Вы тут

Выйшаў першы ў 2023 годзе выпуск брэсцкага краязнаўчага альманаха «Астрамечаўскі рукапіс»


Пабачыў свет першы ў 2023 годзе выпуск брэсцкага раённага краязнаўчага альманаха «Астрамечаўскі рукапіс». Гісторыя выдання адлічвае дзесяць гадоў. З пачатку яго існавання выйшаў 41 нумар. Альманах выдаецца штоквартальна. За гады склалася сапраўдная бібліятэка, якая прысвечана жыццю, гісторыі і сучаснасці ў судакрананнях з мінуўшчынай, традыцыямі ранейшых часін жыхароў усяго толькі аднаго раёна Берасцейшчыны!.. Уражлівы прыклад не толькі медыйнага асвятлення краязнаўчая працы, а яшчэ — узор выхаваўчай работы, узор выкарыстання праблематыкі гістарычнай памяці ў выхаванні моладзі, увогуле грамадства... 


Першыя старонкі новага нумара прысвечаны Лышчыцкаму сельсавету (пра яго памятныя мясціны — у артыкуле «Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына...»). На тэрыторыі толькі аднаго сельсавета размяшчаюцца 126 курганных могільнікаў. У вёсцы Астрамечава, паселішчы, якое вядомасць мае з VI стагоддзя, вока радуе помнік архітэктуры — Свята-Міхайлаўская царква. Існуюць звесткі, што ў жніўні 1886 года царкву ў Астрамечава наведаў імператар Аляксандр III. Якраз тады праводзіліся вучэнні рускай арміі ў гэтых мясцінах. Восенню ў Астрамечава была адчынена адна з першых у Беларусі народных бібліятэк імя Паўленкава…

У раздзеле «Чароўныя спевы і паданні спадчыны» — артыкул доктара філалагічных навук Іны Швед пра Каляды на Берасцейшчыне — «Давай, баба, коўбасу, я да Бога понясу». Даследчыца выступае і ў раздзеле «Народныя святы і звычаі Берасцейшчыны»: Іна Швед звяртаецца да цікавай і арыгінальнай тэмы — «Гріх чыпаты ластовок, бо ты Божья птаха»: ластаўка ў традыцыйнай культуры Берасцейшчыны«. Да месца будзе нагадаць загадку: «Шыло, шыло, мотовыло, каля нэба ходыло, по нымэцку говорыло . — Ластаўка»... 

З апавяданнем «Залаты кот» («...напісана на аснове рэальных падзей») у альманаху выступае галоўны рэдактар «Астрамечаўскага рукапісу» Аляксандр Валковіч. Таццяна Дземідовіч расказвае пра паэтычную кнігу Алёны Папко «Мой сад». Друкуюцца ў альманаху і вершы маладой паэтэсы. «Ёсць сад пад назваю жыццё,/ У які прыходзім мы аднойчы./ Стагоддзяў колькі б ні прайшло,/ У той жа сад не трапіць двойчы...»

У раздзеле альманаха «Беларусь памятае» — перадрук нарыса ўласнага карэспандэнта «Звязды» Святланы Яскевіч «Не зарасце лясная сцяжына» (парламенцкая і ўрадавая газета ўжо доўгі час вядзе на сваіх старонках такую рубрыку са зразумелай назвай — «Абеліскі параненай зямлі»). Будзем спадзявацца, што гэтая публікацыя падштурхне да пошукавай, краязнаўчай працы на героіка-патрыятычную тэму і мясцовых аўтараў — настаўнікаў, школьнікаў, краязнаўцаў. 

«Астрамечаўскі рукапіс», заснавальнікамі якога з’яўляюцца Брэсцкі раённы выканаўчы камітэт, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага райвыканкама, Брэсцкае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, Брэсцкая раённая цэнтралізаваная клубная сістэма, — прыклад медыйнага суправаджэння грамадскіх пакмненняў развіваць краязнаўчыя даследванні не толькі ў Брсэцкай вобласці, але і па ўсёй краіне. Руплівасць рэдактара і ўкладальніка выдання члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандра Валковіча заслугоўвае самых высокіх адзнак. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».