Вы тут

Тамара Краснова-Гусачэнка: «Душа — гэта форма выратавання»


Да свайго 75-гадовага юбілею, які адзначыла 1 красавіка, Тамара Краснова-Гусачэнка — паэт, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі — падышла са значнымі дасягненнямі. Яна аўтар 28 кніг, лаўрэат I Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь, адзначана высокай дзяржаўнай узнагародай — ордэнам Францыска Скарыны, міжнароднымі, усерасійскімі літаратурнымі адзнакамі. У вядомай пісьменніцы спыталі пра творчасць, любімыя месцы Віцебска, жаночае шчасце, жыццёвыя драмы і выратаванне праз вершы.


«Галоўная ўзнагарода — любоў чытачоў»

— Вы лаўрэат шматлікіх конкурсаў, літаратурных прэмій, сярод якіх — I Нацыянальная, прэміі імя Уладзіміра Караткевіча, імя Петруся Броўкі... Якая з гэтых узнагарод найбольш важная для Вас?

— Вядома ж, I Нацыянальная літаратурная прэмія Рэспублікі Беларусь, бо я стала ў 2015 годзе першым лаўрэатам толькі што заснаванай высокай пісьменніцкай узнагароды ў намінацыі «Паэзія». Але, у цэлым, усе мае сціплыя перамогі, у тым ліку залаты медаль «Тютчевъ», уручаны мне ў сядзібе-музеі Ф.І. Цютчава ў Расіі ў 2009 годзе, і іншыя адзнакі — усе важныя і дарагія.

Але самая галоўная ўзнагарода — любоў чытачоў, іх лісты. Мае кнігі карыстаюцца попытам — да 12 тысяч выдач у год толькі ў публічных бібліятэках краіны. А колькі лістоў з самых аддаленых вёсак... Многія я захоўваю, яны дарагія мне, як жывая размова з неабыякавым чытачом.

— У юбілей прынята ўспамінаць галоўныя вехі... Якімі сваімі дасягненнямі — у жыцці, творчасці — Вы ганарыцеся?

— Ганарыцца мне не ўласціва. Але, несумненна, радуюся і дзякую Богу за ўсё, што мне дадзена: працавітасць, здольнасці, дар любіць, дапамагаць людзям. Віцебская абласная бібліятэка падрыхтавала да юбілейнай даты бібліяграфічны даведнік пра сціплыя вынікі маёй літаратурнай працы. Гэта ўжо другое такое выданне. Першае — пад назвай «Душа — геніяльная форма выратавання...» выйшла 5 гадоў таму. Цяперашні даведнік таксама названы радком з майго верша — «А чара жыцця ўсё паўней...» — і змяшчае больш за 200 старонак.

За плячыма больш за тысячу напісаных вершаў, апавяданняў, аповесцей, эсэ, п’ес, у тым ліку вершаў і казак для дзяцей, публіцыстычных выступленняў... Тым не менш, самае галоўнае дасягненне ў маім жыцці — гэта мае дзеці, сям’я. У тым ліку і пісьменніцкая вялікая сям’я, у якой я займаюся творчасцю ўжо каля 25 гадоў. І, вядома, мае кнігі, а іх напісана і выдадзена 28. Цяпер працую над рукапісам пад умоўнай назвай «Раніцай скончылася вайна...»

— Калі Вы ўсвядомілі сябе паэтам?

— Мне здаецца, паэтамі нараджаюцца ўсе людзі, бо ўсе здольныя дзівіцца прыгажосці свету, дадзенай нам Стваральнікам, і так ці інакш выказваць гэта — словам, справай, імкненнем цешыцца і цешыць. Шкада, не ўсе працуюць над развіццём гэтых здольнасцей. Паэт — зусім не той, хто ўмее рыфмаваць і жангліраваць словамі. Быць паэтам — цяжкая і салодкая праца, бо гэта пакутлівая адказнасць за ўвесь свет, жаданне выратаваць людзей, планету... менавіта так! Мастак востра ўспрымае ўсё, што адбываецца, ад любой несправядлівасці яго душа баліць. Таму сам паэт наўрад ці ўсведамляе нейкую сваю адметнасць — ён проста створаны такім.

«Праўдзівае слова здольнае выратаваць»

— Ваша першая кніга паэзіі называецца «На адным дыханні». Наколькі важна перадаць непасрэднасць эмоцыі? Ці больш значная карпатлівая праца над вершам?

— Карпатлівая праца, давядзенне да дасканаласці, — неад’емная частка любой справы. Але нараджэнне верша магчыма толькі пры наяўнасці любові, азарэння, здзіўлення перад цудам жыцця, які табе адкрыўся. У свеце напісаны ўжо тоны зборнікаў, якія, на жаль, нічога агульнага з паэзіяй не маюць. У іх ёсць і рыфма, і рытм, і майстэрскае жангліраванне словамі. Такія формы вельмі распаўсюджаны сёння ў сеціве, актыўна і часам несумленна прапагандуюцца. Шматлікія захопленыя водгукі часта зыходзяць ад «сваіх людзей», яны збіваюць з панталыку карыстальнікаў сацсетак, адвучаюць іх разумець сапраўдную літаратуру. Паэзія — гэта заўсёды гарэнне, прароцтва, святло ў цемры, а не прафесійнае кулянне слоў.

— Ці важная для Вас зваротная сувязь з чытачом?

— Сустрэчы з чытачом неабходныя. Высокі, чысты і праўдзівы гук, як рэха ў гарах, павінен вяртацца да мастака. Часам можна пачуць: класікі, маўляў, з чытачамі не сустракаліся. Гэта не так: і М. Танк, і І. Шамякін сустракаліся з людзьмі. А з іншага боку, тады не было інтэрнэту, які агрэсіўна ўздзейнічае на чытача, спрабуе ператварыць чалавека з таго, хто думае і аналізуе, у спажыўца павярхоўнай інфармацыі, часам проста ілжывай. І пісьменнік сёння абавязаны дакрычацца, дастукацца да розумаў і душ сучаснікаў, бо яго мэта — выхоўваць высокамаральную асобу, адукаваную, культурную. Бо толькі такія людзі здольныя захаваць мір і ўвогуле жыццё.

— Паэзія можа штосьці змяніць у нашым недасканалым свеце?

— Не толькі можа — яна заклікана гэта зрабіць. Ёсць у мяне радок: «Вышэйшая паэзія — малітва...» Першародная паэзія — малітвы, псалмы. Гэта Святое Пісанне, свяшчэнныя кнігі ўсіх вялікіх рэлігій свету. Несумненна, духоўнае слова змяняе і будзе змяняць свет да дасканаласці. Калі ты пішаш, памятаючы аб боскасці слова, аб праўдзе, то і ты ўносіш свой уклад у духоўнае самаўсведамленне чалавецтва.

— «Душа — геніяльная форма выратавання» — напісалі Вы. Ці можаце сказаць аб сабе, што вершы дапамагаюць Вам пераносіць цяжкія перыяды жыцця?

— Часта, седзячы за пісьмовым сталом апоўначы, адчуваю гарачае жаданне, каб мая сям’я, калегі і суседзі, усе людзі на зямлі сталі шчаслівыя, каб зніклі няроўнасць, войны, беднасць, хваробы, а праца для ўсіх стала неабходнай, як паветра... У мяне няма ні ўлады перабудаваць свет, ні сродкаў для гэтага, але ёсць маё слова. А праўдзівае слова, пранікаючы да донца душы, здольна выратаваць, вылечыць.

У маім лёсе было нямала трагічных падзей, але і шчасце было адпушчана поўнай мерай. Замужам я была тры разы. Першы муж — вядомы мастак, мы рассталіся. Другі муж быў ваенным лётчыкам, ён загінуў. А затым я звязала свой лёс з маім першым каханнем. З Уладзімірам мы шчасліва пражылі трыццаць сем гадоў. Нядаўна ён згарэў ад захворвання крыві: быў сярод першых ліквідатараў аварыі на ЧАЭС. Менавіта яму прысвечаны верш, першы радок якога працытаваны.

У мяне было трое дзяцей, у гэтым свеце засталося двое. Старэйшы сын Мікалай, вайсковец, загінуў у 1999 годзе. Яму, як і мужу Уладзіміру, я прысвяціла шматлікія вершы і кнігі. У тым ліку і двухтомнік «Спас», за які атрымала залаты медаль «Тютчевъ».

Так што вершы ратавалі мяне літаральна. І не толькі мяне. Мае чытачы так і пішуць: «Вашы кнігі — выратаванне ў самым прамым сэнсе слова».

Віцебск заўсёды ў сэрцы 

— Вы нарадзіліся ў Бранскай вобласці. Эмацыйную сувязь з малой радзімай не страцілі?

— Ні эмацыйную, ні чалавечую. Бываю ў Бранску кожны год на магіле маці, на сустрэчах з пісьменнікамі, фестывалях. Роднай маёй вёскі Шчапяціна даўно ўжо няма нават на карце. Яе вуліцы, дамы жывуць у маіх вершах.

— Беларуская культура стала для Вас роднай?

— Культура Беларусі была для мяне роднай заўсёды. З дзяцінства памятаю побыт, песні, абрады, народныя святы маёй малой радзімы — там шмат агульнага з тым, што бачыла ў беларускіх весках. Гэтай тэме я прысвяціла вершы, у тым ліку ў кнізе для дзяцей «Край родны, любімы», уключанай у школьную праграму. А адрозненні нашых культур прымаю адкрытым сэрцам і з любоўю. Мне, напрыклад, дарагія і руская мова, на якой вымавіла першыя словы, вучылася ў школе і двух універсітэтах, і беларуская мова, якая гучыць побач і ўва мне, якую разумею і свабодна на ёй чытаю. 

— Якую ролю адыгрывае ў Вашым жыцці Віцебск?

— У Віцебск я пераехала па месцы службы мужа ў 1974 годзе. Цудоўны горад з першых імгненняў зачараваў мяне. Напісала шмат вершаў аб Віцебску, нават стала аўтарам гімна горада. У Віцебску нарадзіліся мае дзеці, унукі. Мы пабудавалі тут дом, пасадзілі сад. Менавіта ў Віцебску я змагла рэалізавацца як пісьменнік.

— Раскажыце пра свае «месцы сілы» ў Віцебску. Дзе зараджаецеся энергіяй?

— Гэта тыя месцы, дзе я больш за ўсё папрацавала. Мой сад — у ім растуць яблыні, грушы, туі, кветкі. Дом, пабудаваны і маімі рукамі. Там выраслі мае дзеці, зараз растуць унукі. Лес ушчыльную падступае да дома, там я люблю раніцай слухаць салаўёў. На захадзе сонца сяджу на тэрасе ў коле дзяцей і ўнукаў, вяду гутаркі з гасцямі — сябрамі, суседзямі, якія любяць зайсці да нас на агеньчык... Размаўляем пра Пушкіна і Купалу, Караткевіча і Броўку, пра Дастаеўскага і Ясеніна. І, вядома, я чытаю свае вершы.

А яшчэ маё месца сілы — на Замкавай Гары над Дзвіной, на пляцоўцы каля Успенскага сабора. Люблю пасядзець там у адзіноце.

Літаратурны небасхіл Віцебшчыны 

— Амаль два дзесяцігоддзі Вы кіруеце Віцебскай абласной арганізацыяй Саюза пісьменнікаў Беларусі. Выдаюцца кнігі, выходзіць альманах «Дзвіна: Віцебшчына літаратурная», праводзяцца конкурсы…

— У 1998 годзе я стварыла Віцебскае гарадское літаратурнае аб’яднанне «Ратуша», куды ўвайшлі 12 літаратараў. Мы збіраліся ў бібліятэцы, актыўна працавалі з моладдзю, а ў 2005 годзе з моманту стварэння Саюза пісьменнікаў Беларусі я была аднагалосна абрана старшынёй абласной пісьменніцкай арганізацыі. Туды ўвайшлі амаль усе члены «Ратушы». Сёння ў Віцебскім абласным аддзяленні СПБ 43 чалавекі. 

Наша абласная арганізацыя неаднаразова адзначалася як найлепшая ў Саюзе пісьменнікаў. Мы часта сустракаемся з чытачамі, раз на пяць гадоў выпускаем літаратурны альманах «Дзвіна» (у ім каля 500 старонак). За год мы праводзім да 7 літаратурных конкурсаў і фестываляў разам з Віцебскай Епархіяй, установамі адукацыі, бібліятэчнай сістэмай. Найбольш яркія з іх: фестывалі «Адзігітрыя», «Мой друг, Отчизне посвятим души прекрасные порывы...» на базе гімназіі ім. А.С. Пушкіна, «Купала і Колас, вы нас гадавалі...» сумесна з абласной бібліятэкай. Запамінаюцца святы паэзіі ў музеі-сядзібе Я. Купалы ў Ляўках, фестывалі і святкаванні дзён Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, дзён памяці М. Багдановіча, У. Караткевіча, П. Броўкі, Е. Лось і многія іншыя падзеі.

— Ці ёсць у Вас адчуванне цеснай узаемасувязі з мясцовым чытачом?

— Безумоўна. Нашу сувязь з чытачамі пацвярджае тое, што на сустрэчах у бібліятэках і навучальных установах залы заўсёды перапоўненыя. Толькі ў 2022 годзе такіх сустрэч пісьменнікамі аддзялення праведзена 1015! У абласных і гарадскіх СМІ публікуюцца творы нашых літаратараў. Улічваючы вялікі тыраж гэтых выданняў, з нашай творчасцю ўвесь час знаёмяцца больш за 70 тыс. падпісчыкаў.

— Якія зоркі на літаратурным небе Віцебшчыны свецяць сёння найбольш яскрава?

— Складана назваць усіх цікавых і запатрабаваных аўтараў, але я паспрабую. Гэта паэты Мікалай Намеснікаў, Вольга Русілка, Надзея Салодкая, Алесь Жыгуноў, Ігар Пракаповіч, Галіна Загурская, Алена Фядзяева, Віктар Лагун. Дзіцячыя пісьменнікі Галіна і Сяргей Трафімавы, Ірына Багданава. Празаікі Мікалай Хахлоў, Андрэй Герашчанка, Зоя Наваенка, Міледзій Кукуць, Канстанцін Нілаў. Драматург Фёдар Палачанін, краязнаўца і паэт Віктар Улюценка, публіцыст Мікалай Гарбачоў і многія іншыя.

— Вы шмат пішаце для дзяцей. Як захаваць цікавасць да кнігі ў маленькіх чытачоў у эпоху камп’ютара?

— Для дзяцей трэба пісаць сэрцам, навучыцца размаўляць з імі на іх мове. Але не «спускацца» да дзіцяці, а паважаць яго, весці з ім размову, як з дарослым. Дзеці не церпяць фальшы, падыгрывання. Што да камп’ютара, ён ніколі не заменіць кнігу. Але і камп’ютар патрэбен для развіцця дзіцяці, толькі ва ўмераных дозах.

Пра жаночае шчасце і сэнс жыцця

— Займацца творчасцю, кіраваць пісьменніцкай суполкай, выконваць традыцыйныя жаночыя ролі — як усё паспяваеце?

— Я нарадзілася і расла ў вёсцы. Нас, дзяцей, было трое, бацька — старшыня калгаса, разбуранага вайной, маці — дырэктар сельскай школы, якую будавала сама. Бацькі з рання да ночы на працы. А хатняя гаспадарка ў нас была вялікая. Я была старэйшай, з шасцігадовага ўзросту дом быў на мне. Касіць траву, паліваць і палоць ураджай, тапіць печ, даіць карову — усё гэта і многае іншае я ўмела рабіць і рабіла. У перапынках паміж абавязкамі чытала кнігі. Тады, мусіць, і навучылася ўсё паспяваць.

І зараз без працы жыццё для мяне немагчымае. Сям’я — мая дапамога, падтрымка і апора. А пісьменнік, жанчына ці мужчына, будзе шчаслівы, калі любімы і ўмее любіць. Нават цяпер, калі я пяты год адна, зусім не адчуваю сябе адзінокай, бо маё жыццё запоўнена клопатамі аб родных людзях, сябрах, калегах. Адкрыю таямніцу. Мае любімыя, якія пайшлі з жыцця, заўсёды са мной: дапамагаюць мне ў цяжкую хвіліну, размаўляюць са мной праз спевы птушак, узыходы і заходы сонца, красаванне саду. Праз мае вершы…

Не выпадкова, мусіць, працяг верша, радок з якога вы працытавалі, гучыць так: «Душа — геніяльная форма выратавання. // А адзінота — форма свабоды...»

— Як ставяцца ў сям’і да Вашых заняткаў літаратурай?

— Муж, пакуль быў жывы, а цяпер дзеці, унукі ставяцца з любоўю і паблажлівасцю. Ну, маўляў, што возьмеш... Пісьменніцкая праца, на жаль, не прыносіць грошай. І з гэтым сям’я мне дапамагае.

— А хатнія абавязкі як размяркоўваюцца?

— Калі я за камп’ютарам, ніхто не просіць баршчу і пірагоў. Самі... Гатую я вельмі смачна, і гэта ўсе сваякі і сябры сям’і ведаюць і цэняць. Так што калі я на кухні, даводзіцца выкладвацца.

У агародзе, садзе — «з глузду з’язджаю» толькі я адна. Астатнія любяць сузіраць, насалоджвацца прыродай і яе дарамі. Таму часам атрымліваюць разнос. Гэта я таксама ўмею!

— Як Вы лічыце, у чым сіла жанчыны?

— Прынята адказваць, што ў яе слабасці. Але я думаю інакш. Фізічна моцнай я не была ніколі — перажыла траўму пазваночніка, аварыі і іншыя выпрабаванні... На пытанне адкажу так. І для жанчыны, і для мужчыны важная сіла перакананняў, вернасці, стойкасці, надзейнасці, праўдзівасці. Але ўсяго мацней — сіла любові. Мужчыны, на мой погляд, слабейшыя за нас, але з намі, з нашай падтрымкай і разуменнем, становяцца ў сто разоў мацнейшыя. Я люблю сваіх блізкіх бясконца, таму ў сям’і мне заўсёды было хораша. Хацелася — і па-ранейшаму хочацца — жыць.

— Якому жыццёваму прынцыпу не здраджваеце ніколі?

— Быць сумленным і верным. Самае страшнае для мяне — здрада. Здрадзіць сваёй Радзіме, сям’і, справе... Усё магу дараваць, але не здраду.

— Хто ці што дапамагае трымацца пры любых нягодах?

— Вера. Надзея. Любоў. Вера ў Бога. Ён стварыў гэты жорсткі, але і цудоўны свет, які ў нас — адзіны. А мы часам забываемся пра гэта і жывем так бестурботна, як быццам у нас ёсць іншы свет і іншае жыццё.

— Калі і з кім адчуваеце сябе найбольш шчаслівай?

— Калі мая пяцігадовая ўнучка Машанька глядзіць на мяне сваімі вялізнымі шэра-блакітнымі вачыма і кажа са спагадай і любоўю: «Бабуля ты мая любая, не сумуй! Так бывае... Ну, так бывае...» І ўсе мае няшчасці адыходзяць некуды, і я зноў разумею, якая ж я шчаслівая…

— Ці можаце сказаць, што знайшлі свой сэнс жыцця?

— Так, несумненна. Ён — у працы. У тым, каб несці людзям радасць. Справа пісьменніка — сцвярджаць, пераконваць без канца, што жыццё цудоўнае, нягледзячы на ўсе перажыванні і драмы, што яно павінна быць яшчэ лепшым. І рабіць усё магчымае, каб яно такім стала.

Падрыхтавала Алена БРАВА

Фота з асабістага архіва Тамары КРАСНОВАЙ-ГУСАЧЭНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».