Вы тут

Восьмы раз у Гродне прайшоў велікодны кірмаш


Майстры з усіх 17 раёнаў вобласці прадставілі свае творы, большасць якіх пазначана велікоднай тэматыкай. На кірмашы гродзенцы і госці горада змаглі паўдзельнічаць у майстар-класах па роспісе яек і складанні вербных букетаў, убачыць працэс ткацтва і вырабу выцінанак- выбіванак. Музычныя калектывы вобласці прадставілі на кірмашы забаўляльную праграму.


«Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня» — пад такой назвай прайшоў традыцыйны фестываль-кірмаш у Гродне, у якім узяло ўдзел звыш 100 майстроў. Раскінуўся кірмаш у цэнтры горада, на пешаходнай вуліцы, дзе ўладкаваліся павільёны з усіх раёнаў Гродзеншчыны. Напрыклад, Воранаўскі раён прывёз на свята калекцыю традыцыйных лялек. Кіраўнік гуртка раённага цэнтра культуры Святлана Шылко паведаміла, што робяць іх розных памераў, а каштуюць такія лялькі ад 20 да 100 рублёў. Акрамя таго, тут можна было набыць паштоўкі-выцінанкі за 5 рублёў, яйкі, інкруставаныя саломкай, па 20 рублёў, танныя імбірныя пернікі з велікоднай сімволікай.

Майстар народных рамёстваў Ніна Шпак са Слонімскага раёна адзначыла, што ўсе майстры раёна рыхтуюцца да такога кірмашу загадзя, работы аднаўляюцца. У Гродна яны прывезлі вялікую калекцыю велікодных яек у розных тэхніках, за што на абласным конкурсе атрымала ўзнагароду.

А вось Карэліцкі раён стаў лаўрэатам конкурсу на найлепшыя вербы і велікодныя паштоўкі. На кірмашы яны прадставілі і свае традыцыйныя вырабы з гліны. Па словах загадчыцы аддзела рамеснай дзейнасці Карэліцкага Дома рамёстваў Юліі Баярэнкі, раён славіцца ганчарствам і тканымі паясамі. Раней тут працавала мануфактура па вырабе габеленаў, ткалі і паясы. Сёння майстэрства адраджаюць мясцовыя ўмельцы.

Разнастайныя вырабы можна было ўбачыць у павільёне Мастоўскага раённага Цэнтра культуры. Загадчыца аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Алена Садаўнічая
расказала пра незвычайны і рэдкі пакуль спосаб спіральнага пляцення з травы. Такі старажытны спосаб адраджае ў раёне Вольга Вайтовіч, чые вырабы шырока прадстаўлены на кірмашы. Гэта і кошыкі, і падносы, і вазы, і шкатулкі. У павільёне таксама можна было набыць разнастайную велікодную прадукцыю.

Гродзенцы з цікавасцю назіралі за роспісам яек. Традыцыйную сапоцкінскую пісанку прадставіла майстрыха Ларыса Касціцкая, якая з'яўляецца носьбітам элемента гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі «Традыцыя роспісу велікодных яек». Унікальнасць дадзенага роспісу — у прыгатаванні фарбы. Яна рыхтуецца за два месяцы да свята.

— Шышкі, кара дуба, іржавае жалеза заліваюцца кіпенем, настойваюцца. Яйка варыцца, на яго наносіцца вострай палачкай узор з натуральнага пчалінага воску, потым яйка апускаецца на суткі ў фарбу — атрымліваецца чорны колер. Каб зняць воск, яйка апускалі ў кіпень з шалупіннем цыбулі. Воск спаўзаў, а яйка набывала больш насычаны колер, — паведаміла сакрэты сапоцкінскай пісанкі Ларыса Касціцкая.

Пазнаёміцца з традыцыямі і сімваламі Вялікадня можна было ў павільёне Квасоўскай бібліятэкі Гродзенскага раёна. Работніцы Святлана Судак і Тамара Гедройц запрашалі на гульні, віктарыны, расказвалі аб гісторыі свята. Дзеці з задавальненнем наведвалі цікавую пляцоўку.

Да свята Вялікадня нашы людзі звычайна ўпрыгожвалі сваё жытло. Народны майстар Наталля Клімко адраджае традыцыю карункавых папяровых фіранак на вокны, якія былі падобныя на гардзіннае палатно. Падчас кірмашу яна прадэманстравала тэхніку навагрудскай выбіванкі-выцінанкі, інструментамі якой з'яўляюцца долата, расплюшчаны цвік і малаток. Па словах майстрыхі, папера складвалася ў некалькі разоў, наносілася сетка, а потым — птушачка альбо кветка. Узор выбіваўся па кругу, пры разгортванні атрымлівалася ажурная фіранка. Навагрудская выцінанка-выбіванка ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Дарэчы, справу ў раёне працягваюць вучні Наталлі Клімко. Нядаўна два хлопчыкі з яе гуртка атрымалі дыпломы на конкурсе «Зімовая казка».

На кірмашы многія куплялі прыгожыя вербы. Галінкі вярбы былі складзены ў такія неверагодныя букеты, што можна было толькі дзівіцца. У кожнага майстра яны ўпрыгожаныя па-свойму. Напрыклад, Вольга Грынюк з Іўя да галінак вярбы дадае лісточкі з саломкі і кветкі з сухіх лістоў кукурузы. Атрымліваецца вельмі стыльна. Дарэчы, гродзенская вярба таксама ўнесена ў спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.

Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч расказала, што ў Гродзенскай вобласці больш за 20 майстроў мае званне «народных». Яны паспяхова прасоўваюць традыцыі і абрады рэгіёна, садзейнічаюць захаванню культурнай спадчыны.

— У сваім Пасланні Прэзідэнт сказаў, што трэба шанаваць свае традыцыі і нараджаць новыя. Свята ў Гродне — гэта якраз і ёсць захаванне традыцый, якія праз стагоддзі дайшлі да нас ад продкаў. Гэта і сапоцкінская пісанка, і велікодныя пальмавыя вербы, якія занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, — адзначыла Алена Клімовіч. — Разам з тым з'яўляюцца новыя тэхнікі ў дэкарыраванні яек, афармленні велікодных вербаў. Яны дзесьці новыя, а дзесьці трансфармуюцца з тых набыткаў, якія былі раней. Але галоўная ўмова — захаванне тых традыцый, якія зафіксаваны, навукова апрацаваны, захоўваюцца іх носьбітамі.

Кірмаш дазваляе не толькі даведацца аб старажытных традыцыях рэгіёна, але і набыць унікальныя падарункі сваім родным, блізкім. А галоўнае, апынуцца ў атмасферы падрыхтоўкі да вялікага свята, дакрануцца да глыбокіх народных крыніц і захаваць адметныя пачуцці і эмоцыі на доўгі час.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».