Вы тут

Псіхасаматыка: Усе хваробы ад нерваў! І як дапамагчы сабе?


Большасць людзей чула выраз: «Усе хваробы ад нерваў». І гэта так. Псіхасаматыка — накірунак у медыцынскай псіхалогіі — даследуе, як эмацыйныя перажыванні ўплываюць на функцыі арганізма і як яны могуць выклікаць тыя ці іншыя хваробы. Пастаянныя стрэсы, перажыванні і сваркі правакуюць нервовую напругу, якая можа стаць прычынай праблем са здароўем. Хвароба не даецца чалавеку проста так, яна альбо нечаму вучыць, альбо задавальняе патрэбы, якія не атрымліваецца задаволіць па-іншаму.

Асноўная прычына ўзнікнення псіхасаматычных сімптомаў — неадпаведнасць паміж думкамі, жаданнямі, патрэбамі і паводзінамі чалавека.


Калі псіхіка не спраўляецца з праблемамі, негатыў адкладаецца ў падсвядомасці і праяўляецца збоямі ў арганізме. Дэструктыўны працэс можа запусціць любы стрэс. Як правіла, псіхасаматычныя хваробы з’яўляюцца пасля працяглага эмацыйнага перанапружання, да якога могуць потым дадавацца трывога, дакучлівыя думкі і негатыўнае самаўнушэнне.

Такім чынам, псіхасаматычныя хваробы з’яўляюцца, калі:

  • не хапае станоўчых эмоцый;
  • адчуваеце трывогу;
  • у вас дэпрэсія;
  • вы ў стрэсе.

Паназірайце за сабой і адкажыце на пытанні:

Якія мае паводзіны прывялі да хваробы?

Якія мае думкі выклікалі хваробу?

У якія моманты хвароба абвастраецца?

Чым хвароба мне замінае?

Якую выгаду я атрымліваю, захварэўшы?

Даследаванні: каля 60-80% людзей маюць псіхасаматычныя прычыны хвароб і дысфункцый.

Западозрыць псіхасаматыку можна, калі:

  • хвароба развілася на фоне стрэсу;
  • няма іншых відавочных прычын для развіцця паталогіі — інфекцыі, інтаксікацыі, абцяжаранай спадчыннасці і г. д.

Як выяўляецца псіхасаматыка? Псіхалогія і хваробы звязаны напрамую, таму псіхасаматычнымі могуць быць:

  • гіпертанія;
  • рэспіраторныя захворванні;
  • страўнікава-кішачныя; 
  • мігрэнь;
  • сардэчныя болі і іншыя;
  • гіпергідроз, сімптом гусінай скуры, дрыжыкі, уздрыгванне, халодны пот.

Як умацоўваць нервовую сістэму? Трэба выкарыстоўваць усе метады. Знайдзіце час для сябе, бо стрэсавая сітуацыя — сігнал, што пара ўзяць паўзу і падумаць пра патрэбы арганізма.

  • Важна ў адзін і той жа час прачынацца і класціся спаць. Павінны быць пэўны час для прыёму ежы.
  • На працы рабіце невялікія перапынкі.
  • Памятайце пра справы, якія прыносяць вам задавальненне, не адкладайце іх на потым. Кожны дзень рабіце для сябе нешта прыемнае!
  • Штодня павінна прысутнічаць фізічная актыўнасць — шпацыр на свежым паветры, зарадка, заняткі спортам. Здаровы лад жыцця таксама дапаможа справіцца з псіхасаматычным захворваннем.
  • Пазбягайце шкодных звычак.
  • Прыміце пенную ванну, заварыце кубак любімай гарбаты, паслухайце прыемную музыку.
  • Правільна харчуйцеся.
  • Медытуйце.
  • Атрымлівайце вітамін D.

Крыўда — адно з самых разбуральных пачуццяў, яна можа стаць прычынай ракавай пухліны.

Крыўда — пачуццё, што да цябе паставіліся несправядліва, не ацанілі па заслугах, абразілі. Крыўда, у сутнасці, з’яўляецца прыгнечаным гневам, які вельмі моцна адбіваецца не толькі на псіхалагічным стане, але і на фізічным. Гэта самае непрыемнае і таксічнае пачуццё, якое мае ўласцівасць назапашвацца і з часам трансфармавацца ў хваробу.

Крыўдуючы, чалавек хоча, каб змянілася стаўленне да яго, аднак выбірае разбуральны спосаб. І гэта агрэсія, накіраваная на крыўдзіцеля, бумерангам вяртаецца да пакрыўджанага чалавека.

Хваробы, якія правакуе крыўда:

Анкалогія — «Мяне нешта грызе», «Атручвае жыццё», «Надакучыла да смерці».

Мачакаменная хвароба — «Мой келіх цярпення ўжо перапоўніўся», «Асадак застаўся», «На душы камень ляжыць».

Ангіна, ларынгіт — «Камяк у горле стаіць», «Мне ўжо ўсё упоперак горла».

Пагаршэнне зроку, глаўкома, катаракта — «Балюча глядзець», «Вочы б мае цябе не бачылі».

Гіпертанічная хвароба — «Мяне аж б’е», «Цярпенне лопнула».

Артрыт — «Аж ногі падкасіліся».

Атлусценне — «Я таксама маю вагу, са мной трэба лічыцца».

Анарэксія — «Надакучыла да млоснасці», «Сыты па горла».

Бранхіт і бранхіяльная астма — «Я задыхаюся ад гэтага...».

Паспрабуйце ў любой непрыемнай сітуацыі бачыць нешта карыснае для сябе. Калі чалавек вас пакрыўдзіў — значыць, ён зацапіў за нешта балючае, і трэба зразумець, чаму сказанае так раніла. Думайце не пра тое, чаму ЁН так зрабіў, а пра тое, чаму Я так адрэагаваў. Як толькі вы зразумееце прычыну і зробіце правільную выснову, зможаце адпусціць эмоцыі і жыць спакойна далей.

Псіхолаг Алена ШАЎЧЭНКА

Фота: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».