Вы тут

Мустафа Азджан: Турцыя надае вялікае значэнне пашырэнню супрацоўніцтва з Беларуссю


Беларусь і Турцыю звязваюць дзесяцігоддзі плённага супрацоўніцтва — двухбаковыя дыпламатычныя адносіны паміж краінамі былі ўстаноўлены 25 сакавіка 1992-га. «На працягу ўсёй сваёй багатай гісторыі Турцыя адыгрывала значную ролю як адна з найбуйнейшых краін свету ў палітычным, эканамічным і сацыяльным вымярэннях», — адзначыў у сваім віншаванні з нагоды нацыянальнага свята — Дня Рэспублікі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што, нягледзячы на сучасныя выклікі, традыцыі ўзаемнай павагі і дружбы двух народаў прадоўжаць служыць трывалай асновай для паступальнага развіцця беларуска-турэцкага дыялогу.» Перакананы, існуе значны патэнцыял для нарошчвання двухбаковага супрацоўніцтва ў сферах гандлю, эканомікі, навукі і тэхналогій», — адзначыў Прэзідэнт. Як развіваецца беларуска-турэцкае ўзаемадзеянне, калі плануюцца дзяржаўныя візіты на найвышэйшым узроўні, чаму паміж краінамі склаліся насамрэч сяброўскія ўзаемаадносіны — у эксклюзіўным інтэрв'ю газеце «Звязда» Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Турэцкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Мустафы АЗДЖАНА.


— У Беларусі з вялікім болем успрынялі трагічную вестку аб разбуральных землетрасеннях у Турцыі і адразу прыйшлі на дапамогу сваім сябрам. Як ваша краіна спраўляецца з наступствамі катастрофы? Што адбываецца зараз?

— Уся краіна дасюль перажывае тыя трагічныя падзеі, гэта вялікая траўма для ўсіх. Стыхійнае бедства проста жудаснае па маштабах, па разбуральным уздзеянні. Адбыліся два вельмі моцныя землетрасенні, за якімі рушылі афтэршокі (яны вылічаюцца тысячамі). Па сіле штуршкоў гэта супастаўна з выбухам дзясятка атамных бомб. Каб акрэсліць маштаб гэтага землятрусу, адзначу, што краіна зрушылася ў заходнім напрамку на 4-5 метраў. Наўпрост землетрасенне закранула 14 мільёнаў чалавек. Тысячы дамоў разбураны. Пацярпела вялікая тэрыторыя, якая ахоплівае 11 турэцкіх правінцый. У выніку серыі землетрасенняў больш чым 50 тысяч загінулых. І колькасць параненых вымяраецца сотнямі тысяч чалавек.

Краіне была аказана значная міжнародная дапамога, якая часткова дазволіла нам залячыць раны. Адгукнулася звыш 100 краін. Каля 80 краін накіравалі ў рэспубліку аварыйна-ратавальныя атрады. Мы вельмі ўдзячныя вашай краіне за дапамогу. Гэта так па-людску — у цяжкі для сябе час Турцыя адчула сардэчную дапамогу сваіх сяброў. Беларусь — адна з першых дзяржаў у свеце, якая аказала нам садзейнічанне, у тым ліку праз накіраванне рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэнне «ЗУБР». Акрамя таго, ваенна-транспартным самалётам было дастаўлена 30 тон гуманітарнай дапамогі. Таксама беларусы і турэцкі бізнес, які працуе ў вашай краіне, сабралі амаль 20 тон прадметаў першай неабходнасці і рэчаў, у якіх маюць патрэбу пацярпелыя. Кампанія «Белавія» на сваіх самалётах бясплатна забяспечыла дастаўку гуманітарных грузаў. Я вельмі ўдзячны ўсім. Шчырая салідарнасць, якую выказаў беларускі бок, дазволіла нам хутчэй прыйсці ў сябе ў гэтай жудаснай сітуацыі.

Турцыя залечвае раны. Не забываючы боль, мы сфакусіраваліся на тым, як дапамагчы пацярпелым. З 6 лютага прайшоў вялікі прамежак часу, ужо завершаны аварыйна-ратавальныя работы. Займаемся аднаўленнем пацярпелых рэгіёнаў. Разгарнулася вялікая будоўля. План — цягам года ўзвесці сотні тысяч кватэр і дамоў для пацярпелых. Частка людзей пакінула пацярпелыя тэрыторыі, іх размясцілі ў іншых рэгіёнах краіны. Частка пажадала застацца, для іх аператыўна ўзведзены палатачныя гарадкі, а таксама жылыя модулі. Працягваем актыўную работу, каб забяспечыць найлепшыя ўмовы для пражывання людзей.

— 31 год таму былі ўсталяваны двухбаковыя дыпламатычныя адносіны. Які шлях пераадолены за гэты час?

— Турцыя была адной з першых краін, якія прызналі незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь. Адкрыліся пасольствы, развівалася супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, аднак без сур'ёзнай дынамікі. Самы важны адрэзак у нашых узаемаадносінах распачаўся ў 2016 годзе, калі адбыўся візіт у Беларусь прэзідэнта Турэцкай Рэспублікі і адкрыццё ў Мінску мячэці, якая важная ў тым ліку як сімвал адносін паміж краінамі. Адбылася асабістая сустрэча лідараў краін. Вельмі плённым стаў візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Турцыю ў 2019 годзе. У выніку супрацоўніцтва выйшла на якасна новы ўзровень. Была праведзена вялікая работа па ўдасканаленні дагаворна-прававой базы. Ведамствы пачалі на рэгулярнай аснове ажыццяўляць узаемадзеянне.

Праводзіліся двухбаковыя візіты на розных узроўнях. Неаднойчы сустракаліся кіраўнікі дзяржаў. Так, летась Прэзідэнты Беларусі і Турцыі правялі перагаворы ў верасні ў Самаркандзе на пасяджэнні ШАС, а таксама ў кастрычніку ў Астане на VІ Саміце Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі. Двухбаковыя візіты (у тым ліку на найвышэйшым узроўні) будуць працягвацца, але з улікам абставінаў (ліквідацыя наступстваў землетрасення, а таксама прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў Турцыі), магчыма, яны будуць на парадку дня ўжо ў другім паўгоддзі. Такі фармат заўжды вельмі карысны для развіцця двухбаковых адносін.

— Якія кірункі ўзаемадзеяння Беларусі і Турцыі можна вызначыць як стратэгічныя? Наколькі паспяхова яны рэалізоўваюцца?

— Турцыя надае вялікае значэнне пашырэнню супрацоўніцтва з вашай краінай, інвестыцыям у беларускую эканоміку. Гэта стратэгічнае пытанне з пункту гледжання доўгатэрміновага ўзаемадзеяння. Вельмі важныя грузаперавозкі, лагістыка, тэлекам, электронны гандаль, ахова здароўя, турызм, аднаўляльная энергетыка. Існуюць сур'ёзныя магчымасці і перспектывы для развіцця гэтых кірункаў. Найбуйнейшым турэцкім інвестарам у беларускую эканоміку з'яўляецца кампанія Lіfe, турэцкі GSM-аператар. Яна забяспечвае занятасць каля 800 чалавек, агульны аб'ём інвестыцый — каля 2 мільярдаў долараў. Гэта стратэгічны сектар, развіццю якога мы ўдзяляем вялікую ўвагу. Інвестыцыі Lіfe ў Беларусі — важны сігнал і для іншых турэцкіх кампаній.

— У 2021 годзе, нягледзячы на складаныя ўмовы, нашы краіны пераадолелі сімвалічную мяжу знешнеэканамічнага гандлёвага абароту ў мільярд долараў. Якія далейшыя перспектывы?

— Знешнія фактары (спачатку пандэмія, а пасля санкцыі ды сітуацыя ва Украіне) не дазволілі нам прасунуцца настолькі, наколькі мы хацелі. Паводле статыстыкі турэцкага боку, двухбаковы тавараабарот па выніках мінулага года склаў 1,4 мільярда долараў. Мы фактычна дасягнулі задачы, якую паставілі кіраўнікі дзяржаў, — выйсці на ўзровень 1,5 мільярда долараў. З закрыццём Украіны мы страцілі найбольш аптымальны шлях паставак. Граніцы закрыла Польшча, цяжкасці з Літвой. Такім чынам, наш двухбаковы гандаль апынуўся ў цісках. Калі б не было гэтых цяжкасцяў, то мы дасягнулі б адзнакі 3 мільярды долараў двухбаковага тавараабароту.

Я і мая каманда працягнем рабіць усё, што ў нашых сілах, каб адносіны паміж нашымі краінамі развіваліся належным чынам. Наша работа выбу-
доўваецца так, каб наладжвалася ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Турцыя прынцыпова не далучаецца да санкцый, якія ўведзены без рашэнняў ААН у аднабаковым парадку. Такія абмежаванні прымаюцца зыходзячы з аднабаковага бачання і інтарэсаў і выгод канкрэтнага боку. З-за рашэнняў і санкцый, прынятых без уліку меркавання і інтарэсаў Турцыі, мая краіна і нашы суайчыннікі гадамі вымушаны ісці на вялікія ахвяры.

Варта падтрымліваць дыялог. Дзейсным спосабам з'яўляецца дыпламатыя, стол перагавораў, а таксама ўзважаны падыход. Я не бачыў, каб пытанне вырашалася належным чынам праз ціск і санкцыі. Вельмі важна, што ёсць каштоўнасці агульныя для дзвюх нашых краін, такія як важнасць незалежнасці, а таксама імкненне самастойна прымаць рашэнні. Акрамя таго, можна назваць і далікатныя, адчувальныя для нас пытанні ў такіх сферах, як дыялог, дыпламатыя, а таксама шчырасць і бяспека ва ўзаемаадносінах. Мы трымаем слова, не даём абяцанняў, якія не ў стане выканаць. Адмаўляем аднабаковасць, двурушніцтва, застаёмся адкрытымі, празрыстымі, канкрэтнымі. Надаём вялікае значэнне стабільнасці, дабрабыту, бяспецы. Мы ведалі, што калі іх не будзе, то рызыка ўзнікае для цэлага рэгіёна. На жаль, наш голас не быў пачуты. Вельмі важнай з'яўляецца падтрымка, якую ваша краіна аказвае ў барацьбе Турцыі з тэрарызмам.

— Як развіваецца ўзаемадзеянне ў гуманітарнай сферы, у прыватнасці ў галіне адукацыі, культуры, турызму?

— Галоўная задача — стварыць умовы, пры якіх народы дзвюх краін лепш даведаюцца адзін аб адным. У найбліжэйшы час адбудзецца знакавая падзея — адкрыццё сумеснага беларуска-турэцкага даследчага цэнтра на базе Інстытута філасофіі НАН Беларусі. Яго асноўнымі задачамі з'яўляюцца каардынацыя і правядзенне сумесных навукова-даследчых работ, асобных праектаў у сферы гісторыка-культурнай і філасофскай спадчыны Беларусі і Турцыі, павышэнне кваліфікацыі навуковых кадраў шляхам вывучэння турэцкай мовы, а таксама пераклад твораў турэцкіх і беларускіх пісьменнікаў, вучоных на беларускую і турэцкую мовы. Гэты праект рэалізаваны на аснове пагаднення паміж Нацыянальнай акадэміяй навук і турэцкім адукацыйным фондам «Маарыф». Паміж НАН Беларусі і Навукова-даследчым саветам Турцыі ТЮБІТАК створаны Сумесны камітэт па навуцы і тэхналогіях, які вызначае прыярытэтныя кірункі навуковага супрацоўніцтва, каардынуе выкананне сумесных праектаў, праводзіць сумесныя навукова-тэхнічныя мерапрыемствы.

Супрацоўніцтва наладжана паміж шэрагам ВНУ нашых краін. На базе многіх беларускіх ВНУ выкладаецца турэцкая мова. Я перакананы, гэта належным чынам спрыяе развіццю адносін. У Беларусі навучаюцца каля 150 студэнтаў з Турцыі. Колькасць магла б быць вышэйшай, калі б не знешнія фактары.

Важны кірунак — турыстычная сфера. Нягледзячы на ўсе цяжкасці з лагістыкай, дарогай, эканамічнымі цяжкасцямі, колькасць беларускіх турыстаў у Турцыі знаходзіцца на ўзроўні 200 тысяч чалавек у год. Нармалізацыя абстаноўкі ў рэгіёне дазволіць гэты паток пашырыць. Сёлета адпачынак арганізаваны ў штатным рэжыме. Гэта датычыцца пералётаў і турыстычных паездак. Землетрасенне не нанесла ўрону турыстычнай інфраструктуры.

— Якія вашы ўражанні ад Беларусі, дзе ўдалося пабываць у нашай краіне (кажуць, вы нават абнавілі свой рыбацкі рэкорд), якія нацыянальныя стравы пакаштавалі?

— Турцыя — буйная па плошчы краіна, таму ў Беларусі для мяне ўсё амаль пад рукой. Самыя вялікія пераезды па 3-3,5 гадзіны — гэта недалёка. Прыйшла вясна, працягну свае падарожжы па Беларусі, каб больш даведацца пра вашу краіну. Я актыўна падарожнічаю па Беларусі, гэта вельмі прыгожая краіна, тут маляўнічая, некранутая прырода.

Я належным чынам ацаніў вашы санаторыі. У Турцыі шмат пажылых, і для іх гэта выдатны варыянт — пабачыць адметнасці Беларусі, наведаць гістарычныя месцы, атрымаць медыцынскія паслугі. Стандартны пералёт у Мінск раней займаў 2-2,5 гадзіны. Невялікая паездка на выхадныя.

Беларуская кухня адпавядае здароваму харчаванню — шмат гатуюць на пары, запякаюць на рашотках. Належным чынам ацаніў малочныя прадукты — марожанае, кефір, безліч відаў сыру, смятана. Дранікі, канешне ж, пакаштаваў. Асабліва спадабаўся халаднік, а таксама грыбныя стравы, курыныя катлеткі, «селядзец пад футрам».

Вельмі парадавала тое, што ў вас выдатныя ўмовы для рыбалкі. Для мяне гэта не хобі, а стыль жыцця. У Беларусі абнавіў свой рыбацкі рэкорд — выцягнуў 22-кілаграмовага таўсталобіка. Упершыню ў жыцці ўдзельнічаў у зімовай рыбалцы. Гэта цяжка і холадна, аднак цікава.

Беларусы — цудоўныя людзі, адкрытыя і добразычлівыя. Яны ўмеюць жыць у гармоніі, цэняць мір і спакой. Лічу, што пра Беларусь павінны даведацца не толькі ў Турцыі, але і па ўсім свеце з пазітыўнага пункту гледжання, станоўчага іміджу. Гэта тое, над чым асабіста я працую. Буду садзейнічаць, каб больш турыстаў прыязджала да вас. Беларусь — краіна з адкрытым сэрцам.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?