Вы тут

Выпускныя і ўступныя экзамены — у новым фармаце


Прыёмная кампанія 2023 года цяпер — у самым разгары. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей ПІШЧОЎ і растлумачыў, што больш як 800 абітурыентаў — пераможцаў алімпіяд, якія праводзілі рэгіянальныя ВНУ, было рэкамендавана да залічэння ў ВНУ. Пасля атрымання імі дакумента аб агульнай сярэдняй адукацыі яны будуць залічаны на тыя спецыяльнасці, якія абралі яшчэ ў канцы 2022 года.


Адзін экзамен — для мэтавікоў

«У актыўнай фазе знаходзіцца і работа па забеспячэнні прыёму на мэтавыя месцы. Гэта дадатковая траекторыя паступлення для матываваных абітурыентаў, якія ўжо сёння бачаць тыя спецыяльнасці або прафесіі, з якімі яны гатовыя звязаць сваё жыццё, і шукаюць наймальніка, да якога праз чатыры-пяць гадоў прыйдуць на работу. Такая траекторыя карыстаецца цікавасцю як з боку заказчыкаў кадраў, так і з боку моладзі, — падкрэсліў Сяргей Пішчоў. — Адметнасць сёлетняй прыёмнай кампаніі ў тым, што набор на мэтавыя месцы вынесены за тэрміны асноўнай прыёмнай кампаніі. Прыём дакументаў будзе ажыццяўляцца з 1 да 5 чэрвеня, унутраныя ўступныя іспыты пройдуць з 6 да 13 чэрвеня, а залічэнне абітурыентаў у лік студэнтаў будзе праводзіцца да 16 чэрвеня.

Абітурыент, які пажадаў навучацца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, здае толькі адзін унутраны вусны экзамен па першым профільным прадмеце. Цяпер праходзіць фарміраванне камісій па вучэбных прадметах. Таксама навацыяй з'яўляецца ўключэнне ў склад гэтых прадметных камісій школьных настаўнікаў. Акрамя таго, ужо сёння на сайце Міністэрства адукацыі можна знайсці пералік пытанняў, якія будуць прапаноўвацца абітурыентам па тых ці іншых вучэбных прадметах. Яны дазволяць крышку скарэкціраваць траекторыю падрыхтоўкі да ўступнага іспыту на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Да таго ж падчас правядзення экзамену будзе забяспечана відэа- і аўдыёфіксацыя».

Змяншэнне нагрузкі

У маі ў краіне ўпершыню пройдзе цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ) для адзінаццацікласнікаў. «Сістэма адукацыі да правядзення выніковай атэстацыі ў новым фармаце цалкам гатовая, — запэўнівае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына КАРЖОВА. — Выпускнікоў прымуць 144 пункты правядзення ЦЭ, з іх 30 размяшчаюцца на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі, 60 — на базе ўстаноў прафесійнай адукацыі і 54 пункты — на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі: гэта школы, гімназіі, ліцэі... Таксама вызначаны арганізацыйныя камісіі, якія будуць займацца непасрэдна правядзеннем ЦЭ».

Прадстаўнік Міністэрства адукацыі паясніла, якія перавагі мае новы фармат выпускной кампаніі: «На наш погляд, яны відавочныя. Па-першае, раней выпускнікам трэба было здаваць чатыры выпускныя экзамены ў школе і праз невялікі прамежак часу яны здавалі яшчэ як мінімум тры цэнтралізаваныя тэсціраванні. Цяпер ім неабходна будзе здаць два ЦЭ плюс адно цэнтралізаванае тэсціраванне пры ўмове паступлення ва ўстанову вышэйшай адукацыі. Другая перавага — уніфікацыя формаў правядзення выпускных экзаменаў і экзаменаў уступнай кампаніі. Раней пасля заканчэння школы трэба было напісаць пераказ па рускай або беларускай мове, кантрольную работу па матэматыцы і здаць вусны экзамен па гісторыі Беларусі і замежнай мове. А пры паступленні здаваліся тэсты. Розныя формы правядзення экзаменаў маюць на ўвазе розную падрыхтоўку, а гэта была дадатковая нагрузка на вучняў. Цяпер выпускнікі будуць здаваць экзамен, які залічваецца і для выніковай атэстацыі ў школе, і для паступлення ва ўстанову вышэйшай адукацыі. Акрамя таго, новыя падыходы да выніковай атэстацыі павышаюць адказнасць школьнага настаўніка за вынікі сваёй працы, ад гэтага паляпшаецца якасць ведаў выпускнікоў».

Цэнтралізаваны падвоз

Па словах Ірыны Каржовай, агульныя прынцыпы правядзення цэнтралізаванага экзамену супадаюць з правядзеннем цэнтралізаванага тэсціравання, але ёсць у яго і свае адметнасці. «Адна з іх — спосаб дастаўкі школьнікаў у пункты правядзення ЦЭ. Адзінаццацікласнікаў будуць дастаўляць туды цэнтралізавана. Гэтым займаюцца ўстановы адукацыі, абавязковым будзе суправаджэнне педагагічнага работніка. Такім жа чынам будзе арганізавана і дастаўка навучэнцаў з пункта правядзення экзамену да школ, — расказала Ірына Каржова. — Падтрымліваючы сняданак у школе (гарачы чай, булачка або печыва) будзе захаваны. Таксама плануецца арганізаваць работу буфетаў непасрэдна ў саміх пунктах правядзення ЦЭ. Міністэрства адукацыі настойвае на тым, каб дастаўка навучэнцаў у пункт іспыту была цэнтралізаванай незалежна ад таго, сельская гэта мясцовасць, дзе падвоз будзе ажыццяўляцца школьнымі аўтобусамі ў раённы цэнтр, або Мінск ці абласныя цэнтры, дзе можна пад'ехаць і на грамадскім транспарце або таксама заказаць аўтобус. Важна памятаць, што гаворка ідзе пра выпускны экзамен, і педагогі нясуць адказнасць за тое, каб усе яго здалі своечасова і своечасова атрымалі атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі. Інструкцыяй прадугледжана, што ў пункт правядзення ЦЭ ўдзельнікі прыбываюць за гадзіну да пачатку экзамену, каб у іх быў час спакойна вызначыцца, у якой аўдыторыі яны будуць пісаць экзамен (а размеркаванне ўдзельнікаў і арганізатараў у аўдыторыях адбываецца метадам лёсавання), падрыхтаваць усё неабходнае, пераканацца ў тым, што пры сабе няма забароненых рэчаў.

Разам з тым калі бацькі будуць катэгарычна настойваць, што хочуць самастойна ўласным транспартам даставіць сваё дзіця ў пункт ЦЭ і бяруць на сябе адказнасць, дадзенае пытанне трэба вырашаць у індывідуальным парадку з класным кіраўніком і кіраўніцтвам школы».

Другое адрозненне — навучэнцы не рэгіструюцца самастойна на ЦЭ, як тое адбываецца пры рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне. Выпускнікі пішуць заяву непасрэдна кіраўніку сваёй установы адукацыі, у ёй яны згадваюць прадмет, па якім будуць здаваць цэнтралізаваны экзамен, а таксама мову, на якой павінен быць прадстаўлены тэкст самога іспыту па прадмеце на выбар: беларуская ці руская. Сертыфікаты ЦЭ адзінаццацікласнікі таксама атрымаюць ва ўстановах адукацыі разам з атэстатам аб агульнай сярэдняй адукацыі на выпускных вечарах, якія запланаваны на 10 чэрвеня. Балы, выстаўленыя па 100-бальнай сістэме, будуць пераведзены ў 10-бальную шкалу. Шкалы пераводу зацверджаны пастановай Міністэрства адукацыі. З улікам выніку, атрыманага на цэнтралізаваным экзамене, будзе выстаўлена выніковая адзнака ў атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі. Яна разлічваецца як сярэдняя арыфметычная гадавой адзнакі па вучэбным прадмеце і адзнакі, атрыманай на цэнтралізаваным экзамене.

Сяргей Пішчоў удакладніў, што абітурыенты, якія паступаюць у чэрвені на мэтавую падрыхтоўку, падаюць у прыёмную камісію ўвесь пакет дакументаў акрамя атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі. Але каб быць залічанымі, яны павінны будуць прадставіць атэстат, які атрымаюць у школе на выпускным вечары, да 15 чэрвеня.

Пашпарт — абавязковы дакумент

Як расказаў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый МІКСЮК, гэтымі днямі праходзіць рэгістрацыя на цэнтралізаваны экзамен, якая прадоўжыцца да 20 красавіка. Працэдурай рэгістрацыі займаюцца школы і пункты правядзення ЦЭ, за якімі школы замацаваныя.

— Рэгістрацыя ідзе даволі актыўна. Я ўпэўнены, што ўсё пройдзе своечасова. Навучэнцы павінны былі да 1 сакавіка ў сваіх школах вызначыцца з прадметамі ЦЭ. Часу ў іх для прыняцця рашэння было дастаткова, але бываюць выключныя выпадкі, калі нехта больш уважліва вывучыў сваю будучую спецыяльнасць і ўзнікла вострая неабходнасць памяняць прадмет. Зрабіць тое можна, звярнуўшыся да кіраўніцтва школы. Прычым зрабіць гэта трэба тэрмінова, бо да завяршэння рэгістрацыі часу засталося няшмат, — праінфармаваў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.

Юрый Міксюк падкрэсліў, што пры правядзенні цэнтралізаванага экзамену будуць прад'яўляцца сур'ёзныя патрабаванні да ідэнтыфікацыі асобы яго ўдзельнікаў. На ЦЭ, як і на ЦТ, будзе арганізаваны прапускны рэжым. Навучэнцы павінны будуць мець з сабой аформленыя пропускі, а таксама дакумент, які сведчыць іх асобу. Як паказала рэпетыцыя ЦЭ, частка навучэнцаў не мела пры сабе пашпартоў. Між іншым, яны абавязаныя на ўваходзе ў пункт правядзення ЦЭ прадставіць або пашпарт, або ІD-карткі, або спецыяльную даведку з органаў МУС з фатаграфіяй і пячаткай у выпадку страты пашпарта. Гэта тыя дакументы, якія дазваляюць вызначыць асобу ўдзельніка выпрабавання. Калі пропуск навучэнцам будзе страчаны, то яго можна будзе выпісаць у самім пункце пропуску, такая магчымасць ёсць. Але без пашпарта ўдзельнік да экзамену не можа быць дапушчаны.

Аднолькавыя ўмовы для ўсіх

Кіраўнік Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў праінфармаваў, што будуць сфарміраваны графікі дастаўкі навучэнцаў у пункты правядзення ЦЭ, каб не дапусціць іх масавага збору ў адзін момант і ў адным месцы. Патокі ўдзельнікаў экзамену павінны размяркоўвацца раўнамерна. Такі ўрок быў вынесены пасля правядзення рэпетыцыі ЦЭ ў студзені.

Акрамя таго, сур'ёзная ўвага пры правядзенні выпрабаванняў будзе аддавацца захаванню інфармацыйнай бяспекі: і на этапе распрацоўкі заданняў, і на этапе дастаўкі тэстаў, і на этапе суправаджэння экзаменацыйных матэрыялаў. «Ёсць добра адпрацаваная тэхналогія правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, таму тут навацый няма. Арганізатары ў аўдыторыях павінны прытрымлівацца інструкцыі, якая дасць магчымасць стварыць аднолькавыя ўмовы для ўсіх навучэнцаў ва ўсіх аўдыторыях», — падкрэсліў Юрый Міксюк.

Гаворачы аб самім тэсце, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў запэўніў, што яго структура і складанасць былі падабраны такім чынам, каб можна было ацаніць веды як моцных навучэнцаў, так і не вельмі добра падрыхтаваных: «Там ёсць заданні чатырох узроўняў складанасці. Заданні пятага ўзроўню складанасці, якія часта ацэньваюць як набліжаныя да алімпіядных, выкарыстоўвацца не будуць. Усе заданні знаходзяцца на ўзроўні базавай школы і не выходзяць за рамкі школьнай праграмы. Вынікі рэпетыцыйнага тэсціравання паказалі, што навучэнцы могуць падрыхтавацца да тэстаў самастойна або ў класе з настаўнікам і паказаць дастаткова паспяховыя вынікі. 115 навучэнцаў атрымалі на «рэпетыцыі» 100-бальныя вынікі. Яшчэ ёсць час, каб, не нервуючыся, паўтарыць матэрыял, добра адпачыць перад экзаменам і атрымаць самыя высокія балы на ЦЭ. Разам з тым, усім трэба ведаць, што парушальнікаў правілаў правядзення ЦЭ будуць выдаляць з аўдыторый і ўдзельнічаць у прыёмнай кампаніі ў ВНУ яны сёлета ўжо не змогуць. У аўдыторыі, дзе праходзіць цэнтралізаваны экзамен, нельга праносіць прадметы, за выключэннем дазволеных, нельга фальсіфікаваць даныя ў зоне рэгістрацыі бланка адказаў, нельга мяняцца месцамі, экзаменацыйнымі матэрыяламі, выкарыстоўваць чужую дапамогу, уносіць інфармацыю ў бланк адказаў пасля заканчэння адведзенага часу. Акрамя таго, нельга мець пры сабе сродкі сувязі, любыя носьбіты інфармацыі, пісьмовыя нататкі, нельга нічога выносіць з аўдыторыі, свабодна па ёй перамяшчацца».

Юрый Міксюк параіў паставіцца да ўсіх патрабаванняў вельмі сур'ёзна. «Тыя, хто парушыць правілы правядзення экзамену, павінны быць гатовыя да таго, што будуць выдалены з аўдыторыі. І прайсці такое выпрабаванне яны змогуць толькі ў іншыя тэрміны — у жніўні. Такім чынам, яны страцяць магчымасць удзельнічаць ва ўступнай кампаніі ў ВНУ бягучага года», — дадаў дырэктар інстытута.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.