Вы тут

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі запускае Бегавую лігу


У краіне на адзін спартыўны праект стала больш. Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі запускае Бегавую лігу. Плануецца, што ліга аб’яднае аматараў бегу з усёй краіны, пакажа, што весці здаровы лад жыцця можна ў любым узросце і ў любым населеным пункце, дапаможа развіць масавы спорт. Падрабязнасці пачынання арганізатары раскрылі на прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў канферэнц-зале РУП «Белмытсэрвіс». 


«Сёння папулярызацыя здаровага ладу жыцця і спорту — сацыяльна значныя напрамкі развіцця нашага прадпрыемства. На працягу двух гадоў мы актыўна ўдзельнічаем у розных спартыўных мерапрыемствах, у тым ліку забегах. РУП «Белмытсэрвіс» падтрымлівае ўсе ініцыятывы Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Так, летась мы ўдзельнічалі ў “Забегу адважных”, “Манастырскім забегу”, Мінскім паўмарафоне. Усё больш супрацоўнікаў нашага прадпрыемства актыўна выкарыстоўваюць гэтыя магчымасці. На 2023 год у нас запланаваны шэраг мерапрыемстваў, і сёння дзякуючы нашым партнёрам мы далучаемся да новага праекта Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі — Бегавой лігі. Я перакананы, што гэта дазволіць нам сумесна заахвочваць нашых людзей весці здаровы лад жыцця, займацца спортам дома, у сям’і і на працы, — адзначыў Аляксандр Скачкоўскі, першы намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белмытсэрвіс».

Як заўважыў старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іван Ціхан, бегавы рух у краіне імкліва пашыраецца, колькасць аматараў бегу расце. Каб замацаваць гэты поспех і матываваць яшчэ больш людзей выходзіць на прабежку, было прынята рашэнне арганізаваць Бегавую лігу. Гэты праект разлічаны перш за ўсё на аматараў бегу. Іван Ціхан назваў яго асноўныя мэты: развіццё масавага спорту, папулярызацыя здаровага ладу жыцця. А яшчэ — развіццё ўнутранага турызму, паколькі забегі будуць праходзіць як у буйных, так і невялікіх гарадах. Да ўдзелу ў забегах запрашаюцца ўсе жадаючыя, таму бег можа адкрыць Беларусь і гасцям з іншых краін. 

«Месцы забегаў выбраны невыпадкова, у кожнага месца ёсць свая гісторыя, якая будзе цікавая ўсім. У некаторых месцах сваю ролю адыгрывае духоўны аспект. Летась мы ўпершыню правялі забег у Жыровічах, дзе знаходзіцца старажытны манастыр і цудатворны абраз, а сёлета апроч „Манастырскага забегу“ адбудуцца „Саборны забег“ у Полацку і „Сцежкай крыжа“ ў Тураве. Аматары бегу змогуць прыехаць і дакрануцца да вытокаў праваслаўя, прысутнічаць на царкоўнай службе, а потым выйсці на старт», — адзначыў Іван Ціхан. Па яго словах, асаблівую ўвагу арганізатары ўдзеляць сямейным забегам. У рамках кожнага мерапрыемства пройдзе забег для ўсёй сям’і на сімвалічную дыстанцыю, пасля завяршэння якой удзельнікі атрымаюць памятныя медалі. Для дзяцей арганізуюць майстар-класы, розныя актыўнасці, а таксама пляцоўкі дзіцячай лёгкай атлетыкі. Дарэчы, для дзяцей удзел у забегах бясплатны. Для дарослых стартавы пакет каштуе 25 рублёў. У стартавы пакет удзельнікаў забегаў уключана страхаванне ад партнёра БФЛА «Белдзяржстрах». 

Што такое Бегавая ліга

У календары Бегавой лігі — 18 стартаў, якія пройдуць з мая па кастрычнік. Першы старт «Апярэджваючы час» 13 мая прыме Крычаў. Кожны забег будзе ўключаць у сябе дыстанцыі як для вопытных, так і для пачынаючых бегуноў. Фіксацыя тэхнічнага выніку на кожным старце будзе адбывацца на адной або дзвюх асноўных дыстанцыях, за якія спартсменам будуць прысвойвацца ачкі. Кожнаму ўдзельніку, які фінішаваў з зафіксаваным вынікам, будзе прысвоена пэўная колькасць ачкоў. Першае месца прынясе 700 ачкоў, другое — 690, трэцяе — 680 і далей па спаданні. Пры вызначэнні пераможцаў лігі ў асабістым заліку будуць улічаны 7 лепшых вынікаў па колькасці набраных ачкоў. Падлік ачкоў у каманднай барацьбе будзе праводзіцца па суме сямі лепшых вынікаў (5 мужчын і 2 жанчыны) на кожным этапе лігі. Састаў каманды неабмежаваны. Пры вызначэнні пераможцаў лігі ў камандным заліку будуць улічаны 10 лепшых вынікаў каманды на кожным этапе па колькасці набраных ачкоў. 

Спартсмены нацыянальнай і зборных каманд Рэспублікі Беларусь па відах спорту могуць удзельнічаць у забегах і атрымліваць ачкі, займаць прызавыя месцы кожнага асобнага забегу і прыносіць ачкі ў камандны залік. Але яны не ўдзельнічаюць у вызначэнні пераможцаў і прызёраў у асабістым заліку ўсёй Бегавой лігі. 

Узнагароджанне па выніках лігі ў асабістым заліку будзе праводзіцца сярод мужчын і жанчын за 6 першых месцаў. Узнагароджанне па выніках лігі ў камандным заліку пройдзе за першыя 3 месцы. 

Азнаёміцца з календаром забегаў, запісацца на бегавое мерапрыемства можна на спецыяльнай платформе. Уся інфармацыя пра рэгістрацыю, аплату ўдзелу ў забегах і вынікі будзе прадстаўлена тут. 

Тварам Бегавой лігі будзе Юлія Несцярэнка, чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 2004 года ў бегу на 100 метраў. Яна будзе прысутнічаць на стартах, праводзіць майстар-класы для дзяцей і прапагандаваць бегавы рух. Сваім прыкладам заахвочваць беларусаў выходзіць на старт будзе і Леанід Пятровіч Каскевіч — адзін з самых актыўных удзельнікаў забегаў БФЛА і заўзяты прыхільнік актыўнага ладу жыцця. Іван Ціхан уручыў яму сертыфікат на бясплатны ўдзел ва ўсіх забегах лігі. «Мне 74 гады, з іх сем гадоў я займаюся бегам. Пасля смерці жонкі не мог акрыяць, нічога не дапамагала. І я вырашыў пачаць бегаць, паступова ўцягнуўся. Спачатку я бегаў раніцай, але гэта вялікая нагрузка. Таму зараз я раблю дыхальную гімнастыку і праз гадзіны дзве пасля снедання выходжу на прабежку. І цэлы дзень я бадзёры, ніякіх допінгаў, нічога не трэба. Нядаўна пачаў займацца тхэквандо», — расказаў Леанід Пятровіч. Ён плануе ўдзельнічаць ва ўсіх 18 стартах Бегавой лігі і раіць зрабіць гэта ўсім. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з архіва БФЛА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.