Вы тут

РТБД запрашае на прэм’еру спектаклю «Вось я і прыйшла» паводле Хармса


Калі хто шукае, каб на сцэне было небанальна і дзіўнавата, то Хармс — самы той аўтар. У 20-я гады ХХ стагоддзя ён стаў адным з актыўных літаратараў-наватараў, які сваімі яркімі выступамі прыцягваў людзей, якія ад творчасці чакалі здзіўлення. Хармс у сваіх эксперыментах быў даволі смелы для свайго часу. Але і для нашага часу тыя эксперыменты ўяўляюць цікавасць, і не столькі з пункту гледжання нейкай адметнай эстэтыкі, колькі з-за асаблівага ўспрымання рэчаіснасці — нездарма ён меў дачыненне да заснавання «Аб’яднання Рэальнага Мастацтва». А рэчаіснасць кожны бачыць па-свойму. 


І ад спектаклю «Вось я і прыйшла!» варта чакаць нечага такога, што падаецца фантасмагорыяй ці сном, трызненнем хворага ўяўлення, калі ўзяць пад увагу, што асновай для пастаноўкі стала аповесць «Старая». Гэта твор, які быў напісаны ў 1939-м годзе, але стаў даступны для публікацый і чытання ў СССР толькі напрыканцы ХХ стагоддзя. Так, сапраўды пісьменнік прыдумаў надта дзіўную старую жанчыну, сустрэча з якой моцна ўплывае на стан і існаванне галоўнага героя. Што там уплывае — ламае яго светаўспрыманне! Перакуленая свядомасць, парадоксы і абсурд — вось з чым сутыкаецца галоўны герой аповесці. Адпаведна, і спектаклю, хоць гэта ўсё ж асобны твор... 

Зразумела, да ўсяго павінен быць гатовы глядач, які прыйшоў на пастаноўку паводле Хармса. Але нашых людзей, якія глядяць на свет з вышыні ХХI стагоддзя і яго падыходаў да рэчаіснасці ды з веданнем трансфармацый, якія перажыло мастацтва (у тым ліку тэатральнае) не так-так лёгка збянтэжыць. Тым не менш, гэта паспрабуе зрабіць малады рэжысёр Аляксандр Бародка, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «рэжысура тэатра». Паводле Данііла Хармса — не толькі аповесці, але і яго вершаў, прозы, дзённікавых запісаў — ён вырашыў сканструяваць уласны твор, дзе гаворка хутчэй пра прыроду і пошукі ў творчасці ды стымулы для яе. Што і ўвасабляе дзіўнаватая старая, якая то з’яўляецца, то знікае перад героем-пісьменнікам. 

Ну, а калі гаворка пра пошукі — то чаму б стваральнікам не даць тут сабе волю? У тэатральны тэкст уплецена музыка, аўтарам якой выступае Аляксандр Гембіцкі. Стваральнікі спектаклю абяцаюць, што ўяўленне пра асаблівы свет Данііла Хармса пашыраць вершы, пакладзеныя на музыку, якая будзе гучаць у розных жанрах. Рэжысёр і аўтар музыкі — калегі па працы ў Салігорскай дзіцячай школе мастацтваў, але атрымалі магчымасць увасобіць задуму на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, які вядомы сваімі творчымі пошукамі: тут акцёраў складана здзівіць нечаканай рэчаіснасцю ды асаблівымі задачамі. Той, хто шукае небанальнага тэатра, ведае, што шляхі вядуць у Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Часу на ўражанне адведзена не надта многа: спектакль ідзе крыху менш, чым паўтары гадзіны, без перапынку. А ці шмат часу трэба на тое, каб агаломшыць ды здзівіцца? 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.