Вы тут

Удзел Беларусі ў транспартнай і камунальнай рэформах у Санкт-Пецярбургу


Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой 13 красавіка ў Санкт-Пецярбургу правёў сустрэчу з губернатарам паўночнай расійскай сталіцы Аляксандрам Бягловым, паведамілі ў прэс-службе дыппрадстаўніцтва.


Дзмітрый Крутой падзякаваў Аляксандру Бяглову за яго асабісты ўклад у дасягненне прынцыпова новага ўзроўню супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Санкт-Пецярбургам, што дазволіла ў кароткія тэрміны дамагчыся гістарычных вынікаў нарошчвання эканамічнага ўзаемадзеяння. «Па выніках 2022 года дасягнуты рэкордныя аб’ёмы ўзаемнага гандлю Рэспублікі Беларусь і Санкт-Пецярбурга, тавараабарот упершыню перасягнуў планку ў $2 млрд. Гэта красамоўнае пацверджанне таму, што нават беспрэцэдэнтна актыўны санкцыйны ціск Захаду не можа перашкодзіць развіццю цеснага саюза паміж Беларуссю і Расіяй, а таксама адным з нашых ключавых партнёраў — Санкт-Пецярбургам», — заявіў пасол.

Паводле звестак прэс-службы, адно з найважнейшых пытанняў на перагаворах быў удзел беларускіх вытворцаў у маштабнай транспартнай рэформе Санкт-Пецярбурга. «Беларускія прадпрыемствы гатовыя своечасова выконваць як дзеючыя кантракты, так і нацэленыя на засваенне выпуску з улікам патрэбаў горада дапрацаваных або абсалютна новых узораў пасажырскай тэхнікі — аўтобусаў асабліва вялікай умяшчальнасці, узораў тэхнікі трэцяга пакалення, мадэрнізаваных электробусаў, а таксама перонных электробусаў», — сказаў Дзмітрый Крутой. Ён дадаў, што асабліва значны для беларускага боку ўдзел у праекце па закупцы буйной партыі электробусаў і ў запуску новага трамвайнага маршруту пад працоўнай і сімвалічнай для нашай трывалай дружбы назвай «Славянка».

У Санкт-Пецярбургу ў 2022 годзе была праведзена рэформа сістэмы ўборкі ўнутрыдамавых тэрыторый. Асноўную стаўку горад зрабіў на тэхніку беларускай вытворчасці. Аналагічная рэформа плануецца і па лініі Камітэта па добраўпарадкаванні Санкт-Пецярбурга. «Падчас перагавораў бакі пацвердзілі зацікаўленасць працягу супрацоўніцтва і на гэтым участку, а таксама ў пашырэнні лінейкі камунальнай тэхнікі, якая пастаўляецца беларускімі вытворцамі ў расійскую паўночную сталіцу. Як і па пасажырскім транспарце, беларускія прадпрыемствы гатовыя да распрацоўкі ўзораў тэхнікі індывідуальна для горада на Няве. Такая праца вядзецца Мінскім трактарным заводам і «Амкадорам», — распавялі ў прэс-службе.

Ва ўзаемадзеянні з адпаведнымі службамі горада ААТ «МТЗ» і ААТ «Амкадор» выбудаваная эфектыўная сістэма сэрвіснага абслугоўвання тэхнікі. На сустрэчы бакі запэўнілі, што дадзены падыход застанецца нязменным. Дзмітрый Крутой пацвердзіў гатоўнасць беларускіх прадпрыемстваў выканаць заяўкі на пастаўку камунальных машын для патрэб Камітэта па добраўпарадкаванні Санкт-Пецярбурга для ўтрымання дарог, а таксама садова-паркавай і лесапаркавай гаспадаркі горада.

«Перспектыўны напрамак супрацоўніцтва — арганізацыя зборачнай вытворчасці тэхнікі МАЗ для выпуску ў Санкт-Пецярбургу камбінаваных дарожных машын. Паводле слоў пасла, беларускі бок зацікаўлены ў рэалізацыі гэтага праекта. Пытанне досыць глыбока вывучана Мінскім аўтамабільным заводам у дачыненні да камбінаваных дарожных машын», — канстатавалі ў прэс-службе.

Рэалістычным фарматам супрацоўніцтва таксама можа быць арганізацыя зборкі камунальнай тэхнікі на базе шасі МАЗ, якія закупляюцца на Мінскім аўтамабільным заводзе. «Гатовыя разглядаць прапановы аб магчымых партнёрах, якіх рэкамендуе ўрад Санкт-Пецярбурга, для рэалізацыі праекта па адной з прапанаваных схем», — пацвердзіў Дзмітрый Крутой.

«Сустрэча ў Санкт-Пецярбургу адбылася напярэдадні візіту губернатара Аляксандра Бяглова ў Мінск», — дадалі ў прэс-службе.

Фота: russia.mfa.gov.by

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.