Вы тут

Стаць студэнтам БДУІР: Алгарытм паспяховага паступлення


«Калі вы гатовы шмат працаваць і плануеце атрымаць добрую інжынерную адукацыю, то вы апынуліся ў правільным месцы, — звярнуўся да абітурыентаў падчас Дня адкрытых дзвярэй рэктар БДУІР, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Вадзім Богуш. — Задача нумар адзін для вас — паступіць у наш універсітэт. Другая не менш важная задача — паспяхова вучобу скончыць. Паверце, што на загадзе аб залічэнні ва ўніверсітэт студэнцкае жыццё толькі пачынаецца...»


Сустрэча з кіраўнікамі ВНУ і членамі прыёмнай камісіі — абавязковы пункт у праграме кожнага Дня адкрытых дзвярэй. Яны, дарэчы, праводзяцца цягам навучальнага года некалькі разоў. Але чым бліжэй чарговая прыёмная кампанія — тым больш пытанняў узнікае ў патэнцыяльных абітурыентаў. Да таго ж сёлета адбор у студэнты будзе праходзіць па новых Правілах прыёму: па-першае, пашырыўся мэтавы набор і змяніўся парадак адбору прэтэндэнтаў на мэтавыя месцы. Па-другое, прыёмныя камісіі будуць упершыню прымаць сертыфікаты і цэнтралізаванага экзамену, і ЦТ. Па-трэцяе, у асобных катэгорый абітурыентаў з’явіліся пэўныя прывілеі. Пашырыўся і пералік спецыяльнасцяў, востра запатрабаваных эканомікай...

— У мяне часта пытаюцца, а чаму ў ваш універсітэт няма конкурсу, скажам, сем чалавек на адно месца? Трэба разумець, што калі інфармацыя аб колькасці пададзеных заяў і сумах балаў, з якімі паступаюць абітурыенты, знаходзіцца ў свабодным доступе на нашым сайце і рэгулярна абнаўляецца, то кожны можа ўбачыць, з якімі баламі бессэнсоўна спрабаваць стаць студэнтам БДУІР, а лепш падумаць пра іншую траекторыя навучання, — канстатуе Вадзім Богуш.

Варта нагадаць, што абітурыенты БДУІР маюць магчымасць пры падачы заявы ў прыёмную камісію выбіраць і расстаўляць свае прыярытэты. Калі абітурыент не праходзіць па балах на першую ўпадабаную спецыяльнасць, згаданую ў прыярытэтах, то ўдзельнічае ў конкурсе на другую, трэцюю і гэтак далей. 

Адметнасцю сёлетняга года стане неабходнасць пры расстаноўцы прыярытэтаў указваць не толькі спецыяльнасць, але і факультэт, таму што на розных факультэтах ёсць падобныя спецыяльнасці.

«Ці чакаецца істотны рост прахадных балаў у сувязі з увядзеннем новых цэнтралізаваных экзаменаў?» — цікавіліся ў кіраўнікоў прыёмнай камісіі ўсхваляваныя абітурыенты.

— Прагназаваць прахадныя балы — справа няўдзячная. Не думаю, што сітуацыя моцна зменіцца. Мяркую, можна арыентавацца на лічбы мінулага года, — заспакоіў Вадзім Богуш. — Інфармаванне аб колькасці пададзеных заяў і балах, якія заяўляюць абітурыенты, у нас адбываецца анлайн, і калі колькасць заяў пачынае перавышаць колькасць месцаў, мы пачынаем інфармаваць аб паўпрахадным бале. Вы будзеце бачыць, наколькі конкурсная сітуацыя для вас крытычная.

Дарэчы, трэба мець на ўвазе, што летась адзінаццаць абітурыентаў універсітэта па колькасці набраных балаў трапілі ў прамежак ад 391 да 400. Абсалютнай рэкардсменкай сярод усіх беларускіх абітурыентаў стала Анастасія Більдзь. У суме ў яе атрымаўся максімум — 400 балаў. Яна і яшчэ дзевяць абітурыентаў, якія набралі больш за 390 балаў, паступалі на факультэт камп’ютарных сістэм і сетак. Яшчэ адна абітурыентка выбрала факультэт камп’ютарнага праектавання.

Тройка самых папулярных у абітурыентаў мінулага года спецыяльнасцяў (іх яны ўказалі ў сваёй заяве першай сярод прыярытэтаў) выглядае наступным чынам: «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» (тут жа быў зарэгістраваны і самы высокі прахадны бал — 374), «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» і «Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі».

«А колькі ЦТ можа будзе здаць у гэтым годзе?» — запыталіся ў рэктара абітурыенты.

— Усё залежыць ад таго, у якім статусе вы знаходзіцеся, — патлумачыў Вадзім Богуш. — Калі заканчваеце ў гэтым годзе адзінаццаты клас, то павінны здаць два цэнтралізаваныя экзамены ў школе і адно ЦТ. Выпускнік сам вырашае, які з профільных прадметаў яму здаваць у форме цэнтралізаванага экзамену, а які ў форме цэнтралізаванага тэсціравання.

Калі скончылі школу раней або заканчваеце каледж, то будзеце здаваць тры цэнтралізаваныя тэсціраванні ў звычайныя тэрміны. Але звярніце ўвагу, што рэгістрацыя на ЦТ у гэтым годзе распачнецца 10 мая. Пры паступленні на скарочаныя тэрміны навучання здаюцца ўнутраныя іспыты.

«Якія прывілеі прадугледжаны для навучэнцаў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка?» — працягвалі цікавіцца абітурыенты.

— Тыя з іх, хто паспяхова прайшлі навучанне і атрымалі рэкамендацыю назіральнага савета гэтай установы, змогуць паступіць на адпаведны профіль без здачы экзаменаў, па гутарцы, — праінфармаваў рэктар БДУІР. — Пералік спецыяльнасцяў можна паглядзець на нашым сайце. Іх даволі шмат. Ва ўніверсітэце будзе створана спецыяльная камісія з прафесіяналаў для правядзення сумоўя. Яго мэта — ацаніць дзелавыя якасці, здольнасці, матывацыю і ўзровень падрыхтоўкі гэтай катэгорыі абітурыентаў. Я ведаю, наколькі матываваныя і добра падрыхтаваныя хлопцы і дзяўчаты навучаюцца ў дзіцячым тэхнапарку, таму не думаю, што гутарка будзе для іх сур’ёзным выпрабаваннем. Хоць, безумоўна, да любога мерапрыемства трэба ўсё ж такі рыхтавацца...

Адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУІР Васіль Бандарык паведаміў, што ва ўніверсітэце сёлета чакаецца далейшае пашырэнне мэтавай падрыхтоўкі ў інтарэсах заказчыкаў кадраў. Гэта звязана са зняццем абмежаванняў для арганізацый, якія могуць падаваць заяўкі на падрыхтоўку спецыялістаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Колькасць месцаў для атрымання вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў даводзіцца Міністэрствам адукацыі штогод да 1 мая.

Таксама ў гэтым годзе чатыры спецыяльнасці, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў БДУІР, былі аднесены да найбольш запатрабаваных эканомікай: гэта спецыяльнасці «Мікра- і нанаэлектроніка», «Электронныя сістэмы і тэхналогіі», «Радыёсістэмы і радыётэхналогіі», «Нанатэхналогіі і нанаматэрыялы». На іх без уступных іспытаў будуць залічвацца ўладальнікі дыпломаў І, ІІ, ІІІ ступені трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, школьныя медалісты і абітурыенты, якія маюць дыплом аб прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай.

Калі на адно месца прэтэндуюць два абітурыенты з аднолькавай колькасцю балаў, каго з іх залічаць? Якія дадатковыя крытэрыі будуць брацца пад увагу?

— У такім выпадку прыёмная камісія кіруецца пунктам 27 Правіл прыёму. Там пералічаны ўсе крытэрыі. Адразу скажу, што бярэцца пад увагу адзнака па першым профільным прадмеце ўступных іспытаў — у БДУІР гэта матэматыка. Перавагу будзе мець і абітурыент, які мае пасля заканчэння школы медаль або дыплом з адзнакай пасля заканчэння каледжа. Увогуле, у практыцы нашай прыёмнай камісіі нам заўсёды хапала вызначанага Правіламі прыёму пераліку крытэрыяў для таго, каб прыняць адназначнае рашэнне па конкурснай сітуацыі, — запэўніў Вадзім Богуш. — А вось характарыстыка, якую павінны будуць прадставіць сёлета выпускнікі школ, на конкурс уплываць не будзе. Гэта інфармацыя трапіць у асабовую справу першакурсніка і будзе выкарыстана, каб аблегчыць уваходжанне ўчарашняга абітурыента ў студэнцкае жыццё. З улікам яго інтарэсаў яму будуць прапанаваны розныя актыўнасці, з якіх, акрамя вучобы, складаецца студэнцкае жыццё: удзел у спартыўных секцыях, творчых калектывах, студэнцкім самакіраванні і гэтак далей.

На якіх умовах будзе выдзяляцца месца ў студэнцкім інтэрнаце?

— Усіх першакурснікаў, незалежна ад формы атрымання адукацыі (на бюджэце ці за ўласныя грошы), мы забяспечваем месцам у інтэрнаце. А далей ужо ўсё будзе залежаць ад вас, — праінфармаваў Вадзім Богуш, — таму што, на жаль, пакуль мы не можам задаволіць патрэбы ў інтэрнаце ўсіх студэнтаў. Ёсць рэйтынгі, якія ўлічваюць паспяховасць студэнта, яго ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта, навуковай дзейнасці... Зыходзячы з гэтага, пасля заканчэння першага курса вырашаецца пытанне з месцам у інтэрнаце на наступны навучальны год. У пытанне з размеркаваннем месцаў у інтэрнаце вельмі актыўна ўцягнуты студэнцкі прафсаюз. Спадзяюся, што з уводам яшчэ аднаго інтэрната працэнт забяспечанасці будзе дастаткова высокі і мы зможам падтрымаць усіх паспяховых студэнтаў.

Рэктар звярнуў увагу абітурыентаў на тую акалічнасць, што кожны, хто паступае ў БДУІР, павінен стварыць асабісты кабінет абітурыента (за выключэннем тых, хто паступае на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі). Гэта дазволіць у спакойнай сітуацыі запоўніць сваю заяву і добра прадумаць парадак расстаноўкі прыярытэтаў. Яшчэ адзін важны функцыянал электроннага кабінета — магчымасць зваротнай сувязі з прыёмнай камісіяй, вельмі эфектыўны канал для камунікацыі. Акрамя таго, электронны кабінет дапамагае значна спрасціць і паскорыць працэдуру падачы дакументаў. У гэтым годзе будзе прадоўжана практыка папярэдняга электроннага запісу ў прыёмную камісію. Калі ўсё будзе загадзя запоўнена, то на падачу дакументаў пойдзе не больш як 30 хвілін, а далей застанецца толькі чакаць рашэння камісіі аб залічэнні.

«Я шчыра жадаю, каб вашы мары, звязаныя з нашым універсітэтам, спраўдзіліся. Жадаю усім паспяховага завяршэння школьнага перыяду і лёгкага ўваходжання ў новы, вельмі важны, этап вашага жыцця, — падсумаваў Вадзім Богуш. — Студэнцкія гады заўсёды прыгадваюцца з цеплынёй. Няхай і вам будзе што ўспомніць...»

Цікавы факт

А ці ведаеце вы, што ў БДУІР увялі новы від адукацыі, які прадугледжаны ў абноўленым Кодэксе аб адукацыі, — спецыяльную вышэйшую. Навучанне па спецыяльнасці «Электронныя і кіравальныя сістэмы фізічных установак» вядзецца па бесперапыннай адукацыйнай праграме вышэйшай адукацыі, у выніку якой за 5,5 года выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю «інжынер» і ступень магістра. Ва ўніверсітэце гэта адзіная спецыяльнасць з такой сістэмай навучання.


У мэтах аказання дапамогі абітурыентам у БДУІР арганізавана работа «гарачай лініі». Яна будзе працаваць па 15 жніўня ў буднія дні і па суботах.

  • Панядзелак-пятніца: з 9.00 да 16.00 (перапынак з 13.00 да 14.00), тэлефоны: +375 17 293 88 15 і +375 29 530 88 15.
  • Субота: з 10.00 да 14.00, тэлефон: +375 29 530 88 15.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прэс-службы БДУІР

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?