кітоў». Яны тут у шыкоўнай кампаніі зорак балета, якія ў свой вольны час удзельнічалі ў фотасесіі. На здымках можна убачыць народных артыстаў Беларусі Ігара Артамонава і Антона Краўчанку, заслужаную артыстку Беларусі Людмілу Хітрову, а таксама маладых артыстаў, якія ўжо робяць прыкметныя крокі ў беларускім балеце. 

Аўтарам канцэпцыі выставы стаў галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Беларусі заслужаны артыст Расіі Ігар Колб, які паведаміў пра гісторыю балерыны Настассі Юркевіч. Дзяўчына сама перанесла аперацыю на ступні. Лёс жывёл, якія пацярпелі, яе вельмі крануў. Таму калі яна ўзяла на рукі ката, то ў нейкі момант зразумела, што не зможа з ім растацца проста так, і прыняла рашэнне ўзяць яго дадому. Так праект «Мастацтва міласэрнасці» паказаў прыклад міласэрнасці. «Кот — цудоўны, жыве ў любові і пяшчоце,» — запэўніла Настасся.

— Спадзяюся, гэты праект прымусіць кожнага задумацца пра тое, што людзі павінны дапамагаць жывёлам, якія трапілі ў бяду. І не дапускаць, каб такое адбывалася ў нашым свеце, — адзначыла ўдзельніца праекта балерына Вялікага тэатра Беларусі Лізавета Мусорына.

Кожнае фота падпісана, таму можна даведацца не толькі імя артыста, але і мянушку сабакі, ката, птушкі...

— Пераканана, што гэта выстава будзе карыснай для многіх людзей, — адзначыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Марыя Васілевіч. — Сёння як ніколі важна казаць пра агульначалавечыя каштоўнасці, пра неабходнасць любові і міласэрнасці ў нашым жыцці. Таму што без любові любая якасць чалавека страчвае сэнс. Справядлівасць без любові можа ператварыцца ў жорсткасць. Вера без любові можа стаць фанатызмам. Калі мы гаворым праўду чалавеку і не любім яго, то рызыкуем быць жорсткімі ў дачыненні да яго. Я веру, што любоў — гэта той дар, якому ўсім нам трэба вучыцца. Бадай, жывёлы — тыя настаўнікі для людзей, якія могуць навучыць шчырай бескарыслівай любові. Любові проста так. Я веру, што калі мы на імгненне зможам падзяліцца сваёй бескарыслівай любоўю адзін з адным, то свет стане лепшым.

Валанцёры звяртаюць нашу ўвагу на тое, што не толькі хатнім жывёлам, але і дзікім патрэбна наша міласэрнасць. Калі пра іх будуць ведаць і памятаць, то ім стане прасцей выжываць, і нашы дзеці змогуць іх пабачыць не толькі ў заапарку ці на фотаздымках, але і ў жывой прыродзе.

Праект «Мастацтва міласэрнасці» — пра спачуванне і дабрыню, якая робіць людзей людзьмі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара і Вялікага тэатра Беларусі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.