Вы тут

Таямніцы і адкрыцці


«Уражальны» помнік майя

У Мексіцы знайшлі старажытны горад

Федэральны ўрад у Мексіцы аб'явіў аб адкрыцці «ўражальнага» археалагічнага помніка — старажытнага населенага пункта. Эксперты мяркуюць, што гэта горад майя. Як паведамляе Mexіco News Daіly, на месцы раскопак знайшлі больш за 300 будынкаў, вышыня некаторых з іх перавышае восем метраў. Новую археалагічную зону называлі Паамул ІІ.

Паводле даных выдання, у пачатку бягучага года ўрад Мексікі вырашыў перанесці маршрут новай чыгункі ўглыб краіны. Эколагі пратэставалі супраць змены маршруту, паколькі будаўніцтва патрабуе зачысткі значных участкаў некранутага лесу.

Цяпер археолагі абследавалі толькі 11 працэнтаў новага ўчастка будаўніцтва. Па словах навукоўцаў, яны выявілі больш за 25000 «нерухомых актываў». Сярод іх ёсць даіспанскія пабудовы і «старажытныя дарогі». Знаходкі сведчаць аб паселішчах майя «ва ўсім гэтым рэгіёне».

Таксама археолагі выявілі больш за 430 суцэльных керамічных гаршчкоў і 423 косці, якія адпавядаюць даіспанскім чалавечым пахаванням. Як паведамляецца, каштоўныя рэліквіі будуць выстаўлены ў музеях.


На электрамагнітных лапах

Створаны «робасабака», які ўмее хадзіць па сценах

Інжынеры з Карэйскага перадавога інстытута навукі і тэхналогій спраектавалі і вырабілі незвычайнага робата-сабаку MARVEL, які ўмее хадзіць па сценах і нават столі. Як можна зразумець з назвы, робат натхнёны супергероямі з сусвету «Марвел», а дакладней — Чалавекам-павуком.

Сакрэт у электрамагнітных лапах — яны дазваляюць утрымлівацца на металічных паверхнях. Уключаючы і выключаючы магнетызм, робат можа чапляцца адной нагой за пункт на сцяне і трымаецца на ёй, у той жа час перастаўляючы іншыя ногі. Менавіта так ён караскаецца наверх.

Прататып здольны перасоўвацца з хуткасцю да 0,7 метра ў секунду, пераступаць бэлькі, а таксама несці да трох кілаграмаў карыснай нагрузкі. У ходзе эксперыменту ён справіўся не толькі з лабараторнымі тэстамі, але і здолеў узлезці на ржавы кантэйнер, пры гэтым абыходзячы месцы, дзе не хапала металу.

Па задумцы інжынераў, у будучыні падобны робат можа спатрэбіцца падчас рамонтных работ на мастах, у вытворчых рэзервуарах і будынках.


Шлях да Клеапатры

Зроблена «найважнейшае адкрыццё ХХІ стагоддзя»?

У Егіпце археолагі выявілі тунэль, які, як мяркуецца, вядзе да грабніцы Клеапатры. Яго знайшлі на глыбіні 13 метраў пад старажытным храмам, размешчаным недалёка ад старажытнаегіпецкай сталіцы Александрыі. Аб гэтым напісала Daіly Maіl.

Як гаворыцца ў артыкуле, тунэль быў знойдзены пад старажытным егіпецкім храмам Тапасірыс Магна, або Вялікай грабніцай Асірыса. Археолагі ўжо назвалі яго геаметрычным цудам, паколькі ён распасціраецца больш як на 1400 метраў і дасягае ў вышыню каля 1,8 метра. Па іх словах, пабудова нагадвае цудоўны Еўпалінскі тунэль на грэчаскім востраве Самас.

На думку археолага Кэтлін Марцінес з Універсітэта Сан-Дамінга, знойдзены ход можа весці да месца пахавання Клеапатры і яе каханага Марка Антонія. Такая верагоднасць гэтага складае адзін працэнт. І калі тое сапраўды так, гэта будзе «найважнейшым адкрыццём XXІ стагоддзя».


Вечна маладая

Навукоўцы вызначылі нестарэючы орган чалавека

Яны адзначылі, што нават нягледзячы на старэнне арганізма ў цэлым, гэты орган заўсёды застаецца маладым. Узрост печані не залежыць ад узросту самога чалавека і ў сярэднім згаданаму органу заўсёды менш за тры гады. Да такой высновы прыйшлі нямецкія вучоныя, паведамляе ScіenceAlert. Яны вызначылі, што аднаўленне клетак печані не залежыць ад працэсу старэння чалавека.

Аднаўленне клетак печані — важны працэс для правільнага функцыянавання органа, які займаецца выдаленнем шкодных рэчываў з арганізма чалавека. Калі печань перапрацоўвае і выводзіць таксічныя рэчывы з цела, яе клеткі пашкоджваюцца, але дзякуючы працэсу абнаўлення яна прыходзіць у норму.

«Не мае значэння, колькі вам гадоў — 20 або 84. Ваша печань заўсёды застаецца маладой. Ёй заўсёды ў сярэднім крыху менш за тры гады», — паведаміў Олаф Бергман з Дрэздэнскага тэхналагічнага ўніверсітэта.

У выніку даследавання ўзораў тканак печані навукоўцы высветлілі, што такі сярэдні ўзрост печані ўдаецца падтрымліваць праз пастаянную замену і абнаўленне клетак.

Каманда вучоных прааналізавала пасмяротныя і біяпсійныя ўзоры тканак печані ў больш як 50 чалавек ва ўзросце ад 20 да 84 гадоў. Яны выявілі, што чалавечая біялогія падтрымлівае жорсткі кантроль над масай печані на працягу ўсяго жыцця чалавека з-за пастаяннай замены клетак дадзенага органа.

Бергман сказаў, што даследаванне паказвае: вывучэнне абнаўлення клетак непасрэдна ў людзей тэхнічна вельмі складанае, але яно можа даць дакладнае ўяўленне аб асноўных клетачных і малекулярных механізмах рэгенерацыі чалавечых органаў.


Час нядоўгага сну

Ад 34 да 54 гадоў: сярэдні ўзрост поўны жыццёвых клопатаў

Працягласць сну звязаная з узростам — напрыклад, маладыя людзі відавочна любяць паспаць, хоць бацькі падлеткаў часта лічаць, што іх дзеці не любяць уставаць раніцамі, бо занадта позна кладуцца. Таксама вядома, што паспаць любяць і пажылыя і што чым старэйшым становіцца чалавек, тым ён больш санлівы. Узнікае падазрэнне, што людзі сярэдняга ўзросту спяць менш за ўсё, і супрацоўнікі Універсітэцкага каледжа Лондана ў сваім артыкуле ў Nature Communіcatіons гэтыя падазрэнні цалкам пацвярджаюць.

Даследчыкі выкарыстоўвалі даныя больш як пра 730 тысяч людзей ад 19 да 70 гадоў, якія жывуць у 63 краінах па ўсім свеце. Усе яны гулялі ў адмысловую гульню, у якой трэба было прадэманстраваць сваю здольнасць арыентавацца на мясцовасці: запамінаць ранейшыя маршруты, пракладваць новыя і г. д. Гульню стварылі, каб ацаніць, калі выяўляюцца раннія прыкметы розных дэменцый, у тым ліку і хваробы Альцгеймера (дэменцыі ў першую чаргу закранаюць памяць увогуле і прасторавую памяць у прыватнасці). Раздаўшы гульню шматлікім удзельнікам рознага полу і ўзросту, можна зрабіць статыстычна дакладныя высновы аб першых прыкметах паталогіі.

Гульцы таксама паведамлялі пра сябе розныя звесткі і сярод іншага расказвалі, колькі яны спяць. Па гэтых звестках атрымлівалася, што даўжэй за ўсіх спяць 19-гадовыя, а потым працягласць сну пачынае памяншацца — аж да 33 гадоў. Затым да 54 яна застаецца прыкладна пастаяннай, не павялічваючыся і не памяншаючыся, а пасля 54-х пачынае зноў расці. Гэта значыць, найменш мы спім паміж 34 і 54 гадамі. Аўтары работы тлумачаць вынік тым, што сярэдні ўзрост поўны кар'ерных клопатаў і клопатаў аб дзецях. Інакш кажучы, як бы маладыя людзі ні скардзіліся на тое, што яны недасыпаюць з-за іспытаў, у будучыні дарослыя клопаты яшчэ мацней урэжуць іх сон.

Узрост нядоўгага сну аднолькавы для мужчын і жанчын, для людзей рознай адукацыі і для жыхароў розных краін. Але калі казаць аб абсалютнай працягласці сну, дык якраз у розных краінах ёсць свае асаблівасці: каля экватара спяць у сярэднім крыху менш, чым у астатніх месцах. Больш за ўсё спяць ва Усходняй Еўропе — на 20-40 хвілін даўжэй, чым у іншых краінах.

Наогул, не трэба выпускаць з-пад увагі, што ўсё гэта вынікі «ў сярэднім». Зразумела, што ёсць людзі сярэдняга веку, якім жыццё дазваляе спаць вельмі доўга, ёсць маладыя з пажылымі, што спяць вельмі мала, і нават у самай экватарыяльнай краіне можна знайсці людзей, якія надзвычай любяць паспаць. Акрамя таго, аўтары работы выкарыстоўвалі даныя толькі аб працягласці сну — хоць можна спаць доўга, але дрэнна, пастаянна варочаючыся, прачынаючыся на імгненне і зноў засынаючы, і г. д. Ацаніць дастаткова дакладна якасць сну сам чалавек можа не заўсёды, тут патрэбныя спецыяльныя прыборы. Так што гэтыя вынікі варта дапоўніць якімі-небудзь маштабнымі даследаваннямі, якія апісваюць не толькі тое, колькі спяць людзі рознага ўзросту і ў розных краінах, але і тое, як яны спяць.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.