Вы тут

Лукашэнка: Усе павінны ствараць прадукт для патрэбаў нацыянальнай эканомікі


Новы імпульс развіцця айчыннай ІТ-сферы разгледзелі на нарадзе з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Дзейнасць Парка высокіх тэхналогій з улікам сітуацыі, якая склалася вакол Беларусі, ужо абмяркоўвалі на ўзроўні кіраўніка дзяржавы ў лістападзе мінулага года. Цяпер на разгляд Прэзідэнта ўнесены праекты прававых актаў аб развіцці ПВТ, у якіх закладзены нестандартны падыход.


Фота: БелТА

«Неабходна надаць новы імпульс развіццю галіны, забяспечыць максімальна спрыяльныя ўмовы работы. Мы аб гэтым дамовіліся. Прычым не толькі для рэзідэнтаў ПВТ, але і для ўсіх айчынных ІТ-кампаніі. Увогуле для ўсіх айцішнікаў. Усе павінны ствараць прадукт для патрэбаў нацыянальнай эканомікі і, канешне, на экспарт. Задача сур’ёзная. Але ў апошнія некалькі гадоў нас і не бывае лёгкіх», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён падкрэсліў, што цяпер наш ПВТ, які доўгі час аўтарытэтныя спецыялізаваныя выданні называлі «раем для праграмістаў» і «крамянёвай далінай Усходняй Еўропы», хочуць задушыць эканамічна. Такія спробы робяцца.

«Што ж, мы прывыклі прымаць падобныя выклікі і годна адказваць на іх. Не хочуць нас бачыць у адной частцы планеты, мы ідзём у другую частку», — падкрэсліў беларускі лідар. Па яго словах, прадстаўленыя нарматыўная акты вылучаюцца нестандартным падыходам. Але, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, у гэтай сферы практычна заўсёды патрабуюцца крэатыўныя рашэнні. 

«Хачу падкрэсліць, што гаворка ідзе пра другое дыханне і раней недаступныя гарызонты для Парка і ўсёй беларускай ІТ-галіны. Трэба асвоіць новыя рынкі, замясціць заходнія інвестыцыі азіяцкімі. Калі недзе ствараецца дастойны прадукт, якія б ні былі перашкоды, яго купяць», — заявіў ён. 

Прэзідэнт пацікавіўся ў адказных за гэту сферу, як можна максімальна паскорыць работу па прывядзенні нарматыўнай базы ў адпаведнасць з прынятымі рашэннямі і спытаў, калі будзе атрыманы канкрэтны вынік. 

«Хачу папярэдзіць, я пра гэта казаў у пасланні ўраду, і кіраўніцтву Парка высокіх тэхналогій, і ўсім тым, хто мае да гэтага дачыненне. Проста пад плінтусам адсядзецца не атрымаецца. Патрэбны вынік. Калі няма выніку, ніякія тлумачэнні не прымаюцца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.


У тэму

«Беларускія кампаніі канкурэнцыяй не спалохаеш»

У размове з журналістамі дырэктар Адміністрацыі ПВТ Усевалад Янчэўскі расказаў, што Прэзідэнт падтрымаў унесеныя яму на разгляд праекты прававых актаў аб развіцці Парка высокіх тэхналогій.

«Сёння наша беларуская ІТ-сфера знаходзіцца не ў самым простым становішчы. Зразумелыя ўсе рызыкі, выклікі і праблемы, звязаныя з сітуацыяй вакол нашай краіны. Яны не вельмі прыемныя, але абсалютна відавочныя. На краіну і ІТ-сектар ціснуць, і гэта стварае пэўныя праблемы. Да таго ж, у глабальным ІТ-сектры таксама ёсць крызіс, назіраецца падзенне капіталізацыі многіх кампаній, вялікія скарчэнні нават у самых сур’ёзных ІТ-карпарацыях. Адні праблемы накладаюцца на іншыя. І таму сёння ІТ-кампаніям прыходзіцца вельмі няпроста. Кіраўнік дзяржавы ў чарговы раз традыцыйна выказаў падтрымку, прычым не проста словамі, а справамі і рашэннямі нашаму ІТ-сектару, Парку высокіх тэхналогій», — адзначыў ён.

Усевалад Янчэўскі выказаў спадзяванне, што і ад ІТ-сектара будзе сустрэчны рух. Па яго словах, ён вельмі просты. Перш за ўсё, трэба каб Парк высокіх тэхналогій і надалей прыносіў карысць эканоміцы, краіне, і нягледзячы на ўсе цяжкасці трымаў высока планку не толькі ў краіне, але і ў свеце, як гэта было ўсе гады. 

На нарадзе ў Прэзідэнта, апрача агульных тэм у IT, абмяркоўваліся і тэндэнцыі ў развіцці тэхналогій штучнага інтэлекту і перспектывы беларускіх кампаній у гэтай прагрэсіўнай галіне. Як адзначыў кіраўнік ПВТ, у Беларусі ёсць шмат кампаній, у тым ліку стартапаў, якія ў гэтай сферы спецыялізуюцца і яшчэ пакажуць сябе. «Думаю, што тыя рашэнні, якія Прэзідэнтам прымаліся, прымаюцца і будуць прымацца, падтрымаюць не толькі ў цэлым IT-сферу» і ПВТ, а ў тым ліку і тое, што датычыцца адной з найбольш перспектыўных і значных на сённяшні дзень абласцей, такой як штучны інтэлект«, — сказаў Усевалад Янчэўскі.

Кіраўнік ПВТ заўважыў, што ўжо шмат гадоў запар ПВТ спрабуюць «пахаваць». Безумоўна, праблемы ёсць. Але, па словах Усевалада Янчэўскага, Парк існуе, яго рэзідэнтамі становяцца новыя кампаніі, дзясяткі тысяч праграмістаў працуюць у Беларусі. «Парк уносіць важкі ўклад у экспарт і ВУП, у эканоміку краіны. І я думаю, што тыя праблемы будуць вырашаны. І ў парка будзе другое, трэцяе дыханне», — падкрэсліў ён. 

У пацвярджэнне сваіх слоў ён прывёў цікавы факт: «Нягледзячы на ўсе крызісныя з’явы, ёсць вельмі цікавы паказчык: за некалькі месяцаў гэтага года кампаніі ПВТ заплацілі больш падаткаў, чым у мінулым годзе (за аналагічны перыяд з улікам ільготнага рэжыму, які распаўсюджваецца на рэзідэнтаў ПВТ)», — расказаў Усевалад Янчэўскі. Паводле даных кіраўніцтва Парка, за ўвесь 2022 год экспарт кампаній ПВТ склаў каля $2,5 млрд., а падатковыя выплаты — Br750 млн.

Кіраўнік ПВТ таксама выказаў упэўненасць, што на новыя азіяцкія рынкі нашы кампаніі будуць заходзіць паспяхова, таму што ў іх ёсць вопыт работы ў самых жорсткіх і складаных умовах. «Беларускія кампаніі канкурэнцыяй не спалохаеш, таму што ўсе гады, колькі існуе Парк, яны працуюць у вельмі жорсткіх канкурэнтных умовах. У IT-сферы канкурэнцыя дакладна адна з самых жорсткіх. Беларускія кампаніі заўсёды працавалі на прэміяльных і вельмі патрабавальных рынках — амерыканскім, еўрапейскім...», — растлумачыў ён.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.