Вы тут

«Звязда» з супрацоўнікамі МНС прайшла «вулічным фарватарам»


У Гомелі «плюсуе» вялікая вада. За апошнія суткі яе ўзровень на рацэ Сож на тэрыторыі абласнога цэнтра дасягнуў адзнакі ў 565 сантыметраў і перавысіў небяспечна высокі «парог» ужо на 65 сантыметраў. З-за паводкавай сітуацыі даволі напружаная сітуацыя ў прыбярэжнай гарадской тэрыторыі ў раёне вуліцы Палявой. Вада з рачной поймы тут актыўна адваёўвае ў сушы агароды, падворкі, жылыя дамы і ўчасткі дарог агульнага карыстання. Для бяспекі руху людзей спатрэбілася дапамога ратавальнікаў: арганізаваны пост супрацоўнікаў МНС з плаўсродкам. «Вулічным фарватарам» прайшла і карэспандэнт «Звязды».


«Гумавікі» як самы хадавы аксэсуар

Прыватны сектар Якубоўкі, што на тэрыторыі Навабеліцкага раёна Гомеля ў Венецыю ператвараецца перыядычна. Падворкі мясцовых жыхароў — зусім блізка ад поймы Сожа. У гэтым годзе характар ракі гаспадары тутэйшых дамоў адчулі ў поўнай меры. Цяпер ў гэтай жылой зоне свае законы людзям дыктуе вялікая вада. Перасекчы значную частку дарогі па цэнтральнай вуліцы Палявой можна толькі на лодцы альбо пешшу ў рыбацкім камбінезоне. 

Мяне як карэспандэнта, што прыехаў на здымкі, ратавальнікі забяспечылі вадалазным касцюмам. Пераадольваю тэрыторыю падтопленай дарогі побач з лодкай, якую супрацоўнікі МНС вядуць на повадзе. На такім вымушаным водным «таксі» ратавальнікі дапамагаюць дабрацца да месца прызначэння рамонтніку-спецыялісту па ацяпляльных катлах. Мужчына тлумачыць, што яго тэрмінова выклікалі па адрасе на падтопленай вуліцы.

— Мяне папярэдзілі, што вада, узяў з сабой гумовыя боты, але аказалася, што «гумавікі» да калена не выратуюць, — з выратавальнай лодкі кажа мужчына.

Насустрач нам сваім ходам — у высачэзных рыбацкіх ботах кіруе да «вялікай зямлі» мясцовая жыхарка Палявой. За некалькі хвілін такой вулічнай аквааэробікі ў непрамакальнай амуніцыі, па сабе зразумела, што прайсці па вуліцы ў вадзе даволі складана. Юлія, знаёмлюся з жыхаркай Палявой, ідзе ў ботах з сумкай наперавес, а ў руках абараняе ад вады свой цывільны абутак. Ужо пераабуўшыся, паедзе ў горад па справах. 

— У мяне двое дзяцей. Адзін вучыцца ў каледжы, другі ў школе. Той, што ў школе, зараз пакуль дома, бо цяжка дабірацца, а ў яго ў школе другая змена. Я яшчэ хаджу пакуль, не ведаю, прайду заўтра ці не. Будзем да ратавальнікаў звяртацца, каб прыязджалі, падвозілі, калі што, — тлумачыць жанчына.

Свая водная руціна 

На затопленай частцы вуліцы ўсе жылыя падворкі стаяць з расчыненымі брамкамі і варотамі. Многія так і пакінулі свае двары не зачыненымі — пайшлі на працу, вучобу. І ўсё ж з некалькімі жыхарамі Палявой пагаварыць атрымоўваецца. З двара на лодцы якраз выплывае юнак. Прадстаўляецца Славай, вучыцца ён ў дзесятым класе. 

— У нас у сям’і акрамя мяне яшчэ два браты — школьнікі. Я сёння не пайшоў, дапамагаў бацьку перавозіць усіх на лодцы, а заўтра давядзецца, — здаецца крыху з расчараваннем з-за непазбежнасці школьных будняў дзеліцца юны вясляр.

Вячаслаў расказаў, што вада прыйшла да іх у двор, але да самай хаты яшчэ не падабралася. Вароты і брамку з самой раніцы прыйшлося адчыняць насцеж, каб не разбурыла. Перасялілі на месца вышэй у двары і Сняжынку: хлопец паказвае на вялікага сабаку-ахоўніка ў двары. 

— Пакуль можна нават на вёслы не садзіцца, а проста, каго трэба, як на буксіры на лодцы цягнуць па вуліцы. А ўвогуле кіраваць лодкай — гэта элементарна. У мяне і бабуля ўмее веславаць, — зазначае школьнік.

Хлопец запрашае зайсці да іх у двор. Якраз дадому вярнуўся бацька.

— Вада вуліцу заліла так моцна толькі за суткі. Учора можна было спакойна хадзіць. У нас увогуле з двух бакоў вада — і на агародзе, і цяпер перад домам. Думаю, тыдні два будзем чакаць, пакуль сыдзе, — пераконвае Аляксандр Глеўскі.

Пытаюся, ці ёсць праблемы з дастаўкай прадуктаў, вадой.

— Праблем ніякіх няма. У цэнтры горада жывём, лічы. Мы звыклыя: падстрахавалicя, загадзя закупілі прадукты. У нас жа з жонкай 8 дзяцей. Чацвёра маленькіх — пагодкі. Калі раптам урача выклікаць трэба будзе на дом, то ратавальнікі дапамогуць. Мы не хвалюемся і з’язджаць не плануем. 

Суседзі гэтай вялікай сям’і — бацькі Аляксандра. Гаспадар падворка Сяргей Станіслававіч жыве на Палявой амаль 65 гадоў. І ні разу, кажа, вада не спалохала, не выгнала з дому. 

— Быў хлопцам, памятаю, вада па вокны стаяла ў нас. Так мы з бацькамі, бабуляй перасяліліся, але недалёка, — смяецца Сяргей Станіслававіч, — на гарышча. Так і жылі, яшчэ і печ умудраліся тапіць у запоўненым доме.

— Зараз са склепа бульбачку ўсю перанеслі. Рыхтавалі прыпасы да вялікай вады з зімы, бо ў адлігу ў студзені паднялася рака моцна і затапіла ўвесь наш агарод, — дадаюць жонка гаспадара дома Таццяна Барысаўна і дачка Вольга. — Мы не баімся заставацца дома. Нас папярэдзілі, калі што, набіраць ратавальнікаў. 

Не толькі перавозка

Пакуль вяртаюся зноў водным шляхам да сухога участка дарогі, дзяжурныя ратавальнікі ўжо прынялі ад адной сямейнай пары з Палявой заяўку на эвакуацыю. Людзі патлумачылі: вада яшчэ не падышла да самага жылля, але ў іх маленькае дзіця, пакуль ёсць магчымасць, спакойна сабраць рэчы і перасяліцца, чакаць «з ракі надвор’я» не хочуць. Такія просьбы аб эвакуацыі ратавальнікі аператыўна перадаюць у адміністрацыю раёна Гомеля.

— Падраздзяленні МНС гатовы да любога развіцця падзей і змянення аператыўнай паводкавай абстаноўкі, — падкрэсліў афіцыйны прадстаўнік Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Ягор Пасканны. — Супрацоўнікі абследуюць падворкі на факт падтаплення і неабходнасці аказання дапамогі насельніцтву. Для аказання дапамогі ў перамяшчэнні па падтопленай частцы вуліцы арганізавана дзяжурства супрацоўнікаў з сямі раніцы да дзевяці вечара.

Ратавальнікамі таксама на гэтым участку горада перыядычна манітораць паводкавую сітуацыю з дапамогай квадракоптэра — з вышыні аналізуецца маштаб падтапленняў, дынаміка змянення сітуацыі. 

— Калі паступіла паведамленне аб пагрозе паводкі і эвакуацыі, неадкладна выходзьце з небяспечнай зоны ў прызначаны бяспечны раён ці на ўзвышаныя ўчасткі дарогі. Перад выхадам з дому, абавязкова выключце электрычнасць, газ, замацуйце ўсе плывучыя прадметы. Вазьміце з сабой дакументы, каштоўнасці, неабходныя рэчы і двухсутачны запас прадуктаў. Калі жыллё падтопліваецца да прыбыцця дапамогі, перабірайцеся на верхнія паверхі, дах будынка і падавайце сігнал бедства. Пры падыходзе ратавальнікаў без панікі пераходзьце ў плаўсродак і няўхільна выконвайце патрабаванні ратавальнікаў, — засяродзіў увагу на асноўных правілах паводзінаў падчас паводкі афіцыйны прадстаўнік Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС. 

Аператыўна рэагуюць на развіццё паводкавай сітуацыі ў Гомелі і спецыялісты Гомельскай абласной арганізацыі Таварыства выратавання на водах. З боку затопленых цэнтральнага пляжа і дарогі, што якраз вядзе да тэрыторыі Якубоўкі, супрацоўнікі таварыства ратавання на водах правялі маніторынг сітуацыі. Пляжная інфраструктура амаль цалкам пайшла пад ваду, звяртаюць увагу спецыялісты, можа быць небяспечнай для плавальных сродкаў насельніцтва. 

— Ва ўмовах вялікай вады мы настойліва рэкамендуе людзям адмовіцца ад самастойнага перамяшчацца па падтопленай тэрыторыі, і ні ў якім разе не рабіць гэтага пасля ўжывання алкагольных напояў. У рэгіёне з пачатку года тры чалавекі патанулі менавіта на разліве рэк. Загінулыя знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, — адзначыў спецыяліст Гомельскай абласной арганізацыі Таварыства выратавання на водах Нікіта Лісоўскі. — Паводкавую сітуацыю неабходна абавязкова ўлічваць пры планаванні адпачынку на прыродзе. Напрыклад, летась у Мазырскім раёне чатыры дзяўчыны пайшлі на пікнік на бераг ракі. Яны заблудзіліся на пойме, а з-за таго, што талыя воды вельмі хутка падымаліся, апынуліся ў небяспечным становішчы. Дзяўчын эвакуіравалі, на шчасце, ніхто з іх не пацярпеў.

У тэму:

Па апошняй аператыўнай інфармацыі, талымі і паводкавымі водамі на Гомельшчыне падтоплены 68 жылых дамоў, 17 падвалаў жылых дамоў, 478 падворкаў, 181 гаспадарчая пабудова, 153 іншых будынкаў (нежылых і дачных дамоў), а таксама 35 участкаў дарог. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара


Бярэзіна, Проня і Друць дадаюць па 11 сантыметраў

Ападкі ў выглядзе снегу і дажджу, якія апошнім часам ідуць ледзь не кожны дзень, прымушаюць не расслабляцца. Паводле інфармацыі Магілёўаблгідрамета, тры ракі ў вобласці працягваюць павялічвацца ў памерах. Растуць Бярэзіна ў раёне Бабруйска, Друць каля вёскі Гарадзішча Магілёўскага раёна і Проня паблізу вёскі Ліцягі на Слаўгарадчыне. А гэта значыць, ёсць пагроза падтоплівання грамадзянскай інфраструктуры, а дзесьці, не выключана, і жылога сектара.

— Сёлетнія паводкавыя працэсы даволі актыўныя, такое назіралася апошнім разам дзесяць гадоў таму, — удакладняе кіраўнік групы гідралогіі Магілёўаблгідрамета Іна Філёва. — Дняпро каля Магілёва, напрыклад, падняўся больш як на 4,7 метра. Гэта сур'ёзная адзнака. Але сітуацыю змякчае тое, што вада ў ім ужо пакрысе пачынае падаць. Што не скажаш пра Бярэзіну, Проню і Друць. Яны дадаюць па 11 сантыметраў у суткі. Дарэчы, сёлета ўзровень вады ў Сожы перавысіў сярэднія шматгадовыя значэнні, а Дняпро быў вельмі блізкі да гэтага.

На 4 красавіка ў Магілёўскай вобласці было падтоплена 56 падворкаў, 24 гаспадарчыя пабудовы ў садаводчым таварыстве «Хімік-2» Магілёўскага раёна, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Інеса Ялфімава.

Пад вадой апынуліся пяць нізкаводных аўтамабільных мастоў і пяць участкаў прылеглых да іх дарог у Мсціслаўскім, Слаўгарадскім, Чавускім і Хоцімскім раёнах.

— На шчасце, эвакуацыя пакуль нікому не спатрэбілася. Сітуацыя пад кантролем, — запэўнівае спецыяліст.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.