Цяпер фактычна ў кожным населеным пункце ёсць пустыя дамы, а таксама былыя адміністрацыйныя, гаспадарчыя пабудовы, якія не выкарыстоўваюцца. Іх упарадкаванне — адзін з істотных складнікаў работы мясцовай улады. Сельскія, пасялковыя, раённыя, гарадскія Саветы дэпутатаў працуюць над вырашэннем такой складанай задачы. У кожным раёне ёсць праграмы работы, згодна з якімі штогод зносяцца нічыйныя пабудовы, некаторыя ж прадаюцца. Варта сказаць, што апошнім часам вырашэнню акрэсленых пытанняў спрыяюць змяненні ў заканадаўстве.
Менавіта Указ № 330 «Аб распараджэнні маёмасцю», які ўступіў у сілу ў мінулым месяцы, дапамог зрушыць з месца да гэтага безвыніковую справу продажу старадаўняй панскай сядзібы ў Агарэвічах Ганцавіцкага раёна. Падрабязна пра маёнтак і пошук гаспадароў для яго расказвалася ў нашай газеце за 31 сакавіка. Было некалькі спроб прадаць даволі добры дом плошчай 324 квадратныя метры, але ахвотных не знаходзілася. А калі аб'явілі аб магчымым продажы за адну базавую велічыню згодна з указам, пакупнікоў ужо стала дзесяць. У выніку першапачатковая цана вырасла ажно ў 423 разы, лот пайшоў з аўкцыёну за 15,5 тысячы рублёў. Сядзібу купіў мінчанін. Галоўнае, цяпер ёсць чалавек, які ўзяў на сябе адказнасць за захаванне гісторыка-культурнай каштоўнасці. Ёсць усе падставы спадзявацца, што сядзіба не знікне, не будзе больш гібець.
Пра паспяховыя таргі з выгадай для мясцовай улады нядаўна расказвалі аўтару гэтых радкоў у Дзмітравіцкім сельскім Савеце Камянецкага раёна. Цэламу шэрагу населеных пунктаў сельсавета спрыяе блізкая пушча. Менавіта Белавежская пушча прываблівае нябедных пакупнікоў. Людзі з грашыма ахвотна набываюць дамы, а таксама ўчасткі. Ім нават лепей браць не старую хаціну, а пусты ўчастак, каб ставіць на ім новы дом. Таму для сельвыканкама выглядае лепшым знесці старыя, трухлявыя дамы альбо іх рэшткі, расчысціць участак і выставіць яго на таргі. Так робяць у вёсцы Макавішчы, дзе ўжо вырасла цэлая вуліца сучасных дамоў катэджнага тыпу і аграсядзіб. Пачыналі з 12 тысяч рублёў за ўчастак, але, як той казаў, стаўкі растуць. Літаральна нядаўна (25 сакавіка) участак у вёсцы Абрамава пайшоў з малатка за 40 тысяч рублёў. На гэтым месцы таксама раней быў нечы дом, цяпер, трэба думаць, узвядуць новы.
Але прыведзеныя прыклады — хутчэй, выключэнне, чым правіла. У большасці сваёй мясцовая ўлада працуе з пустымі дамамі, якія рады былі б аддаць і за адну базавую. Напрыклад, у склад Тэвельскага сельскага Савета Кобрынскага раёна ўваходзіць 21 населены пункт. Старшыня сельвыканкама Іна КУЗНЯЦОВА расказала, што летась на тэрыторыі сельсавета знеслі дзевяць дамоў, зямлю ўвялі ў севазварот. На гэты год планы яшчэ большыя. Шэраг вёсак сельсавета можна аднесці да катэгорыі так званых паміраючых, дзе засталіся пражываць адзін-два-тры чалавекі. Асабліва хутка згасае жыццё ў той частцы сельсавета, што мяжуе ажно з трыма раёнамі: Пружанскім, Жабінкаўскім, Камянецкім. Населеныя пункты тут дажываюць свой век.
Кіраўнік мясцовай улады лічыць, што працаваць у дадзеным кірунку пасля ўступлення ў сілу 27 верасня 2021 года Указа № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі» стала прасцей, чым раней, але ж праблем і цяжкасцяў пакуль хапае. І звязаныя яны найперш са стаўленнем спадчыннікаў да сваёй нерухомасці. Здараецца, што яны нічога не робяць на бацькоўскай сядзібе, але і расстацца з ёй не спяшаюцца. Як вядома, прызнаць дом безгаспадарным па-ранейшаму можа толькі суд.
На першым этапе сельвыканкам збірае звесткі пра хату, якая стаіць больш за тры гады без выкарыстання, агляд праводзіць спецыяльна скліканая камісія. Далей у работу ўключаюцца адпаведныя службы райвыканкама. Вядзецца пошук патэнцыяльных спадчыннікаў. Іх інфармуюць аб магчымым прызнанні пабудовы безгаспадарнай. На дадзеным этапе яны могуць заявіць правы і, што важна, узяць на сябе абавязацельствы па прывядзенні ў парадак сядзібы ды пабудоў. Калі ахвотных узяцца за работу ў вызначаны тэрмін не знаходзіцца, дакументы накіроўваюцца ў суд, які прымае рашэнне.
— Даводзілася зносіць зусім нехлямяжыя дамы, але, шчыра кажучы, мне заўсёды крышку шкада, — працягвае Іна Валер'еўна. — Тыя, якія можна выкарыстоўваць, імкнёмся прадаваць. Некалькі гадоў таму прадалі нядрэнную хату ў Завершшы. Цяпер і паглядзець прыемна. Новыя гаспадары ачысцілі двор ад хмызняку, паставілі новую агароджу. Пастаянна яны не жывуць, але паспяхова выкарыстоўваюць дом у якасці дачы.
Сёлета Тэвельскі сельскі Савет выставіў на продаж чатыры хаты, якія раней былі перададзены ва ўласнасць як нічыйныя. Пасля ацэнкі Брэсцкім агенцтвам па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры быў вызначаны рыначны кошт кожнай з пабудоў, аб'явы аб продажы размешчаны на сайце райвыканкама, у раённай газеце. Варта заўважыць, што з 1 студзеня звесткі яшчэ размяшчаюцца ў Адзіным рэестры пустых дамоў.
І ахвотныя знаходзяцца. Працэдура такая: грамадзяне падаюць заявы, якія затым будуць разгледжаны на пасяджэнні выканкама з прыняццем адпаведнага рашэння. Пасля таго ў кожным выпадку заключаецца дагавор аб куплі-продажы, выстаўляюцца рахункі з улікам затрат па ацэнцы (гэта прыкладна 400 рублёў). Пасля аплаты пакупнік зможа распачаць афармленне дакументаў на ўласнасць адносна дома і ўчастка. Так што адна базавая — гэта толькі першы этап у куплі дома, яго афармленне абыходзіцца даражэй. Варта тое ўлічваць.
Іван ДАЎЖУК, старшыня Кобрынскага раённага Савета дэпутатаў, гаворыць, што вопыт работы Тэвельскага сельвыканкама яны вывучалі на дэпутацкай камісіі:
— Пакуль у Тэўлях з усіх нашых сельсаветаў працуюць найбольш эфектыўна ў згаданым кірунку. І ў раённым Савеце, і ў органах выканаўчай улады пануе меркаванне, што трэба менш зносіць і больш прадаваць пустыя пабудовы. Па-першае, гэта выгадна, бо знесці дом, прывесці ў парадак участак сёння абыходзіцца ў добрую капейчыну, а па-другое, па-чалавечы выглядае больш правільным знайсці дому гаспадара. Тут вялікія спадзяванні звязваем з новым дакументам — Адзіным рэестрам маёмасці. Любы чалавек можа зайсці на гэты электронны рэсурс і знайсці нешта прымальнае для сябе. Можа, у каго настальгічныя пачуцці ўзнікнуць, і захоча былы зямляк, скажам, жывучы на Віцебшчыне або Магілёўшчыне, прыдбаць хату на радзіме бацькоў ці дзядоў, а потым і пераехаць альбо пражываць сезонна.
Не толькі пустыя дамы парадкуе ў населеных пунктах мясцовая ўлада. Некалькі гадоў таму ў адным з сельсаветаў яго кіраўнік паказваў аўтару гэтых радкоў пляцоўку, на якой раней стаяла школа 1905 года пабудовы. Старшыня бадзёра паведаміў, што будынак знеслі, пляц разраўнавалі. Мне стала вельмі шкада гістарычнага будынка: уяўленне адразу стала маляваць карцінку магчымага музея ці іншага карыснага аб'екта ў сценах былой навучальнай установы. Хоць цалкам верагодна, што і сцены там дрэнна захаваліся...
А вось у сакавіку камітэт «Брэстаблмаёмасць» правёў даволі ўдалыя таргі — цэлы шэраг вясковых пустых аб'ектаў набыў новых гаспадароў. У Целяханах Івацэвіцкага раёна прадалі былую ветэрынарную лячэбніцу. Будынак плошчай 175 квадратных метраў таксама з гісторыяй: узведзены ў 1936 годзе; мае прыбудову са склепам, пайшоў за 8,9 тысячы рублёў. Целяханы — даволі вялікі пасёлак, вядомы не толькі лыжнай фабрыкай. Тут паспяхова працуюць як асобныя прадпрыемствы, так і вытворчыя ўчасткі іншых. У пасёлку пражывае больш за 4200 чалавек.
Аксана МЯЛІК, старшыня Целяханскага сельскага Савета, расказала, што ветлячэбніцу купіў прадпрымальнік з Івацэвіч:
— Гэта наш зямляк, ён родам з суседняй вёскі. Тут мае намер адкрыць цэх па вытворчасці вырабаў з мармуровай пліткі. Думаю, два-тры новыя рабочыя месцы неўзабаве будуць створаны. Яшчэ рыхтуецца да продажу будынак лазні ў Краглевічах, а патэнцыяльнага пакупніка мы ўжо знайшлі — гэта мясцовы фермер, ён мае план выкарыстання будынка ў сваёй гаспадарцы. Ёсць яшчэ адзін праблемны будынак у згаданым пераліку — былы сельскі клуб у адной з малых вёсак. Яго ўжо прадалі, а потым новы ўласнік з'ехаў за межы Беларусі. Цяпер вырашаецца далейшы лёс пабудовы ў адпаведнасці з законам. Больш нежылых пустых аб'ектаў няма. Калі такія з'яўляюцца, стараемся хутка іх уладкоўваць.
Цяпер актыўна працуем з пустымі дамамі. Іх у васьмі населеных пунктах сельсавета 19. Пяць з іх прайшлі падрыхтоўчыя працэдуры і судом перададзеныя сельскаму Савету. Дзве хаты рыхтуем да продажу, а тры будзем зносіць, бо яны не выглядаюць перспектыўнымі, — сказала старшыня сельвыканкама.
Старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр САРОКА паведаміў, што вопыт работы Целяханскага сельскага Савета быў станоўча ацэнены на пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі, якое прайшло 15 сакавіка:
— Там адзначалі, што ў рабоце органа мясцовай улады ёсць сістэма, адсюль і вынікі. У іншых сельсаветах таксама праводзіцца работа па ўпарадкаванні нічыйных дамоў. Скажам, цяпер у раёне 619 безгаспадарных дамоў. Яшчэ некалькі гадоў таму гэтая лічба набліжалася да 1500. Значыць, праведзена немалая работа. І яшчэ некалькі лічбаў: калі ў 2021 годзе было прададзена 8 дамоў, а знесена 94, то ў 2022 годзе прадалі ўжо 41, а знеслі толькі 64 дамы. Праглядаецца выразная тэндэнцыя да таго, каб хаты займелі новых гаспадароў.
Мы прааналізавалі, дзе найлепш прадаюцца старыя хаты, і ўбачылі, што цікавасць пакупнікоў выклікаюць маляўнічыя мясціны, каля азёр і рэк: Бабровічы, Соміна, Гошча, — працягвае Аляксандр Фёдаравіч. — Цікавяцца маёмасцю і ў прыгарадзе з тым разлікам, каб можна было дабірацца ў райцэнтр на работу. Купляюць дамы людзі сталага веку, якія пакідаюць гарадскія кватэры дзецям. Апошніх цікавіць велічыня ўчастка, каб мець добры агарод. І ў нас цяпер ёсць прапановы на любы густ і любы кашалёк, калі мець на ўвазе продаж за адну базавую велічыню. А на дапамогу ўсім патэнцыяльным пакупнікам — Адзіны рэестр пустых дамоў.
Згаданы рэестр знаходзіцца на сайце Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь. Варта зайсці на сайт, зарэгістравацца, паглядзець інструкцыю — і можна вывучаць прапановы па ўсёй краіне. Доступ да рэестра адкрыты і бясплатны.
Скажам, цяпер можна знайсці прапановы па сямі дамах у Івацэвіцкім раёне, якія прадаюцца за адну базавую велічыню. Там ёсць кароткае апісанне пабудовы: год узвядзення, плошча, ступень зносу, велічыня зямельнага ўчастка. Ёсць і фотаздымкі выстаўленых на продаж дамоў.
Таксама некалькі дамоў на продаж прапануюць у Маларыцкім, Ляхавіцкім раёнах за адну базавую; у Брэсцкім, Камянецкім, Пінскім раёнах хаты можна купіць з аўкцыёну са стартавай цаной у 37 рублёў. Інфармацыя абнаўляецца, зацікаўленыя могуць рэгулярна наведваць сайт.
У кожным раёне звесткі пра дамы на продаж размяшчаюць таксама на сайце райвыканкама. Там жа маецца інфармацыя пра нежылыя будынкі, былыя вытворчыя, адміністрацыйныя, сацыяльныя аб'екты, якія пры гаспадарскім падыходзе можна пусціць у справу. Звесткі пра аўкцыёны па такіх аб'ектах перыядычна змяшчаюць на сваіх сайтах камітэты дзяржаўнай маёмасці.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Велізарнае пачуццё адказнасці за будучае краіны.
Міністр працы і сацыяльнай абароны аб тым, як будуць расці выплаты.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.