Хакейны сезон заканчваецца, а новая старонка гісторыі пачынаецца. Учора стала вядома, што нязменны галоўны трэнер «Дынама-Мінск» Крэйг Вудкрафт пакідае клуб. Канадскі спецыяліст развітаўся таксама і з пасадай галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай, якую ўзначальваў амаль два гады. Разам з «Дынама-Мінск» ён правёў 303 матчы, гэта рэкорд клуба. Пад яго кіраўніцтвам «зубры» чатыры разы выходзілі ў плэй-оф, але кожны раз спыняліся ў першым раўндзе. Разам са зборнай Крэйг Вудкрафт правёў усяго тры матчы ў спаборніцтвах пад эгідай ІІХФ (іх магло быць больш, калі б не адхіленне ад міжнародных стартаў) — гэта была кваліфікацыя да Алімпіяды-2022 у Браціславе, якую беларусы не прайшлі.
«Апошнія чатыры гады былі асабліва цікавымі. Здараліся ўзлёты і падзенні, але, калі падвесці вынікі, мы правялі змену пакаленняў у „Дынама“ і зборнай, падрыхтавалі не толькі новых беларускіх гульцоў, але і новых трэнераў, персанал да працы на высокім узроўні. За апошнія тры гады 29 новых беларускіх гульцоў дэбютавалі ў складзе „Дынама“, многія з іх ужо ўвайшлі і яшчэ ўвойдуць у бліжэйшы час у склад нацыянальнай зборнай Беларусі, багацейшых клубаў КХЛ і НХЛ. Пры гэтым мы рэгулярна выходзілі ў плэй-оф Кубка Гагарына, апярэджваючы каманды КХЛ, выйгралі Кубак Першага канала з маладой зборнай Беларусі», — адзначыў канадскі спецыяліст.
Ужо на наступны дзень стала вядома, хто заменіць Вудкрафта на пасадах трэнера вядучага клуба і галоўнай каманды краіны. Гэта расійскі спецыяліст Дзмітрый Квартальнаў. Ён вядомы як сярэбраны і бронзавы прызёр чэмпіянатаў СССР, сярэбраны і бронзавы прызёр чэмпіянатаў Расіі. Дзмітрый Квартальнаў — чэмпіён свету, Еўропы і бронзавы прызёр чэмпіянату свету ў складзе зборнай СССР. Як трэнер Дзмітрый Вячаслававіч — лідар па колькасці матчаў у КХЛ (809) і колькасці перамог (515). Уладальнік Кубка Кантынента (2015, 2016, 2017), уладальнік Кубка Адкрыцця (2016), «Лепшы трэнер» (2016).
Па словах сенатара Дзмітрыя Баскава, спецыяліст сам праявіў высокую зацікаўленасць да працы ў Беларусі. «Квартальнаў — трэнер з вялікімі і, галоўнае, апраўданымі амбіцыямі, і частка яго бачання хакея — гэта праца з моладдзю, што і стала вызначальным пры выбары на карысць гэтага спецыяліста. „Дынама“ працягне гуляць важную ролю прафесійнага трампліна для таленавітых беларусаў пры пераходзе з маладзёжнага хакея ў дарослы. Гэта мадэль ужо апраўдала сябе, дала магчымасць раскрыцца многім маладым беларусам. Важна, што змена трэнера ў мінскім „Дынама“ не мяняе вектар развіцця клуба», — падкрэсліў Дзмітрый Баскаў. Яго словы прыводзіць прэс-служба Беларускай федэрацыі хакея.
Старшыня Беларускай федэрацыі хакея Аляксандр Багдановіч падкрэсліў, што перастаноўка ў трэнерскім штабе зборнай заклікана забяспечыць далейшае эфектыўнае ўзаемадзеянне зборнай з флагманам беларускага хакея — мінскім «Дынама». Па яго словах, у апошнія гады менавіта гэта мадэль сумяшчэння была найбольш эфектыўнай. «Дзмітрый Вячаслававіч сам праявіў зацікаўленасць да работы са зборнай Беларусі. Гэтыя два фактары для нас сталі вызначальнымі. Упэўнены, што з новым настаўнікам арыенцір на моладзь захаваецца, і наша каманда здолее паказаць яшчэ больш упэўненую гульню», — адзначыў Аляксандр Багдановіч.
Сам Дзмітрый Квартальнаў у інтэрв’ю прэс-службе Беларускай федэрацыі хакея паабяцаў, што будзе рабіць акцэнт на працу з маладымі гульцамі: «У кожнай камандзе, у якой я працаваў, нам атрымоўвалася адкрываць новыя імёны для сусветнага хакея. Гэтыя хлопцы дагэтуль на слыху і з’яўляюцца лідарамі сваіх клубаў у НХЛ і КХЛ. Выхоўваць маладых хакеістаў для мяне не ўпершыню. А ў зборнай Беларусі і „Дынама“ мы яшчэ больш увагі будзем удзяляць таму, каб маладыя беларусы развіваліся і атрымлівалі магчымасць згуляць у галоўнай камандзе. Я сам разумею, што для многіх хлапчукоў згуляць за зборную значыць вельмі шмат. Думаю, што мы працягнем рухацца ў дадзеным напрамку і нават яшчэ больш паглыбімся ў гэты працэс».
Праявіць сябе новы трэнер нацыяльнай зборнай зможа ўжо ў маі. На пасяджэнні Выканаўчага камітэта Федэрацыі хакея Беларусі быў зацверджаны склад трэнерскага штаба нацыянальнай каманды для ўдзелу ў матчах турніру «Liga Stavok. Вялікі тур зборнай». Дапамагаць спецыялісту будуць Павел Перапехін і Андрэй Мезін, якія ўжо маюць вопыт работы з нацыянальнай камандай.
Валерыя СЦЯЦКО
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».