Вы тут

Горад, камфортны для жыцця. Якімі набыткамі сустракае юбілей Нясвіж


У Мінскай вобласці на рацэ Ушы размячціўся культурны цэнтр з непаўторнай гісторыяй, звязанай са знакамітым беларускім родам. Сёння гэта прыгожы, камфортны для жыцця горад, дзе берагуць мінулае, шануюць продкаў, захоўваюць набыткі і робяць усё неабходнае, каб людзі жылі багацей, каб паляпшаўся іх дабрабыт. З якімі вынікамі сустракае свой 800-гадовы юбілей горад, што зроблена апошнім часам і што плануецца, расказаў «Звяздзе» старшыня Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Ломскі.


— Аляксандр Зіноўевіч, Нясвіжскі раён з'яўляецца лідарам у аграрнай галіне. Якіх поспехаў удалося дасягнуць у 2022 годзе?

— Летась валавая вытворчасць сельгаспрадукцыі склала 384,9 млрд рублёў. Гэта на 3,5 працэнта вышэй, як у 2021-м. Прычым у жывёлагадоўлі тэмп росту — на ўзроўні 101,9 працэнта, а ў раслінаводстве —106 працэнтаў.

Вытворчасць малака павялічылася на 8,9 тысячы тон, або на 106 працэнтаў. Сярэднегадавы надой — 8803 кілаграмы на карову. Павысілася і прадукцыйнасць жывёлы на вырошчванні і адкорме. На 2537 асобін вырасла пагалоўе буйной рагатай жывёлы.

Ураджайнасць па раёне ў цэлым склала 67,8 цэнтнера з гектара. Значныя намаганні ў мінулым годзе былі скіраваны на павышэнне эфектыўнасці вытворчасці цукровых буракоў. У 2022-м на Нясвіжчыне было вырашчана 16,1 % ад абласнога валавога збору караняплодаў, пры ўраджайнасці 534 цэнтнеры з гектара і сярэдняй цукрыстасці 16,8 працэнта. Гэта адны з найлепшых паказчыкаў у Мінскай вобласці.

У 2023-м плануем рэалізаваць 9 інвестыцыйных праектаў па будаўніцтве і рэканструкцыі малочнатаварных ферм з агульным аб'ёмам фінансавання 49 мільёнаў рублёў, а таксама —праект па мадэрнізацыі свінатаварнага комплексу з агульным аб'ёмам фінансавання 15,1 мільёна рублёў.

— У раёне ёсць шэраг вядучых прамысловых прадпрыемстваў. Як яны працуюць у цяперашняй няпростай сітуацыі?

— Ва ўмовах ціску на эканоміку Рэспублікі Беларусь прадпрыемствы раёна не прыпыняліся, працавалі рытмічна. Для забеспячэння вытворчасці сыравінай, матэрыяламі і камплектуючымі суб'ектам гаспадарання давялося выбудоўваць новыя лагістычныя ланцужкі, пераарыентоўваць экспартныя пастаўкі на іншыя рынкі, займацца імпартазамяшчэннем.

За 2022 год аб'ём вытворчасці павялічыўся на 30 працэнтаў. Найбольшы рост забяспечылі Гарадзейскі цукровы камбінат (140,8 працэнта да ўзроўню 2021 года), замежнае ўнітарнае прадпрыемства «Мед-інтэрпласт» (155,3 працэнта), закрытае акцыянернае таварыства «Аблрапсаграсэрвіс» (146,1 працэнта), Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання (124,8 працэнта) і ФАРМЛЭНД (117,6 працэнта).

Фінансавыя паказчыкі вядучых прамысловых прадпрыемстваў раёна станоўчыя. За мінулы год выручка ад рэалізацыі прадукцыі вырасла на 10,2 працэнта, апярэдзіўшы рост сабекошту рэалізаванай прадукцыі, прыбытак павялічыўся на 42,6 працэнта, чысты прыбытак — у 3,3 раза. Рэнтабельнасць продажаў — 24,1 працэнта, што на 5,5 працэнта больш у параўнанні з папярэднім годам.

Такія вынікі дазваляюць прадпрыемствам фарміраваць запас фінансавай трываласці і своечасова выплачваць зарплату, якая захоўвае станоўчую дынаміку.

— Адна з важных задач, якую ставіць перад мяцовымі ўладамі Прэзідэнт, — забеспячэнне шматдзетных сем'яў жыллём. Як вырашаюцца гэтыя пытанні ў раёне?

— На ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, на Нясвіжчыне 208 шматдзетных сем'яў, з якіх 131 паляпшае свае жыллёвыя ўмовы шляхам будаўніцтва індывідуальных дамоў, правядзення рэканструкцыі з выкарыстаннем дзяржпадтрымкі. У мінулым годзе нам было даведзена заданне забяспечыць жылплошчай 28 шматдзетных, палепшылі свае жыллёвыя ўмовы 54 сям'і.

У гэтым годзе мы павінны забяспечыць жыллём 23 шматдзетныя сям'і і накіраваць на ўлік для паляпшэння ўмоў пражывання 50 сем'яў. У красавіку плануецца выдзеліць 40 зямельных участкаў для індывідуальнага будаўніцтва грамадзянам, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у мікрараёнах «Заходні-2» і «Паўднёвы» ў Нясвіжы. Многія сем'і маюць намер ажыццявіць выкуп жылых памяшканняў у сельгасарганізацыях альбо набыць жыллё на другасным рынку з выкарыстаннем ільготнага крэдыту і сродкаў сямейнага капіталу.

— Аляксандр Зіноўевіч, як развіваецца сістэма аховы здароўя? Што новага тут адбываецца?

— Перш за ўсё скажу, што імкнёмся, каб сельскія жыхары атрымлівалі медыцынскую дапамогу не горшую, чым гарадскія. У многім ажыццявіць гэтыя намеры дазваляе перасоўны медыцынскі комплекс. Пры выездах у сельскія населеныя пункты медработнікі ажыццяўляюць агляды насельніцтва з правядзеннем забору крыві для агульнага, біяхімічнага аналізаў, вымяраюць артэрыяльны і ўнутрывочны ціск, сатурацыю, здымаюць электракардыяграму.

Праведзена 197 дыстанцыйных медыцынскіх кансультацый з выкарыстаннем рэспубліканскай сістэмы тэлемедыцынскага кансультавання, што дазволіла своечасова скарэкціраваць лячэнне і абследаванне пацыентаў. У хірургічным аддзяленні Нясвіжскай цэнтральнай раённай бальніцы ўстаноўлены лапараскоп. Прайшлі навучанне ў Мінскай абласной клінічнай бальніцы — нейрахірургі для выканання аператыўных умяшанняў пры нетраўматычных кровазліццях. У мінулым годзе яны прааперыравалі дзесяць пацыентаў. Уведзены ў эксплуатацыю пяць апаратаў штучнага вентылявання лёгкіх, даўкамплектаваны транспартны апарат ШВЛ, наладжана сістэма абагравання пацыентаў. У Сноўскай амбулаторыі арганізаваны прыём лекара-хірурга і правядзенне эндаскапічных даследаванняў. З мэтай даступнасці дыягнастычных даследаванняў крыві ў клініка-дыягнастычнай лабараторыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бальніцы ўладкавана новае абсталяванне. У тым ліку гематалагічны аналізатар. З'явіўся ўльтрагукавы апарат экспертнага класа з прыладамі для агульных, перынатальных і кардыяваскулярных даследаванняў. Закуплены новы рэнтгенаўскі мамаграфічны апарат «Мамаэксперт» для правядзення скрынінгу раку малочнай залозы і дыягнастычных даследаванняў, набыты аперацыйны стол.

Працягваецца ўзвядзенне новага будынка паліклінікі, што дазволіць больш эфектыўна рэалізоўваць праект «Клапатлівая паліклініка», палепшыць даступнасць і якасць аказання медыцынскай дапамогі, стварыць камфортныя ўмовы для наведвальнікаў і медработнікаў.

— Нясвіж па праве называюць турыстычным горадам, горадам высокай культуры. Як падтрымліваеце гэты імідж і якімі мерапрыемствамі будзе напоўнены 2023 год, каб прыцягнуць яшчэ больш турыстаў, гасцей?

— Будуем аб'екты сацыяльнай інфраструктуры, добраўпарадкоўваем скверы, набярэжныя, вялікую ўвагу ўдзяляем транспартным артэрыям раёна.

Нясвіж мяняецца, жыве і дыхае шмат у чым дзякуючы падтрымцы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

Летам горад адзначае сваё 800-годдзе. Свята супадае з Днём Незалежнасці Беларусі. Стартаваў раённы конкурс на найлепшы лагатып (эмблему), прысвечаны гэтай значнай падзеі. Зусім хутка падвядзём яго вынікі.

Юбілейны год будзе напоўнены мноствам культурна-масавых мерапрыемстваў. Сярод іх — традыцыйныя «Музы Нясвіжа», вечары Вялікага тэтра оперы і балета, фестывалі «Вяртанне да тэатральных вытокаў», «Гасціннасць па-радзівілаўску» ў межах святкавання Дня Незалежнасці, фестываль гістарычных рэканструкцый. Да 30-годдзя Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» будзе рэалізаваны новы праект «Летні джаз» з Нацыянальным акадэмічным аркестрам імя Міхаіла Фінберга.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?