Вы тут

Што рыхтуе ХХХІІ фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне, якім зацверджаны тэрміны правядзення ХХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Асноўныя мерапрыемствы пройдуць з 13 да 16 ліпеня, а загучаць валошкавыя перазвоны ўжо 12 ліпеня. Святочным акордам фестывалю стане канцэрт «Шансон ТБ — УСЕ ЗОРКІ» 17 ліпеня.



Дырэкцыя «Славянскага базару» апублікавала поўную праграму мерапрыемстваў


У Віцебск — па бязвізе

Сёлета для грамадзян 73 краін электронны або арыгінальны квіток на «Славянскі базар» у ліпені стане пропускам для бязвізавага перасячэння Дзяржаўнай граніцы. Па адным квітку дазваляецца аднаразовы ўезд у Беларусь аднаго замежнага грамадзяніна не пазней за тэрмін правядзення мерапрыемства, на якое набыты квіток.

Уверцюрай да фестывалю сёлета стане канцэрт «Мір нашаму дому», які адбудзецца 12 ліпеня і адкрые плеяду ліпеньскіх музычных сустрэч у горадзе на Дзвіне. Творчы вечар групы «АУРА» з удзелам зорак беларускай эстрады Анатоля Ярмоленкі, Руслана Аляхно, Аляксандра Саладухі і іншых прысвячаюць Году міру і стваральнай працы, а яшчэ — любові да Беларусі.

13 ліпеня на сцэне Летняга амфітэатра загучаць акорды ХХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў падчас урачыстага адкрыцця. Сёлета ў ім возьмуць удзел Леў Лешчанка, Алена Ваенга, Уладзімір Прэснякоў, група «На-На», Юрый Малікаў, ансамбль «Новыя самацветы» і іншыя артысты.

Радаваць слухачоў легендарнымі шлягерамі на музыку Ігара Лучанка 14 ліпеня будуць папулярныя артысты з Беларусі і Расіі ў межах канцэрта «Саюзная дзяржава запрашае...». Сёлета ён прысвечаны 85-годдзю народнага артыста СССР Ігара Лучанка, таму са сцэны абавязкова прагучаць такія хіты, як «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць» і іншае. Зоркі выступяць у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя Міхаіла Якаўлевіча Фінберга.

А ноччу з 14 на 15 ліпеня шматтысячная зала акунецца ў любімыя хіты 1990-х — 2000-х гадоў у межах традыцыйнага канцэрта «Залаты хіт». Легендарная «Фаіна» ад групы «На-На», «Дыскамафія», «DoReDos» з Малдовы — рэтра-вечарына запрашае ўсіх жадаючых.

Вечарам на галоўнай сцэне фестывалю пройдзе першы конкурсны дзень ХХХІІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск», дзе ўдзельнікі выканаюць славянскі хіт у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віталя Кульбакова. Беларусь на конкурсе прадставіць Самір Ёлчыеў. У другім аддзяленні канцэрта з праграмай, прысвечанай 30-годдзю творчай дзейнасці, выступіць заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева.

Для моладзі на «базары» таксама адведзена музычная пляцоўка: ноччу з 15 на 16 чысла ў амфітэатры пройдзе гала-канцэрт «Зоркі «Рускага радыё» з удзелам ХАНЫ, Міці Фаміна, BURІTO, MІA BOYKA, ST і іншых.

Сёлета 16 ліпеня на фестываль вяртаецца доўгачаканы КВЗ-канцэрт з удзелам камандаў Вышэйшай лігі і гасцей. Хэдлайнерам праекта выступіла каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва, якая ўпершыню за 21 год прывезла ў нашу краіну чэмпіёнства КВЗ. Для гасцей і жыхароў горада выступяць таксама заслужаныя каманды «Барцы. Паўночны дэсант», «Трыёд і дыёд», «Руская дарога», «Пушка».

Урачыстае закрыццё адбудзецца ўвечары 16 ліпеня, у ім возьмуць удзел Дзмітрый Малікаў, Стас П'еха, Алена Пятроўская, група «Арызонт» і іншыя. У гэты ж дзень пройдзе другі конкурсны дзень конкурсу «Віцебск», дзе ўдзельнікі выканаюць сусветны хіт.

17 ліпеня закрывае святочныя мерапрыемствы на галоўнай сцэне канцэрт «Шансон ТБ — УСЕ ЗОРКІ» з удзелам Сасо Паўліяшвілі, Віктара Каралёва, Кацярыны Галіцынай, групы «Лесапавал», Рады Рай, групы «Варавайкі» і іншых.

Усё жыццё — тэатр

Міжнародны фестываль мастацтваў, які па праву лічыцца культурнай візітнай карткай Беларусі, не мае аналагаў па сваёй шматжанравасці. «Славянка» — гэта не толькі пра канцэрты на сцэне Летняга амфітэатра, але і пра адукацыйныя праекты на розных мастацкіх пляцоўках.

Сёлета ў другі раз у межах фестывалю будзе працаваць тэатральная лабараторыя, якая аб'ядноўвае студэнтаў каледжаў мастацтваў і маладых акцёраў з Беларусі і Расіі. Праект, як і летась, з'яўляецца сумесным творчым прадуктам дырэкцыі фестывалю, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа і Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва (ГІТІС). На працягу тыдня ўдзельнікі праекта аналізуюць абраную п'есу, наведваюць майстар-класы па тэатральным мастацтве і ставяць эцюды.

«Сёлета тэатральная праграма будзе базіравацца на адукацыйным кластары тэатральнай лабараторыі, — распавёў дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Глеб Лапіцкі. — Сёлета таксама супрацоўнічаем з ГІТІСам, майстрам выступіць прафесар Аляксандр Бармак. Калі летась удзельнікі рабілі драматычны разбор расійскай п'есы, сёлета для работы будзе ўзята адна з беларускіх п'ес». Якую канкрэтна п'есу абяруць для вывучэння, пакуль невядома, але жыхары і госці горада змогуць убачыць студэнцкае майстэрства падчас адкрытага паказу па выніках работы лабараторыі.

Сёлетняя тэатральная праграма мае музычны ўхіл: яе адкрые Маскоўскі музычна-драматычны цыганскі тэатр «Рамэн» са спектаклем «Мы — цыгане», Незалежны тэатральны праект «ТрыТфармаТ» пакажа «Вішнёвы SAD», Маладзёжны тэатр эстрады запросіць на душэўны мюзікл-біяграфію «Гур'янаў». Прыйдзецца даспадобы гледачам музычная рок-опера «Граф Монтэ-Крыста» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, увенчвае тэатральныя сустрэчы драма М. Горкага «На дне» ў выкананні Маскоўскага тэатра на Паўднёвым Захадзе.

Беларускі тэатр «Лялька» рыхтуе для маленькіх гледачоў насычаную тэатральную праграму ў межах праекта «Лялечны квартал», дзе можна будзе паглядзець пастаноўкі «Казкі пра казку», «Пякарня братоў Грым. Казка аб пернікавым доміку», «Карлік Нос», «Чырвоная шапачка».

На сцэне філармоніі

На базе Віцебскай абласной філармоніі сёлета пачне работу вакальная лабараторыя, ідэйнай натхняльніцай якой стала народная артыстка СССР Тамара Ільінічна Сіняўская. У межах праекта адукацыйныя майстар-класы і творчыя сустрэчы будуць праходзіць для спевакоў і канцэртмайстраў.

Канцэртную праграму 13 ліпеня тут распачне аркестр Якаўлева Grand Melody Orchestra, яе працягне Алена Пятроўская ў суправаджэнні аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Леаніда Іванова. 15 ліпеня для гасцей і жыхароў Віцебска выступяць віртуозы іспанскай гітары і танца з Барселоны, у межах Дзён Саюзнай дзяржавы на сцэне філармоніі адбудзецца канцэрт класічнага мастацтва.

У канцэртнай зале

На другой па велічыні закрытай пляцоўцы фестывалю мастацтваў — у канцэртнай зале «Віцебск» — 12 і 13 ліпеня пройдзе ХХІ Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск», на якім нашу краіну прадставіць Сафія Рустамава. Тут жа з сольнай праграмай выступіць Уладзімір Прэснякоў; Дзмітрый Малікаў з канцэртам, прысвечаным 35-годдзю творчай дзейнасці; Стас П'еха. У межах канцэрта харэаграфічнага мастацтва на сцэну КЗ выйдуць легендарныя харэаграфічныя калектывы з Беларусі і Расіі.

Open-aіr

У арганізатараў «Славянскага базару» падрыхтавана шмат сюрпрызаў і на адкрытай пляцоўцы каля канцэртнай залы «Віцебск», якая пачала сваю работу ў мінулым годзе і знайшла пазітыўны водгук у гасцей фестывалю. Сёлета ў фармаце open-aіr (пад адкрытым небам) 12 ліпеня з шоу-праграмай выступіць Сяргей Лазараў, а на «Рок-панараму» прыхільнікаў моцнага жывога гуку 17 ліпеня запросяць Сяргей Бабунец («Сэнсавыя галюцынацыі»), Вадзім Самойлаў («Агата Крысці»), група SKYNET — не прапусціце гэтую РОКавую ноч.

Квіткі

Продаж квіткоў на ўсе канцэрты ў Летнім амфітэатры, мерапрыемствы ў канцэртнай зале «Віцебск» і на пляцоўцы open-aіr стартаваў 6 сакавіка, але канчатковыя афішы з'явіліся на афіцыйным сайце фестывалю толькі 29 сакавіка. Цяпер можна набыць квіткі на «Тэатральныя сустрэчы», на мерапрыемствы праграмы «Фестываль без меж» на пляцоўцы філармоніі, на канцэрт «Зоркі «Рускага радыё».

Квіткі можна набыць на сайтах www.kvіtkі.by, www.tіcketpro.by і ў фестывальных касах. Кладзіце ў далонь «валошку» і крочце ў віцебскі ліпень праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Прапанова зніжаецца, а цэны растуць

Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч

Культура

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Радміла Рыбакова: «Важна заставацца чалавекам»

Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.