Вы тут

Людміла Гейчанка столькі плакала ў сваім жыцці, што слёз не засталося...


Калі пачалася вайна, Людачцы, тады яшчэ Восіпавай, было ўсяго 12 гадоў. Па ўзросце яшчэ б у лялькі гуляць, а яна разам з дарослымі капала акопы на подступах да Ленінграда. Калі пачалася масавая эвакуацыя, маці Люды катэгарычна адмовілася кудысьці з'язджаць. Даходзілі звесткі, што бежанцы траплялі пад бамбёжкі і гінулі, так і не паспеўшы ўцячы ад вайны. Жанчына супакойвала сябе і сваіх дачок Людмілу і Раю тым, што яны прынамсі дома. Да канца блакады дажыла толькі Людачка...


Тры сястры

Сясцёр, дарэчы, было тры. Акрамя Люды, якая паспела да вайны закончыць пяць класаў, і Раі, на два гады старэйшай за яе, была яшчэ Ганна. Яна працавала медсястрой у ваеннай акадэміі імя Кірава і нават паспела выйсці замуж за маладога курсанта. У 1941 годзе ён якраз заканчваў установу, але замест выпускнога вымушаны быў ехаць на фронт. У дзіцячую памяць урэзаўся эпізод з яшчэ мірнага, перадваеннага жыцця, калі Ганна з мужам узялі Люду на адкрыццё фантанаў у Петрадварэц.

— Гэта быў цудоўны дзень, мы шмат хадзілі па палацы, любаваліся пейзажамі, а потым адправіліся ў рэстаран, — успамінае Людміла Іванаўна. — Нам ужо і пірожныя падалі, мае любімыя — эклеры. І тут да мужа сястры падыходзяць ваенныя з павязкамі на рукавах і нешта яму нягучным голасам гавораць. Ён ківае ім у адказ і гаворыць нам, што трэба збірацца. Я расплакалася ад гэтых слоў: мы ж нават пірожных не пакаштавалі. Але прыбег афіцыянт і загарнуў іх для мяне ў пакет. Дзень быў крыху сапсаваны. Але я нават і ўявіць не магла, якія страшныя падзеі чакаюць нас наперадзе.

Людміла жыла з маці і сястрой на вуліцы 1-й Чырвонаармейскай, непадалёку ад Тэхналагічнага інстытута. Да Неўскага праспекта 10-15 хвілін язды на метро. Бацька быў пры высокай пасадзе, будаваў электрастанцыі ў Сібіры, Сярэдняй Азіі, дамоў прыязджаў рэдка. Але калі такое здаралася, у сям'і было свята. Ён шчодра песціў сваіх дзяўчат рознымі падарункамі і гасцінцамі. І такімі смачнымі былі тыя кедравыя арэшкі, якія ён прывозіў у прыгожым палатняным мяшочку...

Наогул даваеннае жыццё было для іх багатым на радасці і бестурботным. Маці вельмі любіла аперэту і сваіх дачок навучыла цаніць мастацтва. Людачка, нягледзячы на свой юны ўзрост, ведала ўвесь рэпертуар Пушкінскага тэатра. Дагэтуль з памяці выплываюць назвы любімых пастановак — «Халопка», «Баядэрка», «Прынцэса цырка»... Здаецца, яна скрозь гады чуе галасы артыстаў — і пачынае нягучна напяваць песню, якую выконваў Георг Отс: «Цветы роняют лепестки на песок, никто не знает, как мой путь одинок...»

Людміла Іванаўна з удзячнасцю ўспамінае і сваіх школьных настаўнікаў. Імёны самых любімых таксама трымае ў памяці.

— Наш класны кіраўнік Ганна Качаткова была вельмі добрая настаўніца, мы хадзілі да яе ў госці, — дзеліцца яна ўспамінамі. — А яшчэ падабалася настаўніца па маляванні — Ніна Рыгораўна. Калі пачалася вайна, дзеці пад яе кіраўніцтвам гасілі на тэрыторыі школы фугасныя бомбы, якія скідвалі немцы. Сярод нас былі і зусім малыя дзеці. Але нават яны ведалі, што бомбу трэба было хуценька адшукаць і шчыпцамі закінуць у вядро з пяском. Аднойчы запальнічка чыркнула мне па твары і рассекла брыво. Дагэтуль засталася метка.

125 грамаў хлеба — на чалавека

Спачатку прадукты ў крамах былі, але паліцы хутка апусцелі. Сталі выдаваць карткі на хлеб. На аднаго чалавека — 125 грамаў.

Гэтае фота некалькі гадоў вісела на Дошцы пашаны тралейбуснага ведамства ў Ленінградзе.

— Я ўставала ў чатыры гадзіны раніцы, каб заняць чаргу па хлеб, — расказвае Людміла Іванаўна. — Крама была блізка, але народ стаяў там яшчэ на досвітку. Маці будзіла мяне, я хуценька апраналася, заціскала карткі ў руках і бегла. Кожны хацеў жыць, а адчуванне голаду было невыноснае. Было, што прадавец, якая ўзважвала хлебныя кавалачкі, змахвала ў пакецік крошкі і для сябе. Але тое хутка раскрылася. А яшчэ бачыла, як галодны мужчына маліў прадаўшчыцу даць яму крыху хлеба, а потым схапіў кавалачак проста з вагаў і стаў прагна есці. На яго было шкада глядзець, ён увесь калаціўся.

Аднойчы ў іх кватэру прыйшла жанчына, спыталася, дзе маці, нават назвала яе імя і імя па бацьку — Наталля Іванаўна. Маці дома не было, і нечаканая госця засталася яе чакаць. Дзяўчынкам сказала, што асабіста яе не ведае, толькі па словах суседкі, да якой яна, уласна, і прыйшла. Суседка, на жаль, таксама адсутнічала. А жанчына хацела перадаць ёй пакет. Нарэшце прыйшла маці і жанчыны разгаварыліся. Незнаёмка паведаміла, што ў яе ёсць знаёмая, якая працуе ў сталовай. Там, маўляў, можна двайны паёк па картках узяць. І прапанавала дапамогу. Наталля Іванаўна з радасцю пагадзілася, аддала старэйшай дачцэ карткі, і тая адправілася разам з дабрадзейкай да той знаёмай. Рая доўга не вярталася, а калі прыбегла, была заплаканая, узрушаная і ў глыбокім адчаі паўтарала, што карткі ўкралі.

— Жанчына аказалася аферысткай, — расказвае суразмоўніца. — Яна прывяла Раечку на Лермантаўскі праспект і пакінула каля шыкоўнага параднага. Сказала, што сходзіць паглядзець, ці дома яе знаёмая. Пайшла і хутка вярнулася па карткі, маўляў, знаёмая дома. Дзяўчынка аддала наша самае галоўнае багацце і пачала чакаць. А жанчына ўсё не ішла. Тады Раечка зайшла ў параднае і паднялася па лесвіцы наверх. Штурхнула дзверы ў кватэру і аслупянела. Перад вачамі разгубленага падлетка была... вуліца: крыло дома абвалілася пры бамбёжцы. А яшчэ боўталася вяроўка, па якой ашуканка спусцілася ўніз і збегла.

Гора было такое, што словамі не перадаць. Хлебныя карткі давалі на месяц, а ён якраз толькі пачаўся. На шчасце, знайшліся людзі, якія дзяліліся з сям'ёй апошнім. Нават булачніца з крамы давала нейкія крошкі. Тое, што называлі хлебам у блакадным Ленінградзе, можна было лічыць ім толькі ўмоўна. Але ён быў на вагу золата.

Пра жахлівыя блакадныя гады Людміле Гейчанцы нагадвае медаль  з надпісам «Жыхар блакаднага Ленінграда».

— Я яго праглынала ў адно імгненне, — кажа жанчына. — Але спатоліць той голад, ад якога зводзіла ўсё цела, ён не мог. Яшчэ мы елі — макуху ад семак, ёй коней у мірны час кармілі. Варылі, каб мякчэйшая была, і елі.

У даваенны час коні ў паўночнай сталіцы знаходзіліся ў распараджэнні жылкантор. З іх дапамогай вывозілася смецце, дастаўляліся дровы. У дварах жылых дамоў меліся павеці, дзе жыхары захоўвалі дровы на зіму. Дамы ацяпляліся з дапамогай печак. Яны былі ў кожнай кватэры — круглыя, абкладзеныя кафляй. А на першым паверсе дома, дзе жыла сям'я Людачкі, размяшчалася пральня, там стаялі вялікія бакі для паласкання бялізны. Да вайны дзеці ў іх нават купаліся, калі дазвалялі дарослыя. Але ў блакаду ўсё было інакш. Тыя ж дровы бераглі, каб было чым распаліць пліту і падагрэць немудрагелістую ежу. Вады ў кранах таксама не было. Зімой снег тапілі, а летам па ваду бегалі да Фантанкі з бітонамі і бутэлькамі.

Першай сышла Раечка

Зіма 1942 года была асабліва халодная. Сям'я Людачкі жыла выключна на кухні, там было ненашмат, але ж цяплей. Маці на некалькі хвілін уключала пліту, каб нешта разагрэць і крышачку ацяпліць памяшканне. Есці хацелася ўвесь час. Людзі нагадвалі дыстрофікаў — знясіленыя, худыя, рухаліся, нібы здані. А горад дрыжэў ад бамбёжак. Непадалёк былі «кіраўскі» завод, «Электрасіла», і снарады часта разрываліся недзе каля дома. Але сіл не хапала нават спусціцца ў бамбасховішча. Першай сышла з жыцця Рая. Гэта адбылося 29 лютага.

— Каб сагрэцца, мы засыналі з сястрой у абдымку, — цяжкія ўспаміны і сёння болем адгукаюцца ў сэрцы жанчыны. — Але я нават не адчула, калі яна памерла. Маці нас будзіць, а Раечка ўжо халодная. Слёзы, адчай — нашаму гору не было канца. Маці зашывала цела памерлай Раечкі ў коўдру, а па яе шчоках няспынна каціліся слёзы. Сіл адвезці дачку ў морг у яе не было. Мы тое зрабілі разам з цёцяй Валяй. Паклалі Раю на санкі і павезлі. Пасля вайны даведалася, што яе пахавалі на Піскароўскіх могілках.

Маці памерла праз некалькі месяцаў пасля Раі. Яна так апухла ад голаду, што не магла рухацца. Яе забралі ў бальніцу і Люда спадзявалася, што там яе выратуюць. Суседка падзялілася з дзяўчынкай селядцом, і яна пабегла ў бальніцу, каб аддаць яго маці. Навіна, што жанчыну ўжо адвезлі ў морг, стала для яе яшчэ адным ударам. У адчаі яна асела на прыступкі лесвіцы. Плакала і механічна ела гэты селядзец...

Жыццё ў прытулку

У блакадным Ленінградзе кватэры не зачынялі. Па пад'ездах хадзілі пахавальныя каманды і стукалі ў дзверы: ці ёсць хто жывы? Часам здавалася, што горад вымер, і толькі радыё нагадвала — жыццё працягваецца. Нават ноччу стукаў метраном.

— Калі даведаліся, што я засталася адна, мяне забралі ў прытулак, — расказвае суразмоўніца. — За ежу працавала на верфі ізаліроўшчыцай. А яшчэ мяне падкормлівалі ў дзіцячым доме, куды я бегала займацца з беспрытульнікамі.

За сваё нядоўгае тады жыццё Люда так нацярпелася, што ў яе пачаліся праблемы са здароўем.

— Лячылі мяне ад курынай слепаты, — расказвае яна. — Як толькі вечар, я нічога не бачу. Сяброўкі спачатку думалі, што я прыкідваюся, смяяліся. А калі зразумелі, што сур'ёзна, завялі да ўрача. Наогул вочы вельмі балелі.

Медаль за працу

Калі скончылася вайна, з фронту вярнулася старэйшая сястра Ганна. Яна дайшла да Берліна, а вось муж яе загінуў у першыя дні вайны. Ад бацькі наогул не было ніякіх вестак. Людміла Іванаўна кажа, што нават пахавальнае пісьмо не прыйшло. Вайна прымусіла дзяўчынку вельмі рана пасталець. Працавала, выйшла замуж, але першы раз няўдала. Потым сустрэла свайго другога мужа. Родам ён быў з беларускай вёскі Сялец Быхаўскага раёна. У Ленінградзе ён апынуўся падчас службы ў арміі, а потым працаваў на тралейбусе. Хутка і жонку туды пераманіў.

Работніца з яе атрымалася ўзорная. Фота з Дошкі пашаны не здымалі. Адказная, старанная — выконвала сваю работу бездакорна. Медаль «За працоўную доблесць» таму пацвярджэнне. Але быў адзіны выпадак, за які яна дагэтуль сябе папракае.

— За ўсё жыццё ў мяне была толькі адна аварыя, — кажа яна. — Ехала з начной змены ў дзве гадзіны ночы ў гараж і заснула. Прачнулася ад удару ў слуп. Спужалася вельмі, нават не звяртала ўвагі на тое, што губу рассекла. Маладая была, зусім яшчэ зялёная. «Хуткая» прыехала, міліцыя, начальства... Машыну забралі, мяне дадому адправілі, сказалі раніцай прыбыць у тралейбусны парк. Пакаралі мяне тым, што на паўгода перавялі ў кандуктары. Але кіроўцаў не хапала, і я хутка вярнулася да сваёй звыклай дзейнасці. Болей у мяне такіх надзвычайных сітуацый не было.

Працавала Людміла Іванаўна на рарытэтных тралейбусах — ЗіУ-5 і МТБ, нават ЯТБ застала. «Цяпер іх толькі ў музеі можна ўбачыць, — смяецца яна. — Машыны былі невялікія, кабіна маленькая — сядзіш, як у танку. Калі машыну ўдасканалілі, яна стала больш прасторнай, я нават хвалявалася, ці змагу на ёй развярнуцца. Але да ўсяго хутка прывыкаеш. Тым больш да добрага. Сіл хапала не толькі на работу, але і на грамадскую дзейнасць. Была актыўным членам прафсаюза, падарункі купляла, у бальніцах супрацоўнікаў наведвала.

«Мой дом тут»

Пятнаццаць гадоў таму, калі не стала мужа, Людміла Іванаўна вырашыла скарыстацца запрашэннем яго беларускай радні і пераехала ў Магілёў. Нічога з былога жыцця, акрамя ўзнагарод і фота з Дошкі пашаны, з сабой не ўзяла.

— Я карэнная ленінградка, але ўжо прывыкла да Магілёва, — кажа яна. — Тут адчуваю клопат і ўвагу да сябе. Мне ўжо 95 гадоў, але сілы пакуль ёсць. Хоць здароўе вельмі падводзіць. Але ў мяне шмат памочнікаў. Дапамагаюць у хатніх справах работнікі сацслужбы Кастрычніцкага раёна, траюрадная пляменніца Ірына прыбягае, каб есці нагатаваць, мые мяне. Наведваюць члены ветэранскай арганізацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва, клопат праяўляе асабіста яе кіраўнік Пётр Мудрагелаў. А Вольга Кукушкіна, з якой мы пазнаёміліся дзякуючы гэтай арганізацыі, вось ужо некалькі гадоў побач са мной. Захоўваю ўсе віншавальныя паштоўкі ад адміністрацыі Кастрычніцкага раёна. Яе кіраўнік Пётр Салаўёў вельмі добры і ўважлівы чалавек. Вялікі яму дзякуй за клопат. І абавязкова перадайце мае падзякі мэру Магілёва Аляксандру Студневу. Ён не так даўно на гэтай пасадзе, а я ўжо атрымала паштоўку і ад яго. Я вельмі рада, што жыву ў краіне, дзе так паважліва ставяцца да ветэранаў і тых, хто пацярпеў ад вайны. Я ж зусім стала бездапаможная. Калі мацнейшая была, ездзіла да радні ў Ленінград. Там толькі далёкія сваякі засталіся, блізкіх — нікога. Адна я з сям'і выжыла і вось колькі жыву. Ленінград стаў вельмі прыгожы, не пазнаць. Я нават плакала, калі родзічы мне яго паказвалі. Але заставацца там не хачу. Мой дом тут, побач з блізкімі мне па духу людзьмі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.