Вы тут

Як дарагая забаўка стала стрэсам


Сяброўка купіла на дзень нараджэння дачцэ яркі і выбітны падарунак — «матылькарый», то-бок, хатнюю ферму для гадавання трапічных матылькоў. Каштавала гэта задавальненне больш за 100 рублёў, а хапіла яго... на тры дні. Ды і тое замест асалоды для вачэй ад вялікіх каляровых прыгажунь, якія павінны былі пырхаць па кватэры, імянінніца і яе мама атрымалі стрэс ад немагчымасці дапамагчы экзатычным крохкім істотам, якія вылупляліся з коканаў нейкімі недагадаванымі, і па ўсім было відаць, затрымлівацца на гэтым свеце не збіраліся... Але ж пра ўсё па парадку.


Не мог лятаць

Галіна шмат чаго чакала ад такога падарунку. Што ў кватэры з'явяцца крылатыя хатнія гадаванцы, якіх дачка Святланка будзе карміць, а разам з гэтым вучыцца адказнасці і выконваць нейкія простыя дзеянні догляду. Што разам яны будуць атрымліваць эстэтычную асалоду ад экзатычных істот. На справе ўсё атрымалася інакш.

— Нам так і не ўдалося пабачыць, як матылёк распраўляе крыльцы і робіць першыя ўзмахі. Адразу, як толькі мы яго пабачылі, стала зразумела, што з ім нешта не так. Ён быў занадта маленькі, у яго было недаразвітае крыльца, і ён мог толькі сядзець, а не лятаць.

Другі матылёк вылупіўся праз дзень. Ён быў прыгожы, з вялікі крыльцамі: чорнымі з жоўтымі плямамі. Але ў яго было вельмі вялікае брушка, якое ён цягнуў па стале і... таксама не мог лятаць.

Галіна перажывала, што дачка няправільна даглядае матылькоў. Магчыма, як ластаўкам, у якіх доўгія крылы, ім трэба было стартаваць з нейкага аб'екта? Таму яны пасадзілі другога матылька на аловак, але і з яго ён не ўзняўся ў паветра. Пасля — яшчэ горш: яго брушка лопнула, і Галіна стала перажываць, што гэта яны неяк яго пашкодзілі.

Паводле інструкцыі

Трэці матылёк, здаецца, вылупіўся нармальным: патрэбнага памеру, прыгожай афарбоўкі, ён лятаў!

— Мы ўзрадаваліся і схавалі яго ў спецыяльны дамок для матылькоў, які ішоў у камплекце з «фермай». Аднак пражыў ён таксама нядоўга: нарадзіўшыся вечарам, да раніцы не дацягнуў. І мы сталі перажываць, што гэта адбылося ад голаду, — у роспачы дзеліцца сяброўка. — Калі вылупіўся трэці матылёк, раствор, які ішоў у камплекце з «фермай», сапсаваўся, і мы не рызыкнулі карміць ім гадаванца. Але ж матылькоў, як сведчыць інструкцыя, трэба карміць раз у суткі, таму раніцай я збіраліся даць яму сок апельсіна, як раілася. Папярэдніх я таксама спрабавала карміць. Як было рэкамендавана, выпрамляла ім хабаток, клала яго ў раствор, і гэта такі клопат...

Перажывалі дзяўчаты моцна, бо ў інтэрнэце пачыталі, што жыць такія матылькі павінны да двух тыдняў — іх жа гадаванцы парадавалі ўсяго некалькі гадзін.

Чацвёрты матылёк увогуле не вылупіўся. Кокан праз нейкі час пачаў памяншацца ў памерах і цямнець, стала зразумела, што матылёк на свет не з'явіцца.

Няўдалы эксперымент

Чаканні, падмацаваныя прыгожай рэкламай, не апраўдаліся зусім, кажа Галіна. Затое перажыванняў ад страты матылькоў хопіць яшчэ надоўга. Пры гэтым мама з дачкой ледзьве не пасварыліся, перажываючы за экзатычных істот.

— Нашы матылькі былі бракаваныя: маленькага памеру, не ляталі, — падзялілася Святланка. — Я была б вельмі рада, калі б з імі можна было пагуляць. А так... За аднаго мама на мяне нават накрычала, і я вельмі перажывала.

Сяброўка ж, якая спецыяльна пакінула матылькоў, каб паказаць іх мне, цяпер не можа нават дакрануцца да іх цельцаў.

Якія высновы зрабіла Галіна з такога журботнага вопыту?

Перш чым набываць такія незвычайныя падарункі, трэба ўважліва разабрацца, як даглядаць экзатычных істот, бо гэта вельмі карпатлівая справа. Жыццё матылька — у тваіх руках. Неасцярожнасць, няўменне і няведанне прыводзяць да фатальнага выніку. Неабходна разумець, што гэта не проста цацка, а жывая істота, стан якой выклікае сур'ёзныя перажыванні. Гэта ўжо не гульня, а сапраўдная трагедыя.

Вельмі важна пачытаць каментарыі іншых гаспадароў, якія набылі матылькоў. А лепш — паглядзець відэа, дзе рэальна відаць, як іх даглядаюць.

Перажыўшы такія эмоцыі, сяброўка ўпэўнілася, што гэта не той вопыт, які варта даваць дзіцяці. Шукаючы незвычайны падарунак, трэба часам прыпыняць сваё жаданне знайсці сучасным дзецям нешта максімальна ўражвальнае.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?