Вы тут

Беражыце сям'ю


Пра чаргу велікагрузаў пад Брэстам, якая расцягнулася кіламетраў на трыццаць, не згадваў хіба зусім лянівы сродак інфармацыі. Праблема ўжо каторы час вылазіць самымі рознымі праявамі. Адным службам ваду трэба падвозіць, іншым — гандаль арганізоўваць і чысціню падтрымліваць, праваахоўнікам — зламыснікаў лавіць, якія панадзіліся па начах зліваць паліва з бакаў вялікіх машын. Здараецца, нервы не вытрымліваюць у саміх кіроўцаў, і ўзнікаюць інцыдэнты, у якія даводзіцца ўмешвацца міліцыі. Што ж вы хочаце, людзі больш чым па дваццаць дзён вымушаныя стаяць і марнаваць час.


Але каб хто сказаў, што для некага тая чарга падасца святам, знаходкай — мабыць, цяжка было б паверыць. Ды вось жа бывае такое, хоць ты здымачную групу накіроўвай... Знаёмы таксіст расказаў. Ён атрымаў выклік да той самай чарады машын — цяпер такія выклікі, кажа, здараюцца кожную змену, бывае, нават неаднойчы. Дык вось, селі ў машыну двое мужчын, адзін малады, другі старэйшы, сказалі ехаць у адну з вёсак раёна, нават не ў саму вёску, а — на ўзгорак, на могілкі.

Калі прыехалі на месца, машыну не адпусцілі, прапанавалі чакаць. Гэта цяпер нявыгадна, хто карыстаецца «таксоўкамі», ведае: лепш два разы заказаць, танней абыдзецца. Але старэйшы пасажыр сказаў: «Пачакай, сума не мае значэння». Па дарозе назад апошні, увесь узрушаны, расхваляваны, загаварыў. Ёсць людзі, якія будуць моўчкі асэнсоўваць перажытае ўнутры, а іншым трэба абавязкова выгаварыцца, нават калі слухачом аказваецца выпадковы, незнаёмы чалавек — так для іх, можа, яшчэ лепей. З эмацыянальнага маналога пасажыра кіроўца таксі змог зразумець амаль усю гісторыю нечаканай сустрэчы — бацькі і сына.

Пачалося з таго, што ўжо некалькі дзён за маладым кіроўцам машыны з беларускімі нумарамі стаяў велікагруз з нумарам еўрапейскай краіны. Перасоўваліся пакрысе, часам перакідваліся слоўцам, еўрапейскай машынай таксама кіраваў наш чалавек. А сусед, няма ж чаго рабіць, прыглядаўся да іх, а потым сказаў: «Вы такія падобныя, нібы сын з бацькам». У старэйшага раптам перасохла ў горле, ён спытаў маладога калегу прозвішча, імя, імя па бацьку. А калі пачуў тое, сам сказаў, як завуць маці. Малады чалавек здзівіўся: «Праўда, маму звалі менавіта так, а адкуль вы ведаеце?»

І тады бацька расказаў сыну, як яны некалі па дурасці, з-за нежадання паступіцца ўласнай гордасцю рассталіся, і ён паехаў за мяжу. Яна, гэта ўжо расказаў сын, выйшла замуж другі раз, перабралася на радзіму другога мужа ў Брэсцкі раён. Але пражыла з ім нядоўга, ён загінуў у аварыі. Больш яна не шукала асабістага шчасця, гадавала сына.

Мужчына праз гады спрабаваў знайсці былое каханне на Віцебшчыне, дзе яны жылі раней, і не змог. А жанчына тая памерла нядаўна, у першую хвалю каранавіруса. І здаровай сябе лічыла заўсёды — можа, таму ў бальніцу доўга не ішла, усё спадзявалася, што выкараскаецца, аж пакуль сын не прыехаў і не выклікаў «хуткую». І ўжо ў чаканні дактароў яна загаварыла з ім пра ягонага бацьку, сказала, як шкадавала ўсё жыццё, што яны так бязладна парушылі сям'ю, наракала на сваё дзяцінства ў дзіцячым доме: мо таму і не навучылася берагчы самае галоўнае. А праз два дні яму з бальніцы пазванілі з сумнай весткай.

І вось цяпер бацька і сын ехалі з могілак, куды адвезлі запознены ахапак руж. Узрушаны тым, што на яго за некалькі дзён навалілася, бацька гаварыў і гаварыў, казаў, звяртаючыся да сына, да кіроўцы таксі, сынавага аднагодка, што сям'я — гэта самае галоўнае: «Беражыце сям'ю, хлопцы, калі яна з'явіцца. Страціць — лёгка, вярнуць бывае вельмі цяжка, а то і позна, вось як на маім прыкладзе. Толькі адно шчасце, што сына знайшоў выпадкова, не думаў, не гадаў. А вось як яно выйшла, нібыта маці нам адтуль дапамагла...»

Літаральна праз дзень, як мне тое расказалі, давялося наведаць паліклініку. У чарзе на кардыяграму сядзеў чалавек пасля інсульту, яго на агляд прывезлі сын і жонка. Мужчыне з цяжкасцю давалася маўленне, але ён сказаў, што раней працаваў сувязістам: увесь час на вышыні, на апорах — а цяпер вось, відаць, давядзецца афармляць інваліднасць і пра работу забыць, яму 55 гадоў. Але ж кінулася ў вочы, як чула клапоцяцца пра яго жонка і сын, як падтрымлівае сям'я. Сапраўды, з кожным можа здарыцца бяда, і каму ты тады патрэбны, акрамя родных?

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.