Вы тут

Шматдзетная сям'я перабралася з горада ў вёску і завяла вялікую гаспадарку


Целяціцкія цяпер звычайная вясковая шматдзетная сям'я. Ну, можа, хіба трошачкі не зусім звычайная. Да нядаўняга часу Святлана і Аляксандр былі пінчанамі, жылі і працавалі ў сталіцы Палесся, выхоўвалі траіх дзяцей. Але, атрымаўшы ў Пінску трохпакаёвую кватэру на льготных умовах, прынялі рашэнне... перабрацца ў вёску. У Коланску Івацэвіцкага раёна Святлану шмат гадоў чакаў дом яе любімай бабулі Тоні.


Не прадаецца хата бацькоў

Сюды і перабраліся прыкладна пяць гадоў таму, тут нарадзіліся малодшыя Ягор і Саша. І цяпер у іх не толькі вялікая сям'я, але і вялікая гаспадарка. Дом таксама будзе вялікі, калі яго канчаткова дабудуюць. Паводле новай планіроўкі, закладзена шэсць пакояў, крыху пабольшае кухня, паменшаюць падсобныя памяшканні. Аляксандр — будаўнік па прафесіі, асноўнае робіць сваімі рукамі. Ужо многае адрамантавана і даведзена да ладу, напрыклад падлогі атрымалі новую сцяжку і пакрыццё. Але і наперадзе шмат работы.

Ацяпленне ў хаце пакуль пячное. Дзед некалі пабудаваў грунтоўна. Печкі даюць цяпла дастаткова. З перапланіроўкай давядзецца дабавіць адну печку альбо цалкам перайсці на іншае ацяпленне — пакуль яшчэ не вырашылі. Паступова вядзецца рамонт у пакоях з прыцэлам на тое, каб было зручна дзецям. Нават бабулін куфар стаіць і чакае свайго аднаўлення. Вырашылі, што ён стане хатнім музейным экспанатам, але застанецца карыснай рэччу адначасова, будзе выконваць функцыю вялікай камоды.

Гэтай вясной задача нумар адзін для гаспадара — будаўніцтва дзіцячай пляцоўкі для малых, з пясочніцай, з горкамі, з гушкалкай.

— Як гэта вы рашыліся — абое ж нарадзіліся і выраслі ў горадзе — памяняць шляхетны, старажытны Пінск на вёску? — задаю рытарычнае пытанне, ледзь пераступіўшы парог.

— «Не прадаецца хата бацькоў» — чулі пра такое? — весела падхоплівае гаспадар. — Вось і мая палавіна чым больш сталее, тым часцей сваю бабулю ўспамінае і раўняецца на яе. Тая была ўдарніца працы ў шырокім сэнсе, і гэта не хоча адставаць.

Хачу быць, як бабуля

Аказалася, папярэдняя гаспадыня хаты, Антаніна Якаўлеўна Сабко, была не проста калгасніцай, а сапраўды знакамітым чалавекам. За ўдарную працу яе, 24-гадовага брыгадзіра паляводчай брыгады, вылучылі кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР. Пасля выбараў калгасніца з Коланска на сесіі ў Маскву ездзіла, у Крамлі пабывала. Да нядаўняга часу ў сям'і здымкі, дакументы захоўваліся. Некалькі гадоў таму сын Антаніны Віктар, Святланін бацька, прыняў рашэнне аддаць і дакументы, і ўзнагароды ў музей.

Матуліна ўзнагарода.

Святлана Целяціцкая пераканана, што яе бабуля магла б зрабіць кар'еру, пайсці далёка, як ёй прарочылі многія, але яна выбрала сям'ю. Калі жанчына ездзіла ў Маскву, у яе быў толькі першынец. І тое цяжка даводзілася маладой матулі пакідаць дзіця на сваякоў. Відаць, і муж не падтрымліваў кар'ерныя амбіцыі жонкі. Таму яна да грамадскай работы астыла, нарадзіла яшчэ траіх дзяцей і да пенсіі працавала ў калгасе. Ну і, вядома, сваю заўсёды вялікую гаспадарку глядзела, спачатку дзяцей, потым унукаў гадавала. Адкуль жа ў Святланы гэтая любоў да хатняй жыўнасці, што цяпер гадуецца ў яе хлявах? Кожнае лета школьніцай праводзіла ў бабулі, навучылася ўпраўляцца і з каровай, і са свіннёй, і з птаствам.

«Яшчэ малая, я гаварыла: буду як ты, бабуля, і ў мяне, як у цябе, будзе чацвёра дзяцей. Я трошкі нават пераўзышла яе — у мяне пяцёра і гаспадарка большая», — весела каментуе Святлана.

Што на падворку...

Цяпер у іх дзве каровы, бычок гадуецца, свінкі рохкаюць, ёсць таксама пару авечак ды козачак, хрумстаюць караняплоды ў клетках трусы. А на птушыным двары гогалем ходзіць чубаты певень з вывадкам, а таксама качкі, гусі. Цяпер гаспадыня ўжо заклала першую партыю яек у інкубатар, хутка кураняты будуць. Наогул яна непапраўны эксперыментатар, аднойчы нават перапёлак вывела ў сваім інкубатары. Са звычайных, дарэчы, яек, тых, што прадаюцца ў краме. Але аказалася, што птушаняты вельмі патрабавальныя ў доглядзе, ім трэба ўвесь час аптымальную тэмпературу падтрымліваць, таму эксперымент не вельмі ўдаўся.

Словам, сямейная харчовая праграма выконваецца на ўсе сто. Малочныя прадукты свае, мясныя таксама. Лішкі малака Целяціцкія здаюць на прыёмны пункт, мясам дзеляцца са сваякамі — гарадскім бацькам, братам, сёстрам гаспадароў па кавалку экалагічна чыстага мяса рэгулярна перападае.

Першапрычына вялікай гаспадаркі, несумненна, у тым, што Святлана жыўнасць любіць. Здавалася б, дзяцей столькі, адной работы па дому з мыццём, прасаваннем, гатаваннем процьма, а яна паспявае яшчэ дагледзець і накарміць столькі «галоў»! Вядома, робяць гэта разам з мужам, але ж... Ён часта заняты на розных будаўнічых аб'ектах, падпрацоўвае такім чынам, а вечарам на асноўнай рабоце — вартаўніком. І кожны раз ініцыятарам любога прыбаўлення ў статку становіцца яна.

— Было двое свінак, але падумала аднойчы, што трэба купіць яшчэ двое малых, — расказвае Святлана. — Прыкінула і... купіла! Першыя два тыдні мужу не казала, каб не нерваваць. Пакармлю хуценька, яны ляжаць, маўчаць. А ён вялікім паесці занясе, вылье ў карыта і нават не заўважае, што ў суседнім катушку таксама ёсць насельнікі.

— Яна, каб даў волю, слана купіла б і паставіла тут, — смяецца Аляксандр. — Часам даводзіцца стрымліваць жончын энтузіязм. Неяк надумалася: давай, маўляў, коніка купім. Я кажу, што больш рацыянальна мець трактар у гаспадарцы. Каня трэба карміць кожны дзень круглы год, а трактар стаіць і есці не просіць, толькі запраўляць мусіш, калі на работу выязджаеш.

— Але ж конь такі прыгожы, жывы, — не спыняецца гаспадыня. — Ну мы яшчэ паглядзім. Пасвіць ёсць дзе. Дарэчы, для нашай падсобнай гаспадаркі выдзелілі тры гектары пашы. Гэта вельмі істотная дапамога.

...І ў хаце

Наогул, працаздольнасць маці вялікага сямейства здзіўляе. Акрамя таго, што дома работы процьма, яна яшчэ паспявае ў сезон падпрацоўваць у фермера па суседстве. «Як вы так дзень плануеце, хіба не спіце зусім?» — не хаваю свайго здзіўлення.

— Не, — адказваюць, — днём спраўляемся. Зімой нават пазней за шэсць раніцы ўстаём. А вось улетку давядзецца ў шэсць, а то і ў пяць падымацца. Да ўсіх клопатаў дабавіцца агарод. Галоўнае — правільна арганізаваць свой час, а там усё само па сабе ў парадак выстраіцца. Работу ж не дзелім — хто свабодны, той і робіць неабходнае па гаспадарцы.

Паводле маіх падлікаў, на такое сямейства трэба толькі гадзін пяць у дзень, каб нагатаваць ежы. Святлана згаджаецца: «Так, гэта самая складаная частка хатняй работы. Я сама вінаватая, крыху іх распесціла. Няма такога, каб прыгатаваў адну страву, і ўсе елі. У кожнага свае перавагі і густы. Напрыклад, учора патушылі гуся — у лепшым выпадку яго паядуць двое з пяці дзяцей. І гарніраў трэба некалькі адразу, бо адзін любіць бульбу, другі макарону, а трэцяму рыс давай. Нават з макаронай трэба дагадзіць, бо аднаму хочацца спагеці, другі любіць ракушкі. Спадзяюся, як падрастуць, усё гэта неяк вырашыцца.

— Выгод у хаце пакуль няма, — працягвае гаспадыня. — Для мыцця пабудавана лазня ў двары, машынка пральная ёсць. Некаторыя цяпер бялізну не прасуюць для эканоміі часу, а я не магу, па-мойму, непапрасаваная бялізна нейкая няправільная. Гэта ўжо работа на позні вечар, калі на іншае сіл не застаецца.

Усе разам

А дзеці — з імі вялікіх клопатаў няма, цягнуцца адзін за адным у вучобе. Старэйшы Віктар зараз у выпускным класе. Адзіная дачушка Ксенія ў сёмым, Арсень — трэцякласнік. А малыя пакуль дома. Калі мама выйдзе на працу ў мясцовую школу, тады і яны пойдуць у садок.

Ксенія сур'ёзна займаецца музыкай па класе баяна. Бацька возіць яе кожны дзень у музычную школу ў пасёлак, наперадзе ў яе першы конкурс, дзяўчынка хвалюецца. Яна ж не без гонару паказала мне ордэн Маці, якім мама была ўзнагароджана зусім нядаўна.

— Ты, дачушка, таксама, можа, калі-небудзь атрымаеш такую ўзнагароду, — усміхаецца мама.

— Не, — сур'ёзна адказвае Ксюша, — у мяне крыху іншыя планы на жыццё.

— Што ж, у кожнага сваё, — згаджаецца матуля. — Можа, яшчэ перадумае, але мы будзем паважаць выбар кожнага з дзяцей. А вось Арсень, прынамсі, пакуль абяцае прадоўжыць нашу справу. Кажа: «У мяне будзе вялікая сям'я, я стану фермерам, буду шмат працаваць, а ты, мама, будзеш сядзець у крэсле-качалцы і падлічваць грошы». Мы смяёмся: «Твае б словы, сынок, ды Богу ў вушы». Галоўнае, каб добрымі людзьмі ўсе выраслі, каб працы не баяліся, а якую дарогу выбера кожны, якую прафесію, не так і важна.

У нас ніколі не бывае сумна. Калі надыходзяць святы, усе разам збіраемся за сталом, гатаваць я люблю. Абавязкова нешта арыгінальнае на дні нараджэння пячом. Любім разам адпачываць, хоць далёка не выберашся з такой гаспадаркай. А вось у розных раённых сямейных мерапрыемствах, калі запрашаюць, з задавальненнем прымаем удзел. Ужо неаднойчы нас адзначалі рознымі дыпломамі, падарункамі. Усе разам можам выйсці на сцэну, загадзя рыхтуем прэзентацыю сям'і ці выставу ўласных вырабаў.

Дзяцей работай па гаспадарцы не нагружаем. Хіба што катоў і сабак даручаем дагледзець — сабакі чатыры, трое катоў. Але ж усе разам выходзім на так званыя суботнікі, калі трэба прыбраць падворак, навесці парадак на гаспадарчым двары. Любую работу робім з задавальненнем.

Святлана Віктараўна, педагог па адукацыі, лічыць, што ў сям'і галоўнае — навучыць дзяцей любові і павазе, быць прыкладам у працы, а астатняе само «вымалюецца».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Івацэвіцкі раён.

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.