Вы тут

«Усё мы пераадолеем, трэба крыху часу». З якімі вынікамі Прэзідэнт здзейсніў паездку ў Маскву


Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. А напярэдадні прайшла двухбаковая сустрэча лідараў Беларусі і Расіі, якая, пачаўшыся ўвечары, доўжылася да дзвюх гадзін ночы. Многія пытанні падчас яе абмяркоўваліся ў закрытым фармаце, бо тычыліся стратэгічна важных рэчаў — бяспекі і абароны (ужо назаўтра, на Вышэйшым дзяржсавеце, беларускі лідар адзначыў: «Гэта былі рэзультатыўныя перагаворы. Па ўсіх пытаннях — а іх больш як дзясятак — мы дасягнулі згоды»). Ды і з таго, што было сказана на пачатку ў публічным фармаце, было зразумела: усе настроены на пазітыўны канстуктыўны лад.


«Мы ўсё гэта пераадолеем. І той, хто спадзяецца або прагназаваў, што мы рухнем, — нічога мы не рухнулі. Так, будзе няпроста. А калі было проста? Мы вытрымаем і зробім усё нават у мікраэлектроніцы, дзе мы з вамі год таму, сустракаючыся ў вашым кабінеце, якраз абмяркоўвалі, што нам рабіць. Аказваецца, і тут знайшлі магчымасць працаваць. І ракеты лятаюць, і баявая тэхніка перамяшчаецца і ў нас, і ў вас. Таму ўсё мы пераадолеем, трэба крыху часу», — падкрэсліў беларускі лідар на пачатку сустрэчы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо рэалізавана 80 працэнтаў з 28 прынятых саюзных праграм. І частыя сустрэчы з Уладзімірам Пуціным якраз былі звязаны з тым, каб не было тармажэння пры выкананні. Прэзідэнт Беларусі, рыхтуючыся да гэтага Вышэйшага дзяржсавета, заўважыў, што «гэта ўпершыню такое мерапрыемства, дзе мы больш будзем гаварыць, падводзячы вынікі. Ужо менш будзе праблемных пытанняў». «Яны, вядома, ёсць. З'яўляюцца ўсё больш і больш, паколькі мы развіваемся. Ды і падкідваюць нам гэтыя пытанні», — дадаў ён.

Шырокапалосныя магістралі для актывізацыі

Ужо на пасяджэнні ВДС, паводле слоў беларускага лідара, «у большай ступені прысвечаным пытанням сацыяльна-эканамічнага характару», Аляксандр Лукашэнка заявіў: «З улікам бягучага моманту значэнне гэтага ўнікальнага міждзяржаўнага аб'яднання (Саюзнай дзяржавы. — Зв.) цяжка пераацаніць. Па сукупнасці дасягнутых вынікаў за такі непрацяглы перыяд наш саюз па праве знаходзіцца ў лідарах сярод іншых інтэграцыйных аб'яднанняў».

Прэзідэнт адзначыў, што, планамерна пашыраючы прававую базу ўзаемадзеяння, бакі адкрылі шырокапалосныя магістралі для актывізацыі бізнесу, супрацоўніцтва навуковых колаў і творчых калектываў, партнёрства маладзёжных аб'яднанняў. Свабода перамяшчэння грамадзян і капіталу, роўныя магчымасці для адукацыі і працоўнай дзейнасці — усё гэта бясспрэчныя перавагі інтэграцыі ў вачах звычайных беларусаў і расіян.

«Свайго роду маркерам паспяховасці нашага эканамічнага супрацоўніцтва з'яўляецца колькасць гандлёвых аперацый. За мінулыя 27 гадоў коштавыя аб'ёмы тавараабароту павялічыліся больш як у чатыры з паловай раза. Ключавы напрамак у двухбаковых адносінах — вытворчая кааперацыя. Сёння гэта сувязі больш як 8 тысяч беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў, сотні тысяч працоўных месцаў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

За гады будаўніцтва Саюзнай дзяржавы рэалізавана больш за 60 сумесных навукова-тэхнічных праграм у розных сферах: асваенні космасу, інфармацыйных тэхналогіях, сельскай гаспадарцы, выпуску матэрыялаў і прыбораў. «Многія распрацоўкі паспяхова ўкараняюцца ў вытворчасць, дзякуючы чаму выконваецца праграма імпартазамяшчэння і зніжэння залежнасці ад заходніх тэхналогій», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, нагадаў, што яшчэ раней ён абмяркоўваў з Уладзімірам Пуціным няпростае пытанне імпартазамяшчэння ў сферы мікраэлектронікі. Да яе ў тым ліку вярнуліся і напярэдадні падчас перагавораў у Крамлі. Прэзідэнт падкрэсліў, што нядаўна дэталёва вывучаў гэту тэматыку ў ходзе наведвання прадпрыемства «Планар» у Мінску. Там спецыялісты запэўнілі, што самалёты і ракеты як ляталі, так і будуць лятаць — для гэтага ў Беларусі ёсць неабходныя тэхналогіі і магчымасці. «Нават у гэтым складаным пытанні мы знайшлі выхад са становішча. І ў многіх іншых. Таму мы вытрымаем», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка асабліва згадаў аб развіцці супрацоўніцтва па лініі маладых вучоных дзвюх краін. Звяртаючыся да Прэзідэнта Расіі, ён сказаў: «Моладзь сустрэлася. Тое, аб чым Вы гаварылі мне ў Мінску. Маладыя вучоныя намецілі праграму далейшага развіцця».

Крокі па ўмацаванні бяспекі

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Расія стварылі эфектыўную сістэму абароны і гарантавання бяспекі, у рамках якой паспяхова функцыянуе рэгіянальная групоўка войскаў і адзіная сістэма СПА. А зробленыя крокі па ўмацаванні пагранічнай бяспекі дазволілі значна павысіць абароненасць Саюзнай дзяржавы ад міжнароднага тэрарызму, безкантрольных патокаў міграцыі, кантрабанды зброі і боепрыпасаў, наркатрафіку, незаконнай эканамічнай дзейнасці.

«Учора Прэзідэнту (Расіі. — «Зв.») распавядаў, што проста патокам з Украіны пайшла зброя — у Расію, праз Расію да нас. У нас з Украінай граніца намёртва закрыта. Праз Бранскую, іншыя вобласці пайшла зброя. Мы скончылі з Аляксандрам Васільевічам Бортнікавым (дырэктар ФСБ Расіі. — «Зв.») сёння аперацыю. У найбліжэйшы час праінфармуем грамадства. Вы ведаеце, мы затрымалі гэтага тэрарыста, які пракраўся на тэрыторыю Беларусі, і праз Расію яго хацелі вывезці ў іншую краіну», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Прэзідэнта, КДБ і ФСБ правялі сумесную аперацыю. «Накрылі ўсю сетку. Расіяне дапрацоўваюць тут, у Расіі, па іншых напрамках. Так што ў спакоі нас не пакінуць. Сховіны — што ў Беларусі, што ў Расіі — зброі і ўзрыўчаткі ёсць. Заходзяць і бяруць гэта. Мы некалькі такіх накрылі. Таму мы ўчора вельмі сур'ёзна абмеркавалі пытанні бяспекі ў гэтым плане. Думаю, мы справімся», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама зазначыў, што на міжнароднай арэне краіны праводзяць узгодненую знешнюю палітыку. «Наша супрацоўніцтва ў галіне знешняй палітыкі — гэта ўвогуле прыклад для іншых ведамстваў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Не прайграць бітву за розумы і сэрцы

Прэзідэнт Беларусі на пасяджэнні ў Крамлі зноў нагадаў аб неабходнасці мець сур'ёзны саюзны медыяхолдынг. «Так, гэта, можа, у нейкай ступені будзе нятанна. Але, калі мы хочам, каб парадак дня гучаў (ёсць пра што гаварыць), трэба ствараць гэты медыяхолдынг, не прыклейваючы яго да нейкіх іншых арганізацый. Пра гэта мы дамовіліся. Але гэта не адразу робіцца. Тым больш што патрэбны пэўныя сродкі», — дадаў беларускі лідар.

«У пытанні інфармацыйнага супрацьборства, як і ў пытанні фарміравання магутнай ідэалагічнай падтрымкі нашага саюзнага будаўніцтва, з боку нашых грамадзян нямала зроблена. Мы, вядома, не маем права прайграць бітву за розумы і сэрцы нашых грамадзян на друкаваных, тэле-, радыё-, лічбавых» палях бітваў», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Ідэалагічнае супрацьстаянне па лініі Захад — Усход не аслабее нават пасля таго, як замаўчаць гарматы. Гэта надоўга», — упэўнены Прэзідэнт Беларусі.

«Сітуацыю вакол нашых краін вы ведаеце. Яна няпростая. Без сумненняў, мы дастойна вытрымалі першыя масіраваныя знешнія эканамічныя ўдары. Аб гэтым шмат сказана», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад работу па імпартазамяшчэнні. У прыватнасці, паводле яго слоў, у Расіі паспяхова асвойваецца вытворчасць тэхнікі і абсталявання для будаўніцтва і наступнага ўтрымання чыгуначных пуцей.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што на змену няўдалым спробам эканамічнай блакады ідзе ваенны шантаж у выглядзе мэтанакіраванага нарошчвання сіл і сродкаў НАТА каля граніц Саюзнай дзяржавы. Асабліва вакол Калінінградскай вобласці. «Эканамічная блакада не магла ўдацца. Проста яны наскокам нас вырашылі ўзяць. Калі б падумалі сур'ёзна, яны б гэтага не рабілі, таму што эканоміка самадастатковая. Не атрымалася эканамічна — пачалі мэтанакіравана ціснуць у ваенных адносінах, — заўважыў беларускі лідар. — Узмацняецца рыторыка аб перспектыве глабальнага ўзброенага канфлікту».

Ён падкрэсліў, што ва ўмовах развязанай супраць Беларусі і Расіі інфармацыйнай, палітычнай і эканамічнай вайны, крызісу міжнароднага права і відавочнай бяздзейнасці міжнародных інстытутаў Беларусі і Расіі неабходна яшчэ больш скаардынавана і аператыўна адстойваць і абараняць нацыянальныя інтарэсы. «У сваім Пасланні я адкрыта і прама сказаў: калі будзе трэба, мы прыменім усё, што ў нас ёсць, каб абараніць нашы дзяржавы і народы, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — І нікога мы не шантажыруем. Так будзе».

У рэжыме антыкрызісных штабоў

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ўрады Беларусі і Расіі з мінулага года фактычна працуюць у рэжыме антыкрызісных штабоў і дабіліся прыкметных вынікаў у адаптацыі эканомікі і выбудоўванні новых гандлёва-лагістычных маршрутаў. «Ужо і няма ў чым папракнуць урады. Тыя асноўныя пытанні, якія былі намечаны, вырашаны. Засталіся хвасты. Як гаворыць наш прэм'ер, мы іх за вясну даб'ём. Дзякуючы такому супрацоўніцтву абнавілі кааперацыйныя сувязі, перавялі разлікі ў гандлі стратэгічнымі таварамі на расійскія рублі, з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў і рэалізоўваем шэраг буйных інвестыцыйных праектаў больш як на паўтара мільярда, якія нам вельмі і вельмі патрэбны — і Расіі, і Беларусі», — адзначыў Прэзідэнт.

У 2022 годзе саюзным Саветам Міністраў і Вышэйшым дзяржаўным саветам у рабочым парадку прынята 56 нарматыўных прававых актаў, накіраваных на развіццё саюзнага будаўніцтва. Сярод іх — Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Саюзнай дзяржавы, Праграма ўзгодненых дзеянняў дзвюх краін у галіне знешняй палітыкі на 2022—2023 гады, дакументы аб развіцці пагранічнай бяспекі і супрацьдзеянні тэрарызму. Таксама ўнесены змяненні ў парадак распрацоўкі і рэалізацыі праектаў і праграм Саюзнай дзяржавы.

У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заўважыў: «Урады і парламенты актыўна папрацавалі, падрыхтаваўшы нашу сённяшнюю сустрэчу. Па сутнасці, мы сабраліся толькі для таго, каб зафіксаваць вынікі вашай працы. Хачу вам за гэтую працу падзякаваць і выказаць надзею на тое, што, калі і будуць нейкія пытанні да гэтага часу часу яшчэ не ўзгодненыя (хоць я такіх не бачу), калі нешта ўзнікне ў ходзе жывых зносін і рэальнай працы, то мы, безумоўна, як гэта заўсёды і было ў практыцы нашай сумеснай дзейнасці, узгоднім і знойдзем прымальныя для абодвух бакоў рашэнні».

Ад агульнага энергетычнага рынку — да агульнай канцэпцыі бяспекі

Кіраўнік расійскай дзяржавы таксама адзначыў значныя дасягненні ў інтэграцыі ключавых галін эканомікі. Паводле яго слоў, прадаўжаецца рэалізацыя Асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021—2023 гады і саюзных праграм. «Гэтая праца прыносіць канкрэтны, адчувальны вынік. Гэтую дзейнасць, як мы сёння дамовіліся, безумоўна, будзем працягваць, не зніжаючы тэмпаў», — заявіў Уладзімір Пуцін.

Паводле слоў Прэзідэнта Расіі, прадаўжаецца стварэнне аб'яднаных рынкаў нафты і газу дзвюх краін. «Да падпісання рыхтуецца дагавор па фарміраванні адзінага электраэнергетычнага рынку», — расказаў Уладзімір Пуцін.

Ён таксама падкрэсліў, што Расія і Беларусь прадоўжаць нарошчваць сваё ўзаемадзеянне ў сферы абароны і бяспекі, пашыраць супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы. «Гэта, безумоўна, адпавядае карэнным інтарэсам нашых краін і народаў, — заявіў Кіраўнік расійскай дзяржавы.

Уладзімір Пуцін таксама выказаўся наконт пачатку падрыхтоўкі канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы. Паводле яго слоў, у гэтым дакуменце будуць сфармуляваны асноўныя задачы ўзаемадзеяння ва ўмовах усё большай напружанасці на знешніх межах і развязанай супраць Беларусі і Расіі санкцыйнай і інфармацыйнай войнаў. «Нам, безумоўна, варта было б прадметна заняцца стратэгічным планаваннем. Мы будзем і ў далейшым умацоўваць сістэмы бяспекі Саюзнай дзяржавы, гарантуючы тым самым умовы для яе ўстойлівага, паступальнага сацыяльна-эканамічнага развіцця», — падсумаваў расійскі лідар.

«Робім так, як робяць яны»

Кіраўніка беларускай дзяржавы журналісты папрасілі пракаментаваць заяву Прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, зробленую ў час візіту ў Кітай, аб тым, што ні адна краіна не можа размяшчаць ядзерную зброю на тэрыторыі іншай краіны. «Я з ім згодны, — адказаў беларускі лідар. — Таму трэба выводзіць усю ядзерную зброю амерыканцам з пяці ці шасці краін, дзе яна размешчана. І кропка. Я наогул у гэтых адносінах радыкал. Я лічу, што ядзерную зброю трэба на працягу літаральна некаторага часу звезці ў адну кучу і знішчыць. Вось і ўсё. А мянціць языком, як гэты наш таварыш умее рабіць, — усё майстры. Таму добра, давайце збяром усё ў кучу і знішчым. Гэта самы лепшы варыянт. А пакуль — мы робім так, як робяць яны».

Паводле Прэс-службы Прэзідэнта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.